30 верасня 2026 года 95 гадоў з дня нараджэння Ніла Гілевіча (1931 – 2016)

«Толькі з роднага долу,

толькі ў роднай дуброве –

Як не дрэвам, хоць кветкай

прарасту для жывых».

Ніл Гілевіч

 

1Ніл Сымонавіч Гілевіч — выдатны беларускі паэт, перакладчык, навуковец, фалькларыст, увайшоў у гісторыю як апошні творца, атрымаўшы званне народнага паэта Беларусі ў 1991 годзе.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго былі яшчэ дзевяць дзяцей, двое з іх памерлі ў дзяцінстве. Бацька працаваў старшынёй сельсавета, а маці займалася гаспадаркай і выхаваннем дзяцей.

2Дзяцінства хлопчыка было апалена Вялікай Айчыннай вайной і трохгадовай нямецкай акупацыяй, што пакінула глыбокі след у яго свядомасці. Да вайны Ніл скончыў тры класы мясцовай школы, а пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пайшоў вучыцца ў суседнюю вёску Гайна, адразу ў пяты клас.

Любоў да мастацкага слова выявілася рана: складаць вершы Ніл пачаў яшчэ ў дзевяцігадовым узросце, а яго першая афіцыйная публікацыя — верш «Яблынька» — з’явілася ў часопісе «Бярозка» ў 1946 годзе.

Пасля заканчэння сямігодкі, ў 1947 годзе Гілевіч паступіў у Мінскае  педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. Навучанне ён сумяшчаў з працай настаўніка нямецкай мовы. Прага да глыбокіх ведаў прывяла яго на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім сувязь працягвалася  дзясяцігоддзямі. Пасля заканчэння аспірантуры Ніл Гілевіч больш за чвэрць стагоддзя, з 1960 па 1986 гады выкладаў на 3кафедры беларускай літаратуры БДУ, атрымаўшы званне прафесара і ступень кандыдата філілагічных навук.  Гілевіч кіраваў студэнцкімі фальклорнымі экспедыцыямі, збіраў народныя песні, казкі і прымаўкі. Вынікам гэтай руплівай працы стала выданне каштоўных шматтомных зборнікаў беларускай вуснай народнай творчасці. Яшчэ Ніл Гілевіч адначасова з працай на кафедры з’яўляўся літаратурным кансультантам у газеце «Звязда».

4Літаратурная спадчына Ніла Гілевіча ўражвае сваёй разнастайнасцю і глыбінёй. Яго першы паэтычны зборнік «Песня ў дарогу» выйшаў у 1957 годзе, за ім і другі зборнік паэта «Прадвесне ідзе па зямлі». З 1961 па 1968 гады ўбачылі свет яшчэ чатыры зборнікі: «Неспакой», «Бальшак», «Перазовы» і «Лісце трыпутніку». У 1978 годзе выходзяць яго наступныя зборнікі: «А дзе ж тая крынічанька», «Запаветнае», «Актавы».

Шмат кніг было напісана па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй» (1962 г.), «Наша родная песня» (1968 г.), «З клопатам пра песні народа» (1970 г.), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976 г.) і іншыя.

У 1979 годзе з’явіўся гумарыстычны і сатырычны зборнік паэта «У добрай згодзе».

З 1980 па 1987 гады ўбачылі свет зборнік яго п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), вершаваны раман «Родныя дзеці» (1985) (лічыцца адной з вяршынь яго творчасці, якому ён аддаў дванаццаць гадоў напружанай працы), а таксама паэтычныя зборнікі «Святлынь» (1984), «Як дрэва карэннем» (1986) і «Повязь» (1987).

5У 90-е гады XX стагоддзя Ніл Гілевіч выдае кнігі паэзіі «Жыта, сосны і валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994).

Шмат паэт пісаў і для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992).

Ніл Гілевіч – аўтар вянка санетаў «Нарач» (1964), аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну» (1988). Таксама яго пяру належаць шматлікія байкі, фельетоны, замовы і жарты. Гэта Ніл Гілевіч напісаў у 1975 годзе знакамітую сатырычна-парадыйную паэму «Сказ пра Лысую гару», якая шмат дзясяцігоддзяў лічылася ананімнай. Толькі ў 2003 годзе яна была выдадзена пад імем аўтара — Ніла Гілевіча. Тыраж паэмы складае 160 тысяч экзэмпляраў.

6У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў паэта, які пачаў выдавацца з 2003 года.

Дзякуючы асаблівай музычнасці і мілагучнасці яго вершаў, многія з іх сталі папулярнымі песнямі. Музыку да вершаў паэта напісалі Ігар Лучанок, Анатоль Багатыроў, Яўгеній Глебаў, Эдуард Зарыцкі, Эдуард Ханок. Самы вядомы твор – «Вы шуміце, бярозы», які ў выкананні ансамбля «Сябры» ператварыўся ў сапраўдны народны хіт і візітную картку Беларусі.

Ніл Гілевіч зрабіў каласальны ўнёсак у наладжванне культурных сувязей  паміж славянскімі народамі. Ён пераклаў на беларускую мову больш за 400 7твораў, пераважна з балгарскай, славацкай, сербскай літаратур. За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў паэта ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені. Таксама Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай.

За кнігу «У добрай згодзе» ў 1980 годзе Нілу Гілевічу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Ніл Сымонавіч Гілевіч пайшоў з жыцця 29 сакавіка 2016 года ў Мінску і быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках.


Цікавыя факты:


  • Пры нараджэнні бацькі далі сыну папулярнае ў тыя часы савецкае імя Нінел («Ленін» наадварот), якое сам паэт пазней змяніў на Ніл.
  • У першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, скончыўшы школу, Гілевіч працаваў паштальёнам, разносіў лісты і газеты па вёсках.
  • Ніл Гілевіч выдаў зборнік драматургіі. Але ніводнай з яго 15 п’ес так пры жыцці і не былі пастаўлены.
  • Лепшым сваім творам паэт лічыў раман у вершах «Родныя дзеці». Раіў яго чытаць і дзецям і дарослым – яны па-рознаму успрымаюць тэкст.

Літаратурнае слова Ніла Гілевіча застаецца жывым, паэтычным, мілагучным і сёння. Творы паэта вучаць нас беражліваму стаўленню да матчынай мовы і любові да сваёй Радзімы.

  1. «Мара Скарыны» (1962 г.); 
  1. «Я хаджу, закаханы ў твае краявіды…» (1962 г.)
  1. «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» (1970 г.)
  1. «Паклон табе, мой беларускі краю!..» (1973 г.)
  1. «Родныя дзеці» (1985 г.)
  1. «Родная, мілая, любая!..» (1994 г.)

 

Ніл Сымонавіч Гілевіч вельмі любіў родную краіну і ганарыўся, што ён беларус.

Я – беларус, я нарадзіўся

На гэтай казачнай зямлі,

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

Адвеку прашчуры жылі.

Я – беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае імя:

Аб добрай славе Беларусі

У свеце знаюць нездарма.

 

 

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты