26 кастрычніка 2019 года – 60 гадоў з дня нараджэння Анатоля Сыса (1959-2005)
Дарога полем – да маці.
Дарога лугам – да бацькі.
Дарога рэчкай – да любай.
Але
і полем, і лугам, і рэчкай
іду заўжды да Радзімы.
А.Сыс
Анатоль Сыс – легендарны паэт сучаснасці, зорка беларускай паэзіі канца XX стагоддзя. Як калісьці заззялі зоркі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, так і 80-90-ыя гады далі беларускай літаратуры некалькі творцаў першакласнай велічыні, сярод якіх ці не першае месца займае паэтычны талент Анатоля Сыса.
Анатоль Сыс – паэт , чыё імя выклікае цэлы шэраг супярэчлівых думак. Адны лічаць яго геніем, другія – вар’ятам з-за яго эксцэнтрычнасці, незвычайнасці, эпатажнасці і ў паводзінах, і ў вершах.
Нарадзіўся будучы паэт у 1959 годзе ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У сям’і Сысаў было чацвёра дзяцей, Анатоль самы малодшы.
Яго часта называюць беларускім Ясеніным. Ён з тых, хто ярка гарыць і хутка згарае. І нарадзіўся Сыс, можна сказаць, у агні. Калі маці, настаўніца пачатковых класаў, была ім цяжарная, у хаце здарыўся пажар, і жанчына абгарэла. У тую самую ноч нарадзіўся Анатоль. Ён вельмі любіў сваю малую радзіму, з гонарам гаварыў, што яго родная хата стаіць на гарадзішчы Зарубінецкай і Мілаградскай культур.
Першы верш Анатоль Сыс напісаў, калі яму было дзевяць гадоў. У школьныя гады захапляўся літаратурай і гісторыяй. У 1977 годзе скончыў Броненскую сярэднюю школу, і ў той жа год паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, які скончыў у 1982 годзе.
Потым была армія, дзе Сыс адслужыў два гады сувязістам у Польшчы. Там Анатоль даволі шмат чытаў. Прачытанае затым часта адбівалася ў яго творчасці. У той час з’явіліся яго вершы “Мама, вышый мяне на падушцы сваёй”, “Таварыш донар”.
Затым працаваў у веткаўскай раённай газеце “За бальшавіцкія тэмпы”. У 1985 годзе пераехаў у Мінск, быў старшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Але заўсёды вельмі сумаваў па сваіх Гарошках, па родным Дняпры, дзе яго чакаў самы блізкі чалавек – любая маці.
У 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваныя ў рэчыцкай раённай газеце “Дняпровец”, затым у “Гомельскай праўдзе” у 1981 годзе, а ў рэспубліканскім друку ў першым нумары часопіса “Маладосць” за 1983 год надрукаваў некалькі пародый. Затым тая ж самая “Маладосць” размясціла падборку яго вершаў. Чытачы адразу адзначылі, у беларускай паэзіі з’явілася надзвычай адароная, таленавітая асоба.
За 46 гадоў жыцця Анатоль Сыс паспеў выпусціць тры зборнікі вершаў: “Агмень”, “Пан Лес”, “Сыс”. Аднак гэтую невялікую спадчыну крытыкі лічаць самым каштоўным з усяго напісанага сучаснымі беларускімі аўтарамі. Першы зборнік “Агмень” прынёс ашаламляльны поспех. Паводле слоў самога аўтара, назва “Агмень” была метафарай Радзімы. Радзіме ён прысвяціў самыя палымяныя і трапяткія радкі:
“З чаго пачаць?… Пачну з Радзімы.
Так абавязаны пачаць.
— Няхай, няхай я паўтаруся
У любові тысячу разоў,
Затое шчыра ёй клянуся,
Без фальшу, без падробных слоў”.
Зборнік “Пан Лес” – гэта перыяд паэтычнай сталасці Анатоля Сыса і росквіт яго творчасці. Калі “Агмень” з’явіўся кропкай адліку творчасці паэта, а “Пан Лес” – вяршыняй паэтычнай думкі, то зборнік “Сыс” стаў своеасаблівым падсумаваннем зробленага.
Ён выдатна дыкламаваў свае вершы, паэта слухалі з заміраннем сэрца натоўпы людзей. А чытаў Сыс непаўторна. Ён як ніхто іншы валодаў аўдыторыяй. Адухоўлены твар, бездакорная дыкцыя, вібрацыя голасу.
Галоўныя тэмы яго вершаў – маці, Радзіма, мова.
У 1991 годзе Анатоль Сыс быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Пасля выхаду другой кнігі Анатоль Сыс звольніўся з працы, жыў на пенсію – ён быў хворы на страўнік. Ад сярэдзіны 1990-х гадоў і да смерці новыя творы паэт амаль не пісаў. Нягледзячы на яго заўчасны сыход, творчасць Сыса пакінула яркі адбітак у гісторыі беларускай літаратуры.
Ужо пасля смерці паэта ў канцы 2006 года ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла новая кніга Сыса “Лён”. У кнігу ўвайшлі і невядомыя раней вершы, артыкулы, інтэрв’ю.
У 2016 годзе пабачыў свет цудам ацалелы паэтычны зборнік Анатоля Сыса “Берагі майго юнацтва”, у які ўвайшлі вершы студэнцкіх часоў, а таксама невядомыя творы пазнейшых часоў. Выданне гэтага зборніка стала поўным сюрпрызам для аматараў беларускай паэзіі. Лічылася, што ўсе вершы Анатоля Сыса, якія можна было адшукаць, ужо надрукаваныя. А тут выходзіць з друку цэлы вялікі зборнік невядомых раней твораў. Гэта кніга адкрывае шмат літаратуразнаўчых таямніц, якія раней існавалі вакол паэзіі Анатоля Сыса. Адкуль ён творча рос, на якую паэзію арыентаваўся ў маладосці, адкуль паходзіць метафарычная вобразнасць паэта, адкуль бярэ выток яго прыхільнасць да такіх тэм – як агонь, птушка, лес. І тая патрыятычнасць, любоў да радзімы, якая так моцна праявілася ў лепшых творах паэта, прысутнічае таксама ў яго вучнёўскіх сшытках.
Мой бацька радзіміч, радзімічка маці,
Дзядоў і бабуль маіх Днепр нарадзіў,
Абрадаў і звычаяў край мой не страціў,
Карэння свайго ў зямлі не згубіў.
Памёр Анатоль Ціханавіч Сыс у 2005 годзе ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў сваім родным Гарошкаве. Чалавек жывы да таго, пакуль яго памятаюць. Паэт верыў у жыццё на тым свеце, у неўміручасць душы. Жыццё Анатоля Сыса — гэта чарада супярэчнасцяў і вар’яцтваў. Па энергіі паэтычнага радку яму саступяць і Купала, і Багдановіч. Як сцвярджаюць выкладчыкі філфака БДУ, Сыс сярод студэнтаў — любімы паэт і зараз.
Анатолю Сысу было адведзена няшмат год, каб дастукацца да сэрца чытача. І мастаку гэта ўдалося: аднойчы ўзяўшы ў рукі зборнік з вершамі, не застанешся безуважным.
Штогод пасля смерці паэта, у дзень яго нараджэння ў вёсцы Гарошкаў адбываецца свята паэзіі. Да Сыса прыязджаюць людзі з усёй Беларусі, чытаюць вершы, спяваюць песні, прыходзяць з кветкамі на могілкі, дзе пахаваны паэт.
Для альпініста пакароная вяршыня,
Як для паэта пакароны верш,
Але,
Хто з дзівакоў найперш
Спакоем рызыкуе,
Паэт, шчыруючы нястрымнаю душой,
Ці скалалаз, аддадзены канатам?
Што заўтра,
Узнагарода ці адплата
За ночы ў скалах,
Вочы ў слязах?
Пра гэта мне адзін паэт сказаў,
І я падумаў:
Быць мне альпіністам
У стромкіх скалах антытэз і рыфм.
- Гарадзішча ў роднай вёсцы Гарошкаў, Анатоль Сыс фактычна выратаваў ад знішчэння. Неяк Анатоль, калі яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце, заўважыў, што з гарадзішча пачалі браць пясок на будоўлю, таму звярнуўся ў музей і да мясцовых уладаў з просьбай спыніць знішчэнне гістарычнага помніка. Да меркавання студэнта прыслухаліся і паставілі каля гарадзішча ахоўны знак.
- Есці Анатоль Сыс вельмі любіў сырыя вясковыя яйкі. Ён казаў, што сырыя яйкі вельмі карысныя для страўніка, таму еў іх многа. А яшчэ ён любіў частаваць людзей свежым малаком. Нярэдка проста на лаўцы перад хатай стаяў літровы слоік малака, раптам камусьці захочацца. Калі маці хварэла, Сыс з задавальненнем даіў карову сам.
- Эпатажнасць як рыса заўсёды прысутнічала ў характары Анатоля Сыса. Ён мог у запале парваць кашулю на грудзях, голасна крычаць на ўсю станцыю мятро, каб трапіць у пад’езд – выламаць дамафон. Па ўзроўні эпатажнасці з ім складана было супернічаць.
- Рэдактарам першага зборніка “Агмень” была Яўгенія Янішчыц. Амаль увесь тыраж гэтага зборніка быў раскуплены за некалькі тыдняў.
- Кніга “Лён” стала першай кнігай паэта, выдадзенай у цвёрдай вокладцы. Гэты томік амаль адразу стаў бестселерам.
- “Ягамосць” – так хацеў назваць сваю кнігу вершаў Анатоль Сыс. Аднак не здолеў. Сябры паэта часткова выканалі яго задуму і пад гэтай назвай падрыхтавалі кнігу прысвячэнняў Анатолю Сысу. Яна выйшла да 50-годдзя паэта. Пад яе вокладкай сабраны творы аўтараў, асабіста знаёмых з паэтам, а таксама літаратараў, якія ведаюць яго толькі па вершах.
- Помнік на могілках Анатоля Сыса важыць амаль 700 кілаграмаў, а працаваў скульптар Генадзь Лойка над ім амаль год.
Прыйдзе час – і яшчэ знойдзецца Сысу болей высокае месца, чым ён як Паэт займае зараз. Паэтычны феномен Анатоля Сыса, вялікага паэта канца ХХ стагоддзя, патрабуе ўважлівага і сур’ёзнага вывучання. Яго творчасць легла ў залатую скарбонку беларускага прыгожага пісьменства. Пачытайце яго вершы, і спадзяёмся, вы з намі пагадзіцеся.
- «Ружа»
- «Радзіма пачынаецца з жанчыны»
- «Хворы хлопчык з цацкай»
- «Не выракалася жыта валошкаў…»
- «Мой дзед»
- «Сейбіт»
- «Сон»
- «Жанчына»
- «Каб сагрэць каханую…»
- «Якое б жыта не ўрадзіла…»
- «Часта пытаюцца: як вершы пішуць?..»
Сыс адбыўся, здзейсніўся. І як, у якіх акалічнасцях, абставінах, у якой атмасферы ён жыў — гэта ўжо іншае пытанне. Часам не такое істотнае, калі найперш заўважны вялікі талент, падараваны фізічнай істоце, падараваны чалавеку Богам.
У выпадку з Сысам, прачытаннем яго нямногіх кніг пачынаеш разумець, што Паэзія — гэта Жыццё. Напісаць верш — значыць: пражыць і словам адбіць, зафіксаваць і надаць перажытаму новы філасофскі статус. На жаль, так здараецца не часта…
- Предыдущий Экспресс-маршрут «О той земле, где ты родился»
- Следующий Литературно-музыкальная композиция “Радзімаю нашай край гэты завецца…”
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты