16 мая 2021 года — 110 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі (1911-1996)

                                                           “Ён нарадзіўся пад знакам паэзіі”

                                                                    Вера Палтаран

1 (2)Паэт, сатырык і драматург, Васіль Вітка застаўся ў гісторыі нацыянальнай літаратуры як яркі дзіцячы аўтар. Яго казкі і вершы ўключаны ў школьную праграму, а імя занесена ў ганаровы спіс казачнікаў свету. Уладальнік Міжнароднага дыплома імя Андэрсена, Васіль Вітка стаяў у вытокаў стварэння часопіса “Вясёлка”, кіраваў выданнем 17 гадоў.

16 мая 2021 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай дзіцячай літаратуры Васіля Віткі, чалавека адметнага на Случчыне, якога тут шануюць і паважаюць. Пісьменнік пражыў доўгае жыццё. Памёр у 1996 годзе, калі яму было 85. Васілю Вітку ўдалося пражыць у трох розных краінах: у Расійскай імперыі, у СССР, у незалежнай Беларусі. На самой справе Васіль Вітка – гэта псеўданім, а звалі яго Цімох Васільевіч Крысько.

Нарадзіўся Васіль Вітка 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Сваю вёску ён лічыў своеасаблівым філіялам рая на зямлі. А яшчэ ён называў яе “мая слуцка-капыльская дзяржава”. У 1912 годзе сям’я ў пошуках лепшага жыцця апынулася ў Омску. У родную вёску вярнуліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бацька, Васіль Максімавіч, быў вясковым філосафам, кнігачэем. Як самага граматнага, яго пасля рэвалюцыі выбралі старшынёй калгаса, а потым у Вялікую Айчынную вайну за тое ж самае, немцы катавалі ў слуцкай турме і павесілі на плошчы.

У роднай вёсцы Цімох скончыў тры класы мясцовай школы, экстэрнам здаў экзамен за чацвёрты клас у суседняй сямігодцы, але далей вучыцца не давялося. Хлопец стаў вучыць дзяцей мясцовага хутараніна за харчы і невялікую плату. Таксама пазнаваў кавальскую справу ў кузні свайго суседа.

2Вершы будучы паэт пачаў пісаць, калі яшчэ вучыўся ў другім класе. Але толькі ў 1928 годзе яго першы верш “На чоўне сабраўся ў бязмежную даль” пабачыў свет. Рэдактарам газеты “Камуніст”, у якой надрукавалі гэты твор, быў Міхась Лынькоў. Цімох Васільевіч сябраваў з малодшым братам Лынькова – Рыгорам Лыньковым, які друкаваўся пад псеўданімам Рыгор Суніца.

У 1928 годзе юнак скончыў Слуцкую прафесійна-тэхнічную школу, працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у завадской шматтыражцы, рэдакцыях газет і часопісаў: “Камуніст”, “Ударнік”, “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, “Полымя рэвалюцыі”.

Удзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. На фронт Васіля Вітку не ўзялі, ужо тады ён дрэнна бачыў. Працаваў у Маскве на Беларускім радыё, у сатырычных часопісах “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка”. З дня ўтварэння часопіса “Беларусь” у 1944 годзе працаваў яго адказным сакратаром. З 1948 года – намеснікам рэдактара, а з 1951 года – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1957 па 1974 гады – галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. З 1974 па 1987 гады – член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 года.

3Васіль Вітка паспеў вельмі шмат. Быў празаікам, паэтам, драматургам,  эсэістам, журналістам, педагогам, рэдактарам. Галоўнае, ён быў дзіцячым пісьменнікам і стаяў ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Хто з нас, беларусаў, не ведае дзіцячага часопіса “Вясёлка”?!  Яго стварыў Вітка і быў яго рэдактарам. Сімвал “Вясёлкі” – прыдуманы хлопчык Вася Вясёлкін. У гэтым імені і весялосць, і вясёлка, і кавалачак псеўданіма пісьменніка.

Васіль Вітка збіраў трапныя дзіцячыя выказванні ўнучак, якія потым увайшлі ў 4кнігу “Дзеці і мы”. Маленькія беларусы вучыліся чытаць па яго “Уроках роднага слова”, уступалі ў свет паэзіі з яго кнігамі “Дударык”, “Вавёрчына гора”. Памятаеце: “Казка пра Веру-вавёрачку, пра яе гора-горачка, пра яе маленькіх дочак, пра вавёрчын малаточак, пра птушынага пасла – даўганосага бусла, пра жыццё-быццё лясное і яшчэ пра тое-сёе”. А яшчэ дзецям вельмі падабаюцца яго цудоўныя творы “Буслінае лета” і “Казка пра цара Зубра”.

 Творчасць Васіля Віткі для дзяцей – свет чарадзейства, хараства, незвычайных прыгод. Таму нездарма, невыпадкова і недарэмна ў 1978 годзе Васіль Вітка адзначаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.К. Андэрсена, прозвішча яго занесена ў ганаровы спіс 100 лепшых казачнікаў свету. Але сам пісьменнік аб гэтым мала гаварыў,  ніколі і нікому не паказваў дыплом. Гаварыў, што не інтэлігентна. Галоўны крытэрый Цімоха Васільевіча: інтэлігентна і не інтэлігентна. У суровы кодэкс інтэлігентнасці пісьменніка ўваходзілі ветлівасць, далікатнасць, сціпласць, вечная незадаволенасць сабой, самадысцыпліна. Там не было месца марнасці, клопату пра дабрабыт, багацце.

А яшчэ Васіль Вітка шмат пісаў для дарослых. У 1944 годзе ў Маскве быў выдадзены першы зборнік вершаў “Гартаванне”, пра які Кузьма Чорны сказаў: “У кніжцы лірыкі Цімоха Крысько Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбокіх вобразаў… Гэта прырода душы самога паэта, таму тут стыхія поўнай і сапраўднай паэтычнай шчырасці і жывой праўды”. Таксама выйшлі яго зборнікі паэзіі “Поўдзень” (1946 г.), “Вернасць” (1953 г.), “Ружа і штык” (1958 г.), “Паверка” (1961 г.), “Вершы” (1968 г.), “Праводзіны лета” (1972 г.), “Вышыні святла” (1977 г.), “Случчына” (1981 г.), “Трэція пеўні” (1988 г.).

5Васіль Вітка — аўтар п’ес, сатырычных твораў, шматлікіх літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. Ён перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

У любое надвор’е Цімох Васільевіч гуляў у Купалаўскім скверы, вельмі любіў прыроду, як ніхто іншы адчуваў яе. Адрозніваў галасы птушак, ведаў назвы ўсіх дрэў. Штодня пісаў, штодня чытаў кнігі, перыёдыку. Усё, што там яго цікавіла, акуратна падкрэсліваў, рабіў паметкі.  Вельмі патрабавальна адносіўся да сваіх твораў: удасканальваў іх, перакрэсліваў тое, што не падабалася, перапісваў па некалькі разоў. Любімыя паэты Васіля Віткі – Марына Цвятаева і Фёдар Цютчаў. Таксама любіў Барыса Пастэрнака, Іосіфа Бродскага, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Янку Брыля, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і асабліва Кузьму Чорнага.

Любіў і разумеў класічную музыку. Кожны вечар пісаў дзённік. Адказваў на пісьмы. А пісалі яму шмат: і сельскія настаўнікі, і сельскія вучні. Сябраваў і перапісваўся з Сухамлінскім, з педагогамі-наватарамі Шаталавым, Аманашвілі, з акадэмікам Ліхачовым. Адказваў на лісты заўсёды ў парадку чаргі. Таму, напрыклад, сельскі другакласнік, мог атрымаць пісьмо значна раней, чым вядомы акадэмік.

6Творы Васіля Віткі напісаны на цудоўнай беларускай мове, з улікам усіх граматычных і сінтаксічных яе правілаў. Дарэчы, пісьменнік ніколі не дапускаў ніякіх граматычных, моўных, стылістычных памылак. А атрымаў ён адукацыю ў вясковай школе, потым у прафтэхшколе, астатняе – самаадукацыя. Можна толькі пазайздросціць суроваму кодэксу інтэлігентнасці пісьменніка. Лічыў, што асветай, адукацыяй, удасканаленнем палепшыць не толькі сябе, але і свет побач.

Праца пісьменніка адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры БССР. У 1972 годзе за кнігі для дзяцей “Беларуская калыханка”, “Казкі” і “Чытанка-маляванка” Васілю Вітку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. У кастрычніку 1991 года пісьменнік атрымаў медаль Францыска Скарыны.

7Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1996 года. Да таго, як яго разбіў інсульт, пісьменнік яшчэ паспеў паглядзець у акно, падыйсці да свайго пісьмовага стала, і ўбачыць у акне светлае ліпеньскае сонейка, якое ён так любіў.

Беларусь шануе памяць мудрага, таленавітага творцы, педагога, цікавага  чалавека. Заснавана літаратурная прэмія імя Васіля Віткі, якой адзначаюцца лепшыя творы для дзяцей. Яго імя прысвоена адной з дзіцячых бібліятэк у Мінску. У сааўтарстве Расціслава Бензерука і сына пісьменніка Вісарыёна Крысько ў 2006 годзе выйшла кніга абразкоў “Жыў на свеце дзед Васіль”. На словы Васіля Віткі многія кампазітары напісалі песні.

Таксама ганарацца сваім земляком і на Случчыне. У Слуцкім раёне яго імя носіць адкрытае акцыянернае таварыства “Вітка-Агра”, яго імя прысвоена Акцябрскай базавай школе. У 2017 годзе ў горадзе Слуцку з’явілася вуліца імя Васіля Віткі. З 2008 год у Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы штогод у маі праводзяцца Віткаўскія чытанні.

                                                

 Цікавыя факты:

  • Заўсёды дапамагаў у выданні твораў маладым пісьменнікам і паэтам: Алесю Разанаву, Леаніду Дранько-Майсюку, Анатолю Сысу, Леаніду Галубовічу і іншым.
  • Казку “Вавёрчына гора” Васіль Вітка склаў, а потым напісаў, каб падбадзёрыць свайго сына, які ўтаміўся, ідучы пешшу ў вёску да бабулі.
  • Любімыя кампазітары пісьменніка – Моцарт, Бетховен, Шапэн, Свірыдаў.
  • Васіль Вітка вельмі любіў збіраць грыбы. У гарачае, засушлівае лета пісьменнік кожны вечар падаваўся ў глыб лесу з графінам вады ў руцэ. Аказвалася, што, адшукаўшы сямейку грыбоў, ён паліваў іх і закрываў яловымі лапкамі.

Кнігі Васіля Віткі для дзяцей – гэта школа дабрыні, справядлівасці, гуманізму. Школа прыгажосці роднай беларускай мовы. Рэкамендуем для чытання і перачытвання разам бацькам і дзецям:

Творы Васіля Віткі сталі сапраўднай класікай. Яны патрэбны хлопчыкам і дзяўчынкам і ў XXI стагоддзі. Таксама, як былі патрэбны іх бацькам. Захапляцца імі будзе не адно пакаленне. Так будзе.

https://my.mail.ru/mail/irina-v-levina/video/30/936.html

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты