20 лістапада 2018 года – 70 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц (1948-1988)

Не воблака, а проста аблачынка
Загадкава плыве над галавой.
Смяюся я: вясёлая дзяўчынка,
Як матылёк, ляцiць над кладкай той…
Як добра ёй журыцца беспрычынна!
Да твару ёй i лета, i зiма…
ўсмiхнуся я: яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

 Я.Янішчыц

Яўгенія Янішчыц“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” – так назвалі ў нашай літаратуры выдатную паэтку Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна пакінула за сваё нядоўгае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Постаць Яўгеніі Янішчыц – з шэрагаў знакавых асоб Беларусі.

Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Хрысцілі яе ў царкве ў вёсцы Парэчча. Успамінаюць, што ў Жэні была вельмі добрая памяць. У два гады яна ўжо магла расказаць маці, аб чым размаўляюць жанчыны на вуліцах, а ў чатыры была здольная паказаць, хто дзе жыве.

Дзяўчынка расла працавітай, што для палешукоў не рэдкасць, заўсёды дапамагала па гаспадарцы. Аднойчы вечарам дадому не прыйшлі гусі. Маці і маленькая дачка Жэня пайшлі іх шукаць, і ў гэты час у дзіцяці нарадзіўся першы верш. “Мама, я хачу прачытаць табе вершы!”. Гэта фраза тады выклікала ў маці толькі раздражненне. Якія вершы, калі ў сям’і няшчасце – прапалі гусі.

Рудкаўская пачатковая школаУ пяць гадоў Жэня папрасіла, каб яе адвялі ў Рудкаўскую школу. Але дзяўчынку аддалі туды толькі ў 1955 годзе. У чацвёртым класе дзеці разам з класным кіраўніком рыхтавалі свята для мам. І тады Жэня напіша верш да Міжнароднага жаночага дня і прысвеціць яго маці. Настаўнікі перавернуць усе падручнікі, каб знайсці, дзе надрукаваны радкі, бо не павераць у аўтарства дзяўчынкі – вельмі ж дарослыя вершы. Вершы, у якіх зарыфмавана само каханне.

Яўгенія Янішчыц

“Не шукаю гаманлівай славы
І вучуся сціпласці ў кабет…”

Парэцкая сярэдняя школаПотым яна вучылася ў Мерчыцкай васьмігодцы. Там прачытала яшчэ адзін верш пра маму. Гэта былі самыя раннія яе творы. 1 верасня 1963 года Жэня прыйшла ў 9 клас Парэцкай сярэдняй школы. У тым жа годзе яна напісала першы рукапісны зборнік вершаў “Першыя россыпы”. Вельмі скора таленавітая дзяўчынка стала папулярнай не толькі ў школе, але і ў раёне. Яе вершы гучалі на лінейках, святочных канцэртах, з’явіліся на старонках абласных газет пад псеўданімамі  “Ясельдзянка”, “Жэня Заметкіна”.

“Паэзія. Душа. Айчына.
Маланка з громам. Бура. Цiш…”Яўгенія Янішчыц

Жэня расказвала, як у Пінску убачыла дзяўчынку, якая сядзела на лаўцы, і да яе падляцеў голуб, і сеў на плячо. Тут жа нарадзіўся верш “Голуб”. Паэтка нават называе адрэзак часу “нараджэння” – 27 хвілін.

Яе вершы закранулі стрункі ў душы класікаў беларускай літаратуры — Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, якім Янішчыц дасылае свае творы. Будучы яшчэ вучаніцай, маладая паэтка атрымала ліст ад Ніла Гілевіча. Гэта была свайго роду сенсацыя. Усе ў школе прыйшлі, каб убачыць і прачытаць гэты ліст. У далейшым яны не толькі перапісваліся, але і сябравалі.

Яўгенія ЯнішчыцУ 1966 годзе Яўгенія закончыла 11 класаў Парэцкай сярэдняй школы і ў жніўні паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ, пачала займацца там у літаратурным аб’яднанні «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка. З 21 кастрычніка 1969 года Жэня пачала друкаваць свае вершы амаль што ў кожнай газеце «Беларускі ўніверсітэт».

У 1969 годзе Жэня прымала ўдзел ва Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве. У 1970 годзе выйшаў першы зборнік «Снежныя грамніцы».

Маладая паэтка адразу звярнула на сябе ўвагу сваёй пранікнёнай лірыкай, пачала друкавацца. Адзін за адным выходзяць зборнікі вершаў: “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987). За кнігу “Пара любові і жалю” яна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы. А ў 1988 годзе выйшаў зборнік выбраных твораў “У шуме жытняга святла”.

Вяселле Яўгеніі Янішчыц і паэта Сяргея Панізніка назвалі ў літаратурным асяроддзі падзеяй года, а фота маладых надрукавалі ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Праз некаторы час нарадзіўся сын Андрэй. Але брак дзвюх творчых асоб не прайшоў выпрабаванне ці славай, ці хатнім бытам – пра гэта мы дакладна не ведаем.

Янішчыц засталася з сынам, творчасцю і кар’ерай: дэпутат раённага савета Савецкага раёна горада Мінска, член праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў, адна з дэлегатаў ад БССР на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У літаратуры – што ні зборнік, то прэмія. Яе вершы друкуюцца ў Балгарыі. І сама Янішчыц спрабуе пашырыць творчую прастору – піша прозу, выступае ў друку з артыкуламі, рэцэнзіямі. Некаторыя творы паэтэсы (у тым ліку незакончаная паэма “Галалёд”) былі надрукаваны пасмяротна ў часопісе “Полымя” у 1993 годзе ў №5.

Вершы Я.Янішчыц перакладзены на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэтэсы кампазітары Р.Давыдаў, Ю.Семяняка, М.Юрко і іншыя напісалі песні.

Усё часцей Янішчыц апраналася ў чорнае , усё часцей яе бачылі ў стане, блізкім да дэпрэсіі, усё часцей яна прасіла прабачэнне ў сяброў, даравала сама і развітвалася з роднымі.

20 лістапада 1988 года ў Саюзе пісьменнікаў адзначылі яе саракагоддзе – былі падарункі, кветкі, добрыя словы, але шчасце ў жыцці Янішчыц гэта не адрадзіла. Праз некалькі дзён пасля свята, 25 лістапада, яна ступіла ў вечнасць з восьмага паверха.

Яшчэ ў 1990 годзе, пасля трагічнай смерці паэткі, выйшла пастанова Савета Міністраў аб увекавечанні памяці Яўгеніі Янішчыц. І адным з пунктаў пастановы значылася выданне Збору твораў. Гэта, відаць, першая і адзіная паэтэса ў Беларусі, у дачыненні да каго была прынята такая пастанова. Дарэчы, у канцы 1980-1990 гадоў у многіх артыкулах яе называлі амаль народнай паэткай. Ёсць меркаванне, што калі б яна яшчэ некалькі гадоў папрацавала, то стала б першай жанчынай у нашай літаратуры з такім званнем.

Паэтка, якая доўгія гады нават пасля смерці застаецца ў ліку самых таленавітых жанчын у беларускай літаратуры. Яе любяць, помняць, яе вершы чытаюць і перачытваюць, вывучаюць. Трагічная і разам з тым надзвычай светлая постаць Яўгеніі Янішчыц назаўсёды будзе зіхацець яркай зоркай на небасхіле беларускай паэзіі, жыць у сваіх кнігах і ў памяці сучаснікаў.

У 2008 годзе, калі Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 60 гадоў з дня нараджэння і 20 гадоў з дня яе смерці рэжысёр Андрэй Леўчык зняў фільм “На голас Музы”. Аўтар сцэнарыя – пісьменніца Раіса Баравікова, якая блізка ведала Яўгенію. “Жэня была вялікім жыццялюбам і душою нашай кампаніі, хоць у апошнія гады жыла даволі самотным жыццём жанчыны, гадавала сына. Яна жыла толькі паэзіяй”.

Пісьменніца Алена Васілевіч так успамінае пра Янішчыц: “Калі б я была мастаком, я адмовілася б надаваць партрэту Жэні Янішчыц падкрэслена ўяўную значнасць асобы. Адмовілася б і ад традыцыйных атрыбутаў, якімі здаўна – не толькі вялікіх – вянчаюць абраннікаў паэтычнага Алімпа. Муза з Лірай у вешчых пярстах. За спіной – крылы, што ўзносяць у паднебныя вышыні натхнення…

Яна пайшла з жыцця, пакінуўшы шчырыя, шчодрыя на краскі жыцця і любові, багатыя рознымі адценнямі вершы. Пайшла зусім маладой. І паспела за адведзены ёй час прывязаць да ўласных адкрыццяў чытача. Паэтэса была і застаецца найвялікшай зоркай беларускай нацыянальнай паэзіі.

Цікавыя факты:

  • У 1964 годзе, калі Жэні было 16 гадоў, яна стала пераможцай літаратурнага радыёконкурсу часопіса “Бярозка” і была ўзнагароджана пуцёўкаю на возера Нарач.
  • Першую кніжку Яўгенія Янішчыц хацела назваць “Непрыручаная птушка”, але была напісана пародыя на аднайменны верш і і назву кнігі яна змяніла на “Снежныя грамніцы”.
  • Паэтка хацела мець для першай кнігі чырвоную вокладку, але ў чырвонай выйшла першая кніга Ніны Мацяш. Для сваёй кнігі Янішчыц выбрала колер неба – блакітны.
  • Яўгенія Янішчыц не адзін раз сутыкалася са смерцю. Яшчэ малой дзяўчынкай, ледзьве не ўтапілася ў Ясельдзе. Падлеткі яе выцягнулі, адкачалі. У 1964 годзе ў час купання на возеры Нарач пачала раптоўна тануць. На дапамогу паспеў Анатоль Грачанікаў. У 1976 годзе трапіла ў дарожную аварыю.
  • Яшчэ пры жыцці паэтка была і заўважанай і ацэненай. Творчасць Янішчыц высока цанілася кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў і Беларусі, і СССР, многімі мастакамі слова. Дарэчы, Максім Танк, сакратар Саюза пісьменнікаў СССР (1966-1986) і старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1967-1990) у дакладах часта называў імя Я.Янішчыц у пераліку з пісьменнікамі – мужчынамі, майстрамі слова.
  • Рашэннем Пінскага райвыканкама базавай школе ў вёсцы Парэчча прысвоена імя беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц. У гонар Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча адкрылі Літаратурны музей. Яе імя носіць цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца ў Пінску.

Настойліва рэкамендуем азнаёміцца з творчасцю гэтай выдатнай паэткі. Прачытаўшы яе вершы, вы назаўсёды забудзеце тэзіс, што беларуская літаратура – гэта мужчынская літаратура.

  1. «Ты пакліч мяне. Пазаві…» 
  2. «Мама падрэзала косы» 
  3. «Гавары са мной па-беларуску» 
  4. «…І самы позні час…» 
  5. «Салдаткі»

Жэня Янішчыц… Яе натхнёная і трагічная постаць, высокамастацкая спадчына вабяць усіх, хто адчувае магію слова і ўзлёты чалавечага духу.

Творца незвычайнай лірычнай пранікнёнасці і красы паяднала ў сабе багаты паэтычны дар, шчаслівы творчы лёс і, на вялікі жаль, глыбокую асабістую драму, што прывяла да трагічнага зыходу.

Смерці ў паэта няма —
Ёсць Нараджэнне!

Сказанае пра Максіма Багдановіча ў поўнай меры адносіцца і да самой Янішчыц. Жыве трапяткая і цудадзейна-мілагучная паэзія Яўгеніі Янішчыц, абуджаючы ў душы пачуцці любові і жалю…

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты