25 верасня 2023 года – 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага (1913–2002)

 

«Грахоўскі  паэт заўсёды актыўнага, няўрымслівага грамадзянскага тэмпераменту, у творчасці якога знаходзяць непасрэдны водгук важнейшыя падзеі ў жыцці людзей, у грамадскім асяроддзі, у якім жыло і жыве чуйнае сэрца паэта».

Васіль Вітка

Сяргей Іванавіч ГрахоўскіСяргей Іванавіч Грахоўскі – паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, заслужаны работнік культуры.

Нарадзіўся 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерніі (цяпер гэта Ровенская вобласць Украіны) у сялянскай сям’і. Калі хлопчыку не было яшчэ і года, Грахоўскія вярнуліся ў Глуск Магілёўскай вобласці, на радзіму маці. Там і прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Глуск быў для пісьменніка ўвасабленнем шчасця, прыгажосці, юнацтва, маралі і духоўнасці. Амаль кожны год ён наведваў сваю малую радзіму, каб пабыць на магіле маці. Ён напісаў пра Глуск цудоўную аповесць «Мястэчка, мястэчка…», шмат вершаў.

Вее спелымі лугамі,
Белай грэчкаю – здаля,
Жытам, просам, пірагамі
Пахне глуская зямля.
1964 г.

Пасля вучобы ў глускай школе працаваў у Бабруйску на дрэваапрацоўчым камбінаце, далучыўся да аб’яднання «Маладняк», якім кіраваў Міхась Лынькоў. Пісьменнік першым заўважыў талент юнака, надрукаваўшы яго верш «Восень».

Сяргей  ГрахоўскіА потым была вучоба на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Скончыўшы інстытут у 1935 годзе, працаваў рэдактарам на беларускім радыё і выкладчыкам на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пазней пра сваіх сяброў і паплечнікаў напіша ў кнізе «Так і было» – пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Міхася Лынькова, Пятруся Броўку, Аркадзя Куляшова, Васіля Вітку і іншых.

19 кастрычніка 1936 года Грахоўскага нечакана арыштавалі. Асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў на лесараспрацоўках у Горкаўскай вобласці Расіі.

Праз 10 гадоў вярнуўся ў Беларусь. Выкладаў да 1949 года рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе, тады Слуцкага раёна (зараз Любанскі раён).

У 1949 годзе быў паўторна арыштаваны і высланы ў сяло Біяза Новасібірскай вобласці, якое заснавалі сібірскія татары, на «вечнае пасяленне». Туды прыехала яго жонка Валянціна Міхайлаўна з пяцігадовай дачкой Таняй. Менавіта жонка стала яго анёлам-ахоўнікам. «Ты, мабыць, добра ведаеш сама, /што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі /мне без цябе ні радасці няма, /ні шчасця, ні ратунку, ні спакою…». Там нарадзіўся сын Аляксандр. Грахоўскі сам пабудаваў хату, каля якой яны зрабілі фотаздымак на памяць. У Сібіры Грахоўскія пражылі шэсць гадоў. Пра гэта Сяргей Іванавіч раскажа пазней у трылогіі «Зона маўчання». 19 кастрычніка 1955 года быў рэабілітаваны, вярнуўся з сям’ёй у Мінск. А ў 1975 годзе ён напіша паэму «Спаленыя масты», прысвечаную памяці Аляксандры Мураўёвай, жонцы дзекабрыста Мікіты Мураўёва. Але гэта і гімн нашым беларускім самаахвярным жанчынам, якія падтрымлівалі сваіх рэпрасаваных мужоў, пакланенне подзвігу сваёй жонцы.

З 1956 па 1959 гады Грахоўскі працаваў на беларускім радыё, загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Бярозка», быў літкансультантам Саюза пісьменнікаў (1959 –1960 гг.), рэдактарам часопіса «Вясёлка» (1960 – 1973 гг.), адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1973 – 1974 гг.). З 1956 года з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР.

З 1974 года на пенсіі. Больш за паўвека актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем. У 80-х гадах XX стагоддзя вёў рэгулярна літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу «Літаратурная Беларусь».

першы зборнік «Дзень нараджэння»Першы яго верш быў надрукаваны ў часопісе «Беларускі піянер» у 1926 годзе, калі аўтару споўнілася 13 гадоў. Затым творы пачынаючага паэта з’яўляюцца ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях «Маладняк», «Вясна», «Беларусь калгасная», «Чырвоная змена». А першы яго зборнік «Дзень нараджэння» выйшаў толькі ў 1958 годзе. З тае пары выдадзена каля 60 кніг Грахоўскага – 20 зборнікаў вершаў, сярод іх 5 выключна для дзяцей, а яшчэ проза, публіцыстыка, успаміны, эсэ, пераклады. «Вася Вясёлкін ляціць на Месяц»Найбольш значныя: «Ад вясны да вясны», «Чаканне», «Сёння і заўтра», «Памяць», «Тры вымярэнні», «Паэма дарог», «Зазімак», «Зачараванасць», «Сонечная сцежка», «Асеннія гнёзды», «Знаходка», «Верую» і іншыя. Дзеці вельмі любяць яго казкі «Слон», «Светлячкі», «Казачка пра Яначку», «Вася Вясёлкін ляціць на Месяц», вершы «Гусі», «Сунічкі», «Хто не спіць да рання», «Карусель», «Дзяцел».

«Зона маўчання»Сяргей Грахоўскі плённа працаваў і ў прозе – нарыс «Горад маладосці» (1960 г.), зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966 г.), дакументальная аповесць «Рудабельская рэспубліка» (1968 г.), па якой пастаўлены спектаклі тэатрамі імя Я. Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968 годзе, а ў 1972 годзе створаны аднайменны кінафільм, аповесці «Гарачае лета» (1974 г.), «Ранні снег» (1975 г.) і іншыя. У 1988 годзе выдаў зборнік вершаў і паэм «І радасць, і боль». Аўтар аўтабіяграфічнай трылогіі пра перыяд рэпрэсій «Зона маўчання», куды ўвайшлі: «Такія сінія снягі» (1988 г.), «Зона маўчання» (1990 г.), «З воўчым білетам» (1991 г.).

Пераклаў на беларускую мову «80 000 кіламетраў пад вадой» Жуля Верна, «Ваенная тайна» Аркадзя Гайдара, раман «Крушэнне» Рабіндраната Тагора, «Выбраныя вершы і паэмы» Аляксандра Блока, кнігу лірыкі Міхаіла Дудзіна «Пасля спаткання», асобныя творы Пушкіна, Шаўчэнкі, Маякоўскага, Ясеніна, Забалоцкага, Твардоўскага, Гамзатава, Ісакоўскага і іншых паэтаў.

Быў удзельнікам Купалаўскіх, Коласаўскіх, Пушкінскіх, Ясенінскіх, Някрасаўскіх, Блокаўскіх святаў паэзіі, дзе абавязкова выступаў з вершамі.

Грахоўскі аб’ехаў амаль увесь Савецкі Саюз, пабываў у многіх замежных краінах: Францыі, Англіі, Германіі, Італіі, Швецыі, Турцыі. Але ўсё жыццё любаваўся краявідамі роднай Беларусі. Добра маляваў сам, асабліва пейзажы. «Якія краявіды! Якая прыгожая Лагойшчына (ці Случчына, ці Ракаўшчына). Якая Беларусь прыгожая!».

Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,
Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,
Дубовы ліст, у жылках і расе,
Мне нагадаў абрысы Беларусі.
Яго мая кранаецца рука,
А ён нібыта выкаваны з броні,
І жылка кожная дубовага лістка
Злілася з жылкамі маёй далоні.
1962 г.

зборнік «Споведзь» (1992 г.)Сяргей Іванавіч Грахоўскі – заслужаны работнік культуры БССР (1983 г.). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1983 г.) за зборнік «Асеннія гнёзды». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я.Коласа за зборнік «Споведзь» (1992 г.). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1994 г.).

Да апошніх дзён працаваў, пісаў, лічыў неабходным расказаць пра тое, што ведаў, перажыў. Апошняя публікацыя вершаў – 30 жніўня 2002 года.

помнік e г.п. ГлускНеўзабаве дзень надыдзе ў скрусе,
Змоўкну і забуду аб бядзе,
І хачу памерці ў Беларусі,
Толькі ў Беларусі. Больш – нідзе.
2002 г.

Памёр Сяргей Грахоўскі 11 снежня 2002 года. У г.п. Глуск, на радзіме пісьменніка, устаноўлены помнік, у цэнтры горада бульвар і школа № 1 носяць яго імя.

 

Цікавыя факты:

  • Грахоўскі быў вельмі спартыўным чалавекам. Канькі, лыжы, плаванне. Пісьменнік рэгулярна да 88 гадоў, пры любым надвор’і рабіў зарадку ў двары свайго дома.
  • У Грахоўскага была вялізная бібліятэка. У кабінеце ўсе сцены ў сцелажах. Ён ведаў, дзе якая кніга стаіць і як яна выглядае.
  • Сяргея Іванавіча вылучала высокая прафесійная эрудыцыя, фенаменальная памяць, здольнасці да музыкі, жывапісу, скульптуры, да замежных моў. Чытаў практычна ўсю выдаваемую ў Беларусі мастацкую літаратуру, асабліва паэзію.

Паэт – лірык, тонкі і пранікнёны, паэт – філосаф. Яго пяру належыць шмат вершаў: патрыятычных і лірычных, сумных і не вельмі. Дакраніцеся і вы, шаноўныя чытачы, да некаторых з іх.

  1. «Я цябе прыгадаў…» (1956 г.);
  1. «Мама» (1957 г.);
  1. «Словы» (1962 г.);
  1. «Ты, мабыць, добра ведаеш сама…» (1962 г.);
  1. «Дубовы ліст» (1962 г.);
  1. «Пачатак» (1965 г.);
  1. «Як я жыў без цябе?» (1965 г.);
  1. «Дзве радасці» (1981 г.).

Таксама раім для прачытання адну з частак яго аўтабіяграфічнай трылогіі:

  1. «Такія сінія снягі» (1988 г.);

Пісьменніцкі лёс Сяргея Грахоўскага ўнікальны для Беларусі. Пісьменнік, які пражыў амаль 90 гадоў, і працаваў, і друкаваўся да апошніх дзён. Працаваў больш 75 гадоў у літаратуры, а пачаў свядома ў 43 гады. Выдаў больш за 60 кніжак.

І пакуль гучыць роднае слова – будзе жыць і гучаць імя і паэзія Сяргея Грахоўскага.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты