24 кастрычніка 2024 года – 110 гадоў з дня нараджэння Міколы Жука (1914-1995)

«Усё светлае сваёй душы
Я аддаваў радку скупому.
Без верша я не мог бы жыць,
Служыць вялікаму, святому».
 «Мая апора» Мікола Жук

Мікалай Андрэевіч ЖукМікалай Андрэевіч Жук, паэт, педагог, наш зямляк, нарадзіўся 24 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Паўстынь, што на Случчыне, у сялянскай сям’і.

Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе. Пасля яе заканчэння пайшоў працаваць, як і многія яго равеснікі. Вядома ж, час быў цяжкі, трэба было дапамагаць бацькам. Працаваў на торфараспрацоўках, чыгунцы. Вечарамі пасля працы Мікола хадзіў на вучобу ў школу калгаснай моладзі, якая знаходзілася за пяць кіламетраў ад Паўстыні, у гарадскім пасёлку Урэчча, зараз гэта Любанскі раён. Там Мікола Жук і пачаў пісаць свае вершы. Закончыў настаўніцкія курсы пры школе і ў 1933 годзе пачаў працаваць у Грэскім раёне.

У 1935 годзе Мікола Жук быў на вайсковых зборах у Мінску, дзе напісаў некалькі вершаў. Адзін з іх – «Мінску», з’явіўся ў газеце «Літаратура і мастацтва» у тым жа годзе.

Вершы яго заўважылі, пахвалілі. А Мікола Хведаровіч нават прапанаваў яму вучыцца. Менавіта пры садзейнічанні Мікалая Фёдаравіча ў 1935 годзе Мікола Жук паступіў на рабфак пры Беларускім дзяржаўным універсітэце з накіраваннем Саюза пісьменнікаў БССР. А праз два гады стаў студэнтам літаратурнага аддзялення Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага.

Вершы Міколы Жука пачалі друкаваць розныя перыядычныя выданні: «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Полымя рэвалюцыі». Малады паэт вельмі ганарыўся, што яго вершы знаходзяцца побач з вершамі класікаў беларускай літаратуры – Янкам Купалам і Якубам Коласам. У гэты ж час ён пазнаёміўся з дзяўчынай Палінай, якая стала яго жонкай.

Давучыцца Мікола не паспеў. Пачалася Вялікая Айчынная вайна.  З Мінска маладая пара вярнулася дадому, на Случчыну. І ў чэрвені 1941 года з’явіўся верш «Паўшым».

Спіце вы, загінуўшыя, спіце.
Хто дзе ўпаў, дзе пахаваны быў,
Хто ў бары, хто ў пераспелым жыце
На палях вялікай барацьбы.

Мікалай Андрэевіч становіцца партызанскім сувязным. А калі стала небяспечна, разам з сям’ёй, на той час у яго ўжо была маленькая дачка Тамара, перабраўся ў лес да партызан. Змагаўся Мікола Жук у атрадзе імя Катоўскага 64-й партызанскай брыгады імя Чкалава, якая дзейнічала на Любаншчыне, у раёне вострава Зыслаў. Мужна ваяваў і не пераставаў пісаць вершы. У той страшнай вайне загінулі яго браты, баявыя таварышы. Таму ваенная тэма стала галоўнай у яго творчасці. Усё жыццё Мікалай Андрэевіч помніў загінуўшых на вайне, стараўся ўшанаваць іх памяць: «Загінулі ў бітвах суровых, а з думак маіх не ідуць».

Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны».

Мікалай Андрэевіч ЖукУ 1944 годзе, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Жука накіравалі працаваць на Случчыну настаўнікам у Вясейскую сярэднюю школу. Затым была вёска Старцавічы (цяпер Знамя), дзе Мікалай Андрэевіч адпрацаваў трынаццаць гадоў. З 1959 года ён настаўнічаў ва Урэцкай сярэдняй школе, ужо Любанскага раёна, а жыў у вёсцы Мерашыно Слуцкага раёна, што зусім побач з роднай Паўстынню. Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру.

Трэба адзначыць, што Мікалай Андрэевіч быў цудоўным настаўнікам, вельмі любіў літаратуру. Часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы. Цікава праводзіў факультатыўныя заняткі. Расказваў вучням займальныя факты пра пісьменнікаў і паэтаў, якія не пачытаеш у школьных падручніках. Вучыў рабят быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Усё жыццё аддаў я дзетвары,
А сабе на старасць змог пакінуць
Нерастрачанай душы парыў
І аб вучнях светлыя ўспаміны.

Сярод вучняў Мікалая Андрэевіча быў і вядомы беларускі пісьменнік Павел Місько. Павел Андрэевіч адзначаў: «… Па ўсёй краіне раз’ехаліся тысячы яго вучняў, выхаванцаў (амаль паўвека педагагічнай работы!). І яны, яго духоўныя нашчадкі, панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў, і многія з іх таксама сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіла – рунела, каб давала важкія каласы».

паэтычны зборнік «Ля падножжа маіх святынь»За педагагічную дзейнасць узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».

І ніколі Мікалай Андрэевіч не пераставаў пісаць вершы, паэмы,  апавяданні, лірычныя замалёўкі. Іх друкавалі газеты і часопісы «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Во славу Родины», «Полымя», «Голас Любаншчыны», «Слуцкі край» і іншыя.

Але, на вялікі жаль, часцей пісаў «у стол», амаль нікому не паказваў напісанае. І толькі ў снежні 1995 года, пасля смерці паэта, дзякуючы намаганням дачкі Таццяны, у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці выйшаў у свет невялікі паэтычны зборнік  «Ля падножжа маіх святынь». Аўтар толькі паспеў патрымаць у руках  вокладку кнігі. Тыраж яе складае 1000 экзэмпляраў. Налічвае 83 творы, аб’яднаныя ў чатыры раздзелы: «Паклон маладосці», «Водгулле вялікай вайны», «Цяплом роднай зямлі», «Насустрач будучыні».

У кастрычніку 1995 года Мікалай Андрэевіч Жук пайшоў з жыцця. Пахаваны ў роднай вёсцы Паўстынь.

 

Цікавыя факты:
  • На Беларускім радыё на працягу 1992-1994 гадоў прагучалі тры перадачы пра жыццё і творчасць Міколы Жука.
  • 9 мая 1995 года ў рэпартажы, які вёўся з плошчы Перамогі ў горадзе Мінску ў час святкавання 50-годдзя Перамогі савецкага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прагучаў верш Міколы Жука «Вернасць».
  • У 2014 годзе ў серыі «Любаншчына літаратурная» была выдадзена кніга паэзіі Міколы Жука «Запаветнае», у якой змешчаны 89 вершаў і дзве паэмы, аб’яднаныя ў пяць раздзелаў.
  • Тры вершы Міколы Жука «Краса твая», «Случчына», «Матулі» пакладзены на музыку.

Паэт Уладзімір Паўлаў напісаў у прадмове зборніка «Ля падножжа маіх святынь»: «Па свайму характару, па тых патрабаваннях, якія прад’яўляе Мікола Жук да паэтычнага слова, ён не стукаўся ў выдавецкія дзверы, не шукаў сабе спагадлівага ўдумнага рэдактара. Іначай гэта сустрэча з чытачом магла адбыцца і трыццаць, і сорак гадоў таму назад». Але добра, што сёння ёсць зборнік Мікалая Андрэевіча Жука, які можна зябь у рукі, пагартаць і пачытаць. І знайсці для сябе вершы, якія ўскалыхнуць душу і сэрца.

  1.  «Паўшым» (1941 г.);
  2. «Партызанская ноч» (1943 г.);
  3. «У блакаду» (1944 г.);
  4. «Случчына» (1947 г.);
  5. «Ля Зыслаўскага мемарыялу» (1975 г.);
  6. «Маіх лістоў ты пэўна не збірала…» (1978 г.);
  7. «Трывожныя водбліскі» (1994 г.).

Ведаем, што хутка будзе выдадзена яшчэ адна кніга Мікалая Андрэевіча. Чакаем.

Светлыя ўспаміны аб цудоўным паэце, настаўніку жывуць у памяці тых, каму пашчасціла сустракацца з ім, вучыцца ў яго, хто меў гонар ведаць Мікалая Андрэевіча Жука.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты