МНЕНИЕ ЭКСПЕРТА

Ларыса СалодкінаЛарыса Салодкіна,

мастацтвазнаўца, журналіст, лаурэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро»

“ЧАРОЎНЫ КОШЫК”

А і сапраўды, навошта патрэбна кніга, надрукаваная на паперы? Цяпер, калі амаль у кожнага ёсць кампьютар, смартфон ці планшэт, – а “на планшэт можна перакінуць больш за дзве тысячы кніжак!..”

Падхапіўшы пытанне пяцікласніка Арцёма з кнігі Тамары Бунта “Чароўны кошык”, паспрабую на яго адказаць і я. І пакуль Арцём у аповеду “Чым пахнуць кнігі”, гутарыць на гэту тэму з бібліятэкарам Ганнай Іванаўнай, я разумовым позіркам абводжу стэлажы з кнігамі. Развітацца з імі – справа няхітрая, але кепская, ніякім “супер”-стагоддзем, ці “часам электронікі” яе, бадай што, не апраўдаеш.

* * *

Адказацца ад кніг – тое самае, што падрубіць дрэва, на якім сядзіш. Ва ўсіх культурах такое дрэва нездарма называюць Дрэва жыцця. А папера – яна “радня” жывой прыродзе – па духу і па плоці. Шэлест старонак кнігі нагадвае шэлест лісткоў на дрэве, з якога папера і робіцца. Як і дрэва, кніга захоўвае гісторыю. І не толькі зместам, але і выглядам: спалучэннем тэксту і малюнкаў. Самой культурай падачы: фарматам, фактурай паперы, яе колерам.

Кніга – выява высокага мастацтва. За ёй стаяць стагоддзі чалавечай цывілізаці. Яна – архітэктурнае збудаванне, цудоўнае і таямнічае, рухомае і стабільнае – адначасова. Кананічна вытрыманае – па свайму строю. Кніга збірае вакол сябе людзей – чытачоў і суразмоўцаў, не пакідае чалавека ў адзіноце.

Ці магчыма ўявіць такое з электроннай кнігай? Яна – усяго толькі тэкст у прасторы, і пры тым, у прасторы, якой няма – у віртуальнай. Існаванне такой кнігі залежыць ад наяўнасці электрычнасці ў сетках. Канешне, і ад яе немалая карысць, але існаваць такая кніга можа толькі як дапаўненне да кнігі сапраўднай, важкай.

Можа, з часам, ёй і назву памяняюць… Не называем жа мы “кнігай” світак на паперы, ці надпісы на каменных стэлах. Альбо “бягучую страку” ў тэлевізары.

* * *

Але вернемся да Арцёма. Неўзабаве, напрыканцы аповяда, ён і сам дае свой адказ: электроныя кнігі не маюць на сабе адбітка “чыстага паветра горных вяршынь”, вандраванняў, прыгод. І хлопчык вяртаецца да сваіх даўніх выпрабаванных спадарожнікаў: бярэ ў бібліятэцы цудоўныя кніжныя выданні пра самыя цікавыя выявы ў сусвеце.

А я працягваю ўважліва разглядаць кнігу “Чароўны кошык” Тамары Бунта. Кніга – прыгожая, яскравая, з цудоўнымі малюнкамі Аксаны Аракчэевай, якія так хораша спалучаюцца з тэкстам. Для дзяцей малодшага ўзросту гэта вельмі важна!.. Шрыфт на залацістай паперы – выразны, вялікімі літарамі – тое, што якраз падыходзіць для самастойнага чытання ў малодшых класах.

На мой погляд, кнігу “Чароўны кошык”, трэба рэкамендаваць не толькі “дзяцям малодшага ўзросту”, але і іх бацькам – для сумеснага чытання. Караценькія аповяды так і запрашаюць да агульнага роздуму і гаворкі. Аўтар кнігі пераказвае, на першы погляд, быццам няхітрыя падзеі, якія здараюцца з яе героямі.

І за кожным аповедам стаіць задачка: ці ведаеш ты, маленькі чытач, што такое “добры ўчынак”? Як ты абыходзішся з людзьмі, сваім сумленнем – у сапраўдным жыцці, штодзённым? – не ў віртуальнай прасторы, гульнёвай, да якой, бывае, так настойліва далучае кампьютар!..

Сваю размову Тамара Бунта вядзе нетаропка, даходліва. Яе кнігу засяляюць звычайныя хлапчукі і дзяўчынкі – са сваімі бацькамі, бабулямі і суседзямі. Звычайныя падзеі ў пераказе аўтара пераўтвараюцца ў сапраўдныя прыгоды. Але менавіта так іх успрымаюць і самі дзеці, для якіх на гэтым свеце ўсё ўпершыню!..

Кожны раз у кнізе “Чароўны кошык” хлопчык ці дзяўчынка – спакваля, робіць свой першы выбар паміж дабром і злом, вучыцца адносінам не толькі з аднагодкамі ці дарослымі, але і з жывой прыродай – яе раслінамі, птушкамі.

Вось гарадскія хлапчукі Вадзік, Данік і Улад, у свой выхадны дзень, выправіліся адпачыць у цэнтральны парк на беразе Свіслачы. Раптам, на адной з паркавых сцежак, убачылі старога папугая па мянушцы Ара, з гаспадаром клоунам. І пакуль у хлапчукоў ідзе размова і спрэчка паміж сабой, што лепш зрабіць – сумеснае фота з папугаем, альбо за гэтыя грошы пакатацца на катары па рэчцы? – у папугая Ары, якому не менш за сто гадоў – свае думкі і ўспаміны. Што і казаць? “Мудры папугай Ара”…

А з якой пяшчотай у аповеду “Даруйце, вожыкі”, Мікітка знаёміцца з ляснымі жыхарамі – вожыкамі. Хлопчык з гораду – ён прыехаў на канікулы ў вёску да свайго дзядулі. І вось яны, гэтыя цікаўныя істоты, вожыкі, як нечаканна павялі сябе з ім… Побач з гэтым расказам на старонках, што за вялікае адкрыццё робіць для сябе маленькая Соня, якая ўпершыню вырасціла на сваёй градцы шэсць радзісак (“Соніна градка”)!..

А далей – “Далонькі з пушынкамі” і “Чароўны кошык”. Яны таксама аб разуменні дзяцей – праз давер і любоў да іх. Якое здзіўленне перад сусветам, якая шчырая спагада да жывога – у сяброў Максіма і Дзяніса з аповеду “Дзіўная сінічка”. І як замілавана вітаецца на вуліцы з кожным сустрэчным смешная, маленькая Надзейка: “Добры дзень!”. З такой назвай пра яе і расказ у кнізе.

Ці вось як нечакана, праз культуру, музыку, раскрываецца для падлеткаў навакольны свет (“Урокі музыкі”)! А як пачынае гэты свет зіхацець новымі фарбамі пад час першага кахання (“Ах, уж гэта Альжбэта!”).

Сапраўдная праблема паўстае перад братамі Мацеям і Сцяпанам у апавяданні “Няправільная задачка”. Звычайны арыфметычны прыклад: “23–15=?”. Яго рашэнне спачатку падаецца вясёлай гульнёй, якая пераўтвараецца для хлапчукоў у сурь”ёзны выбар – паміж сумленнем і ўседазволам.

Новая кашуля (менавіта так і называецца адзін з расказаў кнігі) становіцца для сяброў Сані і Сені сапраўдным выпрабаваннем на дружбу, мужнасць і міласэрнасць.

Перагортваем далей лісты кнігі. Чытаем, як Уладзік і Сеня падчас летніх канікулаў у вёсцы уж так пастараліся для сваіх бабулі і дзядулі, што Тамара Бунта так і назвала пра іх свой аповед: “Пастараліся”!.. А што менавіта яны зрабілі – пра гэта чытайце!.. Такімі ж “стараннымі” на дзень нараджэння сваёй матулі аказаліся і браты пагодкі Міхаська з Паўлікам. Не хлопцы, а “Цуда-майстры”, як напісана пра іх у кнізе.

Але ў аповедах не толькі прыгоды маленькіх чытачоў. За імі – ненастойлівыя ўрокі для саміх бацькоў. Урокі удумлівасці, спагады. Напрыклад, як паступаць дарослым, якія раптоўна пачуюць небывалыя пажаданні ад сваіх сыноў ці дачок? Што адказаць ім? Мо, па-першае, успомніць сваё ўласнае дзяцінства?..

Хутчэй за ўсё так і лічыць хлопчык Ягорка, якому ў гэтым плане пашанцавала з бацькамі і старэйшым братам Арцёмкай!.. Мяркуйце самі: аднойчы, на дзень уласных імянін, хлопчыку, па яго пажаданню, давялося пачуць ад бацькоў і брата нечаканае прывітанне: “Віншуем з ноччу нараджэння!”. Ды яшчэ якое прывітанне – сапраўды ўначы, з тортам і запаленымі свечкамі!.. Так і названы ў кнізе гэты аповед.

Так што, бярыце кнігу ў рукі, паважаныя чытачы! Вас чакае цудоўнае падарожжа. У добры шлях!