11 кастрычніка 2023 года – 110 гадоў з дня нараджэння Эдзі Агняцвет (1913–2000)

«Нам цёпла ў свеце дабрыні:
Тут сонца матчынай усмешкі,
Аблокі ў сіняй вышыні,
Мурашніка жывыя сцежкі».
Эдзі Агняцвет

Эдзі АгняцветЯе называюць беларускай Агніяй Барто. Больш за дваццаць кніг вершаў, паэм, казак, скорагаворак, пацешак і жартаў напісала Эдзі Агняцвет для маленькіх чытачоў. Яна стварыла цэлую краіну дзіцячай айчыннай паэзіі. Нездарма ж адзін з паэтычных зборнікаў мае назву «Краіна маленства».

Эдзі Сямёнаўна Каган нарадзілася 11 кастрычніка 1913 года ў Мінску. Яе бацька быў прарабам на лесараспрацоўках, а маці працавала ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Менавіта яна і прывіла дачцэ любоў да класічнай літаратуры, пазнаёміла з творчасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Непадалёку ад вакзала знаходзілася сямігодка з беларускай мовай навучання, у якой вучылася Эдзі. На здзіўленне, будынак гэтай школы ўцалеў у час вайны. Пасля заканчэння сямігодкі дзяўчына стала вучаніцай на Мінскім машынабудаўнічым заводзе «Камунар», потым вучылася ў Мінскай прафтэхшколе будаўнікоў. У 1934 годзе закончыла творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, а ў 1936 годзе – літаратурны факультэт.

З 1934 па 1938 гады Эдзі Агняцвет працавала рэдактарам дзіцячага радыёвяшчання, затым была кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР, супрацоўнічала з аддзелам паэзіі ў часопісе «Полымя рэвалюцыі».

Эдзі АгняцветКалі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маладую паэтэсу эвакуіравалі ва Узбекістан, дзе яна пазнаёмілася з Якубам Коласам. Яму, свайму духоўнаму настаўніку, Эдзі Агняцвет прысвяціла нямала твораў. Самы цікавы, які называецца «Перажытае», змешчаны ў яе апошнім прыжыццёвым зборніку «Смутак і святло» (1996 год). У часы эвакуацыі часта выступала перад воінамі ў шпіталях.

Пасля вайны вярнулася ў Мінск. Працавала рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР.

Першыя вершы пачала пісаць яшчэ ў 5 класе. Выкладчык беларускай літаратуры, пазнаёміўшыся з вершамі сваёй вучаніцы, парэкамендаваў ёй звярнуцца да Янкі Купалы. Эдзі доўга вагалася. Але аднойчы будучая паэтэса вырашыла паказаць свае творы класіку беларускай літаратуры. Паэт пахваліў яе і параіў прадаўжаць пісаць.

Псеўданім выбрала сабе дзякуючы захапленню паэмай Якуба Коласа «Сымон-музыка»: з яе і ўзяла імя, якое адпавядала настрою – жыць узнёсла. Першыя свае вершы пад гэтым псеўданімам апублікавала ў 1929 годзе.

У прафтэхшколе беларускую мову і літаратуру выкладаў Аляксандр Іванавіч Якімовіч, які цікавіўся творчасцю маладых, многаму вучыў іх. Менавіта ў гэты час вершы Эдзі Агняцвет пачалі друкавацца ў газетах «Піянер Беларусі» і «Чырвоная змена».

«Міхасёк»У 1935 годзе выйшаў яе першы зборнік «Маё пакаленне», які прызначаўся даросламу чытачу. І толькі ў 1944 годзе, калі Эдзі было за 30 гадоў, з’явілася на свет яе першая дзіцячая кніжка «Міхасёк» – пра сына  палка. Тэма барацьбы за мір, абароны дзяцей сталі галоўнымі ў яе дзіцячай і дарослай паэзіі.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1937 года.

«Другу на фронт»У гэты час таксама выдае кніжку паэзіі «Вершы» (1938 год), паэму «На беразе Волгі» (1940 год). У Вялікую Айчынную вайну з’яўляюцца зборнікі вершаў «Другу на фронт», «Простыя песні».

«Мы вясёлыя, мы сур'ёзныя»За пасляваенны час выйшлі ў свет зборнікі «Край мой родны» (1945 год), «Дарога ў будучыню» (1949 год), «Твае таварышы» (1957 год), «Беларуская рабіна»  (1959 год), «Лірыка» (1965 год), «Круглы год» (1966 год), «Падарожнік» (1969 год), «Піянерская гама» (1970 год), «Мы вясёлыя, мы сур’ёзныя» (1976 год), «Доктар Смех» (1977 год), «Ад зярнятка да вясёлкі»«Ад зярнятка да вясёлкі» (1981 го д), «На двары алімпіяда» (1984 год) і іншыя.

У 1986 годзе Эдзі Агняцвет за кнігу «На двары алімпіяда» быў прысуджаны міжнародны Ганаровы дыплом імя Г. Х. Андэрсена. Атрымаць такую ўзнагароду – вялікі гонар для літаратара. Дыплом прысуджаецца за найбольш яркія творы, якія садзейнічаюць выхаванню дзяцей, фарміраванню іх унутранага свету, паказваюць дзяцінства ва ўсёй яго непаўторнасці.

«На двары алімпіяда»«На двары алімпіяда» – гэта кніга пра дзяцей свайго двара, іх клопаты, захапленні, мары і жаданні. Эдзі Сямёнаўна лічыла: «Свет дзяцей вельмі рознабаковы і шматгранны, паказаць яго – значыць паказаць дзяцей такімі, якімі яны ёсць на самой справе». Звярніце ўвагу на раздзел зборніка «Рукі сяброў», дзе размешчаны асабістыя пераклады тых паэтаў, якіх паэтэса больш за ўсё любіла: Сяргея Міхалкова, Юліяна Тувіма, Багдана Чалага.

Эдзі АгняцветВершам Эдзі Агняцвет уласціва лёгкасць і музычнасць. Таму яны былі пакладзены на музыку: «Фіялка», «Мы яшчэ сустрэнемся», «Зямля з блакітнымі вачамі». Па матывах паэмы «Песня пра піянерку» Рыгор Пукст напісаў першую беларускую дзіцячую оперу «Марынка». Была створана казка-опера «Джанат», да якой кампазітар Леў Шварц напісаў музыку, а Эдзі Агняцвет – лібрэта. Гэтая опера з’явілася ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Яна славіць дружбу і ўзаемадапамогу беларускіх і ўзбекскіх дзяцей. У 1941 – 1942 гадах узбекі прынялі ў свае сем’і многіх беларусаў, якія былі эвакуіраваны. У 1964 годзе опера «Джанат» упершыню прагучала на беларускай зямлі, у Нясвіжскай музычнай школе.

Вершы Эдзі Агняцвет былі перакладзены на рускую, узбекскую, латышскую мову.

Антуана дэ Сент Экзюперы «Маленькі прынц»А яшчэ Эдзі Сямёнаўна сама цудоўны перакладчык. Яна перакладала вершы рускіх, украінскіх, польскіх, латышскіх, літоўскіх, узбекскіх, французскіх  паэтаў: Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Уладзіміра Маякоўскага, Ганны Ахматавай, Агніі Барто, Мусы Джаліля, Пьера Жана Беранжэ, Гіёма Апалінэра, Поля Элюара, а таксама казку Антуана дэ Сент Экзюперы «Маленькі прынц».

Ужо пасля смерці паэтэсы ў 2013 годзе ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» выйшаў зборнік вершаў для дзяцей «У свеце дабрыні» у серыі «Бібліятэка часопіса «Вясёлка», а ў 2022 годзе – зборнік вершаў «Мой рыжы Бім» у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.

Пайшла з жыцця Эдзі Сямёнаўна Агняцвет 17 ліпеня 2000 года.

Цікавыя факты:

  • Восень – любімая пара года Агняцвет. Яна радавала паэтэсу прыглушана-залацістымі адценнямі чырвоных, жоўтых фарбаў.
  • Эдзі Сямёнаўна да апошніх дзён жыцця сачыла за сабой. Заўсёды старалася выглядаць не горш за любімую актрысу Элізабэт Тэйлар.
  • Яе кумірам у паэзіі, акрамя Якуба Коласа, як мастак і мужчына заставаўся іранічны, востры Гіём Апалінэр. Таму Эдзі Агняцвет так захоплена перакладала яго паэзію.
  • Малюнкі зборніка «Доктар Смех» выканалі дзеці, вучні Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве.

Дзеці добра ведаюць Эдзі Агняцвет, бо кнігі яе чытаюць у пачатковых класах. А вось дарослыя чытачы амаль не назавуць яе творы. Таму раім пачытаць вершы Эдзі Агняцвет не толькі юным чытачам, але і іх бацькам, бабулям і дзядулям.

  1. «Маме»
  1. «Зямля з блакітнымі вачамі»
  1. «Беражы Зямлю і неба»
  1. «А я не веру, што мінае лета…». Паслухайце ў выкананні Марыі Захарэвіч, народнай артысткі Беларусі.
  1. «Ты думаў пра мяне, я ведаю, бо ўночы…»
  1. «Міша Камінскі». А яшчэ паслухайце, як чытае гэты верш 9-гадовая дзяўчынка з Пяцігорска ў перакладзе на рускую мову і спяваюць «Песняры».

І сёння творы Эдзі Сямёнаўны Агняцвет з асалодай чытаюць у дзіцячых садках, школах і бібліятэках. Яны вучаць дзяцей быць добрымі, працавітымі, чулымі і ўважлівымі, берагчы зямлю сваю – любімую Беларусь.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты