24 чэрвеня 2025 года – 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (1900-1944)
«Чалавек – гэта цэлы свет».
Кузьма Чорны
Кузьма Чорны (сапраўднае імя пісьменніка Мікалай Карлавіч Раманоўскі) – непераўзыдзены беларускі раманіст, драматург, публіцыст, мовазнаўца, якога часта называюць беларускім Дастаеўскім, нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі, на Случчыне, зараз гэта Капыльскі раён Мінскай вобласці.
Як і большасць сямей таго часу, яна была вялікай. Бацькі Карл Феліксавіч і Гліцэра Міхайлаўна выхоўвалі пяцёра дзяцей, Мікалай быў старэйшы. Род Раманоўскіх быў сялянскі, таму заўсёды яны жылі бедна, шмат працавалі. Чорны пазней успамінаў: «Гэта быў жудасны час, калі кавалак хлеба і палатняная рубашка – адна на год, здавалася шчасцем. Так жылі ўсе тыя людзі, сярод якіх я вырас і выгадаваўся. Так жыў народ». Калі Мікалаю споўнілася сем гадоў, сям’я пераехала ў фальварак Вінцэнтава. Школы паблізу не было, таму маці будучага пісьменніка, жанчына простая, але начытаная і мудрая, якая разумела ролю адукацыі ў жыцці сваіх дзяцей, хацела, каб старэйшы сын абавязкова вучыўся. Гэта яна навучыла малога Мікалая чытаць па складах. У 1908 годзе сям’’я пераязджае ў мястэчка Цімкавічы, на радзіму бацькі. Тут Мікалай Раманоўскі хадзіў у першы клас Цімкавіцкага двухкласнага вучылішча, дзе паказаў сябе здольным вучнем: ён добра маляваў, быў вельмі музычным, сам навучыўся іграць на піяніна, фісгармоніі, балалайцы, разам з маці спяваў у царкоўным хоры, вельмі любіў чытаць. Першай кнігай хлопца была казка Пятра Яршова «Канёк-Гарбунок».
А яшчэ Мікалай шчыра і аддана любіў сваю малую радзіму, яе прыроду. Маці і дзед Міхал Парыбак часта гулялі з дзецьмі па родных мясцінах, любаваліся велічнымі дрэвамі, слухалі спеў птушак. Значна пазней у няскончанай эпічнай аповесці «Скіп’ёўскі лес», пачатай незадоўга да смерці, Кузьма Чорны пісаў: «Усе дваццаць дзве хаты Скіп’ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабіннікам. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць у голлі чырванабокія «цыганкі». Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета». А яшчэ ён казаў: «дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма».
У 1916 годзе Мікалай Раманоўскі паступіў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе не трэба было плаціць, а наадварот, лепшым вучням нават давалі стыпендыю. Менавіта там раскрыўся яго артыстычны талент. Юнак наведваў драматычны гурток. Навучэнцы падрыхтавалі спектакль «Паўлінка», дзе Мікалай выдатна ўвасобіў ролю Пранцыся Пустарэвіча. Там жа, у семінарыі, ён пачаў пісаць. Свае раннія сачыненні хлопец зачытваў сябрам, цікавіўся іх думкамі. На жаль, скончыць вучобу Раманоўскаму не ўдалося: у снежні 1919 года палякі закрылі семінарыю, а пасля іх адыходу Нясвіж застаўся на польскай тэрыторыі і фінансаванне адукацыйнай установы спынілася.
Таму Мікалай вярнуўся ў родныя Цімкавічы. У гэты час памірае маці, і хлопцу прыйшлося працаваць, каб дапамагчы сям’і. Раманоўскі служыць спачатку ў Цімкавіцкім валасным рэўкоме, затым у Слуцкім павятовым ваенкамаце. У 1922 годзе настаўнічае ў Цімкавічах, у сямігодцы. Але Мікалай разумее, што патрэбна вучыцца далей, каб займацца літаратурнай дзейнасцю.
Некалькі апавяданняў, напісаных пад уплывам Максіма Горкага, нават у Петраград асмеліўся паслаць, але адказ прыйшоў адмоўны. 5 мая 1923 года адно з апавяданняў – «На граніцы» з’явілася ў газеце «Савецкая Беларусь». Праз некалькі дзён надрукавалі другое – «На варце». Пад творамі стаяў псеўданім Кузьма Чорны. Гэта некалі была вулічная мянушка дзеда пісьменніка Міхася Парыбка, вядомага майстра-сурвэтніка.
І ў 1923 годзе малады чалавек ад’язджае ў Мінск і паступае на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Менавіта з гэтага часу ён пачынае актыўна друкавацца ў мінскіх газетах. Пачынаў свой літаратурны шлях Кузьма Чорны з паэзіі. Гэта былі вершы пра прыроду, таксама пісаў фельетоны. Але пазней Чорны захапіўся прозай.
У час вучобы ва ўніверсітэце хлопец яшчэ і падзарабляў: разгружаў вагоны. Праца была вельмі цяжкая, Кузьма Чорны захварэў, нават перанёс аперацыю. Пасля гэтага ён пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». Нават давялося на нейкі час пакінуць універсітэт.
У 1923 годзе Кузьма Чорны стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». А ў 1925 годзе выходзяць яго першыя зборнікі – «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У гэтым жа годзе Чорны прыязджаў у Слуцк і прымаў удзел у злёце акруговай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У Слуцку пісьменнік знаёміцца з дачкой начальніка Слуцкай тэлефоннай станцыі – Зінаідай Кобрык, пачынаючай паэткай, якая пісала пад псеўданімам Іда Чырвань. Маладыя людзі пажаніліся, але гэты шлюб так і не стаў шчаслівым.
У 1926 годзе выходзяць зборнікі апавяданняў «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Кузьма Чорны ў маі 1926 года становіцца старшынёй літаратурнага аб’яднання «Узвышша». У другі раз стварае сям’ю, нараджаецца дачка Рагнеда.
Праз год, у 1927 годзе пісьменнік друкуе свой першы вялікі твор – раман «Сястра», а ў 1928 годзе выходзіць другі раман Чорнага – «Зямля». Пісьменнік вельмі плённа працуе, амаль кожны год выходзяць яго творы – урыўкі з рамана «Вецер і пыл», аповесць «Лявон Бушмар». У 1929 годзе пабачыў свет яго зборнік «Вераснёвыя ночы», які з’яўляецца вяршыняй майстэрства Кузьмы Чорнага ў жанры апавядання.
З 1931 па 1937 гады ён стварае раманы «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Трыццаць год», апавяданне «Люба Лук’янская».
У 30-я гады XX стагоддзя Кузьма Чорны не толькі шмат пісаў, але і прымаў актыўны ўдзел у літаратурным жыцці краіны. Быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў літкансультантам у кабінеце маладога аўтара, рэдагаваў творы пачынаючых пісьменнікаў. І вельмі радаваўся, калі ўдавалася знайсці новых таленавітых маладых аўтараў. Яго лічыў сваім настаўнікам Іван Мележ. Гэта Кузьма Чорны разгледзеў талент празаіка ў маладым Янку Брылю.
Арыштаваны ў кастрычніку 1938 года, пісьменнік восем месяцаў прасядзеў у мінскай турме, з іх шэсць – у камеры-адзіночцы. Там ён страціў здароўе і пражыў пасля вызвалення ўсяго пяць гадоў, памёршы ў лістападзе 1944 года ў нядаўна вызваленым ад нацыстаў Мінску.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Кузьма Чорны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Маскве і змяшчаў публіцыстычныя артыкулы, нарысы, фельетоны і апавяданні ў газетах «Савецкая Беларусь» і «Раздавім фашысцкую гадзіну», у часопісе «Беларусь» друкаваў раманы. За гэты час з’явіліся зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца», зборнік фельетонаў і памфлетаў «Кат у белай манішцы», раманы – «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях». Асобныя рукапісы твораў пісьменніка ваеннага часу не захаваліся: згарэлі яшчэ ў першыя дні вайны. Свае апошнія творы, сярод якіх «Скіп’ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка» і іншыя, ён не паспеў скончыць. Тады ж у пісьменніка здарыўся першы інсульт. Ён пачаў весці дзённік, свой, мабыць самы шчымлівы твор.
Пасля перанесенага інсульту, Кузьма Чорны практычна аслеп. Але не ствараць не мог, таму браў аркуш паперы, клаў трафарэт, намацваў пальцамі літары і пісаў. Менавіта такім чынам узнік раман «Пошукі будучыні».
У верасні 1944 года Кузьма Чорны з сям’ёй вярнуўся ў разбураны вайной Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».
На працягу свайго нядоўгага жыцця шмат займаўся перакладамі. Ён пераклаў на беларускую мову «Дуброўскага» і «Капітанскую дачку» Пушкіна, гогалеўскага «Рэвізора», «Варвараў» Максіма Горкага, Гашака – «Прыгоды ўдалага салдата Швэйка» і іншых.
22 лістапада 1944 года пісьменнік памёр ад паўторнага інсульту. «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» Гэтыя словы сталі апошнім запісам у яго дзённіку. Пахавалі Кузьму Чорнага на Вайсковых могілках у Мінску.
Пісьменнік быў узнагарожаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалём.
Беларусы захоўваюць памяць пра выдатнага земляка. У Цімкавіцкай школе, якая носіць імя пісьменніка, з 1964 года існуе літаратурны музей Кузьмы Чорнага.
Вуліцы, названыя ў гонар таленавітага пісьменніка, маюцца ў Мінску, Бабруйску, Нясвіжу і Слуцку.
У Беларусі Кузьму Чорнага ўжо даўно ставяць у адзін шэраг з такімі майстрамі слова, як Дастаеўскі, Горкі, Шолахаў, Бальзак, Заля, Стэндаль. За дваццаць адзін год творчасці пісьменнік стварыў шмат апавяданняў, раманаў, аповесцей, п’ес, твораў для дзяцей, літаратурна-крытычных артыкулаў. Некаторыя з іх мы раім вам пачытаць: Удумлівы апавядальнік і глыбокі псіхолаг, Кузьма Чорны за свой кароткі жыццёвы век здолеў у раманах адлюстраваць лёсы некалькіх пакаленняў беларусаў, устаць у шэраг нацыянальных класікаў, падняць беларускую прозу на сусветны ўзровень. Васіль Вітка казаў: «Сваім вострым, трапным вокам ён умеў вызначыць самую сутнасць з’явы, убачыць у чалавеку галоўнае і самабытнае. Здавалася, што душа гэтага чалавека ўвабрала ў сябе душу народа – яе весялосць і смутак, яе радасць і гора, яе шчырую даверлівасць і сумненне, яе дапытлівасць і дасціпнасць».
- Предыдущий Историко-патриотический альманах «Дорогами Победы: Брестская крепость»
- Следующий Встреча с дочерьми поэтэссы Альбины Самусевич, Натальей и Ольгой
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты



















