14 сакавіка 2021 года — 90 гадоў з дня нараджэння Паўла Місько (1931 — 2011)
Мінаюць леты, мінаюць зімы,
Мінаем і мы з імі.
А дрэва жыцця зелянее вечна –
Справядліва і чалавечна.
Павел Місько
Павел Місько — беларускі празаік, паэт, публіцыст, перакладчык. Вядомаму пісьменніку-земляку 14 сакавіка споўнілася б 90 гадоў. Павел Андрэевіч Місько быў частым госцем у нашай бібліятэцы. І ўсе, каму пашанцавала з ім сустракацца, адзначалі яго дабрыню, адкрытасць, пачуццё гумару, велізарную любоў да людзей і да сваёй малой радзімы, і ўвогуле да Беларусі.
Павел Місько нарадзіўся 14 сакавіка 1931 года ў сялянскай сям’і на Случчыне, у вёсцы Старцавічы, зараз гэта вёска Знамя. Бацькі пісьменніка былі вельмі творчымі людзьмі: маці — цудоўная казачніца, бацька меў “залатыя” рукі, вырэзваў цацкі на вокны, майстраваў сам мэблю. У маладосці іграў на гармоніку, нават зрабіў дзецям балалайку. У сям’і было васьмёра дзяцей, з іх выжыла толькі чацвёра.
Павел вельмі многае пераняў ад бацькоў. Ён добра праў і вязаў. Дарэчы, малы хлопчык зацікавіўся такім не мужчынскім заняткам, як рукадзелле: навучыўся плесці паясы ў дзвюх тэхніках, рознакаляровыя закладкі з мулінэ, вязаць шкарпэткі. А якія забаўныя і разнастайныя цені ён умеў паказваць рукамі на сцяне. Вырэзваў розныя фігуркі з паперы не адрываючы нажніц. Паказваў з-за спінкі крэсла сваім дзецям сапраўдны лялечны тэатр. Аказваецца ў юнака была мара: паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Мара гэта не здзейснілася, але ён некаторы час па сумяшчальніцтву кіраваў драматычным гуртком пры Доме культуры, працуючы ў Давыд-Гарадку ў раённай газеце. Паставіў камедыю Янкі Купалы “Паўлінка”, сам выконваў ролю Пранціся Пустарэвіча. Ездзілі з “Паўлінкай” нават у Тураў.
Бацьку і двух старэйшых братоў прызвалі на фронт адразу пасля вызвалення Слуцка. Таму Павел заставаўся адзіным памочнікам маці, бо былі яшчэ меньшыя брат і сястра. У дзесяць гадоў ужо ўмеў касіць. Цяжкае ваеннае дзяцінства будучы пісьменнік адлюстраваў у аповесцях “Чырвонае неба” і “Гусі мае, лебедзі…”.
Любоў да прыроды перадалася хлопцу ад дзеда Лукаша, які не шкадаваў часу, каб паказаць унуку хараство роднага краю. Вадзіў яго ў лес ці на рэчку. Вельмі палюбіў Павел збіраць грыбы, суніцы, зёлкі.
Да вайны Павел Місько скончыў з пахвальнай граматай усяго два класы. З 1947 па 1950 гады працягваў вучобу ў сярэдняй школе №10 горада Слуцка. Паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Закончыўшы ўніверсітэт у 1955 годзе, па размяркаванні разам з жонкай – студэнткай, якая пераводзіцца на завочнае аддзяленне фізмата, прыязджае ў глыбінку Палесся, у Давыд-Гарадок Брэсцкай вобласці. Маладыя знялі пакойчык у прыватным доме, сямейнае жыццё пачыналі з нуля. Там жа ў іх нарадзіліся двое дзяцей. Павел Андрэевіч працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Менавіта Палессе стане для яго шляхам у вялікую літаратуру, месцам дзеяння яго першага рамана. У Давыд-Гарадку Місько знаёміцца з настаўнікам Цімафеем Андрэевічам Ніколенкам, былым камісарам партызанскага атрада, і гэтая сустрэча паспрыяла ў будучыні нараджэнню двух раманаў – “Мора Герадота” і “Хлопцы, чые вы будзеце…”.
Павел Місько ў 1956 годзе запрашае на працу ў газету свайго студэнскага сябра Анатоля Вярцінскага. Разам яны аднавілі куток сатыры і гумару і літаратурную старонку. І яшчэ пісалі фельетоны, нарысы, вершы і пасылалі іх у розныя рэдакцыі. Вясной 1957 года ездзілі ў Брэст на абласную нараду маладых літаратараў, дзе пазнаёміліся з вядомым літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам.
Летам 1957 года Павел Місько ў складзе беларускай дэлегацыі пабываў на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, куды ён трапіў ад маладых літаратараў Брэстчыны і адкуль прывёз шмат уражанняў. Іх ён змясціў у раённай газеце. Тады ж з’явілася і апавяданне “Надзея”, пра вызваленне Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Твор змясціў альманах “Брэст”. У 1958-1959 гадах некалькі нарысаў надрукавалі “Маладосць” і “Полымя”. У “Чырвонай змене” на конкурсе, прысвечаным 40-годдзю Ленінскага камсамола, нарыс “Канец “Белай мышы” ў 1958 годзе атрымаў першую прэмію.
З Давыд-Гарадка, у якім заклаліся асновы яго прафесійнай і літаратурнай дзейнасці, летам 1959 года Павел Місько перабіраецца ў Гродна ўласным карэспандэнтам рэспубліканскай газеты “Звязда”. Яго чакаюць новыя гарызонты і многія паездкі ўздоўж і ўпоперак па вобласці. А яшчэ былі сустрэчы з Васілём Быкавым, які працаваў тады літкансультантам у “Гродзенскай праўдзе”. У 1964-1967 гадах Павел Андрэевіч з’яўляўся літсупрацоўнікам “Сельскай газеты”, у 1967-1971 гадах – загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, у 1971-1972 гадах – загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”. З 1972 года працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1968 года. Але з якімі цяжкасцямі пісьменнік прабіваўся ў вялікую літаратуру, праз сямнаццаць гадоў, аддадзеныя журналістыцы. Нават ад газетных фельетонаў да гумарэсак у “Вожыку” і зборнікаў сатыры і гумару шлях быў цярністы і доўгі.
Друкавацца пачаў з 1954 года. Першы зборнік апавяданняў і аповесцяў “Калодзеж” пабачыў свет у 1967 годзе. Пасля былі творы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны: “Поезд ішоў на захад” (1972 год), “Калёнае лісце” (1974 год), аб жыцці пасляваеннай вёскі “Дрэва жыцця” (1973 год).
У 80-х гадах здароўе Паўла Андрэевіча пачало даваць сбой: урачы адзначылі перадынфарктны стан. Пісьменнік кінуў службу, узяў творчы водпуск: думаў адпачне паўгода перад тым, як стаць галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”. Але так спадабалася займацца толькі творчасцю, што на службу болей не вярнуўся. Да таго ж пагоршыўся стан здароўя жонкі — Аляксандры Міхайлаўны, у 1981 годзе пераехала да бацькоў старэйшая дачка з сям’ёй. Сын вучыўся ў Маскве. Малодшай дачцы было толькі 15. Вялікая частка хатніх клопатаў легла на Паўла Андрэевіча. Тым не менш у гэты перыяд былі напісаны “Грот афаліны”, дзве кнігі “Хлопцы, чые вы будзеце…”, тры кнігі гумару — “Вясельны марафон”, “Лекцыя з падвывам”, “Развітальная гастроль”, дзіцячыя творы — “Эрпіды на планеце Зямля”, “Прыйдзі, дзень-залацень!”, перакладзены “Мёртвыя душы” Гогаля.
Самы ж цяжкі момант у яго жыцці — 90-е гады. Смерць жонкі, страта грашовых сродкаў, немагчымасць зарабляць творчасцю. Павел Місько з’язджае ў родную вёску, дзе займаецца гаспадаркай, узімку пляце кошыкі. Кошыкі прыгожыя, рознакаляровыя, якія Павел Андрэевіч стаў прадаваць у падземным пераходзе каля ГУМа. Здаваў яблыкі, парэчкі, бульбу нарыхтоўшчыкам, назбіраў грошай на тое, каб падняць стагадовую бацькоўскую хатку, абкласці яе цэглай, адрамантаваць. Зямля дапамагала перажыць усе страты, вылечыла ад стэнакардыі. Паступова пачаў зноў пісаць.
Літаратурная творчасць Паўла Місько вельмі разнастайная: проза і паэзія — і для дарослых, і для дзяцей, кнігі гумару і п’есы, фантастыка і сацрэалізм. Але так сталася, што найбольшай папулярнасцю карыстаюцца дзіцячыя кнігі пісьменніка. Гэта нездарма, бо Павел Андрэевіч любіў дзяцей, асабліва малых, любіў адкрываць для іх усю разнастайнасць свету, назвы раслін, жывёл і птушак. Успамінае дачка пісьменніка, Марына: “Памятаю, як я абуралася, што мой маленькі сын падоўгу ляжыць на падлозе каля канапы, марудна засоўваючы пад яе палку і дастаючы. Мне здавалася, што такі занятак, мякка кажучы, не спрыяе развіццю дзіцяці. Але бацька мяне спыніў: “Ён жа не проста так рухае палкай, ён пры гэтым нешта ўяўляе”. Прайшоў час, сын навучыўся гаварыць, і аказалася, што палка была цягніком, які заязджаў у тунэль і вяртаўся, і паміж ад’ездам і вяртаннем адбывалася цэлая гісторыя. Вось гэтая здольнасць разумець вялікі свет маленькага чалавечка і дапамагла напісаць такія цудоўныя кнігі”. Павел Місько любіў пісаць для дзяцей, лічыў іх самымі ўдзячнымі чытачамі і самымі шчырымі крытыкамі.
Большая частка творчасці Паўла Андрэевіча — гэта сапраўдны падручнік па Беларусі для малых. Творы Місько больш за ўсё чапляюць жвавасцю мовы, нацыянальным каларытам, характэрнымі персанажамі. Яшчэ са школы дзеці памятаюць забаўных сабачак Бульку і Боба з аповесці “Прыгоды Бульбобаў”. У 1993 годзе выйшла кніжка казак Паўла Місько “Прыйдзі, дзень-залацень!” з прыгожымі ілюстрацыямі Вячаслава Валынца. У кнізе распавядаецца аб прыгодах і сталенні хлопчыка Ваняткі, які аказваецца “ўцягнуты” аўтарам у сюжеты разнастайных беларускіх народных казак: бытавых, чарадзейных і пра жывёл. “Села рабка ў гняздечка і знесла яечка. Бабка рада, дзедка рады, скончыліся ў іх сваркі і звады. Бо калі баба з дзедам сварыцца? Калі ў гаршку трасца варыцца. А калі ў хаце калоціцца? Калі ў гумне не малоціцца?”. Якая ж мова Паўла Місько сакавітая, рытмізаваная і нават рыфмаваная, хоць казкі і напісаныя прозай. У беларускай дзіцячай літаратуры аналагаў такому няма. Калі дзеці будуць чытаць кніжкі, напісаныя такой паэтычнай прозай, як у Паўла Місько, то вырастуць добрымі людзьмі, сапраўднымі беларусамі. І “Прыгоды Бульбобаў”, гісторыя, расказаная сабачанём, і “Грот афаліны”, пра сяброўства дэльфіна з чалавекам, вельмі падабаюцца дзецям.
Аб рабоце над буйным мастацкім творам, вядома ж, пісьменнік марыў. Такім стаў раман для падлеткаў “Мора Герадота” пра партызанскую вайну на Палессі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Там лёсы чалавечыя, высакароднасць і здрадніцтва, неверагоднасць абставін і суровы побыт партызанства, боль і радасць, лютая жорсткасць і пяшчотнасць чыстага кахання, якое так бязлітасна абрывала варожая куля ці выбух міны. Але раман цікавы найбольш тым, што яшчэ знаёміць дзяцей з даўняй гісторыяй Беларусі, у прыватнасці, нашага Палесся. Спадзяёмся, што для падлеткаў сапраўдным адкрыццём стане тое, што старажытны грэчаскі філосаф Герадот пісаў пра мора, якое знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны. Гэта вельмі важна, каб дзіцячая літаратура несла столькі карыснай інфармацыі. Бо менавіта такія факты выхоўваюць у юнакоў і дзяўчат патрыятызм і гонар за родную краіну.
Пісаў Павел Місько не толькі для дзяцей. Яго апошняя кніга прозы “Прыгавораны да жыцця” выйшла ў 2007 годзе. У яе ўвайшлі вельмі глыбокадумныя філасофскія тэксты для дарослых: аднайменнае апавяданне, а таксама раней апублікаваныя ў часопісных варыянтах аповесці “Востраў Мёртвая галава”, “Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць” і “Зялёныя змеі”. Выдадзены раман у вершах “Пакуль зямлю мілуе сонца”. Да 70-годдзя пісьменніка выйшла кніга вершаў “Ружовыя ліўні”.
Але засталіся нявыдадзенымі кніга гумару і дзіцячая кніга, пра сінявокае мышаня, чыставік якой прапаў. Фрагмент “Сінявочкі” быў апублікаваны ў часопісе “Вясёлка” і нават атрымаў прэмію імя Васіля Віткі. Магчыма, недзе ў выдавецтвах ляжаць і іншыя рукапісы. Спадзяёмся, што ўсе творы Паўла Місько ўбачаць свет.
Памёр Павел Андрэевіч Місько 9 чэрвеня 2011 года.
- Паўла Місько ведалі і як драматурга: п’есы “Ліха крадзецца ціха” (1976 год), “Канфлікт мясцовага значэння” (1989 год), і як таленавітага перакладчыка. Гэта ён пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” Мікалая Гогаля, казку Пятра Яршова “Канёк-гарбунок”, і ўвогуле шмат чаго яшчэ з рускай, украінскай, балгарскай, польскай моваў.
- Аповесць Паўла Місько “Навасёлы” была сапраўдным бестселерам, калі б у СССР было такое паняцце.
- Пісьменнік вельмі любіў традыцыйныя спевы, асабліва мужчынскія. Успамінаў з настальгіяй, як да вайны ў Старцавічах па вечарах мужчыны спявалі на вуліцы, паклаўшы адзін аднаму рукі на плечы. Сам Павел Місько хораша спяваў.
- Паводле даследаванняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і аналізу кнігавыдач бібліятэк г. Мінска, Павел Місько — адзін з самых любімых беларускіх аўтараў у дзяцей 7-10 гадоў. А яго кніга “Прыгоды Бульбобаў” — адна з самых папулярных.
Менавіта беларуская дзіцячая літаратура рыхтуе падмурак для нараджэння асобы — гуманіста, патрыёта, справядлівага сумленнага чалавека. Такога, як выхоўваюць творы Паўла Місько. Яго кнігі вучаць спагадзе, сяброўству, справядлівасці, узаемадапамозе, дапамагаюць пазнаць свет дабрыні і прыгажосці.
Пры сваім жыцці Павел Місько з-за сваёй сціпласці не меў асабістых званняў і рэгалій. Але творы пісьменніка перавыдаюцца, іх з цікавасцю чытаюць новыя пакаленні, самай высокай узнагародай пісьменніку сталі чытацкая любоў і ўдзячнасць.
- Предыдущий Правовой вектор «Мы граждане Беларуси»
- Следующий Виртуальный книжный обзор «Свет под книжной обложкой»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты