Кніжны свет у хвілінах

У дзіцячым аддзеле Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі працягваецца анлайн-акцыя «Кніжны свет у хвілінах», падчас якой можна пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, якія ствараюць свае творы для дзяцей.

Алесь Карлюкевіч – беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст, дзяржаўны дзеяч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі часопіса «Вясёлка» імя Васіля Віткі. Вядомы публіцыст і празаік напісаў шэраг краязнаўчых кніг.

У творах для дзяцей аўтар запрашае чытачоў у займальныя незабыўныя вандроўкі па Беларусі, Афрыцы, Амерыцы. Героі яго кніг пераадольваюць усе перашкоды, іх чакаюць цікавыя сустрэчы, неверагодныя прыгоды.

Аповесць-казка «Прыгоды Шубуршуна» выйшла ў свет у 2013 годзе. Следам за ёй выйшла кніга «Новыя прыгоды Шубуршуна». Кнігі пра гэтага казачнага, добрага, смелага героя адразу палюбіліся юным чытачам.

Шубуршун – незвычайны герой, які жыве пад вокладкай вучнёўскага дзённіка дзяўчынкі Веранікі. Маленькі, кругленькі, з дзёрзкім вострым носікам ён вывучае школьныя прадметы, рыхтуе разам з дзяўчынкай хатнія заданні. Радуецца, калі ў дзённіку той стаяць выдатныя адзнакі, і злуецца за чацвёркі і пяцёркі.

Разам з Шубуршуном чытачы адправяцца ў цікавае падарожжа па роднай краіне, праедуць па рэчцы Свіслачы, дазнаюцца пра мурашак-чужынцаў, папоўняць свае веды па гісторыі, геаграфіі, даведаюцца пра розныя прыродныя з’явы і прыкметы. А галоўнае, навучацца цаніць сяброўства.

«Наталяйцеся новай кнігай і адкрывайце для сябе родную старонку, невядомых дасюль чароўных герояў. Ды вазьміце ў памяць пісьменніка Алеся Карлюкевіча, які, спадзяюся, падорыць вам не адну сваю займальную кніжку» — сказаў вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Уладзімір Ліпскі.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты