28 жніўня 2026 года – 90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна (1936-2014)

«Мой беларускі,

мой адзіны

Край ад калыскі дарагі…»

Генадзь Бураўкін «Край мой…»

 

1Нават той, хто зусім не цікавіцца беларускай паэзіяй, не раз падпяваў яго «Завірусе» ці «Зачарованай». Ну а на «Калыханцы» Бураўкіна без перабольшвання выраслі некалькі пакаленняў беларусаў.

Дзяцінства Генадзя Бураўкіна — гэта гісторыя, прасякнутая пахамі роднай зямлі, болем вайны і нязгаснай любоўю да беларускага слова. Будучы паэт нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёна Віцебшчыны. Гэты край – маляўнічы, азёрны, лясны – назаўжды застаўся ў яго вершах як сімвал чысціні і прыгажосці. Але маленства Генадзя не было бесклапотным: калі яму споўнілася ўсяго пяць гадоў, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ён сам адзначаў у адным з вершаў «наша доля на радасць была небагатай. Мы раслі сярод горкіх ваенных атаў».2

Расоншчына была партызанскім краем, і сям’я Бураўкіных зведала ўсе жахі акупацыі. Маленькі Генадзь на свае вочы бачыў пажары, смерць і голад.  Бацька пайшоў на фронт, а маці, Феадосія Ягораўна, рабіла ўсё магчымае, каб зберагчы дзяцей. Яна пражыла 100 гадоў і памерла ў сакавіку 2014 года, усяго за два месяцы да смерці сына. Генадзь Мікалаевіч вельмі яе любіў і прысвячаў ёй вершы: «Песня пра маці», «Прыязджайце дадому» і іншыя.

                                                                     Шчыра ласкай атуліць

Добра ведаю я,

Маці, мама, матуля

Дарагая мая.

Пасля перамогі пачалася вучоба. Да восьмага класа вучыўся ў Расонскай школе, потым у Полацку, куды пераехалі бацькі. Менавіта ў школе ён пачаў пісаць свае першыя вершы. Друкаваў іх на старонках полацкай газеты «Сцяг камунізму».

3Скончыў школу і ў 1954 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Студэнтам Генадзь ледзь не памёр ад туберкулёзу, на які захварэў на пятым курсе. За тры месяцы, пакуль Генадзь Бураўкін ляжаў у бальніцы, з трох дзясяткаў яго суседзяў з палаты вынеслі целы семярых. Юлія Жадан, таксама студэнтка, не змагла кінуць хлопца ў бядзе і была адзіная, хто штодня наведваў Бураўкіна. Калі ён паправіўся, яна супраць волі маці выйшла замуж. Яны пражылі разам 55 гадоў. Генадзь прысвяціў ёй ўсяго адзін верш – славутыя «Юнацтва сінія арэлі», але яе вобраз прысутнічае ў безлічы іншых.

Бураўкін вылучаўся сярод аднакурснікаў не толькі талентам, але і неверагоднай энергіяй. Яшчэ студэнтам ён пачаў публікавацца ў вялікіх выданнях — яго вершы заўважылі мэтры, такія як Аркадзь Куляшоў.

У 1959 годзе Бураўкін скончыў універсітэт і атрымаў размеркаванне ў Віцебск, але жонка вучылася на трэцім курсе, да таго ж трэба было праходзіць медыцынскія працэдуры пасля туберкулёзу, і ён пайшоў на працу ў часопіс «Камуніст Беларусі».

У 1960 годзе была надрукавана першая кніга вершаў паэта «Майская просінь». Генадзь Бураўкін працуе на беларускім радыё, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». Другі яго зборнік, «З любоўю і нянавісцю зямною», выйшаў у 1963 годзе, затым «Дыханне» (1966 г.), «Жніво» (1971 г.).

З 1968 па 1972 гады Генадзь Бураўкін працаваў у газеце «Правда» карэспандэнтам па Беларусі.

У 1972 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Тут ужо можна было займацца тым, што было найбольш па душы – літаратурай. У гэты час выходзяць яго кнігі вершаў: «Выток» (1974 г.), «Варта вернасці» (1978 г.). Часопіс «Маладосць» становіцца цікавым і змястоўным выданнем, а рэдактар Бураўкін – паэтам першай велічыні ў Беларусі.

На працягу дваццаці пяці гадоў кнігі паэта выдаваліся рэгулярна: выйшла больш за дзесяць зборнікаў вершаў, сярод якіх «Пяшчота» (1985 г.), «Гняздо для птушкі радасці»4 (1986 г.), «Узмах крыла» (1995 г.). Вершы канца XX стагоддзя склалі зборнік «Жураўліная пара» (2004 г.). Аўтар двух кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі для Зая» (1974 г.) і «Сінія арэлі» (1987 г.).

У 1978 годзе кіраўнік рэспублікі Пётр Машэраў рэкамендаваў Бураўкіна на пасаду старшыні Белтэлерадыё. Менавіта ў гэты час, у 1980 годзе, з’явілася галоўная песня для ўсіх беларускіх дзяцей – «Калыханка».  Усё пачалося з творчай патрэбы. На тэлебачанні рыхтавалі забаўляльную праграму для дзяцей, нешта накшталт «Спокойной ночи, малыши». Генадзь Мікалаевіч, як чалавек справы, вырашыў стварыць тэкст сам. Паэт пісаў словы, абапіраючыся на свае дзіцячыя ўспаміны з Расоншчыны і тыя пачуцці, якія ён адчуваў як бацька. Ён хацеў, каб песня была не проста камандай «спаць», а ласкавай казкай. Тэкст ён перадаў кампазітару Васілю Раінчыку, кіраўніку ансамбля «Верасы». Музыка нарадзілася вельмі хутка – яна была настолькі арганічнай і пяшчотнай, што адразу «легла» на словы. Першай яе праспявала Ядвіга Паплаўская, салістка ансамбля. Яе мяккі голас зрабіў песню сапраўдным гімнам дзяцінства.

Шмат твораў Бураўкіна пакладзены на музыку знакамітымі беларускімі кампазітарамі Ігарам Лучанком і Эдуардам Ханком. «Завіруха» (верш «Снежная імпрэсія») у выкананні ансамбля «Верасы», «Зачарованая» — шэдэўр любоўнай лірыкі, які стаў візітнай карткай ансамбля «Песняры», «Конь незацугляны», «Матылі» і іншыя. Песенныя вершы паэта ўвайшлі ў спецыяльны зборнік «Табе, Беларусь».

Генадзь Мікалаевіч быў не толькі творцам, але і дзяржаўным дзеячам. У пачатку 1990-х гадоў ён займаў пасаду Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН. Бураўкін – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980 г.) за кнігу вершаў «Варта вернасці», лаўрэат Ленінскага камсамолу Беларусі (1972 г.).

Генадзь Бураўкін пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, пакінуўшы пасля сябе вялікі літаратурны багаж. Яго вершы перакладзены на многія мовы свету, але найлепш яны гучаць менавіта па-беларуску, так, як іх задумваў аўтар.


Цікавыя факты:


  • Генадзь Бураўкін – аўтар гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, словы да якога ён напісаў у 2003 годзе.
  • Бураўкін — адзін з аўтараў сцэнарыя двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя», рэжысёр Віталь Чацверыкаў, зняты ў 1974 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм». Сюжэт заснаваны на рэальных падзеях мая 1944 года і расказвае пра маштабную аперацыю беларускіх партызан незадоўга да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Калі вы толькі знаёміцеся з аўтарам, лепш за ўсё пачытайце вершы:

  1. «Я хачу прайсці па зямлі…»;
  1. «Ціхі верш»;
  1. «Верш У твар дыхнула водарам вясны»;
  1. «Юнацтва сінія арэлі»;
  1. «Мне з табой бы лепей размінуцца…».

Добрым казачнікам, пранікнёным лірыкам і вялікім жыццялюбам застанецца паэт Генадзь Бураўкін у вершах, якія будуць заўжды мець сваю адметную мелодыю.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты