Анлайн-акцыя «Кніжны свет у хвілінах»

У дзіцячым аддзеле Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі працягваецца анлайн-акцыя «Кніжны свет у хвілінах», якая знаёміць з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і падлеткаў.

Пісаць для падлеткаў вельмі няпроста. Гэта самая пераборлівая аўдыторыя сярод чытачоў. Часта падлетак застаецца са сваімі думкамі, пачуццямі, страхамі адзін на адзін. Не адчуваць сябе адзінокім дапаможа кніга.

«Кніга для адных – сябар, для іншых – настаўнік» – так лічыць вядомы беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Александр Мікалаевіч (Алесь) Бадак.

Аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» запрашае падлеткаў да роздуму аб важных момантах у школьным жыцці, няпростых адносінах з настаўніцай, першым каханні, якое застаецца назаўсёды ў сэрцы кожнага.

Настаўніца біялогіі зачаравала васьмікласніка сваёй красатой. I вось аднойчы, калі позна ўвечары яна вярталася з працы, Сяргей з сябрамі напалохалі яе крыкамі і аглушальнымі выбухамі. Што было потым герой даведваецца праз дваццаць гадоў.

На думку аўтара — жыццё не чарнавік, які можна перапісаць. Таму перад тым, як штосьці зрабіць, патрэбна падумаць аб выніках свайго ўчынку.

Прачытаць аповесць будзе вельмі карысна не толькі школьнікам, але і іх бацькам, настаўнікам, педагогам.

«Шукайце свае кнігі, якія будуць вам спадарожнічаць усё жыццё. Яны абавязкова ёсць, іх шмат і яны чакаюць вас», – так лічыць пісьменнік Алесь Бадак.

 

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты