18 лютага 2023 года – 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага (1893-1938)
«…мы можам і павінны ганарыцца, што Максім Гарэцкі
з’яўляецца ў нашай культуры постаццю еўрапейскай вышыні».
Ніл Гілевіч
Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Ён адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Адзін з першых гісторыкаў нашай літаратуры. Выдатны рэдактар і публіцыст, цудоўны драматург і філосаф. І гэта ўсё – Максім Гарэцкі.
Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерніі (зараз Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці). У сям’і малазямельных сялян Івана Кузьміча і Ефрасінні Міхайлаўны было, акрамя Максіма, яшчэ чацвёра дзяцей.
Максім быў здольным, цікаўным хлапчуком. Цудоўна граў на скрыпцы, балалайцы, з захапленнем слухаў народныя песні, якія спявала яму маці. Гарэцкі запісаў пазней ад яе 318 песень і выдаў іх асобнай кніжкай «Народныя песні з мелодыямі». Любіў кнігі, шмат чытаў твораў Пушкіна, Лермантава, Дастаеўскага, Талстога, Чэхава, Буніна, Гогаля, Міцкевіча, Ажэшкі, Багушэвіча, Купалы, Коласа, Бядулі.
Вучыцца пачынаў у школе граматы ў суседняй вёсцы Вялікая Багацькаўка, потым — вучоба ў двухкласным вучылішчы ў Вольшы, што ў Аршанскім раёне.
У 1909 годзе Максім паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое скончыў у 1913 годзе.
У 1912 годзе, у час вучобы, у газеце «Наша ніва», якая выдавалася ў Вільні, пачалі з’яўляцца нататкі, допісы Гарэцкага, а 25 студзеня 1913 года ў тым жа перыядычным выданні пад псеўданімам Максім Беларус было апублікавана першае яго апавяданне «У лазні».
Па заканчэнні вучобы Гарэцкі жыў у Вільні, дзе працаваў каморнікам землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерніі. Там ён знаёміцца з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем. А ў 1914 годзе выдае першы зборнік «Рунь».
У тым жа годзе Максіма Гарэцкага прызвалі ў царскую армію. Малады пісьменнік трапіў на фронт 24 ліпеня 1914 года і ўдзельнічаў у жорсткіх баях. Найбольш страшны бой быў 27 жніўня пад Аленбургам, што ў Прусіі. За гэты бой Гарэцкі быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені.
У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, атрымаў званне прапаршчыка, праходзіў службу ў Іркуцку, Гжацку. Затым апынуўся на Палессі. Атрымаў раненне і трапіў у шпіталь, дзе доўга лячыўся. Усе цяжкасці ваеннага часу адлюстраваны ў такіх яго творах, як «Генерал», «Рускі», «Літоўскі хутарок», «Палонны», «На этапе», «Прысяга». Запіскі Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне» даследчыкі лічаць адным з першых твораў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай прозе і ставяць іх у адзін рад з ваеннымі творамі Рэмарка і Барбюса. Апавяданні «Генерал» і «Рускі» крытыкі параўноўваюць з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч».
У 1917 годзе Максім Гарэцкі быў камісаваны з арміі, пераехаў у Смаленск, уладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты «Известия Смоленского Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов». Разам з братам Гаўрылам, будучым вядомым акадэмікам, у 1918 годзе склаў і выдаў «Руска-беларускі слоўнік» — першы вынік працы пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
У пачатку 1919 года адзін з рэдактараў газеты «Звязда» Вільгельм Кнорын запрасіў Максіма Гарэцкага да сябе на работу. На той час газета выходзіла ў Мінску. Але неўзабаве рэдакцыя перабралася ў Вільню. З ёй пераехаў і пісьменнік. У Вільні ён застаўся і пасля раптоўнага захопу горада польскімі войскамі: не паспеў вярнуцца ў Мінск. Там ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе і пазнаёміўся з настаўніцай, дзіцячай пісьменніцай, складальніцай хрэстаматыі для школьнікаў «Родны край» Леанілай Чарняўскай, якая неўзабаве стала яго жонкай. У шлюбе нарадзілася двое дзяцей – дачка і сын. Там жа ім быў выдадзены «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак».
Педагагічную працу Гарэцкі сумяшчаў з працай у газетах «Наша думка», «Беларускія ведамасці», а таксама з літаратурнай дзейнасцю. У гэты час былі напісаны аповесць «Дзве душы», апавяданні «Кросны», «Апостал», «Панская сучка». У 1920 годзе ўбачыла свет «Гісторыя беларускай літаратуры», якая доўгі час была адзіным падручнікам для школ і вышэйшых навучальных устаноў.
У студзені 1922 года Максім Гарэцкі разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай культуры быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў вядомы астрог на Лукішках па абвінавачванні ў сувязях з камуністамі і дзейнасць супраць дзяржаўнага ладу, што афіцыйна так і не пацвердзілася. Але сам пісьменнік пісаў жонцы, што падтрымліваў сувязь з падпольнай камуністычнай арганізацыяй. Арыштаваным пагражала смяротнае пакаранне альбо катарга. Аднак суд не адбыўся: дзякуючы шматлікім пратэстам грамадскасці, зняволеных выслалі з Вільні. Некаторы час Гарэцкі знаходзіўся ў Латвіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. У гэты час пісьменнік стварыў драматычныя абразкі «Салдат і яго жонка», «Каменацёс», «Свецкі чалавек», «Чырвоныя ружы». У ліпені 1922 года вярнуўся ў Вільню, а ў 1923 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Мінск.
У Мінску ён чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта. У 1924 годзе разам з Міколам Байковым склаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік».
З 1926 па 1928 гады Гарэцкі ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У гэты перыяд выйшлі з друку яго аповесці «У чым яго крыўда?», «Ціхая плынь», зборнік «Досвіткі». Пісьменнік ажыццявіў паездку ў Сібір і на Далёкі Усход, вынікам яе стаў цыкл невялікіх апавяданняў «Сібірскія абразкі», прысвечаны жыццю беларусаў-перасяленцаў.
У 1928 годзе Максім Іванавіч разам з сям’ёй вяртаецца ў Мінск, дзе працуе вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта, застаецца ён на гэтай пасадзе і пасля таго, як інстытут быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук.
18 ліпеня 1930 года пісьменніка абвінавацілі ў прыналежнасці да міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі», арыштавалі і асудзілі на пяць гадоў з высылкай у Вятку. Там Гарэцкі працаваў чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, рабочым. У 1935 годзе тэрмін ссылкі закончыўся і ён уладкоўваецца настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці.
Нягледзячы на такія цяжкія абставіны, Гарэцкі не спыняе творчай дзейнасці, піша раман – хроніку «Віленскія камунары», які лічыцца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры 1930-х гадоў.
Працаваў над задуманай яшчэ ў 1920-х гадах «Камароўскай хронікай». Гэта своеасаблівая сялянская, сямейная хроніка, у якой паказаны лёс беларускага народа ад часу прыгоннага права да сучаснасці.
У гэты ж перыяд Максім Гарэцкі працуе над сваімі апошнімі творамі «Лявоніус Задумекус» і «Скарбы жыцця», у якіх адлюстроўваецца драматызм становішча рэпрасаванага пісьменніка, яго роздумы аб жыцці. «Скарбы жыцця» лічыцца даследчыкамі творчасці Гарэцкага своеасаблівай споведдзю яго душы, запаветам нашчадкам. Там ёсць такія радкі: «Усё жыццё праляцела, як адзін дзень. Усё яно – як на далоні… Цану рэчам пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся. І да смерці сябе рыхтаваць я ўмею. Каб прыняць яе меч хоць калі, і без пары, і без усякай патрэбы».
У ноч на 4 лістапада 1937 года Гарэцкага зноў арыштавалі, а 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу. Рэабілітавалі ў 1957 годзе.
Памяць аб класіку беларускай літаратуры, адным з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы, захоўваецца ў краіне. Рэгулярна праводзяцца Гарэцкія чытанні – у Горках, Магілёве і Мінску. Імя пісьменніка ўшанавана ў назвах вуліц, устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі, працуе музей – сядзіба ў Малой Багацькаўцы. У яго гонар названа бібліятэка ў Горках.
- У вучылішчы ў Горках пад кіраўніцтвам Максіма Гарэцкага было створана невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры. У час вучобы чыталі «Тараса на Парнасе», вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа.
- Пад сваімі творамі падпісваўся: «Беларус», «М. Беларус», «Максім Беларус», «М. Б.» і шмат іншых.
- Самым трагічным момантам у сваім жыцці лічыў гібель сястры Ганны, якая папала пад трамвай. Гарэцкі прысвяціў ёй «Хрэстаматыю беларускай літаратуры. XI стагоддзе – 1905 год».
- Пісьменнік, вучоны Аляксандр Сцяпанавіч Вечар, родам са Случчыны, вучыўся ў Гарэцкага, а пісьменнік Юрка Гаўрук, які нарадзіўся ў горадзе Слуцку, працаваў разам з Максімам Іванавічам у Горках.
- Сын Гарэцкага, Леанід, загінуў у баях пад Ленінградам. Вядомыя яго «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна – захавальніца літаратурнага архіва сям’і Гарэцкіх, аўтар шэрагу прац, прысвечаных жыццю і творчасці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку – акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.
- Кнігі Максіма Гарэцкага выдаваліся на рускай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.
- У 2016 годзе ў 12-м томе серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў новы зборнік твораў Гарэцкага.
- У 1993 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка беларуская пошта выпусціла ў зварот паштовую марку.
- У 1997 годзе створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.
У 1960-е гады XX стагоддзя беларускім чытачам пашанцавала: былі апублікаваны амаль усе творы Максіма Гарэцкага. Але творчасць пісьменніка заслугоўвае таго, каб быць вядомай далёка па-за межамі Беларусі, бо яе можна ставіць побач з творчасцю самых выбітных майстроў сусветнай рэалістычнай літаратуры XX стагоддзя. Раім і вам, паважаныя чытачы, далучыцца да чытання яго твораў:
- «Літоўскі хутарок» (1915 г.);
- «Рускі» (1915 г.);
- «Генерал» (1916 г.);
- «Дзве душы» (1919 г.);
- «На імперыялістычнай вайне» (1926 г.).
Максім Гарэцкі пражыў кароткае жыццё. Калі б яму было адпушчана значна болей гадоў, ён стварыў бы яшчэ не адзін значны твор пра Беларусь і беларусаў. Размах творчасці, глыбіня аналізу, тонкасць светаадчування ў яго былі на ўзроўні Льва Талстога. Беларусь жа ён любіў бязмежна, тонка: з болем у душы і светлай верай у будучыню.
- Предыдущий Гульня-падарожжа «Па старонках роднай мовы»
- Следующий Литературное путешествие «Кладовая природы Михаила Пришвина»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты