24 лютага – 85 гадоў з дня нараджэння Рыгора Барадуліна (1935-2014)
Радзі, зямля, ты —
шчодрая і сціплая.
Каб толькі маразоў не знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве —
Сівых стагоддзяў рэха:
— Бе-ла-русь!..
Р. Барадулін
Імя Рыгора Барадуліна ведае ці не кожны беларус. Нават калі не цікавіцца літаратурай, то песні на вершы Барадуліна чуў не раз. “Трэба дома бываць часцей”, “Будзьма”, “Зорка босая”, “Белая яблыня грому” – знаёмыя як старэйшаму пакаленню, так і моладзі. Яго паэзія вельмі спеўная і яскрава падкрэслівае пявучасць нашай мовы.
Рыгор Барадулін – геній, сціплы, іранічны і просты ў зносінах. Нягледзячы на званні і ўзрост, для большасці знаёмых народны паэт быў дзядзькам Рыгорам.
Рыгор Іванавіч нарадзіўся на хутары Верасоўка, што на Віцебшчыне. Ад раённага цэнтра Ушачы хадзілі з бацькам пешшу туды і адтуль. Бацька, Іван Рыгоравіч, працаваў цесляром у райкамунгасе. У 1939 годзе сям’я пераехала ва Ушачы.
У вайну Іван Барадулін ваяваў у партызанскім атрадзе і загінуў падчас блакады – карнай нямецкай аперацыі супраць партызанаў. Боль, ад таго, што застаўся без бацькі, жыў з Рыгорам Іванавічам усе гады яго жыцця. Верш “Бацьку” быў надрукаваны ў зборніку “Рунець, красаваць, налівацца!” у 1961 годзе.
У дадатак да гэтай бяды згарэла і бацькава хата. Аўдавелая маці адна несла на сваіх плячах нястачу і цяжар вайны, гадавала сына. Жылі яны на заробак маці, якая працавала прыбіральшчыцай райспажыўсаюза. Акуліна Андрэеўна – вясковая жанчына, прыклад простага жаночага і чалавечага подзвігу. Ёй Барадулін прысвяціў шмат вершаў, паэму “Куліна”, кнігу “Евангелле ад мамы”.
Ад маці і бабулі Маланні засвойваў Рыгор беларускую народную мову, паазерскі фальклор. Мова — гэта ад маці, прызнаваўся паэт. І дадаваў: яна была для яго самым значным філолагам. Народная мова стала для яго святыняй яшчэ ў дзяцінстве.
У старэйшых класах хлопец спрабаваў пісаць вершы, яны з’явіліся ў друку пад псеўданімам Алесь Чабор. Быў рэдактарам сатырычнай насценнай газеты “Калючка”. Аднойчы на вечары школьнай самадзейнасці нават выступіў са сваёй байкай.
У 1954 годзе Рыгор скончыў школу і рашыў паступаць на філалагічны факультэт БДУ. Але грошай у сям’і не хапала. Таму маці прадала цялушку, каб сын здолеў паехаць у Мінск.
Ён вучыцца разам з Міхасём Стральцовым, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам. Адным з выкладчыкаў Барадуліна быў Іван Навуменка. Менавіта ён прывіў Рыгору любоў да творчасці Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Ва ўніверсітэце ён больш глыбока знаёміцца з творчасцю Пімена Панчанкі, Анатоля Вялюгіна, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа. Паэму “Новая зямля” Барадулін ведаў у маладосці на памяць.
З рускіх паэтаў Рыгор Іванавіч знаходзіўся пад уражаннем ад Міхаіла Лермантава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Грыбаедава, Восіпа Мандэльштама, Андрэя Вазнясенскага. Але найбольшы ўплыў на маладога паэта пакінуў Сяргей Ясенін.
Сярод сусветных паэтаў Барадулін адзначаў Тараса Шаўчэнку, Генрыха Гейнэ, Уільяма Шэкспіра і Амара Хаяма.
Першыя сталыя вершы Рыгора Іванавіча з’явіліся ў 1953 годзе ў шматтыражцы БДУ “За сталінскія кадры”, яшчэ тады, калі ён нават не быў студэнтам. Потым яго творы друкавала “Чырвоная змена”, вершы і рэцэнзіі на іх змяшчалі газеты “Літаратура і мастацтва”, “Віцебскі рабочы”, “Гомельская праўда”, “Звязда”, “Калгасная праўда”, часопісы “Вожык”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”, “Дзвіна”, “Беларусь”.
У 1956 годзе ў складзе студэнцкага атраду Рыгор пабываў у Казахстане, дзе паднімалі цаліну. Пад уплывам паездкі ў маладога творцы з’явілася паэтычная нізка “Цалінныя вершы”, якая апявала энтузіязм працоўнай моладзі і маштабнасць яе подзвігу. “Цалінныя вершы” былі адзначаны сярэбраным медалём VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Гэтыя вершы склалі асноўны змест першай кнігі “Маладзік над стэпам” (1959 г.).
У 1959 годзе Рыгор Барадулін скончыў БДУ і быў прыняты на работу ў галоўны друкаваны орган ЦК кампартыі БССР – вядучую рэспубліканскую газету “Советская Белоруссия”.
Адным з першых яго рэдакцыйных заданняў стала камандзіроўка ў Гродна, каб узяць інтэрв’ю ў перспектыўнага пісьменніка Васіля Быкава. Тая паездка Барадуліна стала пачаткам іх сяброўства на доўгія гады. Рыгор Іванавіч умеў сябраваць. Ён быў найлепшым паслядоўнікам Пятруся Броўкі, найлепшым сябрам і суразмоўцам Уладзіміра Караткевіча.
Працаваў Рыгор Іванавіч у розных выдавецтвах і перыядычных выданнях – у “Бярозцы”, “Полымі”, “Беларусь”. Выдавецтву “Мастацкая літаратура” аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1984 годзе. І шмат пісаў – выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Усе, хто ведалі яго, адзначалі вялікую працаздольнасць паэта.
Барадулін захапляўся перакладамі. Перакладаў усіх. Перакладаў заўжды. Перакладаў паўсюль, дзе ездзіў. Мусіць, няма на свеце такой краіны, чыіх паэтаў не перакладаў Барадулін. Дзякуючы Рыгору Іванавічу, на беларускай мове выйшлі “Слова пра паход Ігаравы”, творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хаяма. Таксама актыўна перакладалі і яго. Напэўна, больш за Барадуліна нікога з беларускіх паэтаў і не перакладалі.
У 2013 годзе выйшаў “Вушацкі словазбор” Рыгора Барадуліна”. Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы літаратара – Ушаччыны – гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай “вушацкай” культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных “вушацкіх” імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве.
У 2015 годзе ўжо пасля смерці Барадуліна выдадзены першы выпуск “Дзённікаў” паэта. Запісы з нататнікаў, дзённікаў з 1951 па 1969 гады, вершы, якія раней не друкаваліся, эпіграмы, нават малюнкі. Гэта кніга пачалася з дзённікавых запісаў Рыгора, калі ён яшчэ быў васьмікласнікам. Упершыню тут друкуецца самая першая, невядомая раней паэма “Зацвітаюць купавы” (1958-1959), прысвечаная лёсу бацькоў паэта.
Рыгор Барадулін пісаў і выдатную літаратуру для дзяцей. Ён аўтар кніжак дзіцячых вершаў і казак “Выпаў грук у грома з рук”, “Азбука. Вясёлы вулей”, “Мех шэрых, мех белых”, “Ці пазяхае бегемот?”, “Ішоў коця па канапе”, “Індыкала-кудыкала” і іншых.
Рыгор Іванавіч Барадулін – апошні беларус, якому ў 1992 годзе прысвоена званне “Народны паэт”. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў “Рум” і пераклады з Гарсіі Лоркі, узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалём Францыска Скарыны.
У Барадуліна заўжды было шмат гумару, а яшчэ больш іроніі. Ён больш весяліўся, чым злаваўся, калі бачыў карыкатуры на сябе і чуў вострыя словы пра сваю персону. Рыгор Іванавіч быў перакананы, што вершы мусяць здзіўляць і весяліць публіку. Да самай старасці ён насіў клятчастую цёмна-чырвоную смешную кепку.
Памёр Рыгор Іванавіч 2 сакавіка 2014 года ў сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў пакут ад хваробы Паркінсона. Смерць была раптоўная і імгненная. Пахавалі Барадуліна ва Ушачах побач з магілай мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці.
24 снежня 2017 года ў Мінску ўрачыста адкрылі памятную дошку на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін.
- У 1964 годзе Уладзімір Караткевіч прысвяціў Рыгору Барадуліну напісаную аповесць “Ладдзя Роспачы” і падарыў яе рукапіс.
- Творы Барадуліна перакладзены на 38 моваў, сярод якіх хіндзі, цыганская, ідыш, мангольская, тамільская і іншыя.
- Рыгор Барадулін – нястомны падарожнік. У розны час і з розных нагод ён наведаў многія краіны свету: Польшчу і Балгарыю, Швецыю і Італію, Латвію і Кубу.
- Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II “Рымскі трыпціх” і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года.
- У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў “Ксты”.
Вершы Рыгора Барадуліна змяшчаюць у сабе вельмі важныя грані быцця чалавечага: што такое чалавек, шчасце, каханне, вера ў сябе і вера да Бога. Рыгор Барадулін закаханы ў спадчыну дзядоў нашых, у беларускую мову. Ён ведае — гэта заўсёды набытак, шчасце, дараванае жыццём, гісторыяй. Скарб, які можна памнажаць, захапляцца ім, дзяліцца ім з усімі.
Яго любяць, яго цытуюць, яму прысвячаюць вечарыны і выставы. Чытаць яго можна і без прывязкі да юбілейнай даты. Ёсць што.
- “Чалавек не ўзнікае так”
- “Да роднага парога на паклон…”
- “Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы…”
- “Трэба дома бываць часцей…”
- “Зоркі нашыя ў небе без нас…”
- “Я да цябе хачу ляцець як снег…”
- “Я ёсць таму, што Вы былі са мной…”
У графе “прафесія” Рыгор Барадулин звычайна ставіў “літаратар”. І хай сабе віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі б яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён – паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура.
- Предыдущий Краеведческая экскурсия «Слуцкие пояса. История и современность»
- Следующий Дзень роднай мовы ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі чытачоў раённай цэнтральнай бібліятэкі
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты