3 лістапада 2022 года – 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882-1956)
«…імя Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў сялянства,
стваральніка маляўнічых беларускіх краявідаў,
самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца
ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры»
Міхась Тычына
Якуб Колас – пісьменнік, народны паэт Беларусі. Яго ведаюць, любяць і шануюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І нават праз дзясяткі гадоў, радкі, напісаныя Якубам Коласам, многім і чытаць не трэба – цытуюць на памяць.
Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (сапраўднае імя класіка) нарадзіўся ў 1882 годзе ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна ў сям’і лясніка. У бацькоў было яшчэ, акрамя Костуся (так яго звалі дома), дванаццаць дзяцей. Але да дарослага ўзросту дажылі толькі дзевяць.
З-за прафесіі бацькі сям’я часта пераязджала з месца на месца. Таму Костусь атрымліваў адукацыю спачатку дома, а ўжо потым у школе. Вялікі ўплыў на малога пляменніка аказаў дзядзька Антось, брат бацькі, які быў дастаткова граматным для таго часу, вельмі любіў чытаць, і прывучыў да кнігі хлопчыка.
Калі падлетку споўнілася дзесяць гадоў, ён пад уплывам баек Крылова, піша першы твор «Варона і ліса». Праз два гады стварае першы верш «Вясна».
Спачатку Костусь заканчвае народную школу, а потым, у 1902 годзе, Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы спрабуе свае сілы ў напісанні твораў на беларускай мове. Так з’яўляюцца паэмы «Каля кастра» і «Страх», а таксама празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». На жаль, сучасным чытачам цяжка ўявіць, якім пісьменнікам таго часу быў Колас, таму, што гэтыя творы не захаваліся. Таксама складаў вершы і байкі, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. Здольнасці юнака заўважыў выкладчык семінарыі Фядот Кудрынскі, які параіў пісаць па-беларуску.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гадах малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (Ганцавіцкі раён) і Пінкавічы (Пінскі раён). Там ён пачаў актыўную грамадскую работу: даставаў і чытаў нелегальную літаратуру, пазнаёміўся з рэвалюцыянерамі, праводзіў гутаркі з сялянамі.
У 1906 годзе прыняў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. З’езд разагнала паліцыя. А Міцкевіча пазбавілі права працаваць настаўнікам. Але ён да 1912 года працаваў нелегальна.
1 верасня 1906 года ў віленскай беларускамоўнай газеце «Наша доля» з’явіўся верш «Наш родны край». Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас, пад якім мы і ведаем класіка. А 15 верасня гэтага года таксама ў «Нашай долі» пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне «Слабада» — першы надрукаваны празаічны твор.
У 1906 годзе ў вёсцы Смалярня Колас адкрывае прыватную школу. Але ўжо ў 1907 годзе з’язджае ў Вільню, дзе працуе загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Наша Ніва». У 1908 годзе Якуба Коласа арыштоўваюць па абвінавачванні ў рэвалюцыйнай дзейнасці. Тры гады, з 1908 па 1911 гады, ён знаходзіцца ў Мінскай турме.
У гэты час Колас актыўна займаецца творчай працай. З’яўляецца першы зборнік вершаў «Песні жальбы» (1910 год), зборнік прозы «Апавяданні» (1912 год). Яго вершы заўважыў і высока ацаніў Максім Горкі. У 1909 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзіць яго аўтарскі падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У турме ў 1910 годзе пачынае ствараць свае лепшыя паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля».
У 1912 годзе знаёміцца з Янкам Купалам. Гэта сустрэча перарасце ў доўгія сяброўскія зносіны.
На настаўніцкіх курсах у Пінску Якуб Колас сустракае сваю будучую жонку – Марыю Дзмітрыеўну Каменскую. І ў чэрвені 1913 года маладыя людзі ажаніліся і пражылі разам у згодзе і каханні трыццаць тры гады, выхавалі трох цудоўных сыноў.
У гэтым жа годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзяць тры кнігі Коласа – «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек». У Вільні ў 1914 годзе друкуецца зборнік прозы «Родныя з’явы».
Пасля вызвалення з турмы, Якуб Колас вяртаецца на Піншчыну, дзе зноў працуе настаўнікам. Потым пачынаецца Першая сусветная вайна, і паэт разам з сям’ёй пераязджае ў Падмаскоўе. Там яго мабілізуюць у войска.
Якуб Колас у 1916 годзе скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча і быў накіраваны спачатку на службу ў Пермь, а затым – на Румынскі фронт. Але неўзабаве захварэў і быў дэмабілізаваны. З 1918 па 1921 гады працаваў настаўнікам у Курскай вобласці. Вярнуўся ў Мінск у 1921 годзе.
У случчан асаблівая стаўленне да паэмы «Новая зямля». Асабліва да раздзела XXVI – «Агляд зямлі». Гэта пра тое, як Міхал і Антось захацелі прыдбаць уласны надзел зямлі. І патрапілі яны на Случчыну: «Прад імі Случчына ляжала,// Старонка міла і багата//». А справа ў тым, што Якуб Колас працаваў у пачатку 20-х гадоў у Слуцку выкладчыкам на курсах па падрыхтоўцы настаўнікаў для выкладання ў школах па беларускай мове. Аб уражаннях ад той паездкі ў газеце «Савецкая Беларусь» з’яўляецца матэрыял «З слуцкіх уражанняў», дзе паэт занатоўвае думку, што … «Случчына – гэта душа, гэта – жывое сэрца беларускага народа».
У 1923 годзе Якуб Колас яшчэ раз наведвае Слуцк, выкладае на настаўніцкіх палітыка-педагагічных курсах, дзе акрамя лекцый, чытае слухачам паэму «Новая зямля». Дарэчы, Слуцкія настаўніцкія курсы пасадзейнічалі выданню «Методыка роднай мовы» — адзіная кніга, якая выйшла ў 1926 годзе пад сапраўдным імем пісьменніка – Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч.
Трэба зазначыць, што 20-30-я гады – самы плённы час яго творчасці. Якуб Колас становіцца вядомым пісьменнікам, яго чытаюць і ведаюць. У 1922 годзе выходзіць зборнік вершаў «Водгулле», у 1923 годзе «Новая зямля» — візітная картка беларускай літаратуры, у 1925 годзе – «Сымон – музыка». У 1926 годзе атрымоўвае званне «Народны паэт БССР». У 1929 годзе займае пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР.
Выходзяць дзве яго вялікія аповесці: «У палескай глушы» у 1923 годзе і «У глыбі Палесся» у 1927 годзе. Пазней яны ўвойдуць у раман «На ростанях».
Таксама ў 20-х гадах Якубам Коласам зацікавіліся рэпрэсіўныя органы. У яго кватэры праходзіць вобыск, частка дакументаў канфіскуецца. Кажуць, што ў сваіх творах пісьменнік хваліць кулацтва як клас. З-за пастаяннага ціску яго творчасць перажывае сур’ёзныя змены. Якуб Колас вымушаны пісаць толькі тое, што ад яго патрабуюць.
У 1933 годзе выходзіць аповесць «Дрыгва», прысвечаная грамадзянскай вайне.
Але ў 1938 годзе ў кватэры народнага паэта зноў праходзіць вобыск. Коласу пагражае арышт. Якуб Колас успамінаў, што тры гады ён спаў, не распранаючыся – чакаў. Але, як мяркуюць, шырокая вядомасць паэта не дазволіла гэта зрабіць.
У час Вялікай Айчыннай вайны Колас спачатку жыве ў Маскве, а ў жніўні 1941 года разам з сям’ёй эвакуіруецца ў Ташкент. Там праз год ён сустрэў свой 60-ы дзень нараджэння. Чалавек, невычэрпнай працаздольнасці, Якуб Колас вёў актыўную творчую і грамадскую дзейнасць, шмат пісаў, знаходзіў час для адказаў на вялікую колькасць пісем. Тут, на беразе ракі Салар, беларускі класік напісаў наступныя радкі:
Рассыпала сонца каралі,
Ірдзее ў ім пыл, нібы жар,
Шумлівыя кідае хвалі,
Прахладаю вее Салар.
Падзеям Вялікай Айчыннай вайны паэт прысвяціў зборнікі «Голас зямлі», паэмы «Суд у лесе», «Адплата», дзе праслаўляў патрыятызм, гераізм людзей.
У 1944 годзе, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, Якуб Колас вяртаецца ў Мінск. Працаваў у Акадэміі навук, быў старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру.
У 1946 годзе ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй першай ступені за вершы «Салар», «Голас зямлі», «На Захад», «Родны шлях» і іншыя. А ў 1949 годзе ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй другой ступені за паэму «Рыбакова хата».
У 1953 годзе прымае актыўны ўдзел у стварэнні «Руска-беларускага слоўніка». Заканчвае аўтабіяграфічны раман «На ростанях», які выйшаў асобным выданнем у 1955 годзе.
Колас таксама шмат займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Пераводзіў з рускай, украінскай і польскай моў. Творы самога пісьменніка перакладзены больш чым на 40 моў свету.
У 1972 – 1978 гадах выйшаў яго збор твораў у 14 тамах.
Творы класіка не раз былі экранізаваныя.
У Коласа была здзіўляючая ўсіх працаздольнасць. Гэта можна прасачыць па тым, колькі ён напісаў. Сёння яго збор твораў выходзіць у 20-ці тамах. А ён жа не толькі пісаў. Колас актыўна удзельнічаў у развіцці беларускай гуманітарнай навукі, цалкам і поўнасцю аддаваўся дэпутацкай дзейнасці.
У апошнія гады свайго жыцця Якуб Колас шмат хварэў, але працягваў ствараць новыя творы. Памёр за рабочым сталом 13 жніўня 1956 года. У дзень сваёй смерці пісьменнік напісаў ліст у кіраўніцтва партыі, дзе выказаў сваю занепакоенасць станам беларускай мовы. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося за некалькі гадзін да таго, як спынілася яго сэрца.
Пахаваны Якуб Колас на Вайсковых могілках у Мінску, недалёка ад магілы Янкі Купалы.
Сёння памяць аб нашым класіку захоўваюць школа, бібліятэка, станцыя метро, вуліца і плошча.
Якуб Колас узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Дзейнічае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На радзіме паэта адкрыты філіял музея «Мікалаеўшчына», які аб’ядноўвае чатыры сядзібы – Смольня, Акінчыцы, Альбуць і Ласток.
За творы прозы, працы ў галіне літаратуразнаўства і крытыкі ў Беларусі прысуджаецца Дзяржаўная прэмія Якуба Коласа.
У 1957 годзе была выпушчана паштовая марка СССР з выявай Якуба Коласа. У 1992 годзе Цэнтральны банк Расійскай Федэрацыі выпусціў памятную манету ў гонар паэта. У 2002 годзе ў Беларусі выпушчаны манета і марка, прысвечаныя 120-гадоваму юбілею з дня нараджэння Коласа.
У 2018 годзе імем Якуба Коласа была названа вуліца ў Ташкенце, тады ж адбылося адкрыццё бюста народнага паэта Беларусі.
- У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Коласу далі мянушку «Волат» з-за вялікай фізічнай сілы.
- Колас быў вельмі трапным у стральбе з нагана і малакалібернай вінтоўкі, і нават атрымаў званне «Майстар спорту па стэндавай стральбе».
- У выхаванні дзяцей пісьменнік быў паклоннікам Ушынскага і жорсткіх мер не прызнаваў, дзяцей ніколі не біў.
- У доме Коласа нельга было нават падумаць, каб схлусіць, сказаць няпраўду.
- Зборнік вершаў Якуба Коласа пабываў у космасе, яго браў з сабой у палёт у 1975 годзе першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Памер выдання – 8,5 х 7 см.
- Якуб Колас праславіўся мецэнацтвам. Ён выдаткоўваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі свой творчы шлях.
- На працягу жыцця пісьменнік меў шэсць аўтамабіляў, але ніколі не сядзеў за рулём.
- Нашчадкі Якуба Коласа па жаночай лініі не мяняюць прозвішча Міцкевіч, выходзячы замуж. Такая традыцыя – даніна памяці продкам.
- Якуб Колас любіў рыцарскія раманы і быў адным з тых рэдкіх беларускіх паэтаў, хто пачаў пісаць пра каханне пасля 60. Суровы на від, каржакаваты, неусмешлівы, Якуб Колас да канца жыцця заставаўся рамантыкам.
«Сымон-музыка», «Новая зямля», «На ростанях», «Казкі жыцця»… Творчая спадчына вялікага Песняра багатая і глыбокая, ёй можа ганарыцца любая культура. Без Коласа не было б ні Гарэцкага, ні Быкава, ні Караткевіча.
Паважаныя чытачы, прапануем вам звярнуць увагу на раннія творы Коласа. А калі вы да гэтага часу не чыталі яго паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля» — абавязкова зрабіце гэта. Не прапусціце таксама раман «На ростанях».
- «Не пытайце не прасеце…» (1904 г.);
- «Беларусам» (1906 г.);
- «Родныя вобразы» (1908 г.);
- «Зіма» (1909 г.);
- «Песняру» (1910 г.);
- «Дзяўчыне» (1912 г.);
- «Я хачу аб табе…» (1914 г.);
- «Новая зямля» (1923 г.);
- «Сымон-музыка» (1925 г.);
- «На ростанях» (1955 г.).
Якуб Колас пражыў у Мінску 30 гадоў. І застаўся на адной з яго цэнтральных плошчаў у моцным скульптурным увасабленні – задумлівым, добрым чалавекам, і ў памяці беларускага народа – геніяльным пісьменнікам.
- Предыдущий Путешествие в поэтическую страну «Разноцветные страницы С.Я. Маршака»
- Следующий Паэтычныя замалёўкі “Вобразы мілыя роднага краю…”
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты