16 лютага 2025 года – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Навуменкі (1925-2006)
«Я лічу, што творчасць пачынаецца з музыкі.
Яна гучыць у свядомасці, як намёк на гармонію ці драму… Літаратура не павінна
забываць свой лірычны бераг. Бо лірыка разліта ва ўсім міразданні».
Іван Навуменка
У 2025 годзе спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Сучасныя чытачы ведаюць яго, як аўтара партызанскай трылогіі «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», над якой ён працаваў доўгіх трынаццаць гадоў.
Нарадзіўся Іван Навуменка 16 лютага 1925 года ў невялічкім горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначнікаў, дзе акрамя яго былі яшчэ два браты і сястра. У дзяцінстве перажыў голад. Але дзіцячыя ўражанні захавалі іншае: хлопчык вывучыў у той час усіх птушак, ведаў назвы зёлак, любіў чытаць кнігі. «Вайну і мір» Талстога ён прачытаў, уявіце сабе, у трэцім класе. Ад голаду выратоўваў лес. Тады і стаў Іван Навуменка заўзятым грыбніком. З 14 гадоў ён пачаў працаваць у рамонтнай брыгадзе на чыгунцы.
У Васілевічах перад вайной Навуменка скончыў на «выдатна» за адзін год дзявяты і дзясяты класы. Там і застала яго Вялікая Айчынная вайна. Хлопца па ўзросце не забралі на фронт. Са студзеня 1942 года ён удзельнічаў у камсамольскім падполлі, выдаваў маладзёжную газету «За Радзіму». Затым ваяваў у партызанах. У снежні 1943 года пасля вызвалення родных мясцін, Навуменку прызвалі ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Ваяваў у франтавой разведроце. Пісьменнік пазней успамінаў, як даводзілася выпаўзаць на нейтральную паласу, падслухоўваць па нямецкай сувязі размовы ворага. Дарэчы, Іван Якаўлевіч вельмі добра ведаў нямецкую мову. Аднойчы ўдалося падслухаць, што немцы збіраюцца ўзарваць плаціну вадасховішча, каб затрымаць наступленне Чырвонай Арміі. Разведчыкі паспелі папярэдзіць савецкіх салдат. За гэта Навуменка атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Двойчы быў паранены. Атрымаў кантузію на Карэльскім перашыйку, з-за якой на ўсё жыццё страціў магчымасць адчуваць пахі. Таму, напэўна, у яго творах так шмат апісанняў пахаў, асабліва бэзу. «Мне ішоў сямнаццаты год. Мая сямнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу. Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз». Ці вось яшчэ: «тоненькая белая дзяўчына паўставала цяпер у маіх вачах у нейкім, новым, казачным святле. У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз».
Вайна для пісьменніка была цяжкім успамінам. Дарэчы, яму падабаўся верш Юліі Друнінай:
Я только раз видала рукопашный.
Раз – наяву и сотни раз во сне.
Кто говорит, что на войне не страшно,
Тот ничего не знает о войне.
У снежні 1945 года Іван Навуменка дэмабілізаваўся і пайшоў працаваць карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 года ён карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда».
У 1950 годзе завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А ў 1954 годзе – аспірантуру пры ўніверсітэце.
З 1953 па 1958 гады працаваў загадчыкам аддзела прозы літаратурнага часопіса «Маладосць», а з 1954 года — старэйшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Менавіта, у гэтыя гады Навуменка знаёміцца на спектаклі ў Купалаўскім тэатры са студэнткай гістарычнага факультэта БДУ, сваё будучай жонкай Ядвігай Паўлаўнай Іконнікавай, з якой шчасліва пражылі больш за сорак гадоў, выгадавалі трох таленавітых дзяцей.
Па 1973 год Іван Якаўлевіч – дацэнт, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1973 – 1982 гады – дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1982 – 1983 гадах – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.
Пачынаў сваю творчасць Навуменка, як і многія іншыя пісьменнікі, з паэзіі. Першыя вершы былі апублікаваны ў 1946 годзе ў раённай газеце. Але як казаў сам пісьменнік, яны былі нейкія «казённыя». З прозай дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». Гэта былі апавяданні «Сідар і Гараська», «Эх, махорачка».
Галоўнай тэмай Навуменкі стала жыццё моладзі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Ён сам сустрэў вайну сямнаццацігадовым юнаком. Нават першы зборнік пісьменніка, які выйшаў у 1957 годзе, называўся «Сямнаццатай вясной». Кніга пра ваенны лёс такіх, якім быў і ён, сямнаццацігадовых, сапраўдных патрыётаў Радзімы, бязмежна адданых роднай Беларусі. Затым выйшлі зборнікі апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958 г.), «Верасы на выжарынах» (1960 г.), «Таполі юнацтва» (1966 г.), «Вераніка» (1968 г.).
У пачатку творчасці Іван Навуменка пісаў у асноўным апавяданні. А потым пачаў ствараць аповесці, раманы, п’есы. Яго трылогія «Сасна пры дарозе» (1962 г.), «Вецер у соснах» (1967 г.), «Сорак трэці» (1974 г.) расказвае пра партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама пра Вялікую Айчынную вайну трэба адзначыць яго раман «Смутак белых начэй» (1979 г.). Затым з’яўляюцца наступныя раманы пісьменніка «Летуценнік» (1984 г.), «Асеннія мелодыі» (1987 г.), п’еса «Птушкі між маланак» (1982 г.) – адзіны закончаны драматургічны твор Навуменкі.
У 1997 годзе выйшла яго аўтабіяграфічная трылогія «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» і працяг «Любімы горад» — у 1999 годзе.
Таксама Іван Навуменка напісаў аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959 г.) і «Капитан Степь идёт в разведку» (1982 г.) (сумесна з Віктарам Мамантавым).
У 1981-1984 гадах выйшаў збор твораў Навуменкі ў 6 тамах. А ў 2018 годзе завяршылася выданне 10-ці томнага збора твораў пісьменніка, у які ўвайшлі ў тым ліку і яго вершы 1946-1950-х гадоў, якія друкаваліся да гэтага часу толькі ў газетах.
Творы пісьменніка перакладзены на нямецкую, балгарскую, латышскую, рускую і іншыя мовы.
Таксама Іван Якаўлевіч займаўся навуковай працай – даследаваў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Пісьменнік узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1945 г.), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985 г.), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1985 г.), ордэнам Працоўнага Чырвогага Сцяга (1975 г.).
У 1967 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР за кнігу «Тапалі юнацтва». У 1972 годзе за манаграфіі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967 г.) і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968 г.) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я.Коласа, а ў 1997 годзе прэміяй Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі за цыкл манаграфій. У 1995 годзе Івану Навуменку прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.
А ўсяго на рахунку аўтара 15 зборнікаў прозы, 200 навуковых прац і 10 манаграфій.
У 2000 годзе не стала любімай жонкі Ядвігі Паўлаўны. Па словах дзяцей пісьменніка, Іван Якаўлевіч цяжка перанёс гэта няшчасце. Сумаваў, хварэў, і 17 снежня 2006 года ён пайшоў з жыцця.
Калі вам цікава творчасць Івана Навуменкі, то раім пачынаць з яго апавяданняў: А калі яны вам спадабаліся, можна прачытаць і раман пісьменніка: Таксама звярніце ўвагу на аўтабіяграфічную аповесць: Такіх людзей, як Іван Навуменка, называюць: чалавек-эпоха. І сапраўды, шмат усяго ўмясціла яго жыццё. І заўсёды Іван Якаўлевіч быў чалавек яркі, таленавіты, неверагодна пазітыўны і душэўны. І зрабіў ён вельмі шмат для развіцця беларускай літаратуры.
- Предыдущий Встреча-реквием «Афганистан: испытание мужеством»
- Следующий Онлайн-акция «Кніжны свет у хвілінах»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты