27 кастрычніка 2026 года 115 гадоў з дня нараджэння Міколы Лобана (1911-1984)

                                                «…дасведчаны і багаты знаўца роднага слова»

                                                                                         Сяргей Грахоўскі

1Мікола Лобан – беларускі пісьменнік, мовазнаўца і перакладчык, чыя творчая спадчына пакінула глыбокі след у нацыянальнай культуры XX стагоддзя. Яго імя часта звязваюць з унікальным уменнем спалучаць строгую навуковую дакладнасць лінгвіста з высокай мастацкай праўдай прозы. Нарадзіўшыся на Случчыне, у краі з багатымі культурнымі традыцыямі, ён пранёс праз усё жыццё любоў да роднага слова, зрабіўшы яго галоўным інструментам і аб’ектам свайго даследавання.

Мікалай Паўлавіч Лобан нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 года ў вёсцы Чапліцы Слуцкага павета (цяпер Слуцкі раён) у сялянскай сям’і. Менавіта маляўнічыя краявіды Случчыны, яе адметная гаворка і мудрыя людзі сталі той крыніцай, адкуль будучы літаратар чэрпаў натхненне і сюжэты. «Калі праўда, што Зямля мае пуп, — кажуць жа «пуп зямлі» — то гэты пуп не дзе-небудзь, а ў маіх Чаплічах».

Ён быў сведкам, а часам і удзельнікам Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі, нямецкай і польскай інтэрвенцыі, стварэння калгасаў, калектывізацыі, Вялікай Айчыннай вайны.

У 1926 годзе пасля заканчэння сямігодкі ў Слуцку юнак некаторы час працаваў у роднай вёсцы паштальёнам і бібліятэкарам. Гэта да яго па новыя кніжкі і навіны бегаў з суседніх Еўлічаў захоплены літаратураю Цімох Крысько (пазней – Васіль Вітка). З тае пары яны пасябравалі на ўсё жыццё.

Свой шлях у навуку ён пачаў пасля слуцкіх двухгадовых педагагічных курсаў ў 1931 годзе, настаўнічаў у розных вёсках Слуцкага, Любанскага і Пухавіцкага раёнаў.

Перад самай вайной у 1939 годзе паспеў павучыцца на філалагічным факультэце спачатку Кіеўскага ўніверсітэта, а потым Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На другі дзень Вялікай Айчыннай вайны, нягледзячы на тое, што па стане здароўя быў непрыгодны да службы, студэнт Лобан у натоўпе бежанцаў падаўся на Усход. Сцежкі вялі яго праз Магілёў, Клімавічы, Рослаў на Арол і Ліпецк. Так ён трапіў на Волхаўскі фронт. На фронце Мікалай Паўлавіч вёў дзённік.

27 верасня 1941 года ў адным з баёў на Волхаўскім фронце Мікола Лобан быў цяжка паранены асколкам гранаты ў шыйны пазванок, а праз тыдзень – у санітарны эшалон, на якім тэрмінова эвакуявалі шпіталь, трапіла бомба, яму раструшчыла косці абедзвюх ног. Ці не сапраўдны цуд, калі параненага Лобана пранеслі да канца санітарнага вагона, а затым чамусьці вярнулі і палажылі ў пачатак вагона. Ён быў адзіны, хто застаўся жывы. Тры месяцы ляжаў у шпіталі ў Кіраве, затым – у Іркуцку. Гэты франтавы досвед, напоўнены чалавечым болем і трагізмам, пазней знайшоў адлюстраванне ў яго мастацкіх творах. Па стане здароўя Міколу Лобана дэмабілізавалі, каля года ён выкладаў рускую мову і літаратуру ў школе ў пасёлку Келераўка ў Казахстане.

2Восенню 1943 года Мікалая Паўлавіча адзываюць у БДУ, які аднавіў сваю працу пад Масквой на станцыі Сходня.

У 1945 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Пятро Глебка разгледзеў лінгвістычны талент студэнта-франтавіка і запрасіў яго ў Камісію па складанні руска-беларускага слоўніка пры Акадэміі навук, хоць яшчэ і грымела вайна. З 1944 па 1967 гады Мікола Лобан быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, з 1967 па 1968 гады працаваў загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», потым зноў вярнуўся ў Інстытут мовазнаўства, дзе да 1978 года працаваў загадчыкам сектара, навуковым супрацоўнікам. Мікалай Паўлавіч стаў адным з вядучых лінгвістаў Акадэміі навук Беларусі, кандыдатам навук, заслужаным работнікам культуры.

З 1950 года – член Саюза пісьменнікаў СССР.

«Літаратураю захварэў, — прызнаваўся Лобан, — у раннім дзяцінстве ў родных Чаплічах на багатай талентамі сваёй Случчыне. Гадоў у дзесяць напісаў некалькі апавяданняў і «выдаў зборнік, перапісаны ад рукі друкаванымі літарамі». Пазней пасылаў свае творы ў «Беларускую вёску» і дадатак «Чырвоны сейбіт». Кузьма Чорны настойліва раіў пісаць прозу.

3У 1930 годзе Мікола Лобан надрукаваў сваё першае апавяданне. Затым з’явілася аповесць «Іркуцянка» (1953 г.). Галоўнай вяршыняй мастацкай прозы пісьменніка стала яго знакамітая трылогія, над якой ён працаваў шмат гадоў. Гэты маштабны эпічны твор прысвечаны лёсу беларускага народа на працягу некалькіх драматычных дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. Гісторыя краіны паказана праз прызму жыцця трох братоў – сыноў ляснога вартаўніка Якава Шэмета. У трылогію ўвайшлі раманы: «На парозе будучыні» (1964 г.) – твор распавядае пра станаўленне маладых герояў у віхуры Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей і станаўлення новай эпохі, «Гарадок Устронь» (1970 г.) – кніга прысвечана складанаму перыяду калектывізацыі і сацыяльных пераўтварэнняў у беларускай вёсцы, дзе ў вобразе мястэчка Устронь лёгка пазнаюцца рысы Слуцка, «Шэметы» (1981 г.) – выніковы раман, які апісвае лёс роду Шэметаў у суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час.

4У 1984 годзе выйшла кніга Лобана «Пяць раніц тыдня», куды ўвайшлі эсэ,  асацыяцыі, артыкулы. Лічыцца адным з лепшых выданняў у5 беларускай эсэістыцы. За гэтую кнігу пісьменніку ў 1985 годзе пасмяротна была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа. Разам з Эдзі Агняцвет пераклаў на беларускую мову аповесць Максіма Горкага «У людзях».

Мікола Лобан быў не проста творцам, а сапраўдным даследчыкам беларускага слова. Яго праца ў Інстытуце мовазнаўства мела велізарнае значэнне для развіцця нацыянальнай культуры. Ён удзельнічаў у складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953 г.) і «Беларуска-рускага слоўніка» (1962 г.), пяцітомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977-1984 гг.) (Лобан быў рэдактарам самага першага тома), «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959 г.) — звод правіл, па якіх краіна пісала дзесяцігоддзямі.

Мікола Лобан адышоў у іншы свет 28 снежня 1984 года, пакінуўшы пасля сябе багатую літаратурную і навуковую спадчыну.


Цікавыя факты:


  • У пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Мікола Лобан выкарыстоўваў іранічны і самабытны псеўданім – Фіта Язэп.
  • У Слуцкім краязнаўчым музеі ў экспазіцыі «Славутыя людзі Случчыны» маецца раздзел, прысвечаны жыццю і творчасці нашага земляка, дзе сабраны матэрыялы пра пісьменніка і яго асабістыя рэчы.
  • У Слуцку адна з вуліц і завулак названы ў гонар Мікалая Паўлавіча Лобана.

Творчасць Міколы Лобана вучыць любіць сваю зямлю, цаніць роднае слова і заставацца чалавекам у любых, нават самых цяжкіх абставінах. Прапануем прачытаць яго твор «Паэма майго маленства» 

Мікола Лобан увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як майстар маштабнай псіхалагічнай прозы, які змог аб’яднаць у сваёй дзейнасці талент мастака і розум навукоўца. Яго кнігі – гэта не проста хроніка мінулай эпохі, а глыбокі філасофскі роздум пра лёс Беларусі і яе народа, які заслугоўвае вечнай памяці і павагі нашчадкаў.

 

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты