6 мая 2024 года – 120 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса (1904-1929)
«Паўлюк Трус быў выдатным талентам, ён рос бурна і моцна,
ён ужо дайшоў да сваёй спеласці, ужо быў на грані свайго вялікага росквіту,
ён ужо раскрываўся ва ўсёй сваёй шырыні».
Кузьма Чорны
Паўлюк Трус – адзін з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Нарадзіўся Паўлюк Трус 6 мая 1904 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і.
Вёска Нізок знаходзіцца к захаду ад райцэнтра. Зараз яна прадстаўляе сабой унікальнае паселішча, таму што ў забудове захавала структуру, калісьці характэрную для «валочных» вёсак: жылыя і гаспадарчыя пабудовы размешчаныя на процілеглых баках вуліцы. Тут захавалася хатка, у якой нарадзіўся Паўлюк Трус. Дарэчы, родам з гэтай вёскі і народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва, і пісьменніца, літаратуразнаўца Лідзія Арабей.
Сям’я была вельмі беднай, мела ўсяго дзве дзесяціны зямлі. Бацька Адам Трус пасля падзелу дзедавай зямлі паміж сынамі, а потым і паміж унукамі, атрымаў толькі шостую частку звычайнага надзелу, гэтыя самыя дзве дзесяціны. Таму вясковае прозвішча Трусоў было Шастаковы. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, Паўлюк быў самы старэйшы. З дзевяці гадоў хлопчык хадзіў пастухом і дапамагаў бацьку. «У дзесяць гадоў, – гаварыў Паўлюк свайму сябру Міколу Хведаровічу, – я ўжо хадзіў за бараною. Бацька сеяў, а я па свежых слядах баранаваў і не толькі баранаваў, а нават пад’язджаў на баране, за што ад бацькі часта пападала па вушах. У дванаццаць гадоў я браў першыя ўрокі на аратага, праца куды менш цікавая, бо патрабавала пільнасці і вялікай увагі. У пятнаццаць гадоў я моцна трымаў касу ў руках і, як спрактыкаваны мастак, добра вымалёўваў шырокія пракосы на нашых прынёманскіх лугах, крыху пазней вазіў з бацькам узімку лес да Вусы на сплаў».
У вясковай школе Паўлюк вельмі старанна вучыўся. У сямігодку ва Узду хадзіў кожны дзень пешшу – дзесяць кіламетраў туды, дзесяць назад. Гэта, калі было цёпла. А зімой жыў у мясцовым інтэрнаце. Там юнак пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам.
Восенню 1918 года заняткі ў сямігодцы на некаторы час прыйшлося адкласці. Пачалася грамадзянская вайна, летам 1920 года не хапала абозаў для патрэб арміі. Замест хворага бацькі забралі ў абоз Паўлюка, з Чырвонай арміяй ён даехаў амаль да Варшавы, у дарозе хварэў. Затым вярнуўся дадому, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.
Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Гэтую вучэбную ўстанову параўноўвалі з Царскасельскім ліцэем. Лекцыі там чыталі Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік. Тут вучыліся Пятро Глебка, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны і Сымон Хурсік.
Паўлюка Труса называлі беларускім Ясеніным – ён быў такі ж лірычны, верыў у рэвалюцыю, меў сялянскае паходжанне, і нават знешне быў падобны на рускага паэта.
Першы надрукаваны верш 20-гадовага паэта «Над возерам». Твор вельмі дасканалы для гэтага ўзросту, уражвае маладой свежасцю, шчырасцю і чысцінёй.
Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сочную гладзь,
у постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасці сняць.
На творчасць Труса паўплывалі яго любімыя аўтары: Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Пушкін, Максім Горкі.
Сярод сваіх аднакашнікаў вылучаўся, быў зоркай першай велічыні. Добра спяваў, меў бездакорны музычны слых, арганізоўваў пастаноўкі п’ес, удзельнічаў у спектаклях, маляваў дэкарацыі, разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным пад агульным псеўданімам «Калектыў шаўцоў» выпускаў вусную газету «Чырвоны прамень». Актыўна друкаваўся ў газетах і займаўся апрацоўкай беларускага фальклора для кампазітараў Нестара Сакалоўскага, Уладзіміра Тэраўскага.
Быў актыўным членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» у 1925 годзе, слухаў лекцыі ў паэтычнай студыі, наведваў школы і рабочыя гурткі, удзельнічаў у літаратурных дыскусіях.
Пры жыцці паэта выйшлі два зборнікі: «Вершы» у 1925 годзе і другі – «Ветры буйныя» – у 1927-м. У планах быў трэці зборнік пад назвай «Чырвоныя ружы» і першая паэма «Сірата Алеся». Пасля яго смерці выйшлі «Творы» (1935 г.), кнігі «Выбраныя творы» (1931 – 1979 гг.), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984 г.). Для дзяцей была выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983 г.).
Паўлюк упарта і з вялікай адказнасцю працаваў над сваімі творамі. Раіўся з таварышамі, прыслухоўваўся да крытыкі, любіў чытаць уголас.
Заснуць у ветразі даліны,
Пад месяц журацца кусты…
Маўчаць асмуглыя рабіны,
А за акном лісты… лісты…
З усмешкай радаснай і кволай
Завяла сінь на верасах,
Дзе вербы хіляцца да долу,
Да долу гнуцца ў паплавах…
Бадай, што ніхто ў беларускай паэзіі 20-х гадоў мінулага стагоддзя не прысвяціў столькі прачулых лірычных вершаў сваім родным, як Паўлюк Трус. Пасланні маці, бацьку, сястры і брату, успаміны пра сустрэчы і развітанні з блізкімі – «Ліст да сястры», «Брату», «Не засьпі, пабудзі мяне рана…».
Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1927 годзе Трус з’ехаў на працу ў Гомель. Уладкаваўся на пасаду сакратара ў рэдакцыю газеты «Новая деревня». Праз некалькі месяцаў газета перастала існаваць і Паўлюк перайшоў у гомельскую раённую газету «Палеская праўда». На новым месцы работы ён арганізоўваў літаратурныя вечары ў розных гарадах і вёсках Гомельшчыны, чытаў лекцыі пра маладую беларускую літаратуру. «Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры».
У 1928 годзе паэт пераехаў з Гомеля ў Мінск і паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. На семінарах па беларускай літаратуры вывучае сярод іншых і свае ўласныя вершы, бо яны ўжо ўваходзяць у праграму ўніверсітэта. Такі выпадак ці не адзіны ў літаратуры, каб паэт аналізаваў свае асабістыя вершы падчас вучобы.
Апошняя яго паэма «Дзясяты падмурак» была надрукавана ў часопісе «Маладняк». Трус спрабаваў даць у ёй шырокую панараму змен у краіне, але задаволены паэмай не быў.
Улетку 1929 года, на канікулах, Паўлюк Трус адправіўся ў фальклорную экспедыцыю па Магілёўшчыне – збіраць народныя песні. Вяртаўся ў Мінск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дадому, зразумеў, што захварэў, але ўсё роўна паехаў у Ждановічы, каб праведаць сваіх сяброў Пятра Глебку і Міколу Хведаровіча. Уначы яму стала зусім дрэнна, і пры тэмпературы пад сорак Паўлюк пешшу дайшоў да бальніцы ў Мінску. Месцаў у палатах не было – яго паклалі ў калідоры. Тут ён і памёр – выратаваць паэта ўрачы не змаглі – у экспедыцыі ён захварэў на брушны тыф. 30 жніўня 1929 года паэта не стала. Яму было ўсяго 25 гадоў.
Хавалі Паўлюка Труса ў закрытай труне на Вайсковых могілках. У ганаровай варце стаялі народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. З Дома пісьменніка на Савецкай да самага павароту да могілак труну неслі на руках. І толькі звярнуўшы з цэнтральнай вуліцы, паставілі труну на катафалк, прыгожы, убраны кветкамі і вянкамі, запрэжаны белымі коньмі. Правесці паэта ў апошні шлях выйшаў, без перабольшанняў, увесь Мінск – Паўлюка любілі і простыя чытачы, і інтэлігенцыя, і працаўнікі фабрык, і настаўнікі школ.
Зараз яго імя носіць вуліца ў Мінску і Уздзенская раённая бібліятэка.
У многіх паэтаў было па некалькі вершаў, па якіх сёння тых самых паэтаў можа згадаць як мінімум кожны, хто вывучаў беларускую літаратуру ў школе. Янка Купала – гэта «А хто там ідзе?», Максім Багдановіч – «Зорка Венера» ці «Слуцкія ткачыхі», Якуб Колас – «Новая зямля». У Паўлюка Труса такога верша-візіткі няма, і цяжка сказаць, які твор можна было б вылучыць у гэтай якасці. Прачытайце некаторыя з іх, магчыма вы такі верш знойдзеце. Адам Бабарэка адзначаў: «Паўлюк Трус – гэта крыніца з беларускіх нетраў, гэта буйны вецер ад маладога жыцця». Ён стаў адзіным у сваім родзе «паэтам крыштальнай чысціні» і незвычайнага прыроднага таленту.
- Предыдущий Викторина «Путешествие к жителям цветочного города»
- Следующий Военно-литературный дневник воспоминаний «Мы письма, как летопись боя, как хронику чувств перечтем»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты