Анлайн-акцыя «Кніжны свет у хвілінах»
У дзіцяча-юнацкім аддзеле Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі працягваецца анлайн-акцыя «Кніжны свет у хвілінах», якая знаёміць дзяцей і падлеткаў з творчасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Тэма Радзімы, роднага краю ў беларускай дзіцячай літаратуры ёсць і будзе галоўнай у творчасці пісьменнікаў.
О край мой прыгожы, мой любы, адзіны,
Дзівоснейшы рай, дзе растуць журавіны!
Табой я жыву, тваім сонцам сагрэта,
Табой даражу і люблю за ўсё гэта.
Так шчыра піша пра Радзіму Тамара Васільеўна Кавальчук – паэт, празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Міжнароднай асацыацыі пісьменнікаў і публіцыстаў, лаўрэат многіх літаратурных конкурсаў.
Аўтар 23 кніг, сем з якіх напісаны для дзяцей, вучыць любіць родны край, рабіць дабро, быць чулымі, дабразычлівымі, міласэрднымі да ўсіх людзей і да ўсяго жывога на зямлі.
Дзецям сярэдняга школьнага ўзросту будзе цікава пазнаёміцца са зборнікам апавяданняў Тамары Кавальчук «Добрае сэрца». Кожнае апавяданне – гэта маленькія эпізоды з жыцця падлеткаў, адносін паміж імі, сяброўства, адказнасці за свае ўчынкі.
Да самага сэрца кранае апавяданне «Холад Блакаднага Ленінграда», дзе маленькая дзяўчынка Ліза, застаўшыся адна, змагаецца з холадам і голадам.
У апавяданні «Выратавальнік» аўтар сцвяржае, што дабро заўсёды вернецца да вас. Так бусел выратаваў вадзіцеля грузавіка ад пагібелі ў балоце, бо той пашкадаваў птушку, накарміў яе.
У казцы «Тайна Малінавай планеты» аўтар расказвае пра падарожжа дзяўчынкі Квятаначкі на планету Малінавая. У час вандроўкі яна знаходзіць сабе сапраўднага сябра Шуршыка, знаёміцца з вадзяным народам добрыкамі, жыхарамі гор шыпулікамі і іншымі фантастычнымі істотамі. Дзяўчынка выратавала Малінавую планету, дарачы каханне, радасць і паразуменне ўсім яе жыхарам.
Творы Тамары Васільеўны Кавальчук будуць цікавы як дарослым, так і юным чытачам.
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты