7 ліпеня 2022 года – 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (1882 – 1942)
«Лірык па складу свайго цудоўнага таленту,
пясняр Беларусі, які выявіў сэрца яе з незвычайнай сілай,
ён усёй сваёй паэтычнай існасцю
як бы сімвалізаваў творчую моц народа».
Аляксандр Твардоўскі
Янка Купала – гэта адзін з духоўных сімвалаў Беларусі, паэт нумар адзін для беларусаў. Айчынная літаратура ў сваім станаўленні вельмі многім яму абавязана. Як і ўсе класікі, Янка Купала з’яўляецца вечна актуальным. Ён заўсёды будзе ўваходзіць у шэраг знакамітых людзей Беларусі. Менавіта яго верш «Хлопчык і лётчык» натхніў Юрыя Гагарына на пакарэнне космаса.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся ў той самы дзень, у які нарадзіўся Ян Хрысціцель.
7 ліпеня 1882 года Бог прыслаў нам вялікага нацыянальнага паэта. Месца нараджэння – вёска Вязынка, цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці. Бацькі будучага класіка паходзілі з дробнай шляхты. У сям’і Луцэвічаў было васьмёра дзяцей: тры браты і пяць сясцёр.
Хлопчык рана навучыўся чытаць, заўсёды імкнуўся да ведаў, увесь час займаўся самаадукацыяй. З 1888 па 1890 гады вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, займаўся ў Сенніцкім народным вучылішчы, у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску. У 1898 годзе, калі яму было 16 гадоў, скончыў Беларуцкае народнае вучылішча. Шмат чытаў. Асабліва цікавілі творы Някрасава, Кальцова, Лермантава, Шаўчэнкі, Міцкевіча, Сыракомлі, Ажэшкі.
У свае 20 гадоў Янка Купала пахаваў бацьку, брата і дзвюх сясцёр. Маці ад такога гора ледзь хадзіла. Пакінуў яе на меншых сясцёр і пайшоў шукаць працы, шмат месцаў памяняў. Паехаў у Вільню, Піцер, Арол, Маскву, Мінск, Полацк, Смаленск.
Першыя вершы пачаў друкаваць на польскай мове ў часопісе «Зерно» у 1903 годзе пад псеўданімам К – а. 15 ліпеня 1904 года выйшаў першы верш на беларускай мове «Мая доля», а з публікацыі ў газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык» (1905 г.) пачалося ўзыходжанне паэта да славы. З гэтага часу пачаў ужываць псеўданім Янка Купала.
У Вільні ў 1907 годзе былі заснаваны дзве легальныя газеты на беларускай мове – «Наша доля» і «Наша ніва». У гэтым жа годзе ў «Нашай ніве» быў змешчаны верш «Касцу». Затым створаны паэмы «Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата кахання», драматычная паэма «Адвечная песня».
У пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Янкі Купалы – «Жалейка», дзе былі надрукаваны вершы 1905 – 1907 гадоў і паэма «Адплата кахання». У зборніку ўпершыню быў апублікаваны верш «А хто там ідзе?», які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. Рэдактарам зборніка быў выдатны дзеяч беларускай культуры, педагог, выдавец Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла – чалавек, які адыграў вельмі вялікую ролю ў жыцці паэта.
У 1908 – 1909 гадах Янка Купала жыў у Вільні, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва» і адначасова бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы. Як бачыце, бібліятэкар – прафесія мужчынская. У гэты час ім напісаны паэмы «У Піліпаўку» і «За што?». У канцы 1908 года адбылося асабістае знаёмства Янкі Купалы і Браніслава Эпімах-Шыпілы. У гэтым жа годзе паэт знаёміцца з пачынаючай артысткай Паўлінай Мядзёлкай. Наступная іх сустрэча адбылася недзе праз чатыры гады. Дзякуючы музе паэта з’явіліся паэмы «Бандароўна», «Яна і я», вершы «Алеся», «Ён і яна», «А яна…», «Снілася дзяўчыне…», «Быў гэта сон…». Менавіта з Паўліны спісана галоўная гераіня камедыі «Паўлінка». Камедыя была створана ў 1912 годзе і з’яўляецца сапраўднай жамчужынай драматургіі Беларусі.
У 1909 – 1913 гадах Янка Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах Аляксандра Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, дзе вывучаў тэорыю і гісторыю літаратуры. Ён пазнаёміўся з прадстаўнікамі перадавой рускай інтэлігенцыі, рэвалюцыйна настроенай моладдзю, удзельнічаў у пасяджэннях Беларускага навукова-літаратурнага гуртка – культурна-асветнай арганізацыі студэнтаў-беларусаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.
У 1910 годзе з творчасцю Янкі Купалы пазнаёміўся Максім Горкі, які выказаў вялікую цікавасць да яе і шчырае захапленне. Летам 1912 года адбылася сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дагэтуль яны асабіста знаёмыя не былі, хоць добра ведалі адзін аднаго па літаратурных творах. Знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.
У 1910 – 1913 гадах былі створаны паэмы «На Куццю», «На Дзяды», аўтабіяграфічная драма «Раскіданае гняздо», рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове «Курган», «Магіла льва», драматычныя паэмы «Сон на кургане», «На папасе».
Паэма «Адвечная песня» і драма «Сон на кургане» уваходзяць у «залаты фонд» беларускай драматургіі.
Восенню 1910 года выйшаў з друку другі зборнік паэта – «Гусляр», а ў 1913 – трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця».
З 1913 па 1915 гады Купала вяртаецца зноў у Вільню, дзе працуе ў Беларускім выдавецкім таварыстве, у газеце «Наша ніва» – галоўным рэдактарам гэтага выдання. З удзелам Купалы арганізоўваліся літаратурныя вечары, сустрэчы з пісьменнікамі. У 1914 годзе адбылася яго сустрэча з Валерыем Брусавым. Брусаў – першы паэт, які перавёў вершы Купалы на рускую мову. У гэты ж перыяд з’яўляюцца шэдэўры любоўнай лірыкі Купалы, цыкл антываенных вершаў «Песні вайны», як водгук на пачатак баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны.
У сувязі з набліжэннем нямецкіх войск у 1915 годзе перастала выходзіць «Наша ніва», і Купала пакідае Вільню. З гэтага часу паэт знаходзіўся ў Маскве, займаўся ў народным універсітэце імя Альфонса Шаняўскага на гісторыка-філасофскім факультэце, на два гады раней там вучыўся Сяргей Ясенін.
Вядомыя са школы радкі «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея», напісаныя ў 1914 годзе, былі прысвечаны яшчэ адной музе літаратара, Уладзіславе Станкевіч, з якой Янка Купала абвянчаўся ў 1916 годзе ў Петрапаўлаўскім касцёле Масквы. У хуткім часе быў прызваны ў армію. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Увесь 1918 год паэт пражыў у Смаленску. Працаваў там агентам аддзела забеспячэння харчовага камітэта Заходняй вобласці, ездзіў па Смаленскай, Арлоўскай, Курскай губерніях. Восенню 1918 года быў залічаны слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Абставіны жыцця, ваенныя падзеі не спрыялі творчасці. З сярэдзіны 1915 года на працягу больш як трох гадоў Купала як паэт нічога не пісаў.
У канцы 1918 года пасля доўгага творчага маўчання Янка Купала напісаў вершы «Для Бацькаўшчыны», «У дарозе», «Песня», «Свайму народу», «На сход!».
З 1919 года паэт пастаянна жыў у Мінску. Працаваў бібліятэкарам ва ўстанове Народнага камісарыята асветы. У Мінску знаходзіўся і падчас польскай акупацыі (1919 – 1920 гг.). З прыходам Чырвонай арміі працаваў рэдактарам розных беларускіх выданняў, намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы, у рэдакцыі часопіса «Вольны сцяг».
У гэты перыяд шмат выступаў як публіцыст. Плённа працаваў як перакладчык. Паэт пераклаў на беларускую мову 92 творы 36 аўтараў, у тым ліку творы І.Крылова, А.Кальцова, М.Някрасава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, тэксты ў п’есах «Сялянка» і «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Слова аб палку Ігаравым», пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», паэму «Медны коннік» А.Пушкіна.
У 1922 годзе быў выдадзены зборнік «Спадчына», у які ўвайшлі вершы, напісаныя ў 1918 годзе. Назву гэтаму выданню даў аднаіменны праграмны філасофска-патрыятычны верш. Яго ведаюць усе дзеці, таму што ў школе верш задаюць вучыць на памяць.
У гэтым жа самым годзе з’яўляецца знакавая п’еса «Тутэйшыя». У 2022 годзе спаўняецца 100 гадоў з яе выхаду. У 1926 годзе пасля адзінага паказу на сцэне спектакль «Тутэйшыя» забаранілі.
У 1925 годзе Янку Купалу – першаму з беларускіх пісьменнікаў было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Выходзіць яго зборнік «Безназоўнае», складзены пераважна з вершаў 1919 – 1924 гадоў. Затым у 1930 годзе выдадзены зборнік вершаў Купалы «Адцвітанне», у які галоўным чынам увайшлі творы, напісаныя да 1915 года і ў 1918 – 1919 гадах.
Янка Купала быў адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, і тым не менш Аддзел Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) сачыў за ім. Паэта не раз абвінавачвалі ў неблаганадзейнасці. Нібыта ён кіраваў падпольным Саюзам вызвалення Беларусі, чым «запляміў» сваю рэпутацыю. Яго выклікалі на размовы ў АДПУ, яго новы зборнік, аддрукаваны ў 1928 годзе, так і не з’явіўся ў продажы, у старонкі з Купалавымі вершамі загортвалі рыбу ў мінскіх крамах. Праследаванне рэпрэсіўнымі органамі, цяжкі псіхалагічны стан прывялі да таго, што ў лістападзе 1930 года Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Адбылося гэта дома, жонка нарабіла крыку, а першую дапамогу Купалу аказаў сусед – доктар. Паэта выратавалі і пакінулі ў спакоі.
У той час літаратурная актыўнасць Купалы рэзка зменшылася. Ажывілася яна толькі ў сярэдзіне 1930-х гадоў. У 1936 годзе выдадзены зборнік вершаў і паэм «Песня будаўніцтву», у 1937 годзе – зборнік «Беларусі ардэнаноснай».
Новая пагроза арышту ўзнікла ў 1937 годзе, але праз год гучная і амаль завершаная «Справа пісьменнікаў» была нечакана закрыта, а ў студзені 1939 года Янка Купала і Якуб Колас былі ўзнагароджаны першымі ордэнамі Леніна.
У 1941 годзе за зборнік «Ад сэрца» Купалу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР I ступені.
У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у пасёлку Пяцішчы каля Казані. У Татарстане Купала апынуўся, калі фашысты акупіравалі Беларусь. У вершах і публіцыстычных выступленнях заклікаў да барацьбы з нямецкімі акупантамі. Класікам быў напісаны верш «Беларускім партызанам». Першыя яго радкі «Партызаны, партызаны, беларускія сыны!» – служылі пазыўным радыёстанцыі «Савецкая Беларусь».
У чэрвені 1942 года паэт прыехаў у Маскву, дзе меркаваў прыняць удзел у кангрэсе антыфашысцкага Усеславянскага камітэта. Сам ён планаваў яшчэ наведаць выдавецтвы і падлячыцца. Таксама збіраўся на ўрачыстасць з нагоды свайго 60-годдзя. Але 28 чэрвеня ён трагічна загінуў: упаў у лесвічны пралёт з дзясятага паверха ў гасцініцы «Масква». Нягледзячы на маштаб асобы, мы дагэтуль не ведаем, як гэта здарылася.
Цела Купалы было крэміравана 1 ліпеня 1942 года і пахавана на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. І толькі праз дваццаць гадоў, у 1962 годзе, урна з прахам паэта была перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з магілай яго маці.
Дзейнасць Янкі Купалы, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.
Творы песняра неаднаразова перавыдаваліся асобнымі выданнямі. Не раз выходзілі зборы твораў. Многія вершы і паэмы ўключаны ў школьныя праграмы.
У 1959 – 1965 гадах прысуджалася Літаратурная прэмія імя Купалы, а з 1965 года – Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Купалы.
У краіне працуюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску і чатыры яго філіялы. Імем паэта названы ўніверсітэты, вуліцы, плошчы, станцыі метро і бібліятэкі.
Асоба Янкі Купалы знайшла значнае ўвасабленне ў мастацтве. Яму прысвечаны скульптурныя і жывапісныя работы, музычныя і кінематаграфічныя творы, вершы.
Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш «А хто там ідзе?» перакладзены на 82 мовы народаў свету, у тым ліку – англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.
Пра міжнароднае ўшанаванне памяці паэта сведчаць купалаўскія мемарыяльныя знакі за межамі Беларусі: у ЗША, Таджыкістане, Украіне, Узбекістане, Грузіі, Латвіі, Расіі, Польшчы.
У 1996 годзе створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы.
100-гадовы юбілей беларускага класіка паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.
У 2021 годзе адбыліся Купалаўскія чытанні ў ізраільскім горадзе Ашдод.
Купала належыць да тых выдатных асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з’яўляюцца класічнымі для нацыянальнай і сусветнай культуры. Што пачытаць у першую чаргу з творчасці Янкі Купалы? Калі, вы да гэтага часу не чыталі п’есу «Тутэйшыя», то кідайце ўсе справы і бярыцеся да яе чытання. Што тычыцца вершаў, звярніце ўвагу на дарэвалюцыйную творчасць паэта. Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасць, высакароднасць, гуманізм, любоў да свайго народа і Айчыны заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. Беларускі пясняр стаіць у шэрагу тых вялікіх мастакоў свету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыі.
- Предыдущий Громкое чтение «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў»
- Следующий Інтэрактыўная сустрэча «Вянок Песняра»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты