30 верасня 2026 года 95 гадоў з дня нараджэння Ніла Гілевіча (1931 – 2016)
«Толькі з роднага долу,
толькі ў роднай дуброве –
Як не дрэвам, хоць кветкай
прарасту для жывых».
Ніл Гілевіч
Ніл Сымонавіч Гілевіч — выдатны беларускі паэт, перакладчык, навуковец, фалькларыст, увайшоў у гісторыю як апошні творца, атрымаўшы званне народнага паэта Беларусі ў 1991 годзе.
Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго былі яшчэ дзевяць дзяцей, двое з іх памерлі ў дзяцінстве. Бацька працаваў старшынёй сельсавета, а маці займалася гаспадаркай і выхаваннем дзяцей.
Дзяцінства хлопчыка было апалена Вялікай Айчыннай вайной і трохгадовай нямецкай акупацыяй, што пакінула глыбокі след у яго свядомасці. Да вайны Ніл скончыў тры класы мясцовай школы, а пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пайшоў вучыцца ў суседнюю вёску Гайна, адразу ў пяты клас.
Любоў да мастацкага слова выявілася рана: складаць вершы Ніл пачаў яшчэ ў дзевяцігадовым узросце, а яго першая афіцыйная публікацыя — верш «Яблынька» — з’явілася ў часопісе «Бярозка» ў 1946 годзе.
Пасля заканчэння сямігодкі, ў 1947 годзе Гілевіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951 годзе. Навучанне ён сумяшчаў з працай настаўніка нямецкай мовы. Прага да глыбокіх ведаў прывяла яго на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім сувязь працягвалася дзясяцігоддзямі. Пасля заканчэння аспірантуры Ніл Гілевіч больш за чвэрць стагоддзя, з 1960 па 1986 гады выкладаў на
кафедры беларускай літаратуры БДУ, атрымаўшы званне прафесара і ступень кандыдата філілагічных навук. Гілевіч кіраваў студэнцкімі фальклорнымі экспедыцыямі, збіраў народныя песні, казкі і прымаўкі. Вынікам гэтай руплівай працы стала выданне каштоўных шматтомных зборнікаў беларускай вуснай народнай творчасці. Яшчэ Ніл Гілевіч адначасова з працай на кафедры з’яўляўся літаратурным кансультантам у газеце «Звязда».
Літаратурная спадчына Ніла Гілевіча ўражвае сваёй разнастайнасцю і глыбінёй. Яго першы паэтычны зборнік «Песня ў дарогу» выйшаў у 1957 годзе, за ім і другі зборнік паэта «Прадвесне ідзе па зямлі». З 1961 па 1968 гады ўбачылі свет яшчэ чатыры зборнікі: «Неспакой», «Бальшак», «Перазовы» і «Лісце трыпутніку». У 1978 годзе выходзяць яго наступныя зборнікі: «А дзе ж тая крынічанька», «Запаветнае», «Актавы».
Шмат кніг было напісана па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй» (1962 г.), «Наша родная песня» (1968 г.), «З клопатам пра песні народа» (1970 г.), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976 г.) і іншыя.
У 1979 годзе з’явіўся гумарыстычны і сатырычны зборнік паэта «У добрай згодзе».
З 1980 па 1987 гады ўбачылі свет зборнік яго п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), вершаваны раман «Родныя дзеці» (1985) (лічыцца адной з вяршынь яго творчасці, якому ён аддаў дванаццаць гадоў напружанай працы), а таксама паэтычныя зборнікі «Святлынь» (1984), «Як дрэва карэннем» (1986) і «Повязь» (1987).
У 90-е гады XX стагоддзя Ніл Гілевіч выдае кнігі паэзіі «Жыта, сосны і валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994).
Шмат паэт пісаў і для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992).
Ніл Гілевіч – аўтар вянка санетаў «Нарач» (1964), аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну» (1988). Таксама яго пяру належаць шматлікія байкі, фельетоны, замовы і жарты. Гэта Ніл Гілевіч напісаў у 1975 годзе знакамітую сатырычна-парадыйную паэму «Сказ пра Лысую гару», якая шмат дзясяцігоддзяў лічылася ананімнай. Толькі ў 2003 годзе яна была выдадзена пад імем аўтара — Ніла Гілевіча. Тыраж паэмы складае 160 тысяч экзэмпляраў.
У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў паэта, які пачаў выдавацца з 2003 года.
Дзякуючы асаблівай музычнасці і мілагучнасці яго вершаў, многія з іх сталі папулярнымі песнямі. Музыку да вершаў паэта напісалі Ігар Лучанок, Анатоль Багатыроў, Яўгеній Глебаў, Эдуард Зарыцкі, Эдуард Ханок. Самы вядомы твор – «Вы шуміце, бярозы», які ў выкананні ансамбля «Сябры» ператварыўся ў сапраўдны народны хіт і візітную картку Беларусі.
Ніл Гілевіч зрабіў каласальны ўнёсак у наладжванне культурных сувязей паміж славянскімі народамі. Ён пераклаў на беларускую мову больш за 400
твораў, пераважна з балгарскай, славацкай, сербскай літаратур. За пераклады літаратурных твораў урад Балгарыі ўзнагародзіў паэта ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені. Таксама Ніл Гілевіч атрымаў ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай.
За кнігу «У добрай згодзе» ў 1980 годзе Нілу Гілевічу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.
Ніл Сымонавіч Гілевіч пайшоў з жыцця 29 сакавіка 2016 года ў Мінску і быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках.
Цікавыя факты:
- Пры нараджэнні бацькі далі сыну папулярнае ў тыя часы савецкае імя Нінел («Ленін» наадварот), якое сам паэт пазней змяніў на Ніл.
- У першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, скончыўшы школу, Гілевіч працаваў паштальёнам, разносіў лісты і газеты па вёсках.
- Ніл Гілевіч выдаў зборнік драматургіі. Але ніводнай з яго 15 п’ес так пры жыцці і не былі пастаўлены.
- Лепшым сваім творам паэт лічыў раман у вершах «Родныя дзеці». Раіў яго чытаць і дзецям і дарослым – яны па-рознаму успрымаюць тэкст.
Літаратурнае слова Ніла Гілевіча застаецца жывым, паэтычным, мілагучным і сёння. Творы паэта вучаць нас беражліваму стаўленню да матчынай мовы і любові да сваёй Радзімы.
Ніл Сымонавіч Гілевіч вельмі любіў родную краіну і ганарыўся, што ён беларус.
Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.
- Предыдущий Областной обучающий семинар «Практика применения правовых ресурсов в работе ПЦПИ»
- Следующий Посещение на дому «Дом с книгой – дом без одиночества»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты

















