2 лістапада 2024 года – 115 гадоў з дня нараджэння Максіма Лужаніна (1909-2001)
«За што б ён ні браўся – ўсюды, і ў прозе,
і ў кінадраматургіі, перш за ўсё адчуваецца,
што аўтар гэтых твораў – паэт».
Анатоль Вярцінскі
Паэт, пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык, пражыў доўгае жыццё, амаль 92 гады. Зведаў усе цяжкасці, наканаваныя лёсам: Першая імпэрыялістычная вайна, грамадзянская вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя, рэпрэсіі, Вялікая Айчынная вайна.
Максім Лужанін (сапраўднае імя Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года ў вёсцы Прусы Слуцкага павета, зараз гэта Салігорскі раён. Хата бацькоў стаяла каля самай дарогі, ля невялікага лужка. Магчыма, адсюль і з’явіўся творчы псеўданім – Лужанін.
Я знаю, сонца – залатое,
Са срэбра месяц скут.
Я маю болей дарагое –
Мой родны кут.
Бацька будучага паэта быў пісьменны, вельмі любіў кнігі. Гэтая любоў перадалася і малому Алесю. Некалі старэйшыя дзеці напісалі вугаллем на печы ўсе літары. Так хлопчык і навучыўся чытаць. Уявіце сабе, у чатыры гады Алесь узяў чытаць раман Аляксея Талстога «Князь Сярэбраны». А любоў да роднага слова яму адкрыла кніга Янкі Купалы «Шляхам жыцця».
Сямігодку закончыў у Чырвонай Слабадзе, затым з 1924 па 1928 гады вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Там ён знаёміцца з Пятром Глебкам і Паўлюком Трусам. І разам з імі пад агульным псеўданімам «Калектыў шаўцоў» выпускаў газету «Чырвоны прамень». Тады ж быў надрукаваны і першы верш юнака – «Звоніць восень» (1925 год) у сёмым нумары часопіса «Чырвоны сцяг», падпісаны псеўданімам, пад якім мы і ведаем гэтага паэта – Максім Лужанін. Трэба адзначыць, што псеўданімаў у яго было вельмі шмат: М.Бусловіч, Ал.Даведка, Мікола Драч, Л.Трыер. 15 лістапада 1925 года ў газеце «Савецкая Беларусь» быў апублікаваны верш «Першая песня». Малады літаратар становіцца членам знакамітага літаратурнага творчага аб’яднання «Маладняк». Праз тры гады, у 1928 годзе, быў выдадзены першы зборнік Лужаніна «Крокі». Добрыя словы аб кнізе сказалі Янка Купала і Цішка Гартны.
Затым Лужанін пераходзіць у літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». На літаратурных вечарах знаёміцца з прыгожай 18-гадовай дзяўчынай Яўгеніяй Пфляўмбаўм, дачкой мінскага чыгуначніка, немца, падчарыцай дырэктара школы. Дарэчы, у Мінску ў XIX стагоддзі існавала цэлая нямецкая калонія. У 1926 годзе ў Яўгеніі ўжо адбыўся паэтычны дэбют у калектыўным зборніку «Вершы». А наступны яе зборнік выйдзе толькі праз 60 гадоў, у 1989 годзе, калі аўтару будзе за 80. Першы самастойны зборнік – «Сувой жыцця». Прыгожая, выхаваная, інтэлігентная дзяўчына, студэнтка педагагічнага факультэта літаратурна-лінгвістычнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, убачыла Максіма і закахалася. Летам 1931 года яны пажаніліся.
З 1928 па 1930 гады Лужанін вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Потым працаваў сакратаром у рэдакцыі часопіса «Узвышша», рэдактарам на Беларускім радыё.
У пачатку 30-х гадоў з’яўляюцца яго наступныя зборнікі: «Неаплачаны рахунак», «Галасуе вясна за вясну», «Аднагалосна», «Першамайская вуліца», «Галасы гарадоў» і іншыя.
Ноччу 10 жніўня 1933 года паэт быў арыштаваны і асуджаны на два гады з высылкаю ў горад Марыіінск Кемераўскай вобласці. Яўгенія Пфляўмбаўм вырашыла ехаць за ім. Грошай не было, і яна прадала Акадэміі навук БССР сваю першую бібліятэку, і за выручаныя грошы купіла білет у Сібір. Працавала настаўніцай у сельскай школе, у завіруху, у дождж прыходзіла да мужа, каб перадаць яму што-небудзь смачнае. А сама галадала, адкладвала грошы на дарогу дадому. Там і захварэла, страціла здароўе.
Назад сям’я вярнулася праз два гады, у 1935 годзе, а рэабілітаваны паэт быў толькі ў 1956 годзе.
Пасля вызвалення Лужанін і Пфляўмбаўм апынуліся ў Маскве, дзе жылі бацькі Яўгеніі.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у жніўні 1941 года, Максім Лужанін быў прызваны ў Чырвоную Армію. Накіравалі яго ў Падольскае пяхотнае вучылішча на кароткатэрміновыя курсы, якія закончыў у 1942 годзе. Паэт удзельнічаў у баях пад Масквой і Сталінградам, пабываў у самым пекле вайны, быў паранены. Лужанін у аповесці «Добры хлопец Дзік» успамінаў: «За адзін момант я ўявіў сваё нядоўгае жыццё на вайне. Пажары, што гасіў у Маскве пасля першых бамбёжак. Выбліскі ад залпаў «кацюш» пад Катлубанню, ад якіх па стэпе беглі шасціпалыя кіпцюры агню, падпальваючы небакрай і ўсю прастору за небакраем. Непрытомнасць пасля мінамётнага налёту, калі засыпаны зямлёю, не мог паварушыцца, шпіталь у Іванаве».
Пасля дэмабілізацыі пачынаецца актыўная літаратурная і грамадская дзейнасць: Максім Лужанін супрацоўнічае з сатырычнай газетай-плакатам «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісам «Беларусь», газетай «Савецкая Беларусь». У 1944 годзе быў прызначаны загадчыкам аддзела культуры газеты «Звязда» і адказным сакратаром часопіса «Вожык». З’явіліся вершы ваеннага часу «Пачатак», «Прысяга», «Шынель», «Франтавік», «Васілёк» і іншыя. Гэтыя творы ў 1945 годзе выйшлі асобным зборнікам «Шырокае поле вайны».
Пасля вайны Максім Лужанін працаваў у розных жанрах: паэзія, проза, публіцыстыка, кінадраматургія, сатыра і гумар, пераклад, творы для дзяцей. Выходзяць яго зборнікі вершаў «Новая ростань», «Поступ», «Святло Радзімы», «Моваю сэрца», «Прасторы», «Жураўлінае неба» і іншыя.
Максім Лужанін – галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», аўтар сцэнарыяў да мастацкага фільма «Паўлінка» па п’есе Янкі Купалы (1952 год) і дакументальнага фільма «Народны паэт» пра Якуба Коласа (1952 год). Сумесна з Аркадзем Куляшовым напісаў кінасцэнарый да мастацкага фільма «Першыя выпрабаванні», знятага па матывах рамана Якуба Коласа «На ростанях». У 1968 годзе ўдзельнічае ў рабоце XXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
Дарэчы, Максім Лужанін не толькі быў знаёмы з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам, але і сябраваў з ім. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі Лужанін з жонкай вярнуліся ў Мінск, ён быў прызначаны на пасаду рэферента Акадэміі навук, гэта значыць быў асабістым сакратаром Коласа. Вынікам працы стала кніга «Колас расказвае пра сябе», за якую ў 1965 годзе Лужанін атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я.Коласа.
Адзначалі разам дні нараджэння: у Яўгеніі Пфляўмбаўм – 1 лістапада, у Лужаніна – 2 лістапада, а ў Якуба Коласа – 3 лістапада. Да апошніх сваіх дзён, калі паэт ужо застаўся адзін, ён адзначаў тры дні нараджэння разам.
Максім Лужанін быў вельмі разнастайнай асобай. Выходзяць яго кнігі прозы «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», «Людзі, птушкі, прастор», зборнік гумару «Сілівон на дачы», творы для дзяцей, паэма-казка «Хто робіць пагоду». Максіма Лужаніна лічаць адным з самых лірычных паэтаў айчыннай літаратуры:
Пахне спелай антонаўкай восеньскі сад…
Пастаю, адыду і вярнуся назад.
Ціха, яблык, не падай,
Не будзі маю радасць,
Да відна не будзі,
Пасядзі
На галіне –
Хай паспіцца дзяўчыне.
У апошнія гады свайго жыцця паэт займаўся багатай творчай спадчынай жонкі. Яна пісала кожны дзень у сшытках, блакнотах, на нейкіх паперах, але ніколі не друкавалася. А творы ж яе ў свой час хваліў сам Янка Купала. А яшчэ за перакладамі «Кліма Самгіна» Горкага, «Маладой гвардыі» Фадзеева, «Гора ад розуму» Грыбаедава, «Вішнёвага саду» Чэхава, твораў Байрана стаяла Яўгенія Эргардаўна, выдатны стыліст, якая з дзяцінства валодала рознымі мовамі, сапраўдны аўтар амаль усіх гэтых перакладаў. Лужанін тлумачыў, што падпісваў пераклады сваім прозвішчам, бо як член Саюза пісьменнікаў меў вышэйшыя ганарары. Паэт хацеў аднавіць справядлівасць.
Але патрэбна сказаць, што і сам Лужанін быў выдатным стылістам. У 2000 годзе стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі газеты «Літаратура і мастацтва» за пераклад паэмы Сяргея Ясеніна «Чорны чалавек». Пераклад атрымаўся цудоўным.
Памёр Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001 года, не дажыўшы трох тыдняў да 92 гадоў. Пахаваны побач з жонкай на могілках у вёсцы Паперня Мінскага раёна.
Паэзія, проза, кінадраматургія, публіцыстыка – такая спадчына засталася чытачам ад Максіма Лужаніна, які перажыў шмат нягод, але дачакаўся прыжыццёвага прызнання. Апавяданне: Аповесць: Працаваў Максім Лужанін у беларускай літаратуры цэлых 76 гадоў. Апошні сшытак сваіх новых вершаў паэт напісаў і перадаў у газету «Літаратура і мастацтва», калі яму было ўжо амаль 92 гады. Максім Лужанін быў літаратарам, які нёс свет лірызму і дабрыні.
- Предыдущий Час читательских увлечений «Страна весёлого детства»
- Следующий Громкие чтения «Волшебница доброго слова»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты