4 жніўня 2022 года – 105 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля (1917 – 2006)
«… як ніхто Янка Брыль ставіць Беларусь, беларускае слова ў шырокі кантэкст чалавецтва…».
Алесь Адамовіч
Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль у публічным жыцці быў майстрам мудрай асцярожнасці, а ў асабістым – здолеў перадаць атрыманы ад бацькоў зарад дабрыні, любові і сяброўства наступнаму пакаленню сям’і.
Янка быў апошнім, дзясятым, дзіцем у сям’і Брылёў. Яго бацьку, Антону Данілавічу, у 1917 годзе было 47 гадоў, а маці, 44.
Нарадзіўся Янка Брыль (Іван Антонавіч) у Адэсе, куды на заробкі выехаў з-пад Карэліч яго бацька. Ён быў правадніком на цягніках лініі Санкт-Пецярбург – Адэса. У працы было многа плюсаў: праваднік атрымліваў пры цары 35 рублёў на месяц (настаўнік 24 рублі) – а яшчэ чаявыя, таксама дазвалялася правозіць у службовым купэ кашы з вінаградам на продаж у паўночных губерніях.
Яго жонка Настасся Іванаўна заставалася на радзіме глядзець гаспадарку, дзяцей і старых мужавых бацькоў.
Дагэтуль у сям’і захоўваецца вялікая скураная партманетка, у якую Антон Данілавіч складаў царскія асігнацыі. Ён адкладваў грошы на тое, каб вярнуцца на радзіму, купіць зямлю, прыдбаць сваю хату. Адвечную мару беларуса зблытала Першая сусветная вайна: з яе пачаткам бацька забраў сям’ю з Беларусі ў Адэсу.
У Адэсе сям’і прыжыцца не ўдалося: разам з вайной прыйшла інфляцыя, бацька захварэў на тыф, пасля на паўторны тыф, старэйшым сынам трэба было ездзіць праваднікамі замест яго. І ў 1922 годзе пастанавілі вярнуцца ў Беларусь, у роднае Загор’е, якое ўжо было пад Польшчай. Старэйшыя дзеці, якія на той час былі самастойныя, засталіся ў Адэсе.
Загор’е, у якое вярнуліся Брылі з Адэсы, — старое сяло на бітым шляху, што злучаў Слуцк, Нясвіж, Мір і Навагрудак. Тут іх род прасочваўся да канца XVIII стагоддзя.
Жыццё пры паляках ідыліяй не было. Асабліва, калі ў весну 1924 года, застудзіўшыся ў лесе, памёр ад запалення лёгкіх бацька. «Маліся, Іван, каб я выздаравеў!», — прасіў ён 7-гадовага сына, як апошнюю надзею.
«Маленства маё, апошняга пестуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але і справдяліва добрай», — пісаў Брыль пра маці. Гаспадаром у хаце стаў брат Мікалай, якому ішоў 14-ы год.
Школьную навуку хлопчык спасцігаў у роднай вёсцы ў пачатковай школе. Ён аказаўся здольным да вучобы, таму пасля трох класаў Загорскай школы працягнуў навучанне ў сямігодцы ў мястэчку Турэц. Вучылі там па-польску, але некалькі ўрокаў на тыдзень вялі па-беларуску. Працэс навучання ў школе пазней быў выдатна адлюстраваны ў аповесці «Сірочы хлеб». Пасля заканчэння сямігодкі Янка пачаў рыхтавацца да ўступных экзаменаў у Навагрудскую гімназію. Хлопец здаў іспыты на выдатна і ў 1931 годзе быў залічаны. Праўда, павучыцца доўга не ўдалося: захварэла маці, а брату Мікалаю аднаму цяжка было весці гаспадарку, таму Янка з братам Мішам вярнуліся ў бацькоўскую хату.
З той пары Янка Брыль нідзе не вучыўся. Універсітэт Брылю замяніла чытанне і самаадукацыя. Браты з Адэсы аддалі цэлы кораб гімназічных падручнікаў і рускай класікі. У суседняй вёсцы знайшліся віленскія беларускія выданні. З панскай бібліятэкі даставалі творы Гейнэ. Брыль нават выкупіў абанемент у яўрэйскай кагальнай бібліятэцы ў Турцы і хадзіў туды па кнігі.
Будучы пісьменнік стаў арганізатарам самадзейнага драматычнага тэатра ў роднай вёсцы. Моладзь ладзіла пастаноўкі на беларускай мове, праводзілі культурна-асветніцкую работу сярод аднавяскоўцаў.
Тады ж Янка пачаў друкавацца, яго першыя творы з’явіліся ў 1938 годзе ў віленскім часопісе «Шлях моладзі». Гэта былі вершы «Апошнія крыгі», «Ажываюць лес і поле…», апавяданні «Цюцік», «Сустрэча», «Марыля», «Праведнікі і зладзеі». Назбіралася іх на асобную кніжку, але выданне зборніка каштавала як мінімум 75 злотых – эквівалент 30 пудоў жыта.
Але сапраўдным пачаткам сваёй літаратурнай працы ён называў «Марылю» — апавяданне, датаванае 1937-1943 гадамі.
Вялікі ўплыў на светапогляд братоў Брылёў аказала творчасць Льва Талстога. Філасофія гэтага рускага пісьменніка пашырыла сістэму маральных каардынат маладых людзей, аснову якой складалі агульначалавечыя маральныя каштоўнасці. Антываенны талстоўскі дух настолькі ўвайшоў у Янку, што трапіўшы ў 1939 годзе на службу ў польскае войска, ён хацеў быць залічаным у санітарную каманду, аднак двухметровы хлопец стаў правафланговым ва ўзводзе элітнай марской пяхоты.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Другую сусветную вайну Брыль сустрэў у Гдыні. Ён быў другім нумарам кулямётнага разліку і адбіваў атакі пяхоты праціўніка. У час абароны з-за няроўнасці сіл салдаты вымушаны былі здацца. Так Брыль аказаўся ваеннапалонным. З такім цяжкім становішчам ён не мог пагадзіцца, і таму спачатку ўзначаліў забастоўку, а затым у жніўні 1940 года арганізаваў уцёкі з лагера. Палонных злавілі і адправілі ў лагер у Баварыі. І зноў юнак спрабуе ўцячы, што яму нарэшце і ўдаецца. Пра палон і гісторыю вяртання дадому пазней Брыль напіша ў рамане «Птушкі і гнёзды».
У жніўні 1941 года Янка Брыль трапіў у родныя мясціны, дзе стаў партызанскім сувязным, а ў 1944 годзе будучы пісьменнік сышоў у лес пасля таго, як партызаны разбілі ў Загор’і падраздзяленне мясцовай антыпартызанскай самааховы. Брыль трапіў ў партызанскую разведку. Ён ганарыўся тым, што ўзяў удзел у выгнанні нацыстаў з Беларусі.
У гэты час Брыль супрацоўнічаў з партызанскай газетай «Сцяг свабоды», затым яго ўзялі ў рэдакцыю баявога лістка «Раздавім фашысцкую гадзіну», пераўтворанага пасля ў часопіс «Вожык». Быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, выконваў абавязкі старшыні Беларускага аддзялення таварыства «СССР – Канада», быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
У пасляваенны час Іван Антонавіч шмат творча працуе. Выходзяць яго першы зборнік «Апавяданні» (1946 г.), затым «Нёманскія казакі» (1947 г.), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952 г.). У 1952 годзе ён атрымаў Сталінскую прэмію за аповесць «У Забалоцці днее». Таксама ён праявіў сябе і як таленавіты дзіцячы пісьменнік, пра што сведчаць апавяданні «Лазунок», «Жыў-быў вожык», «Туга» і іншыя.
Янка Брыль – адзін з самых бліскучых майстроў беларускага апавядання. Класічны прыклад – гэта яго знакамітая «Галя» (1953 г.).
У 1962 годзе выйшаў зборнік апавяданняў «Працяг размовы», за які аўтар атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа, у 1963 годзе ўбачыла свет кніга малой прозы «Роздум і слова». У час хрушчоўскай адлігі ў 1964 годзе быў завершаны раман «Птушкі і гнёзды» — адзін з галоўных твораў Янкі Брыля. Над творам пісьменнік працаваў не адно дзесяцігоддзе, пачынаючы з 1940-х гадоў. «Птушкі і гнёзды» сталі споведдзю пісьменніка пра перажытае ў гады Другой сусветнай вайны, аповедам пра тое, як у любых абставінах трэба заставацца чалавекам.
У 1960-я гады Янка Брыль зацікавіўся жанрам мініяцюры: нізка лірычных мініяцюр «Рамонкавы россып» з’явілася ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. З гэтага часу пісьменніка лічаць непераўзыдзеным майстрам лірычнай мініяцюры. «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Пішу як жыву», «Вячэрняе» і іншыя. «Жменя сонечных промняў» — гэта кніжка маленечкіх эсэ. Калі б Янка Брыль пісаў іх зараз і выкладваў у інтэрнэце, гэта былі б пасты. У Брыля ўзорная беларуская мова.
У 1975 годзе выйшла дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі…». Многае ён сам бачыў у партызанах, іншае даведаўся ў пачатку 1970-х, калі разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам складаў кнігу пра зверствы нацыстаў у Беларусі. Яны тады апыталі больш за трыста сведак. І трэба ж было перапрацаваць у душы пачутае і пабачанае: расказы бабуль, што жывуць з прабітымі галовамі, якім няправільна трапілі ў патыліцу падчас расстрэлу, дзяцей ваеннага часу, што без адзінай драпінкі засталіся жывыя ў брацкай магіле пад целам маці або старэйшай сястры. Міхась Стральцоў назваў гэту кнігу «хаджэннем па чалавечых пакутах, па вогненных кручах зямнога пекла».
Скончыўшы кнігу пра нацысцкі генацыд, Брыль піша «Ніжнія Байдуны». Гэтая адчайна вясёлая, поўная народнага гумару «карнавальная аповесць» была нібы кампенсацыйная тэрапія пасля вогненных вёсак, адзначаў крытык Міхась Тычына. Ісак Бабель пісаў так пра Адэсу.
У 1978 годзе аповесць «Золак, убачаны здалёк» была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа. Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных. У 1981 годзе Брыль атрымаў ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. У 1990 годзе была надрукавана аповесць «Муштук і папка» аб трагічным лёсе старэйшага брата Валодзі, расстралянага ў 1930-я гады.
Вядомы Янка Брыль як і перакладчык з рускай і польскай моў. Ён перакладаў на беларускую мову творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, Э.Ажэшкі, Б.Пруса і іншых.
Добрыя сяброўскія адносіны склаліся ў Янкі Брыля з Уладзімірам Калеснікам, Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам. Але заўсёды самым лепшым яго сябрам была жонка Ніна Міхайлаўна, з якой ён пазнаёміўся ў 1937 годзе, тады яшчэ 16-гадовай дзяўчынай, а ў 1945 годзе яны ажаніліся. Ніна Міхайлаўна не толькі займалася выхаваннем дзвюх дачок і сына, яна выкладала англійскую мову на фізфаку БДУ (ведала пяць замежных моў), была сярод першых, хто чытаў і правіў рукапісы новых твораў пісьменніка. Яны пражылі разам больш як паўстагоддзя.
Янка Брыль перажыў жонку на тры гады, трохі не дажыў да 89-ці. Пісьменнік пад канец жыцця слаба бачыў і чуў. Кантакты са знешнім светам абмежаваліся. Яго радасцю было чытанне, Талстой і традыцыйныя суботнія сустрэчы з сям’ёй.
Не стала таленавітага пісьменніка ў ліпені 2006 года.
- Янка Брыль усё жыццё заставаўся беспартыйным. Гэты факт усіх сяброў і знаёмых вельмі здзіўляў, бо лічылася, што званне «народны» нельга атрымаць, не ўступіўшы ў партыю.
- На першым спатканні са сваёй будучай жонкай Брыль падарыў ёй «Критику чистого разума» Імануіла Канта.
- На пытанне чытача: «Ці лічыце вы сябе вялікім пісьменнікам?» Брыль адказаў: «Так – рост метр восемдзесят сем, вага сто пяць кіло ў сярэднім. Пастаянныя праблемы падабраць вопратку».
- Іван Антонавіч рэдка бываў дома, часта ездзіў у камандзіроўкі. Ён любіў ездзіць, і яго жонка любіла падарожжы. І калі дзеці трохі падраслі, бацькі павезлі іх у Маскву і Ленінград, каб паказаць музеі. Цэлы дзень яны наведвалі музеі, а вечарам бацька браў кніжку «Музеі Масквы» і ставіў птушачкі, куды яны пойдуць заўтра. Ён хацеў паказаць дзецям як мага больш.
- У завяшчанні Брыль па тамах распісаў, як павінен выглядаць пасмяротны збор яго твораў, як зрабіў адзін з любімых пісьменнікаў Іван Бунін.
Янка Брыль шмат зрабіў для папулярызацыі роднай літаратуры ў свеце: «У нас ёсць літаратура. У нас яна будзе – вялікая беларуская літаратура на нашай багатай ды прыгожай, несмяротнай мове».
Брыля можна і трэба чытаць і перачытваць, у пісьменніка ёсць чаму павучыцца: мова, стыль, доўгае жыццё, працавітасць, вастрыня зроку.
- «Маці» (1957 г.);
- «Птушкі і гнёзды» (1964 г.);
- «Жменя сонечных промняў» (1965 г.);
- «Ніжнія Байдуны» (1975 г.);
- «Золак, убачаны здалёк» (1978 г.).
Пісьменнік усё жыццё працаваў над сабой, кіруючыся словамі Талстога, што правіць сябе ніколі не позна.
- Предыдущий Выставка-совет «В отпуск с книгой»
- Следующий Знакомство с серией книг «Энциклопедии для детского сада» «Почемучкам важно знать…»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты