9 снежня 2021 года – 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча (1891 – 1917)

“Багдановіч побач з Купалам і Коласам,
— тое трэцяе вымярэнне, без якога
немагчымая перспектыва.
 З Максімам Багдановічам нам стала
 далёка відаць ва ўсе канцы свету…”
Міхась Стральцоў

Максім Багдановіч9 снежня беларусы адзначаюць 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, аднаго з галоўных айчынных паэтаў XX стагоддзя. Дарэчы, ніхто іншы не паспеў так многа зрабіць для роднай Беларусі за такое кароткае жыццё, як ён. Паэту было толькі 25, калі яго не стала. Тым больш, што амаль 20 гадоў Багдановіч пражыў не ў роднай краіне.

З’явіўся на свет Максім Багдановіч у 1891 годзе ў Мінску ў Траецкім прадмесці, на вуліцы Аляксандраўскай, 25. Зараз гэта вуліца носіць імя паэта. У той час гэты дом здаваўся ў арэнду мінскаму прыходскаму вучылішчу, у якім бацька паэта, Адам Ягоравіч, быў загадчыкам і выкладчыкам. На першым паверсе размяшчалася школа, а на другім – кватэры настаўнікаў.

Праз паўгода пасля нараджэння хлопчыка сям’і давялося пакінуць Мінск, бо ў бацькі выявілі хваробу горла – з такім дыягназам вучыць дзяцей было нельга.

Дзяцінства Максіма прайшло ў Гродна, і гэта былі яго самыя шчаслівыя гады. Маці, Марыя Апанасаўна, увесь свой час аддавала выхаванню дзяцей, якіх вельмі моцна любіла. Для іх навучання яна выкарыстоўвала самыя сучасныя методыкі. Хлопчык на ўсё жыццё запомніў, як прыгожа мама іграла на фартэпіяна. Калі Максіму споўнілася пяць гадоў, маці памерла.

Моцна перажываючы смерць жонкі, да таго ж маючы на руках чатырох дзяцей, якіх трэба было гадаваць, Адам Ягоравіч прыняў рашэнне пакінуць Гродна. Ён атрымаў прапанову па службе і накіраваўся ў глыб Расійскай імперыі, у Ніжні Ноўгарад. Там ён пазнаёміўся з Максімам Горкім, з якім не толькі пасябраваў, але і парадніўся: яны ўзялі шлюб з роднымі сёстрамі Волжынымі. Але шчасце з Аляксандрай Паўлаўнай было кароткім, жанчына памерла пры родах. Пасля яе смерці дзяцей выхоўвала родная сястра маці, Аляксандра Апанасаўна, якая пазней стала жонкай Адама Ягоравіча.

Адам Багдановіч не толькі прыехаў сюды разам з чатырма дзецьмі, але трохі пазней перавёз да сябе абедзвюх сясцёр, якія там выйшлі замуж. Утварылася своасаблівая беларуская дыяспара. Яны адзначалі беларускія святы, Максім з дзяцінства бачыў, як цёткі спявалі песні на Купалле ці на Каляды. Ад іх ён чуў беларускую мову. А яшчэ ў бацькі мелася вялікая бібліятэка, у якой былі і кніжкі па-беларуску. Менавіта па іх хлопец сам пачаў вывучаць родную мову.

Беларуская мова – такая незвычайная ў сваёй таямнічай фантомнасці – вабіла і зачароўвала яго. Яна была для Багдановіча прасторай, у якой ён хаваўся, натхняўся і жывіўся, імкнуўся авалодаць, каб затым стварыць свой свет. Як жа гэта было захапляльна, не быўшы фактычна ніколі ў тых мясцінах, дзе бытавала гэтая мова, не чуўшы яе жывога гучання (у сям’і Багдановічаў размаўлялі па-руску), спасцігаць яе, вучыцца ёй.

Максім вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Там ён захапіўся вершаскладаннем. У 1906 годзе яму выпісалі беларускія газеты “Наша доля” і “Наша Ніва”. І ўжо ў 1907 годзе ў “Нашай Ніве” з’явілася алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча “Музыка”, а пазней – вершы “Над возерам”, “Вадзянік”, “Лясун”, “Возера”. Друкаваліся яго творы і ў газеце “Голас”, а таксама ў іншых выданнях.

Ужо тады Максім адрозніваўся сваёй бунтарскай натурай. На ўроках ён рабіў толькі тое, што было цікава яму: разгадваў крыжаванкі, абмяркоўваў учарашні баксёрскі бой, насвістваў арыю з любімай оперы Сальеры, а мог, калі зусім было нудна, спакойна выйсці з класа і вярнуцца пад самы фінал заняткаў. Настаўнікі злаваліся, крычалі, пагражалі выключэннем, а Багдановічу было ўсё роўна. А яшчэ і спрабаваў у сваім класе стварыць гурток анархістаў, хаваў ад паліцыі сябра, які ўчыніў выбух на гімназічнай лесвіцы, любіў заводзіць спрэчкі, а затым нечакана, з крыкам заскочыць на стол і станцаваць канкан, чым палохаў прысутных.

З пераездам бацькі па службе з Ніжняга Ноўгарада ў Яраслаўль Максім Багдановіч перавёўся ў 1908 годзе ў Яраслаўскую гімназію. Ужо тут у Яраслаўлі ў жыцці Максіма Багдановіча адбудзецца важная падзея. Паэт сустрэне сваю галоўную музу – Ганну Какуеву, якой пазней прысвеціць свой знакаміты раманс “Зорка Венера”. Менавіта ён, ужо некалькі дзесяцігоддзяў з’яўляецца гімнам рамантыкаў, народжаных пад зоркай Багдановіча.

Фактычна 20 гадоў Максім Багдановіч не жыў у Беларусі. Ён прыязджаў сюды толькі аднойчы – у 1911 годзе. У той час паэт ужо актыўна друкаваўся ў “Нашай Ніве”, перапісваўся з Вацлавам Ластоўскім і братамі Луцкевічамі, завочна сябраваў з імі. Ён пісаў, што было б добра адпачыць у вёсцы. Дзядзька Луцкевічаў меў фальварак у Ракуцёўшчыне, куды і запрасілі паэта.

Дабіраючыся ў Ракуцёўшчыну, некалькі дзён Багдановіч правёў у Вільні. Наведваў рэдакцыю “Нашай Нівы”, дом, у якім жылі Луцкевічы і які пазней стане музеем старажытнасцяў. Там паэт убачыў знакамітыя слуцкія паясы, старадрукі Францыска Скарыны, шмат іншых рэчаў з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Багдановіч вельмі натхніўся ўбачаным і напісаў верш “Слуцкія ткачыхі”.

Ён прыехаў у Ракуцёўшчыну і правёў там лета 1911 года. Гэта быў вельмі плённы час – Багдановіч шмат хадзіў па ваколіцах, многа пісаў. Тут ён стварыў славутую “Вераніку”, паэму “У вёсцы”, дапрацаваў ці напісаў многія вершы.

Ужо вярнуўшыся ў Яраслаўль, Багдановіч даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” сшытак і папрасіў, каб яго выдалі як кніжку. Менавіта “Вянок” стаў адзіным прыжыццёвым зборнікам Багдановіча, тыраж яго склаў 2000 экзэмпляраў. У яго ўвайшлі 92 вершы і дзве паэмы. Зборнік дагэтуль застаецца класічнай кнігай паэзіі.

У 1914 годзе Максім Багдановіч збіраецца паступаць у Пецярбургскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Але недахоп грошай і сыры клімат не дазволілі ажыццявіць задуманае. Юнак ідзе вучыцца ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцей у Яраслаўлі, у 1916 годзе яго заканчвае.

І ўжо цяжка хворы прыязджае ў Беларусь. У Мінску яго чакалі сябры, з якімі ён вёў актыўную перапіску – Змітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч, Зоська Верас. Гэта людзі з гуртка “Беларуская хатка”. Яны чыталі творы Багдановіча, якія друкаваліся ў “Нашай Ніве”, добра яго ведалі і вельмі чакалі прыезду. Сябры ўладкавалі Максіма працаваць у Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны. У вольны час выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў. Часта бываў ён і ў публічнай бібліятэцы. Паэт прыходзіў туды амаль кожны дзень. Сябры ўспаміналі, што ён заўсёды пасля працы спяшаўся ў бібліятэку, знаходзіўся там гадзінамі, да самага позняга вечара, — у той час яна працавала да 22 гадзін. Багдановіч шукаў кнігі па тэмах, звязаных з Вялікім Княствам Літоўскім, гісторыяй беларускіх зямель, этнаграфіяй.

Нягледзячы на тое, што Максім Багдановіч быў ужо цяжка хворы, ён вельмі шмат працаваў і не пераставаў пісаць. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры пачаў складаць вершы так званых малых формаў: санеты, актавы, рандо, трыялеты, тэрцыны. Аднак самай яркай старонкай у нашай літаратуры стала яго лірыка пра каханне. Таксама паэт перакладаў на беларускую мову творы Авідзія, Гарацыя, Поля Верлена. Акрамя таго, стаў выдатным літаратурным крытыкам.

Здароўе Максіма Багдановіча ўсё пагаршалася. Таму сябры за свае грошы ў лютым 1917 года адправілі паэта лячыцца ў Ялту, але гэта не дапамагло. Ноччу 25 мая 1917 года ў поўнай адзіноце Багдановіч памёр ад туберкулёзу. На пахаванні не прысутнічаў ніхто з родных, бо Максім не жадаў нікога турбаваць сваімі праблемамі і не пакінуў адраса, дзе жыў у Ялце. Яго адпявалі ў ялцінскай царкве Аляксандра Неўскага, што і сёння стаіць у цэнтры горада. Багдановіч пахаваны на старых ялцінскіх могілках. Пазней на магіле быў усталяваны бюст – паэт трымае раскрытую кнігу.

                             “У краіне светлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю…”

9 снежня 2016 года, да 125-годдзя з дня нараджэння паэта, капсулу з зямлёй з магілы Максіма Багдановіча заклалі ў Храме-помніку Усіх святых у Мінску.

 

Цікавыя факты:

  • На думку бацькі, паэтычны дар Максім атрымаў у спадчыну ад маці.
  • Малы Максім іначай не засынаў, як пад калыханне на руках, а неўзабаве стаў патрабаваць, каб з ім танцавалі, і бедныя бацькі проста выбіваліся з сіл ад гэтай яго ранняй схільнасці да рытму.
  • Любіў спрачацца з роднымі, сябрамі, настаўнікамі. Каб падкрэсліць сваю думку, Максім біў кулаком па стале, а калі не было аргументаў, абодва кулакі прыціскаў да грудзей або да плячэй.
  • Заводзіў раманы па перапісцы, а пасля адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну наяве і хутка ўцякаў.
  • Памяць Максіма Багдановіча мела дзіўную асаблівасць: ён мог імгненна завучваць на памяць і прозу, і паэзію, але яму цяжка давалася вывучэнне замежных моў.
  • Калі ў Расіі выйшаў раман Брэма Стокера “Дракула”, Максім Багдановіч услед за сваім любімым Аляксандрам Блокам не стамляўся захапляцца гэтай кнігай. У Дракуле ён убачыў не пачвару, а трагічнага паэта, што жыве не ў сваім часе, вымушаны хаваць сваю сутнасць і, якога энергетычна жывіць яго родная зямля.
  • Творы Багдановіча былі перакладзены на дваццаць моў свету: англійскую, іспанскую, нямецкую, рускую, польскую, французскую, венгерскую і іншыя.
  • Некаторыя вершы паэта сталі песнямі: “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”, а па матывах жыцця і творчасці Багдановіча кампазітар Юрый Семяняка стварыў оперу “Зорка Венера”.
  • Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродна, Яраслаўлі, імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. Дарэчы, вуліца імя Багдановіча ёсць і ў Слуцку.
  • У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА “Гадавіны выдатных асоб і падзей”.

“Па-над белым пухам вішань”, “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”… Ужо сёння вершы Багдановіча ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Дакраніцеся і вы, паважаныя чытачы, да цудоўнай класічнай паэзіі Максіма Багдановіча. 

  1. “Санет” (“Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”) (1911 г.)
  2. “Раманс” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”) (1912 г.) 
  3. “Слуцкія ткачыхі” (1912 г.) 
  4. “Вераніка” (1913 г.) 
  5. “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы” (1915 г.)

Максім Багдановіч – адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі беларускай літаратуры. Ён быў з тых першаадкрывальнікаў, хто фарміраваў напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку XX стагоддзя і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты