5 сакавіка 2026 года 130 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы (1896–1991)

«Кандрат Крапіва заўсёды ва ўсёй сваёй творчасці вылучаўся і вылучаецца выключнай шчырасцю, праўдзівасцю, высшай патрабавальнасцю».

                                                                                       Пятрусь Броўка

Кандрат Крапіва (сапраўднае імя — Кандрат Кандратавіч Атраховіч) — гэта не проста класік беларускай літаратуры, гэта сапраўдны феномен нацыянальнай культуры, чыё творчае даўгалецце і інтэлектуальная моц сталі фундаментам для развіцця беларускай мовы і драматургіі ў ХХ стагоддзі. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і БССР.

Нарадзіўся будучы майстар сатыры 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок, што на Уздзеншчыне, з якой, апрача яго, выйшлі яшчэ паэт Паўлюк Трус і пісьменніца Лідзія Арабей. Яго паходжанне — звычайная сялянская сям’я, дзе праца на зямлі была асновай існавання. Менавіта там, сярод жывой народнай гаворкі, трапных прымавак і сялянскага гумару, фармаваўся той моўны базіс, які пазней зробіць Крапіву непераўзыдзеным стылістам. З васьмі старэйшых братоў і сясцёр Кандрата Атраховіча сямёра памерлі ў дзяцінстве. Выжыла, акрамя яго, толькі адна сястра.

Адукацыя Кандрата пачыналася ў царкоўнапрыхадскай школе,  працягвалася ў народным вучылішчы ва Уздзе, а пасля — у гарадскіх вучылішчах у Стоўбцах і Койданаве (цяпер Дзяржынск). Пазней ён экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і на працягу года працаваў у Мнішанах на Валожыншчыне.

Гэта быў час пошуку сябе і першага жыццёвага станаўлення, які перапыніла Першая сусветная вайна. Мабілізацыя ў 1915 годзе, вучоба ў школе прапаршчыкаў і служба на Румынскім фронце далі яму каласальны жыццёвы вопыт і дапамаглі глыбей адчуць трагедыю чалавечага існавання ў віхуры гісторыі.

 У аўтабіяграфіі пра баі на Румынскім фронце ён лаканічна напісаў: «Там я ўпершыню атрымаў баявое хрышчэнне, не раз бываў у сур’ёзных пераплётах, зусім не ведаючы, што гэта толькі кветачкі і што наперадзе яшчэ не адна вайна і не адзін пераплёт».

На пачатку Першай сусветнай вайны Кандрат Атраховіч быў залічаны ў школу прапаршчыкаў, якую паспяхова скончыў. На кароткі час яго пакінулі пры школе выкладчыкам для падрыхтоўкі наступных навабранцаў.

Неўзабаве Атраховіча накіравалі на аўстра-венгерскі ўчастак фронту, у армію легендарнага генерала Аляксея Брусілава. І там ён праявіў сябе як бліскучы франтавы пяхотны афіцэр: стаў георгіеўскім кавалерам і за некалькі гадоў даслужыўся да найвышэйшага сярод беларускіх пісьменнікаў звання — штабс-капітана.

У 1919 годзе Кандрат ажаніўся з Аленай Махнач – яе сям’я пераехала ў  Нізок з вёскі Замосце Уздзенскага раёна. Кандрат і Алена пражылі разам больш за 40 гадоў. Крапіва перажыў жонку на 27 гадоў. Трое з чатырох яго дзяцей памерлі ці загінулі пры яго жыцці.

Пасля дэмабілізацыі і вяртання на радзіму Крапіва пачаў працаваць настаўнікам, але літаратура не давала спакою. Яго дэбют адбыўся ў 1922 годзе. Першыя творы былі на рускай мове — фельетон «Жили-были». Ён быў апублікаваны ў газеце «Красноармейская правда». Але вельмі хутка Кандрат Крапіва зразумеў, што сапраўдная сіла яго слова — у беларускай мове. Так з’явіўся сатырычны верш «Сваты» ў газеце «Савецкая Беларусь».

У 1925 годзе аўтар пераехаў у Мінск, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Уваходжанне ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а пазней ва «Узвышша», зрабіла яго часткай інтэлектуальнай эліты рэспублікі. Кароткае пяцігадовае знаходжанне ва «Узвышшы» стала для Крапівы самым шчаслівым і плённым перыядам у яго пісьменніцкім жыцці. Узвышанскія апавяданні Крапівы бліскучыя, але амаль невядомыя шырокаму чытачу. Многія з іх, «Кляса», «Падарожнае», «Вось тут і пішы», так і не выйшлі за рамкі часопіснай публікацыі, а многія пасля былі пераробленыя да непазнавальнасці, такія, як «Хвост», «Ідэі». Але нават тыя, што ў больш ці менш першапачатковым выглядзе ўвайшлі ў яго збор твораў, даюць уяўленне пра іх арыгінальнасць і літаратурны ўзровень. Гэта «Людзі-суседзі», «Мой сусед», «Певень».

Менавіта ва «Узвышшы» Кандрат Крапіва засяродзіцца ў паэзіі на байцы, а ў прозе – на сатырычным апавяданні. Псеўданім «Крапіва» быў абраны не выпадкова: яго вершы, байкі і фельетоны павінны былі «пячы» заганы грамадства, бюракратызм, ляноту і глупства. Сам пісьменнік тлумачыў яго так: крапіва – расліна простая, але вострая. Яна не ўпрыгожвае сад, затое добра абараняе. Байка стала яго галоўнай зброяй. «Дыпламаваны баран», «Мандат», «Сава, Асёл ды Сонца» — гэтыя творы сталі класікай пры жыцці аўтара, спалучаючы ў сабе эзопаву мову з вострай сацыяльнай крытыкай. У сярэдзіне 1920-х гадоў выходзяць першыя зборнікі паэта «Асцё» і «Крапіва».

          «Не зайздрошчу я Чароту

          І Купале не раўня,

          А жыву сабе пад плотам

          Ціха дзень тут ада дня».

З 1932 па 1936 гады Кандрат Крапіва працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі».

У гэтыя гады недапісаны раман «Мядзведзічы» стаў апошнім значным празаічным творам Крапівы. «Мядзведзічы» — раман-хроніка, у якім, нягледзячы на досыць сціплы аб’ём, аўтару ўдалося змясціць пятнаццаць гадоў жыцця вёскі Мядзведзічы і спыніцца, не завяршыўшы твор, перад самай калектывізацыяй. Многія лічылі гэты раман, разам з «Вязьмом» Міхася Зарэцкага і «Лявонам Бушмаром» Кузьмы Чорнага, перадгісторыяй «Палескай хронікі» Івана Мележа.

У верасні 1939 года пісьменнік удзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

У 1939–1940 гадах прымаў удзел у савецка-фінскай вайне.

Калі ў паэзіі Крапіва быў майстрам лаканічнага стрэлу, то ў драматургіі ён стаў сапраўдным архітэктарам сэнсаў. Яго першым драматычным творам становіцца псіхалагічная п’еса «Канец дружбы» (1933 год). Наступная п’еса «Хто смяецца апошнім» (1939 год) — гэта вяршыня беларускай сатырычнай камедыі. Вобразы Гарлахвацкага, лжэнавукоўца і кар’ерыста, і Тулягі, запалоханага, але сумленнага інтэлігента, застаюцца актуальнымі і сёння. Праз смех Крапіва паказаў жудасную атмасферу даносаў і невуцтва, якая панавала ў навуковым асяроддзі таго часу. Аднойчы пасля пастаноўкі камедыі адзін высокі чын абурана сказаў: «Тут з мяне смяюцца!». На што Крапіва спакойна адказаў: «Калі пазналі сябе – значыць п’еса ўдалася».

У гады Вялікай Айчыннай вайны Крапіва працаваў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Яго сатыра набыла моц зброі: ён выкрываў ворага, падымаў дух салдат, выкарыстоўваючы зразумелую кожнаму народную іронію.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны быў прызначаны адказным сакратаром сатырычнага часопіса «Вожык», дзе працаваў з 1945 па 1947 гады.

Пасляваенная драматургія Крапівы, як «Брама неўміручасці» (1974 год), якую ён пісаў амаль шэсць гадоў, закранала філасофскія пытанні: этыку навукі, маральныя межы чалавечага жыцця і адказнасць перад будучыняй. Свой апошні твор, меладраму «На вастрыні», аўтар напісаў у 86 гадоў.

Нельга разглядаць Кандрата Крапіву толькі як пісьменніка. Ён быў  выдатным лінгвістам, акадэмікам, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Пад яго рэдакцыяй выйшлі фундаментальныя руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі, якія дагэтуль з’яўляюцца эталонам для перакладчыкаў і філолагаў.

Ён змагаўся за чысціню беларускай мовы, супрацьстаяў яе штучнаму засмечанню і спрашчэнню. Яго лінгвістычная праца была ціхім, але вельмі важным подзвігам па захаванні нацыянальнага коду.

Кандрат Крапіва пражыў амаль стагоддзе, памёр у 1991 годзе, застаўшы і царызм, і нараджэнне СССР, і яго распад. Ён быў чалавекам вельмі стрыманым, нават суровым вонкава, але з неверагодным унутраным агнём і пачуццём справядлівасці.

Чаму яго творы жывуць? Таму што Крапіва не проста высмейваў канкрэтных людзей, ён апісваў тыпажы. Пакуль існуюць падхалімы, ілжэнавукоўцы, самаўпэўненыя невукі і бюракраты — слова Крапівы будзе заставацца актуальным і вострым.

Яго творы вывучаюць у школах і ва ўніверсітэтах, ставяць у тэатрах, чытаюць у бібліятэках.


Цікавыя факты:


  • Кандрата назвалі у гонар бацькі: у старыя часы ў гэтым была народная варажба на жыццё. Так рабілі, калі старэйшыя дзеці ў сям’і паміралі.
  • «Біблія» — першая паэма Крапівы, апублікаваная ў 1926 годзе.
  • Акрамя літаратуры, было ў Кандрата Крапівы і іншае захапленне – шахматы.
  • Пісьменнік ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённік. Усё самае важнае захоўвалася ў яго памяці.
  • Крапіва пісаў, што менавіта ў акопах ён навучыўся цаніць дакладнае слова, бо там не было месца пустым фразам – слова магло ратаваць або губіць.
  • У літаратурных колах хадзіла жартаўлівая фраза: «Калі пра цябе напісаў Крапіва – значыць, ты нешта сапраўды зрабіў не так».
  • Калі малады аўтар прыносіў слабы тэкст, Крапіва мог сказаць: «Перапішы. Ты можаш лепш». І гэта лічылася найвышэйшай адзнакай.
  • Калі пісьменніка назвалі «жывым класікам», ён адказаў: «Пакуль жывы – проста пішу. Класікам будзеце мяне называць потым, калі ўжо не змагу пярэчыць».
  • У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Таксама яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Гродна, Смаргоні і Уздзе.

Для знаёмства з творчасцю народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы раім прачытаць наступныя творы:

  1. «Хто смяецца апошнім»(1939 г.)
  1. «Дзед і баба» (1925 г.)
  1. «Дыпламаваны баран» (1926 г.)
  1. «Жаба ў каляіне» (1927 г.)
  1. «Ганарысты парсюк»(1927 г.)
  1. «Мядзведзічы» (1932) — маштабнае палатно аб жыцці беларускай вёскі ў перыяд калектывізацыі. Раман застаўся незавершаным, але прадстаўляе высокую мастацкую каштоўнасць.

Пісьменнік навучыў беларусаў смяяцца над сваімі недахопамі, каб станавіцца мацнейшымі. Кандрат Крапіва — гэта сумленне нашай літаратуры, загорнутае ў іранічную ўсмешку і адточанае да бляску майстэрствам вялікага мастака слова.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты