22 снежня 2022 года – 100 гадоў з дня нараджэння Алены Васілевіч (1922-2021)

«Я была б шчаслівай, каб мае творы
краналі чытачоў, каб былі ім патрэбныя,
каб нешта падказвалі,
аб нечым папярэдзілі юных…»
Алена Васілевіч

Алена Васілевіч100 гадоў таму назад, 22 снежня 1922 года, у засценку Даманшчына (зараз в. Ліпнікі) Слуцкага раёна ў сям’і ляснога аб’ездчыка нарадзілася знакамітая беларуская пісьменніца Алена Васілевіч. Яна праславілася як аўтар аднаго з самых вядомых айчынных твораў XX стагоддзя – тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…».

Случчына на літаратурнай карце Беларусі – месца абсалютна ўнікальнае. Тут з’явіліся на свет каля 200 пісьменнікаў і паэтаў. І Алена Васілевіч сярод іх займае ці не самае высокае і пачэснае месца.

Дзед будучай пісьменніцы па маці Рыгор Якаўлевіч Гурыновіч у «Памятнай кніжцы Менскай губерніі» запісаны як уладальнік 20 дзесяцін зямлі, дбайны гаспадар, які акрамя сялянскай працы, паважаў пісьменства і навуку. З дзяцінства Алена Васілевіч любіла чытаць, таму Кніга і Слова ў яе артыкулах пішуцца з вялікай літары. «Кніга! Яна рабіла цуды! Яе ўлада над юначай і дзіцячай душой была бязмежная!». Алена вырасла на творах Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра. З матчыных успамінаў ведала, як у 1922 годзе прыязджаў у яе родныя мясціны Якуб Колас. Яго творы дзяўчынка чула ад маці. Верш «Доля батрачкі» і «Раніцу ў нядзельку» з «Новай зямлі» у іх хаце ведалі ўсе на памяць. Якуб Колас з таго часу стаў любімым пісьменнікам. А сваю аповесць «Шляхі-дарогі» паслала ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва з просьбай абавязкова аддаць яе Лынькову, якога лічыла сваім настаўнікам.

Лёс дзяўчынку не песціў. У сямігадовым узросце яна засталася сіратой. Выхоўвалася ў сваякоў – тры гады ў дзядзькі, а калі яго сям’ю раскулачылі, перайшла жыць да стрыечнай сястры. Спачатку вучылася ў школе ў родных Ліпніках, потым у школах вёсак Таліца і Паўстынь. Сямігодку скончыла ў мястэчку Урэчча. У 1937 годзе паступіла ў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Пасля другога курса навучання паехала ў Рагачоў, дзе прадоўжыла вучобу на літаратурным факультэце настаўніцкага інстытута, які скончыла ў 1941 годзе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны працавала ў Чкалаўскай вобласці, у вёсцы Мартынаўка, затым у бібліятэцы шпіталя. Была пісарам страявой часці, загадчыцай бібліятэкі ў Харкаве. Успаміны тых гадоў леглі ў аснову аўтабіяграфічных апавяданняў «Пісар страявой часці», «Тая першая зіма», «Рахмат», «Трэцяя палата», напісаных у 1964-1966 гадах. Іван Мележ аднойчы сказаў: «Пісар страявой часці»… Такі празаік… А ніхто нічога не піша». Мележ ставіў імя Алены Васілевіч побач з самымі высокімі імёнамі сучаснай беларускай літаратуры.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у вайну быў эвакуіраваны, заняткі вялі на падмаскоўнай станцыі Сходня. Туды Алена Васілевіч і паслала дакументы з Харкава. Але яны недзе згубіліся, і ва ўніверсітэт паступіла толькі ў 1944 годзе, калі прыехала ў вызвалены Мінск. Дзяўчыну прынялі на трэці курс філалагічнага факультэта.

Разам з дыпломнай працай пачала пісаць сваю першую аповесць. Закончыўшы ўніверсітэт, у 1946 годзе паехала да мужа ў Курск, дзе чатыры гады адпрацавала літаратурным кансультантам у кніжнай рэдакцыі выдавецтва «Курская праўда». У Мінск вярнулася ў 1950 годзе.

часопіс «Работніца і сялянка», 1962 г.З 1950 па 1972 гады працавала загадчыцай аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», а з 1972 па 1980 гады – загадчыцай рэдакцыі літаратуры для сярэдніх і старэйшых школьнікаў выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1980-1983 гадах у рэдакцыі літаратуры для моладзі выдавецтва «Юнацтва».

Пісаць пачала яшчэ студэнткай. У 1947 годзе на старонках часопіса «Беларусь» была апублікавана аповесць «У прастор жыцця». З таго часу яе творы часта з’яўляліся ў газетах і часопісах, выходзілі асобнымі выданнямі. Майстэрства пісьменніцы праявілася ў апавяданнях для дзяцей. Іх сюжэты падказаны прыгодамі і здарэннямі, што адбыліся з дзецьмі самой пісьменніцы. У большасці твораў шмат гульняў, прыдумак, мілых дзіцячых спрэчак.

У тым жа, 1947 годзе, яна была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР.

А. Васілевіч "Апавяданні"У 1950 годзе выйшла з друку другая аповесць Алены Сямёнаўны «Шляхі-дарогі», аб гераізме і мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З’яўляюцца яе зборнікі апавяданняў «Блізкія знаёмыя» (1954 г.), «Заўтра ў школу» (1956 г.), «Сябры» (1958 г.), «Апавяданні» (1959 г.), «Падслухала сэрца» (1960 г.) і іншыя.

аўтабіяграфічная тэтралогія «Пачакай, затрымайся…»Галоўны твор Алены Васілевіч – аўтабіяграфічная тэтралогія «Пачакай, затрымайся…» – пісалася ў 60-70-е гады XX стагоддзя. Асобным выданнем яна была выдадзена ў 1972 годзе. Тэтралогія аб’яднала аповесці «Расці, Ганька» (1966 г.), «Доля знойдзе цябе» (1968 г.), «Новы свет» (1970 г.), «Пачакай, затрымайся…» (1970 г.). У 1994 годзе апошняе выданне тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…» дапоўнена новым раздзелам «… А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна…». У 1976 годзе тэтралогія была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне дзіцячай літаратуры.

аповесць «Расці, Ганька»Знакамітую аповесць «Расці, Ганька» у 2021 годзе перавыдала «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі». Кніга, якую дапоўнілі чатыры апавяданні розных гадоў, пабачыла свет у серыі «Кніжная паліца школьніка». Унікальнасць выдання – суправаджэнне ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Калі аповесць рыхтавалі да першага выдання 55 гадоў таму, мастак быў студэнтам і стаў першым яе ілюстратарам. Малюнкі таго часу і выкарыстаны ў афармленні кнігі. «З вялікай цікавасцю я чытаў і перачытваў кнігу Алены Васілевіч перад тым, як узяцца за яе мастацкае аздабленне. Трэба сказаць, што аповесць мне спадабалася, уразіла эмацыянальнасцю, шчымлівасцю распаведзенай гісторыі з асабістага жыцця пісьменніцы, а асабліва дакладна перададзеным каларытам часу і такога знаёмага мне з дзяцінства сялянскага жыцця».

Дзеянне твора адбываецца ў вельмі складаны час для краіны – 20-30-е гады мінулага стагоддзя. Гэта гісторыя пра дзяўчынку з маленькай беларускай вёсачкі Зялёная Дуброва. Пад такой назвай у творы выведзены родныя мясціны пісьменніцы. З-за хваробы памірае маці, і Ганька застаецца сіратой. Шмат выпрабаванняў выпадае на долю дзяўчынкі. Але, нягледзячы на цяжкасці, кніга напоўнена святлом, цеплынёй і дабрынёй. Нездарма аповесць «Расці, Ганька» мае падзагаловак «Падарожжа ў адну чароўную краіну». А яшчэ гэты твор аб цудоўных людзях, прыгажосці прыроды, пра мары той пары, пра першае каханне, пра тое, чым жылі галоўныя героі. Пранікнёны, трапяткі аповед пра дзяцінства і юнацтва, які цікава чытаць не толькі дзецям, але і дарослым.

Шмат твораў у Алены Васілевіч пра адносіны чалавека і прыроды: апавяданні «Геша», «Вожык», «Бабуліны кватаранты», «Цюлік», «Браты-артысты», «Мая гаспадарка», усе яны напоўнены любоўю да жывёльнага свету.

Затым з’яўляюцца творы пра няпростыя чалавечыя адносіны: «Мыс Добрай Надзеі», «Вечная тэма», «Грэх», «Навальніца», «Гаварылі трынаццаць мінут…», «Горкі ліпавы мёд».

А яшчэ яна і цудоўная казачніца: даўно любімым творам дзяцей стала яе казка «Калінавая рукавічка», якая ўвайшла ў беларускую дзіцячую класіку.

У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя выдадзены «Выбраныя творы» у 3-х тамах.

У 2002 годзе з’явілася кніга «Першая жонка нябожчыка», куды ўвайшлі апавяданні, эсэ, думкі ўслых, напісаныя ў апошнія гады.

Знаёмства пісьменніцы з часопісам «Маладосць» адбылося тады, калі ім кіраваў Пімен Панчанка. Менавіта «Маладосць» стала тым часопісам, які надрукаваў яе «Расці, Ганька». Твор не вельмі хацелі ставіць у друк, пакуль яго не прачытаў Панчанка. Ён прачытаў – і твор адразу надрукавалі. Да 95-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы часопіс «Маладосць» змясціў у №12 за 2017 год яе апавяданне «Станцыя Чышма».

Алена Васілевіч вядомая таксама як публіцыст, крытык, майстар літаратурных партрэтаў Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Скрыгана, Янкі Брыля, Міхася Лынькова, эсэ «Люблю, хвалююся – жыву» (1986 г.), «Элегія» (1988 г.).

Алена ВасілевічПераклала на беларускую мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975 г.), раман Д.Дэфо «Дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976 г.), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981 г.) і іншыя.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч Беларусі.

Творчасць пісьменніцы заўсёды была цесна звязана са Случчынай, месцам, дзе яна нарадзілася, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва, месца, якое яна не забывала ніколі, шмат прыязджала на радзіму для сустрэч са сваімі чытачамі. Тут Алена Сямёнаўна знайшла і свой апошні прытулак.

Памерла Алена Васілевіч 8 жніўня 2021 года. Пахаванне адбылося на малой радзіме пісьменніцы.

 

Цікавыя факты:

  • Мама Алены Васілевіч, чалавек працавіты, мудры, сумленны, мела толькі чатыры класы адукацыі, але ведала шмат вершаў і нават іграла ролю Паўлінкі ў п’есе Янкі Купалы, калі вучылася ў пачатковай школе.
  • Алена Васілевіч ніколі не складала падрабязнага плана задуманага твора. Быў кароткі план тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…», які змясціўся на папяровай сурвэтцы.
  • Некалі Алена Сямёнаўна нанесла візіт да стаматолага. У гэты час па радыё перадавалі пастаноўку па кнізе пісьменніцы. Урач разгарнула медкарту Алены Васілевіч і кажа: «Слухайце, гэта не вы штодня гучыце тут па радыё?». – «Як гэта не дзіўна, але гэта я», – прызналася Алена Сямёнаўна. «Божа ж мой, я ў школе, калі чытала вашу кнігу, кожны раз плакала», – адказала стаматолаг. «Калі ласка, доктар, зрабіце так, каб я ў вашым крэсле не плакала», – папрасіла пацыентка.
  • У Слуцкім краязнаўчым музеі ў новай экспазіцыі ёсць куток, прысвечаны Алене Васілевіч.

На кнігах Алены Васілевіч выгадавалася не адно пакаленне беларусаў, яе «Пачакай, затрымайся…» для многіх стала любімай кніжкай дзяцінства. Яна з тых аўтараў, якіх чытаюць у школе, творы якіх перакладзеныя на многія мовы. Свет прозы Алены Васілевіч яркі, дынамічны, прыцягальны. Вы адчуеце гэта, прачытаўшы яе творы:

  1. «Арфа» (1951 г.);
  2. «Геша»
  3. «Цюлик»
  4. «Бaбyлiны квaтapaнты»
  5. «Пачакай, затрымайся»

Літаратурны крытык Ала Сямёнава так піша пра Алену Васілевіч: «Увесь свой пісьменніцкі шлях яна расказвала пра чалавека. Пра жанчыну. Пра дзяцей. Пра жыццёвыя дачыненні і калізіі. Пра ўзаемаадносіны людзей, тонка разумеючы іх псіхалогію. Умеючы паглядзець на свет з добрым гумарам і разуменнем, з мяккай усмешлівай іроніяй. З вельмі адчувальным лірызмам». І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты