26 лістапада 2020 года — 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (1930-1984)

                            “… знаходжу кніжачку ў кардоннай вокладцы

“Матчына душа”. Адкрываю і чытаю першы верш:

 “У векавечнай Бацькаўшчыне клёны

нячутна пачынаюць аблятаць”. І я закахаўся

 ў гэтага аўтара. Уладзімір Караткевіч прозвішча”.

Міхась Чарняўскі

 

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч — класік беларускай літаратуры. Уплыў пісьменніка на фармірававанне беларусаў як 1нацыі — каласальны. Ён фактычна пачынальнік беларускай гістарычнай белетрыстыкі. Творы Караткевіча не толькі патрыятычныя, але яшчэ цікавыя і захапляльныя, яны падмацоўвалі і падмацоўваюць сэрцы беларусаў. Пісьменнік многае змог і паспеў зрабіць.

 2Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Бацька будучага пісьменніка закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў супрацоўнікам фінансавых органаў. Маці закончыла гімназію ў Магілёве, працавала настаўніцай, а потым выхоўвала трох дзяцей.

Вялікі ўплыў на Валодзю аказаў дзед па лініі маці. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і 3народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. Сям’я Караткевічаў вызначалася сваёй інтэлігентнасцю. У іх доме была вялікая бібліятэка. Хлопчык  навучыўся чытаць, калі яму было тры з паловай гады, стаў актыўным наведвальнікам дзіцячай бібліятэкі. У шэсць гадоў ён напісаў свой першы верш. А яшчэ добра маляваў, многія старонкі  рукапісаў яго твораў упрыгожаны шматлікімі ілюстрацыямі самога аўтара, меў абсалютны слых.

У 1938 годзе пайшоў у школу. Пасля заканчэння трэцяга класа ў 1941 годзе прыехаў на летнія канікулы да сястры ў Маскву, якая ў той час вучылася ў інстытуце. Пачалася вайна. Валодзя змог дабрацца да бацькоў, якія эвакуіраваліся ў горад Чкалаў, толькі ў 1943 годзе. У 1941 годзе на фронце загінуў старэйшы брат Караткевіча — Валерый.

4Летам 1944 года, пасля вызвалення Кіева, Валодзя разам з маці жыў там некаторы час. Менавіта ў гэтым цудоўным горадзе юнак зацікавіўся гісторыяй. А як жа інакш, калі там можна было дакрануцца да велічных старажытных помнікаў. Пад уражаннем усяго пабачанага, пазней Караткевіч напіша аповесць “Лісце каштанаў”.

Восенню 1946 года  сям’я вяртаецца ў Оршу. Роднаму гораду, землякам ён прысвяціў верш “Орша”, тым самым выказаў шчырую любоў да сваёй малой радзімы.

Хоць Караткевіч рана пачаў спрабаваць пісаць, пісьменнікам ён стаў выпадкова. Першым сваім друкаваным творам Уладзімір лічыў ліст з уражаннямі ад Вязынкі. Караткевіч даслаў яго Уладзіславе Францаўне, жонцы Янкі Купалы, а тая апублікавала ў зборніку, прысвечанаму песняру. Але юнак марыў стаць навукоўцам. З 1949 года ён вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. І тут адбылося нечаканае: памёр Сталін. Караткевіч прызнаваўся свайму таварышу, што не стаў бы пісьменнікам, каб не адліга, не ХХ з’езд партыі.

На шчасце для беларускай літаратуры ў кіеўскую аспірантуру Уладзімір не паступіў. Ён едзе настаўнічаць у вёску на5 Кіеўшчыне. Тэма яго навуковай працы гучала: “Паўстанне 1863 года ў рускай літаратуры”. Дысертацыя так і засталася ненапісанай, але мала хто змог больш зрабіць для памяці пра гэта паўстанне.

Вярнуцца ў Беларусь Караткевічу дапамаглі Пятрусь Броўка і Максім Танк. Пісьменнікі папрасілі праз класіка Паўла Тычыну ўкраінскае Міністэрства адукацыі дазволіць маладому паэту паехаць працаваць настаўнікам на радзіму ў Оршу.

6Летам 1950 года ім быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці  “Дзікае паляванне караля Стаха” — гістарычнага дэтэктыва, дзеянне якога адбываецца ў 80-я гады ХIX стагоддзя.

Некалькі вершаў Караткевіч аддаў у аршанскую раённую газету “Ленінскі прызыў”. Але адзін з супрацоўнікаў рэдакцыі абвінаваціў аўтара ў чорнай меланхоліі, захапленні гісторыяй. Не дапамог нават Пятрусь Броўка, які заступіўся за таленавітага паэта. І Караткевіч паехаў у Маскву, спачатку на літаратурныя курсы, затым на сцэнарныя. Тады ж у 1957 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. З тых часоў Уладзімір Сямёнавіч 7больш нідзе афіцыйна не працаваў. Членства ў творчым саюзе дазваляла так жыць.

У 1958 годзе выйшаў першы зборнік вершаў паэта “Матчына душа”.

 Караткевіч пісаў, што многаму навучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Масква дала пісьменніку матэрыял для першага рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі”, які ён напісаў у 1962 годзе за шэсцьдзесят дзён. Галоўны герой — не селянін, а інтэлігент у чацвёртым калене. Для беларускай літаратуры тады гэта было нетыпова. Але цэнзура не дазволіла надрукаваць твор. Асобнай кнігай раман выйшаў толькі праз дваццаць два гады.

Наогул творы Караткевіча былі вельмі папулярнымі: іх цанілі знакамітыя пісьменнікі, кожную яго новую кнігу чытачы не тое што размяталі — кралі з бібліятэк.

8Галоўнай кнігай свайго жыцця Уладзімір Сямёнавіч лічыў “Каласы пад сярпом тваім”. Раман быў задуманы раней за ўсе іншыя  — у жніўні 1959 года, у Азярышчы над Дняпром, дзе пісьменнік пабачыў старую грушу над кручай. “Пастараўся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям 1863 года, Беларусі”, — казаў Караткевіч.

Тое, што мы сёння ведаем як “Каласы пад сярпом тваім”, на самай справе толькі частка ад задуманага. Караткевіч планаваў напісаць яшчэ дзве часткі рамана: “Брань” — пра само 9паўстанне і “Галгофа” — пра яго разгром. Ці існаваў працяг твора — загадка. Караткевіч на працягу ўсяго жыцця ў розных інтэрв’ю казаў, што пара б ужо скончыць раман. Але завершаных тэкстаў, апроч дзвюх невялікіх частак, у архівах пісьменніка не знайшлося. Але і першую частку “Каласоў пад сярпом тваім” давялося прабіваць з боем. Выхад рамана асобнай кніжкай аказаўся пад пагрозай. Каб уратаваць сітуацыю, Іван Мележ арганізаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук абмеркаванне твора. Да Мележа далучыліся Янка Брыль, Язэп Сушынскі, сябар Янкі Купалы, актрыса Паўліна Мядзёлка. Для выдавецтва раман рэцэнзаваў  Максім Лужанін, які напісаў семьдзесят дзве старонкі заўваг, і многія яго праўкі Караткевіч мусіў унесці.

10Стомлены барацьбой вакол “Каласоў пад сярпом тваім” Уладзімір Сямёнавіч надоўга пераключыўся на кіно. Кінематограф вабіў яго як фата-маргана. Нязнятыя кінасцэнарыі займаюць цэлы том яго новага збору твораў. “Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў ён на сяброў. — Гэта ж магутная сіла! Раман у беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны”. Дарэчы,  яго славуты раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”  пачынаўся як кінасцэнарый.

Ёсць у Караткевіча і творы для дзяцей, у 1975 годзе выйшаў яго зборнік “Казкі”.

Заўсёды вясёлы, шчыры, жартаўлівы, Уладзімір Сямёнавіч умеў сябраваць. Самымі лепшымі яго сябрамі былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Адам Мальдзіс. Падчас вандровак Караткевіч заўсёды знаходзіў агульную мову і з рыбакамі, і з леснікамі.

Уладзімір Сямёнавіч доўга не жаніўся. У яго жыцці было шмат раманаў з рознымі 11жанчынамі. Адна з іх, Ніна Молева, выкладчыца Вышэйшых літаратурных курсаў, мастацтвазнаўца. Але яна была замужам за мастаком Эліем Бялюціным і не збіралася пакідаць мужа. Нягледзячы на гэта, Караткевіч да канца жыцця сябраваў з ёй, купляў і дарыў карціны. 94-гадовая Молева дагэтуль жыве ў Маскве. Пасля смерці мужа яна адпісала яго і сваю мастацкую калекцыю ў дар Уладзіміру Пуціну. Ёсць у той калекцыі, напэўна, і карціны, якія ёй дарыў Караткевіч.

 “Мне трэба такая жонка, каб мела добры запас цярплівасці, — гаварыў пісьменнік сябру. — Напрыклад, будзем ісці з ёю вуліцаю, і мне раптам так захочацца, разумееш, так неадольна зажадаецца ўзлезці на дрэва або на дах дома, то каб здолела чакаць, пакуль я адтуль злезу. А потым як нічога ніякага пайсці далей”.

 12У канцы 60-х гадоў Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай, якая стала надзейнай апорай у яго жыцці. Яна была археолагам, кандыдатам гістарычных навук. Пераехаўшы з Брэста ў Мінск да Караткевіча, займалася стварэннем “Збору помнікаў гісторыі і культуры” — энцыклапедыі архітэктурнай спадчыны. Шмат ездзіла па Беларусі ў этнаграфічныя экспедыцыі, дзе яе часта суправаджаў муж.

Анкалогія ўдарыла Валянціну Браніславаўну нечакана. Не стала яе ў лютым 1983 года. Караткевіч перажыў жонку на няпоўныя два гады. Пахаваны пісьменнік у Мінску на Усходніх могілках.

 У 1980 годзе ў сувязі з пяцідзесяцігоддзем Уладзімір Караткевіч быў 13узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Да гэтай жа даты было прымеркавана выданне выбраных твораў пісьменніка ў 2-х тамах. У 1983 годзе за раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вярнуцца на Землю”) Караткевічу была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

Ужо пасля смерці Уладзіміра Сямёнавіча  за раман “Чорны замак Альшанскі” яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа ў 1984 годзе.

14У 1986 годзе выйшаў падрыхтаваны ім самім да друку паэтычны зборнік “Быў. Ёсць. Буду”. У 1987-1991 гадах ажыццёўлена выданне збору твораў у 8 тамах. Яго раман “Каласы пад сярпом тваім” увайшоў у школьную праграму па літаратуры. Больш чым на дваццаць моў народаў свету, у тым ліку на англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, рускую, польскую, украінскую і іншыя перакладаліся творы Уладзіміра Караткевіча.

На сцэнах беларускіх тэатраў ставіліся п’есы класіка беларускай літаратуры. У Беларускім тэатры оперы і балета былі пастаўлены оперы “Сівая легенда”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі. Паводле твораў Караткевіча былі зняты мастацкія фільмы, створаны тэлевізійныя і радыёпастаноўкі.

Пра пісьменніка створаны дакументальны фільм “Быў. Ёсць. Буду”, некалькі відэафільмаў. Выйшаў з друку шэраг манаграфій, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу.

У Оршы дзейнічае музей Уладзіміра Караткевіча. Матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць экспануюцца ў Рагачоўскім 15музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.

У Оршы, Віцебску і на магіле пісьменніка ў Мінску пастаўлены помнікі. На 16дамах у Оршы і ў Мінску, дзе Караткевіч жыў, ўсталяваны мемарыяльныя дошкі. У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Оршы, Віцебску, Рагачове. Імя Уладзіміра Караткевіча носяць сярэдняя школа ў Оршы, Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

 Ушаноўваецца імя класіка беларускай літаратуры і за межамі нашай краіны. Яго імя прысвоена нядзельнай беларускай школе ў Таліне і грамадскай бібліятэцы літаратуры народаў Эстоніі. У 2011 годзе адкрыты помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве.

 

                                                 

Цікавыя факты:

 

  • Маці пісьменніка, Надзея Васільеўна, любіла дарагія, тонкага густу рэчы, сямейныя рэліквіі. Гэта перадалося і сыну.
  • У Караткевіча былі вочы неаднолькавага колеру — левае святлейшае, правае цямнейшае.
  • Караткевіч вельмі не любіў, калі яго называлі рамантыкам. Ён казаў, што піша толькі пра тое, што было або рэальна магло быць.
  • Вялікі партрэт Каліноўскага вісеў над працоўным сталом Караткевіча. Пад ім заўжды гарэла лампадка. Калі памерла маці, пісьменнік пераставіў лампадку пад яе здымак.
  • Караткевіч сцвярджаў, што баяўся мець дзяцей, бо праз іх мог страціць творчую свабоду. “Яны прымусяць мяне пісаць так, як яны захочуць. І я буду вымушаны з-за дзіцяці”, — казаў ён.
  • Меў кішэню ў плаўках з унутранага боку. Такое курортнае ноу-хау Караткевіча. Ён клаў туды металічныя грошы, ішоў у мора і таемна ад жонкі плыў да найбліжэйшага пункту продажу алкаголю. Выпіваў і плыў назад.
  • Уладзімір Караткевіч любіў вандраваць. Ён аб’ездзіў усю Беларусь. Пабываў у многіх мясцінах Савецкага Саюза, у Польшчы, некалькі разоў наведаў Чэхаславакію.
  • Перш чым пісаць твор, Караткевіч складаў план. Пасля план удакладняўся, рабіўся падрабязнейшым, аж да асобных рэплік. Нарэшце план утрымліваў амаль увесь твор, але выглядаў так, што ніхто, акрамя аўтара, не мог яго зразумець. Паралельна вяліся запісныя кніжкі для назваў, імёнаў, пісаліся біяграфіі герояў, якія ў твор не траплялі, але былі патрэбныя аўтару для работы. Часам героі паводзілі сябе не так, як задумана. “Калі яны ўжо робяцца самастойныя — гэта азначае, што рэч удаецца, што яна жыве”, — казаў пісьменнік. У пэўны дзень Караткевіч уставаў раніцай, галіўся, прымаў ванну, адзяваў белую кашулю, выпіваў кубак кавы, сядаў за стол — і перапісваў твор начыста без правак. Абавязкова — на добрай паперы, паркерскай ручкай з залатым пяром. Звычайна ён загадваў: калі першы аркуш напішацца без адзінай памаркі, і далей пойдзе добра.
  • Уладзімір Караткевіч стварыў з нуля беларускую гістарычную прозу. Яго раманы і аповесці пра мінулае непераўзыдзеныя дагэтуль.
  • Напісаў захапляльны падручнік-даведнік па гісторыі Беларусі — “Зямля пад белымі крыламі”.
  • Пачаў пісаць па-беларуску дэтэктывы, ствараючы “гарадскую” масавую літаратуру.
  • Пры ўсім цэнзурным ціску змог захаваць свае творы і данесці іх да чытача.
  • “Каласы пад сярпом тваім” — лепшая кніга Беларусі 2019 года.
  • У 2020 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга з серыі “100 вершаў” Уладзімір Караткевіч “Беларуская песня”.
  • У 1976 годзе ў час знаходжання ў Варшаве жонка ўгаварыла Караткевіча прайсці тэст “Ці дажывём да ста год? з польскага часопіса «Kobieta I Zycie». І вынік той анкеты паказаў, што Караткевіч пражыве 89 год — да 2019 года.

Любая нацыянальная культура трымаецца на класіцы. Сёння няма ў беларускай літаратуры болей сур’ёзнай з’явы, як здзейсненае Караткевічам у прозе, драматургіі, публіцыстыцы і паэзіі. Творы Уладзіміра Караткевіча вучаць любіць Радзіму, паглыбляць веды пра зямлю, на якой мы жывём.  Бадай, усю яго спадчыну неабходна прачытаць. Мы ж рэкамендуем 6 кніг Уладзіміра Караткевіча, якія павінен прачытаць кожны чалавек, не толькі беларус.

  1. “Сівая легенда”
  2.  “Дзікае паляванне караля Стаха”
  3.  “Каласы пад сярпом тваім”
  4. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”
  5.  “Ладдзя Роспачы”
  6. “Чорны замак Альшанскі”

 

І яшчэ 5 цудоўных вершаў Караткевіча:

  1.  “У векавечнай бацькаўшчыне клёны…”
  2.  “Фантазія”
  3. “Ты і я”
  4.  “Абяцаюць нам новы раскошны дом…”
  5. “Нават сцюжным зімовым вечарам…”

«Один из моих самых любимых вообще писателей — это Владимир Короткевич. Короткевича называют «белорусским Мопассаном», называют справедливо. Он автор самого знаменитого советского триллера «Дикая охота короля Стаха». И потом, стиль Короткевича упоителен, конечно. В общем, «Короля Стаха», «Евангелие от Иуды» и «Колосья» я вам от души рекомендую», — словы расійскага пісьменніка, паэта Дзмітрыя Быкава яскравае таму пацвярджэнне.

       

 

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты