30 лістапада 2019 года – 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Лынькова (1899-1975)
Творы Міхася Лынькова даўно і па справядлівасці
сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры,
адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры
Васіль Быкаў
Нарадзіўся Міхась Лынькоў 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерніі ў сям’і чыгуначніка. Яго сям’і даводзілася даволі шмат раз’язджаць і часта змяняць месца жыхарства. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка, і сям’я нарэшце асела недалёка ад вёскі Старое Сяло пад Рагачовам. Міхась павінен быў перш за ўсё няньчыць малодшых братоў і сясцёр. Апроч гэтага, ён павінен быў пасвіць карову. Аднак гэта не перашкаджала яму назіраць за ўсім, што адбывалася на чыгуначных пуцях – каля будкі і на далёкай ад яе адлегласці. Хлапчук, назіраючы працу дарослых, мімаволі далучаўся да своеасаблівай паэзіі чыгуначнай працы, непрыкметна для сябе прывыкаў жыць справамі і клопатамі сваіх бацькоў і наогул старэйшых людзей. Часта ў выхадны дзень бацька чытаў дзецям кнігу “Грамабой”, у якой расказвалася пра Салаўя-разбойніка. Чытаў і народныя казкі, а таксама папулярныя артыкулы пра з’явы прыроды.
Міхась быў старэйшым у сям’і. У 1907 годзе яго аддалі ў пачатковую школу. Вучыўся ён добра. Перачытаў усю невялікую школьную бібліятэку. Школу скончыў у 1911 годзе, атрымаўшы ў якасці ўзнагароды за добрую вучобу кнігу Гогаля “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”.
Пасля школы Міхась Лынькоў скончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а потым у 1917 годзе і саму семінарыю. У час канікулаў падзарабляў на чыгунцы. Вучыўся старанна, прымаў актыўны ўдзел у выданні рукапіснага часопіса, вучыўся іграць на скрыпцы. У настаўніцкую семінарыю паступалі ўвогуле здольныя, прагныя да ведаў сялянскія дзеці. Міхась Лынькоў быў першым вучнем у класе. Вельмі любіў мастацкую літаратуру, кнігі чытаў запоем. Нават гаспадыня, дзе ён кватараваў, часта ласкава гаварыла: “Хопіць табе ўжо сушыць мазгі, лепш ідзі пагуляй”. У 1913 годзе за кошт семінарыі была арганізавана экскурсія ў вёску Навасёлкі-Салтанаўка Быхаўскага павета на месца баёў рускай арміі з полчышчамі Напалеона. Потым вучням было прапанавана напісаць сачыненне па выніках паездкі. Сачыненне Лынькова было самае лепшае.
1 лютага 1917 года Міхась Лынькоў паехаў настаўнічаць у Ліпініцкую земскую школу (зараз Буда-Кашалёўскі раён). У жніўні 1922 года Міхась Ціханавіч атрымаў накіраванне ў Свержаньскую сямігодку Рагачоўскага раёна. Ён выкладаў гісторыю, рускую мову і літаратуру, маляванне. Пасля смерці маці, Лынькоў забраў малодшых братоў і сястру да сябе ў Свержань. Пасялілася сям’я ў двухпавярховым будынку, які да рэвалюцыі належаў нейкаму лесапрамыслоўцу. У ім былі два класныя пакоі, побач пярэдняя, кухня, веранда.
У маі 1925 года акруговы камітэт Кампартыі Беларусі накіраваў Лынькова на працу ў рэдакцыю газеты “Камуніст” у Бабруйск. Пісаць Міхась Ціханавіч пачаў яшчэ ў час вучобы ў семінарыі. Гэта былі прыпеўкі, сатырычныя куплеты, эпіграмы. Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца, калі працаваў у газеце “Камуніст”, дзе публікаваў артыкулы, нарысы, фельетоны і вершы. Пры ім у газеце стаў выходзіць спецыяльны літаратурны дадатак “Вясна”, дзякуючы якому дарогу ў літаратуру атрымалі Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка, Барыс Мікуліч і іншыя пісьменнікі.
У 1930 годзе Міхась Лынькоў пераехаў у Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1934 па 1941 год рэдагаваў часопіс “Полымя рэвалюцыі”. Быў арганізатарам і кіраўніком Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Дзесяць гадоў з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першым празаічным творам пісьменніка стала апавяданне “З пражытых год”, сам загаловак якога паказвае яго аўтабіяграфічны змест. У 1927 годзе выйшаў першы зборнік “Апавяданні”, потым “Гой”, “Андрэй Лятун”. Пісаў Лынькоў пра героіку рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, адным з першых звярнуўся да тэмы працы, паспрабаваў стварыць вобраз савецкага рабочага. У 1934 годзе ўбачыў свет раман “На чырвоных лядах”, у якім паказана беларуская вёска ў гады Першай Сусветнай вайны. Твор застаўся незавершаным, напісана толькі першая кніга “Ціхія сялібы”.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны з’явіўся зборнік апавяданняў “Сустрэчы”, напісаны па гарачых слядах паходу ў Заходнюю Беларусь, у якім у якасці рэдактара газеты “Беларуская звязда”, прымаў удзел і Міхась Лынькоў. У аснову зборніка ляглі асабістыя назіранні і ўражанні ад перажытага і ўбачанага. У грозныя ваенныя гады Лынькоў рэдагаваў франтавую газету “За Савецкую Беларусь”.
Ён актыўна і плённа працаваў у розных літаратурных жанрах: пісаў публіцыстычныя творы, выступаў з сатырычнымі артыкуламі і фельетонамі. Друкаваўся ў газетах «Правда», «Известия», “Раздавім фашысцкую гадзіну” і іншых. Пісаў Міхась Лынькоў з верай у перамогу, якой прасякнуты апавяданні, што ўвайшлі ў кнігу “Астап”.
Яшчэ ў ваенны час пісьменнік пачаў збіраць матэрыялы для маштабнага празаічнага твора аб вайне. У выніку шматгадовай працы ў архівах, апытання шматлікіх удзельнікаў і сведак падзей нарадзіўся раман-эпапея “Векапомныя дні”. Была створана велічная панарама ўсяго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль чатырох гадоў акупацыі. Першая кніга “Векапомных дзён” выйшла асобным выданнем у 1951 годзе, а наступныя дзве кнігі ў чатырох тамах – у 1958 годзе. Праз дзесяць гадоў пісьменнік стварыў новую рэдакцыю кнігі, адзначаную ў 1968 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
На працягу ўсяго жыцця Міхась Лынькоў вёў вялікую грамадскую і навуковую работу. Яшчэ ў час вайны, у 1943 – 1946 гадах, ён узначальваў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларусі. Стаяў на чале гэтай установы і ў 1949 – 1952 гадах, з’яўляўся акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.З 1940 па 1975 год выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Займаўся расследаваннем нацыстскіх злачынстваў у Мінску, неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Вынікам гэтых паездак стала кніга заметак, апавяданняў, нарысаў “За акіянам”, якая выйшла ў 1962 годзе. У тым жа годзе Міхасю Лынькову за аповесць “Міколка – паравоз” было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. У спісу работнікаў Беларусі, прадстаўляемых да ўзнагароджання ў сувязі з 20-годдзем БССР, Міхась Лынькоў значыўся пад нумарам 3, пасля Купалы і Коласа.
Асобнае месца ў літаратурнай спадчыне Лынькова займаюць творы для дзяцей. Не кожны пісьменнік здольны расказаць аб падзеях так, што яны будуць цікавыя многім пакаленням юных чытачоў. Для гэтага неабходны не проста талент і майстэрства, але і глыбокае веданне асобы дзіцяці і ўменне пісаць захапляюча. Творчасці Міхася Лынькова характэрны ўсе гэтыя якасці. Лынькоў пачаў пісаць для дзяцей з 1935 года. Гэта была аповесць-казка “Янка-парашутыст”, дзе праўдзіва расказана аб дзецях, якія мараць аб палётах. У тым жа годзе Міхась Лынькоў напісаў аповесць “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, якая карыстаецца ў дзяцей нязменнай папулярнасцю.
Сапраўдную вядомасць Міхасю Лынькову як дзіцячаму пісьменніку прынесла аповесць “Міколка-паравоз”. Калі спытаць у юных чытачоў, які самы вядомы вобраз беларускай літаратуры, вам, дакладна адкажуць – Міколка-паравоз. Вобраз яркі і пазнаваемы, нягледзячы на тое, што створаны шмат гадоў таму назад і з той пары змяніліся каштоўнасці і аўтарытэты. Гэты твор вытрымаў дзясяткі выданняў, перакладзены на многія мовы.
Нялёгкае і няпростае жыццё пражыў пісьменнік. У дваццаць гадоў двойчы быў на мяжы жыцця і смерці: першы раз ад тыфу, другі – ледзь не расстралялі бандыты Булак-Балаховіча. У маладыя гады Лынькоў страціў бацькоў і стаў бацькам малодшым брату і сястры. У пачатку вайны яго пачала мучыць эмфізема лёгкіх. У час вайны Міхась Лынькоў страціў жонку і адзінага сына. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданне “За што?”, у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
Шмат разоў пасля вайны Міхась Лынькоў вырываўся з лап смерці. І ўвесь час нястомна працаваў. Аб гэтым сведчыць выпушчаны выдавецтвам “Мастацкая літаратура” збор твораў у васьмі тамах. І сёння літаратурная спадчына Міхася Лынькова не страціла сваёй папулярнасці. Яго кнігі перакладзены на многія мовы.
Памёр Міхась Лынькоў у 1975 годзе. Праз год была прынята Пастанова Савета Міністраў Беларусі “Аб увекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі М.Ц.Лынькова”. Імя Міхася Ціханавіча Лынькова было прысвоена Гомельскаму гарадскому прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу чыгуначнікаў і Крынкаўскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Бабруйску, завулак у Клецку. У Мінску на доме, дзе жыў пісьменнік, і ў Бабруйску на будынку рэдакцыі газеты, дзе ён працаваў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У 1999 годзе выпушчана юбілейная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Лынькова, а ў 2011 годзе ў Бабруйску заснавана спецыяльная прэмія гарадскога выканаўчага камітэта імя пісьменніка Міхася Лынькова.
За заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадскую дзейнасць Міхась Лынькоў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай зоркі і медалямі.
- Першым беларускім творам, які прачытаў Васіль Быкаў, было апавяданне Міхася Лынькова “Гой”. Твор гэты аўтабіяграфічны.
- Аднойчы, Міхась Лынькоў, які ніколі не спазняўся на ўрокі, не прыйшоў на заняткі. Калі малады настаўнік ішоў на працу, яго дагналі ваўкі і загналі на дрэва, дзе ён і прасядзеў да раніцы. Замёрз так, што не змог праводзіць заняткі.
- Адзін з малодшых братоў Міхася Лынькова – Рыгор быў таксама літаратарам, паэтам, перакладчыкам, але жыццё яго абарвалася на вайне.
- У зборніках паэта Валерыя Маракова ёсць цікавы верш “М.Лынькову”. Калі сёння яго перачытаць, можна ўбачыць шчырую сімпатыю да сябра, з якім разам былі ў аб’яднанні “Маладняк”, а таксама зразумець, які імідж быў у бывалага чырвонаармейца Лынькова.
- Першую жонку пісьменніка расстралялі, а другая папала ў аўтамабільную аварыю. Пяць месяцаў Міхась Лынькоў глядзеў яе.У іх з жонкай было трое прыёмных дзяцей. Усе свае грошы пісьменнік завяшчаў дзіцячаму дому.
- Лынькоў перапісваў эпапею “Векапомныя дні” да канца свайго жыцця. А пачаў пісаць эпапею аб вайне, партызанскім руху ў 1942 годзе. Гэта раман у 4-х тамах (напачатку тамоў было 5, але рэдактар Ян Скрыган скараціў яго на цэлы том).
З упэўненасцю можна казаць, што Лынькоў быў пісьменнікам свайго часу, са сваімі вартасцямі і недахопамі. Але галоўны вынік творчай працы кожнага пісьменніка – яго кнігі: ”Векапомныя дні”, “Гой”, “На чырвоных лядах”, “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, “Андрэй Лятун”, “Астап”, “Сустрэчы”, “Ядвісін дуб”, “Міколка-паравоз”.
На жаль, яго незаслужана называюць аўтарам аднаго твора, хоць на працягу свайго жыцця ён стварыў нямала выбітных аповесцей і апавяданняў, і нават цэлы раман-эпапею. Паспрабуйце і вы адкрыць для сябе новага Лынькова – пачытайце яго раннія апавяданні.
- «Над Бугам» (1927 г.)
- «Андрэй Лятун» (1928 г.)
- «Беня-балагол » (1928 г.)
- «Баян» (1933 г.)
- «Ядвісін дуб» (1939 г.)
Мiхась Лынькоў не пісаў таго, пра што было нельга пісаць, але і не пісаў таго, што выглядала б ненатуральным, няшчырым, непраўдзівым.Свае творы пісьменнік заўсёды пісаў з добрай, шчырай і мудрай усмешкай.
- Предыдущий Библиотечные уроки «В книжном царстве каталожном государстве» и «Сто вопросов в голове, а ответы … в словаре»
- Следующий Краеведческая музыкально-поэтическая композиция “Мая маленькая радзіма, мне мілы сэрцу вугалок”
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты