24 ліпеня 2026 года – 115 гадоў з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі (1911-1978)
«…Радавога верша я салдат».
Анатоль Астрэйка
115 гадоў назад, 24 ліпеня 1911 года, у вёсцы Пясочнае, што на Случчыне (зараз гэта Капыльскі раён Мінскай вобласці), нарадзіўся беларускі паэт Анатоль Астрэйка.
Анатоль Астрэйка – гэта постаць, якая ўвасабляе сапраўдную душу беларускай паэзіі XX стагоддзя: шчырую, крыху іранічную, але заўсёды глыбока адданую роднаму краю.
Пахрышчаны Анатоль Астрэйка быў Акімам, але ў сям’і хлопчыка ўсе звалі Толікам. У дзяцінстве ён прайшоў, як і ўсе сялянскія дзеці таго часу, поўны курс нялёгкай вясковай працы. Як старэйшы сын, Толя дапамагаў бацьку араць і сеяць, касіць і малаціць, пасвіў авечак і кароў, вадзіў на начлег свайго і суседскіх коней.
Першай настаўніцай для Толі стала яго цётка Параска, якая хадзіла па хатах і вучыла дзяцей.
У 1923 годзе ў Пясочным адкрылася сямігодка. Анатоль вельмі любіў вучыцца і шмат чытаў. Асабліва хлопцу падабаліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, бо яны былі напісаныя той мовай, на якой размаўлялі яго бацькі і аднавяскоўцы. Неўзабаве і сам Анатоль пачаў складаць вершаваныя радкі. У 1926 годзе рызыкнуў паслаць свае першыя спробы пяра ў часопіс «Чырвоны сейбіт». Кузьма Чорны, які працаваў тады загадчыкам літаратурнага аддзела, вершы пахваліў, але напісаў, што друкаваць іх яшчэ рана.
Юнацтва Астрэйкі выпала на час бурлівых змен: навучанне на двухгадовых настаўніцкіх курсах пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, затым вучоба на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута.
У 1930 годзе, у 19-гадовым узросце, ён пачаў настаўніцкую і журналісцкую дзейнасць, якая пазней перарасла ў сур’ёзную літаратурную працу. У гэтым жа годзе Анатоль Астрэйка з’язджае ў Полацк і ўладкоўваецца працаваць у рэдакцыю газеты «Чырвоная Полаччына». Літаратурнае жыццё ў той час бурліла ў Полацку. Вакол газеты групаваўся вялікі калектыў таленавітых творцаў. Амаль кожную суботу яны наладжвалі гарадскія літаратурныя вечары, да якіх спецыяльна пісалі вершы. Затым юнак атрымаў вялікі вопыт журналісцкай працы ў Оршы і Горках.
Пасля Анатоль Астрэйка вяртаецца ў Мінск, дзе працуе ў рэдакцыі газеты «Калгаснік Беларусі», у часопісе «Напагатове», у «Літаратуры і мастацтве».
У 1940 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Слава жыццю». Рукапіс другога зборніка – «Квецень» згарэў у час Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
Вялікая Айчынная вайна стала суровым іспытам. Паэт не застаўся ў баку – ён быў адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая выдавалася ў Маскве пры ЦК КПБ. Менавіта ў гэты перыяд яго слова стала зброяй. Ён двойчы накіроўваўся ў тыл ворага, у партызанскія зоны, каб падтрымліваць дух змагароў.
Першы раз – у 1942 годзе – у складзе групы перайшоў лінію фронта ў Віцебскай вобласці праз Суражскія вароты, а другі раз – у 1943 годзе – быў закінуты на самалёце да слуцкіх партызан. Анатоль Астрэйка прабіраўся з атрада ў атрад з алоўкам і аўтаматам, каб сабраць матэрыял пра партызан. Так нарадзіўся зборнік вершаў «Слуцкі пояс». Ён быў выдадзены ў 1943 годзе ў партызанскай падпольнай друкарні 64-й партызанскай брыгады імя Чкалава супрацоўнікамі слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец». Вершы, якія ўвайшлі ў зборнік «Слуцкі пояс», былі вельмі папулярныя сярод партызан. Іх перапісвалі з сшытка ў сшытак, друкавалі на лістоўках, змяшчалі ў баявых лістках, ведалі на памяць. Паперу для кніжкі партызаны здабылі ў адным з баёў. Замест фарбы была вакса з сажай, клішэ рабілі з бярозавых чурак. Было выдадзена 1000 экзэмпляраў.
Потым, ужо ў Маскве, Анатоль Астрэйка сабраў свае партызанскія вершы і ўключыў іх у зборнік «Крамлёўскія зоры» (1945 г.).
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Пятровіч актыўна ўключыўся ў аднаўленне літаратурнага і культурнага жыцця Беларусі. Творчасць Астрэйкі – гэта ўнікальны сплаў тонкага лірызму і вострай сатыры. Як паэт, ён быў майстрам пейзажнай і любоўнай лірыкі. Яго вершы напоўнены водарам зямлі, яны меладычныя і простыя, што зрабіла многія з іх народнымі песнямі.
Аднак ёсць і іншы Астрэйка – непрымірымы сатырык. Доўгі час ён працаваў у часопісе «Вожык», дзе яго трапнае слова біла па заганах грамадства, бюракратызму і несправядлівасці. Яго гумар ніколі не быў злым, ён хутчэй нагадваў народную жартоўную прыпеўку – вострую, але справядлівую.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны выйшла шмат кніжак паэзіі Астрэйкі. Яго знакаміты зборнік «Слуцкі пояс» быў афіцыйна перавыдадзены ў 1964 годзе. Выйшлі «Добры дзень» (1948 г.), «Зямля мая» (1951 г.), «Песня дружбы» (1956 г.), «Бацька мой Нёман» (1961 г.), «Сэрца насцеж» (1965 г.), «Цвіціце верасы» (1975 г.), «Зямная Случчына» (1977 г.), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980 г.). Выдадзены «Выбраныя творы» у 2-х тамах (1970, 1981 гг.).
А яшчэ ён аўтар вершаў адной з самых вядомых беларускіх песень «Песня пра Нёман».
Ой, Нёман, ой, бацька наш Нёман,
Як сонца, як дзень дарагі,
Садамі цудоўнай Радзімы
Твае расцвілі берагі.
У 1941 годзе Анатоль Астрэйка напісаў верш, прысвечаны Нёману. У 1946 годзе ён стварыў больш лірычны варыянт верша, які і стаў тэкстам песні, музыку да якой напісаў Нестар Сакалоўскі, аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР. Упершыню песню выканаў народны артыст Беларусі Мікалай Варвулёў у лютым 1955 года ў Маскве падчас Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры.
У 1957 годзе песня была запісана ў студыі і трапіла на пласцінку найлепшых запісаў Варвулёва, якую выдала студыя «Мелодыя». Пасля Варвулёва «Песню пра Нёман» спявалі іншыя артысты, у тым ліку Іосіф Кабзон.
Паэт таксама пакінуў багатую спадчыну для маленькіх чытачоў. Яго дзіцячыя вершы, казкі вылучаюцца светлым настроем, павучальнасцю без назойлівасці і гульнёй слоў. Кнігі Астрэйкі вучаць дзяцей заўважаць прыгажосць навакольнага свету і любіць сваю мову.
Яго знакамітая паэма «Прыгоды дзеда Міхеда» пабачыла свет у гады Вялікай Айчыннай вайны, а надрукавана была ў 1954 годзе. Гэта гісторыя пра нязломнасць беларускага характару, прагу да волі і аптымізм, які дапамагае выстаяць у самыя цяжкія часы. Кніга застаецца актуальным прыкладам таго, як моцнае слова і гумар могуць быць сапраўднай зброяй.
Памёр Анатоль Пятровіч Астрэйка 23 жніўня 1978 года ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках. За сваю працу быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Анатоль Астрэйка пакінуў пасля сябе больш за дзесяць зборнікаў паэзіі, але галоўнае яго дасягненне – гэта захаванне жывой беларускай мовы ў яе самым натуральным выглядзе. Ён пісаў так, як дыхаў, без штучнага пафасу, шчыра любячы свайго чытача. Раім пазнаёміцца з яго творамі: Постаць Анатоля Астрэйкі – гэта прыклад таго, як літаратар можа быць адначасова і пяшчотным лірікам, і мужным абаронцам, і мудрым настаўнікам для наступных пакаленняў.
- Предыдущий Цикл видеороликов «З вечнага» «Живая нить времен: от книг к народной песне»
- Следующий Литературно-игровая мастерская «Читаем. Творим. Мастерим»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты

















