ТАМАРА БУНТА «ЧАРОЎНЫ КОШЫК»

«Трэба вельмі любіць тое, што робіш. Дзе б Вы не працавалі, у сваю працу трэба ўкладваць часцінку свайго сэрца. Запомніце карысны выраз: хочаш – уяўляеш — ідзеш і дасягаеш.»
Т. Бунта

Тамара Пятроўна БунтаТамара Пятроўна Бунта – пісьменніца і вядомы журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 2003 — 2014 гадах была галоўным рэдактарам часопіса для жанчын Беларусі “Алеся”. З’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, прысвечаных тэме дзяцінства, мацярынства, грамадскай дзейнасці жанчын. Узнагароджана Знакам “Выдатнік друку Беларусі”. Член праўлення Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. З’яўляецца старшынёй Клуба творчых жанчын “Спадарыня”, створанага пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі і Беларускім саюзе жанчын.

Сям’я Тамары Бунта заўсёды была захавальніцай беларускай мовы. Тамара Пятроўна асабліва ўдзячна сваёй бабулі Настулі, якая прывіла ўнучцы любоў да беларускага слова. І зараз яна ўжо сама чытае ўнукам кніжкі на роднай мове. У тым ліку і свае: “Белое облачко”, “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка”, “Чароўны кошык”.

Сёння не хапае добрых дзіцячых кніг, якія б давалі хлопчыкам і дзяўчынкам правільныя арыенціры ў жыцці. Апавяданні Тамары Бунта менавіта такія. Напісаныя жывой мовай, яны сумныя і вясёлыя, у многім аўтабіяграфічныя.

Дарэчы сказаць, кніга Тамары Пятроўны “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” перамагла ў літаратурным конкурсе Саюза пісьменнікаў Беларусі ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”.

Чароўны кошыкЗборнік “Чароўны кошык” выйшаў у 2018 годзе. “Гэта кніжка вышла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” – на маю думку, найлепшым у нашай краіне, — гаворыць Тамара Бунта. – Ёсць пісьменнікі, якія пішуць казкі, ёсць пісьменнікі, якія пішуць вершы, ёсць пісьменнікі, якія пішуць дэтэктывы… Я пішу гісторыі пра дзяцей для дзяцей”.

Новы зборнік пісьменніцы склалі пятнаццаць душэўных апавяданняў, героямі якіх з’яўляюцца сучасныя дзеці з іх радасцямі і крыўдамі, перамогамі і расчараваннямі, пошукамі і стратамі.

Пятнаццаць кароткіх гісторый з дынамічным, захапляльным сюжэтам, у якіх аўтар дасціпна, яскрава, часта з гумарам, апісвае розныя сітуацыі, якія здараюцца з дзецьмі ў школе і ў вольны час. У гэтых сітуацыях, часам няпростых, хлопчыкі і дзяўчынкі праходзяць свае першыя жыццёвыя выпрабаванні і пачынаюць разумець, што такое блізкія людзі, сапраўднае сяброўства, цудоўная музыка, любімыя кнігі, родная прырода і як важна ўсё гэта берагчы.

У гэтых апавяданнях няма фантастыкі, там дзейнічаюць звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі, бабулі і дзядулі, настаўнікі, суседзі… Ну, хіба што не заўсёды ў рэальным жыцці ёсць столькі святла, дабрыні і разумення. Таму, напэўна, і патрэбныя кнігі, якія падказваюць, якія ўчынкі добрыя, а, якія не трэба рабіць.

мастачка Аксана АракчэеваНадзвычай прыгожыя ілюстрацыі да кнігі стварыла вядомая беларуская мастачка Аксана Аракчэева.

Кніга разлічана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Але цікавай будзе не толькі дзецям, але і дарослым

Абавязкова пачытайце апавяданні Тамары Бунта. Раўнадушнымі не пакінуць і навучаць чароўнай бесканфліктнасці. Рэкамендуем для сямейнага чытання!

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты