21 снежня 2019 года — 85 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава (1934-1996)
… творам Івана Чыгрынава наканавана неўміручасць.
Ім жыць роўна столькі, колькі жыць беларусам на зямлі.
Алесь Марціновіч
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля чарнобыльскай трагедыі яго родная вёска апынулася ў зоне радыёактыўнага забруджвання і перастала існаваць.
Выхоўваўся хлопчык у простай сялянскай сям’і: яго бацька працаваў старшынёй сельсавета, маці — звычайная калгасніца. У сям’і было восем дзяцей, і ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей лёг менавіта на плечы маці. Яе ролю Чыгрынаў падкрэсліваў асабліва: “Я ўсім у жыцці абавязаны маці”. Бацька больш займаўся грамадскімі справамі. З набліжэннем гітлераўцаў падаўся за лінію фронту. Ваеннае ліхалецце перажыў, але да сям’і не вярнуўся.
Іван Чыгрынаў належыць да пакалення, у якога вайна прайшлася па самай светлай і радаснай пары жыцця — дзяцінстве. У сваіх творах “Бульба”, “За сто кіламетраў на абед”, “Ішоў на вайну чалавек”, “У ціхім тумане”, “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві” Чыгрынаў імкнуўся паказаць праўду таго суровага і гераічнага часу, праўду, якая адкрылася яго пакаленню, узгадаванаму вайной і балючай памяццю пра яе. “Вайна была самай галоўнай падзеяй у маім жыцці. І не толькі ў маім. Чалавек у ёй быў як на далоні. І сама па сабе філасофія вайны цікавая для пісьменніка. У ёй усё праяўляецца. І чалавек, які ён ёсць, і сістэма, і лад, і традыцыі. Сапраўды ўсё праяўляецца. Найбагацейшы матэрыял для роздуму. Гісторыя вайны – не толькі вопыт, але і навука. Шкада, што мы дрэнна вучымся, здавалася б, у жыцці, у гісторыі нашай усё было. Усякага хапала. Але шмат што паўтараецца”.
У 1940 годзе хлапчук пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Фашысцкая акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будучы літаратар зноў сеў за школьную парту, і ў 1949 годзе паспяхова скончыў сямігодку. Далей Іван Чыгрынаў пайшоў вучыцца ў Саматэвіцкую сярэднюю школу, якую закончыў значна раней другі народны пісьменнік Беларусі — Аркадзь Куляшоў. Хлопец вельмі адказна ставіўся да вучобы. А як жа інакш, калі ў гэтай школе вучыўся сам аўтар паэмы “Сцяг брыгады”.
Яшчэ ў школе юнак захапіўся літаратурай, сам пачаў спрабаваць пісаць вершы. Пасля заканчэння сярэдняй школы Іван Чыгрынаў паступіў на адзяленне журналістыкі філфака БДУ, дзе пазнаёміўся з маладымі і таленавітымі літаратарамі. Разам з ім вучыліся Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык. У час вучобы з 1952 па 1957 гады яго першы верш “Сон трактарыста” быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе “Полымя”, потым іншыя вершы друкаваліся ў “Магілёўскай праўдзе”, “Чырвонай змене”. Аднак паэтам Чыгрынаў так і не стаў. У 1957 годзе ў “Чырвонай змене” была надрукавана яго невялікая аповесць “Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі” пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Але сам пісьменнік лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” з’явілася апавяданне “Праз гады”.
Пасля вучобы ў універсітэце Іван Чыгрынаў працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва “Навука і тэхніка” Акадэміі Навук Беларусі з 1957 па 1962 гады, часопіса “Полымя” з 1962 па 1975 гады, з 1975 па 1986 гады – у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у працы XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1978 года – старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, у 1988 годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1989 года – галоўны рэдактар часопіса “Спадчына”.
Доля адмерала яму толькі 61 год і 15 дзён зямнога жыцця. Па сённяшніх мерках гэта ўвогуле не багата. У літаратуры ён актыўна працаваў тры з паловай дзесяцігоддзі і здабыў шырокае сусветнае прызнанне.
Вялікі пласт творчай працы Івана Гаўрылавіча – яго драматургія, якая вызначаецца драматычнай напружанасцю. Ён аўтар п’ес “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”, “Следчая справа Вашчылы”, “Чалавек з мядзведжым тварам”, “Звон – не малітва”, “Толькі мёртвыя не вяртаюцца”, “Прымак”. Ствараў Чыгрынаў п’есы і па сваіх раманах “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы”. Таксама ён перакладчык “Слова пра паход Ігаравы”, п’ес “На дне” Максіма Горкага і “Аптымістычная трагедыя” Усевалада Вішнеўскага. Прымаў пісьменнік удзел і ў стварэнні сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма “Руіны страляюць”, пастаўленага ў 1973 годзе. За працу над гэтым сцэнарыем ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1974). Праз дваццаць гадоў за дасягненні ў літаратуры Іван Чыгрынаў удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі.
Імя Івана Чыгрынава прысвоена вуліцы ў Магілёве, Касцюковіцкай раённай бібліятэцы. У Мінску на доме №29 па вуліцы Пуліхава, у якім жыў народны пісьменнік, і ў Магілёве на будынку сярэдняй школы №6 па вуліцы Івана Чыгрынава ўсталяваны мемарыяльныя дошкі.
- Яшчэ ў час вайны Іван Чыгрынаў перахварэў брушным тыфам, што і стала адной з прычын яго ранняй смерці.
- Захавалася сямейнае паданне, што васьмікласнікам Іван чытаў свае вершы Аркадзю Куляшову, калі той прыехаў ужо знакамітым у родную вёску.
- У час вайны сям’я Чыгрынавых дапамагала партызанам. У вёсцы ўсе аб гэтым ведалі, людзі нават адпраўлялі да іх партызан, гаворачы “Там вам дапамогуць”. Аб гэтым у пісьменніка ёсць апавяданне “Праз гады”.
- Іван Чыгрынаў казаў, калі б не стаў пісьменнікам, хацеў бы быць астраномам.
- Іван Гаўрылавіч заўсёды знаходзіў час на падарожжы: пехатой хадзіў па беларускіх землях, збіраў вобразы і замалёўкі для будучых твораў. Пры сабе меў толькі кацялок і заплечнік.
- У 1994 годзе зняты фільм, прысвечаны творчасці пісьменніка – “Іван Чыгрынаў”. Рэжысёр Станіслаў Гайдук.
- Пётр Гаўрылавіч Чыгрынаў, брат пісьменніка – доктар гістарычных навук, аўтар падручнікаў па гісторыі Беларусі, прафесар. Пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Асоба гэтага пісьменніка займае своеасаблівае, адметнае месца ў беларускім літаратурным пантэоне. Аўтар раманнай пенталогіі, шматлікіх апавяданняў і п’ес, ён рэалізаваўся ў літаратуры, атрымаў прызнанне і належную ацэнку пры жыцці. Але застаўся для многіх чытачоў перш за ўсё як аўтар рамана “Плач перапёлкі”, які можна назваць цэнтральным у яго творчасці. З яго неабходна пачынаць знаёмства з творчасцю пісьменніка і калі спадабаецца, чытайце другі і трэці том пенталогіі – “Апраўданне крыві” і “Свае і чужыя”. Творы Івана Чыгрынава заслугоўваюць, каб іх чыталі для сябе, для душы.
- “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” (1961г.). Упершыню апавяданне было надрукавана пад назвай “Птушкі ляцяць на волю”.
- “У ціхім тумане” (1963 г.). Першапачатковая назва апавядання “Маці”.
У адным інтэрв’ю ў Івана Гаўрылавіча запыталіся: “Вы аптыміст?” і ён адказаў “Так аптыміст. Хоць часам ад суму няма куды падзецца. Але будзем жыць…” Сапраўды, наша жыццё працягваецца. А жыццё творцы працягваецца ў тым, што ён тварыў – для пісьменніка ў яго кнігах, якія мы можам чытаць і адкрываць свет не толькі аўтара і яго герояў, адкрываць саміх сябе.
- Предыдущий НОВЫЙ ГОД К НАМ МЧИТСЯ: 4 ИСТОРИИ ДЛЯ ВЗРОСЛЫХ И ДЕТЕЙ
- Следующий Литературно-игровая программа «Снежные сказки»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты