14 красавіка 2020 года — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Карпюка (1920-1992)
“На працягу свайго жыцця я перабраў шмат прафесій,
і з усіх найбольшае задавальненне мне дае пісанне.
Яно мяне захапіла цалкам.
Пісанне стала маім лёсам, я знайшоў спосаб,
як быць найбольш карысным людзям.
Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”
А.Карпюк “Мая Джамалунгма”
14 красавіка Аляксею Карпюку споўнілася б 100 гадоў… Ён адзіны, каму удалося ўцячы з канцлагера Штутгаф. Партызан, які стаў пісьменнікам. Яго сябар Васіль Быкаў характарызаваў Карпюка як чалавека, “які ўсё жыццё змагаўся са сваім лёсам”.
Аляксей Нічыпаравіч Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава, што ў Заходняй Беларусі. Сёння гэта Польшча, але літаральна праз пару кіламетраў, за вёскай Баброўнікі, пачынаецца Беларусь. Абапал мяжы гэта мясціны, шчыльна заселеныя праваслаўнымі беларусамі.
Сям’я будучага пісьменніка не бедавала, мела 30 гектараў зямлі, 18 з іх – балота. Але польскую шавіністычную ўладу Карпюкі, як і астатнія беларусы-аднавяскоўцы, не шанавалі.
З маленства Аляксей імкнуўся да ведаў. Сем кіламетраў ішоў кожную раніцу ў школу, сем – назад. Па дарозе чытаў. Вучыўся яшчэ ў польскай сямігодцы. Пра гэта ён напісаў у аўтабіяграфічным апавяданні “Першы дзень у школе”.
Любімай кнігай Карпюка быў раман Джэка Лондана “Марцін Ідэн”. Герой Лондана, дужы, валявы, быў для яго ўзорам, з якога варта пачынаць уласнае жыццё.
Міжваенная заходнебеларуская вёска – перанаселеная. У гарадах працы няма. У вёсцы – мала зямлі. Моладзь цягнецца да культуры і адукацыі: ідуць у Таварыства беларускай школы, выпісваюць кнігі і газеты. Самыя радыкальныя, – уступаюць у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Яны збіраліся невялічкімі купкамі па хатах уначы, каб чытаць уголас. Гатовыя былі ісці на любыя пакуты: пад паліцэйскія дубінкі, у канцлагер, нават на смерць.
У 1934 годзе Аляксей закончыў сямігодку. Разам з ёй закончылася маленства. Пачалося юнацтва.
Перад вайной Карпюку ўдалося пазбегнуць турмы: бацька меў грошы і паслаў старэйшага сына на падрыхтоўчыя курсы ў гімназію ў Вільні. Яркія замалёўкі Вільні таго часу можна знайсці ў аповесці “Данута” – мабыць, самым рамантычным і ўдалым творы пісьменніка.
1939 год. Карпюку, калі савецкая ўлада прыйшла ў Заходнюю Беларусь, было ўсяго 19. І тут Нічыпара Карпюка, бацьку Аляксея, новая ўлада абвінавачвае ў тым, што ён меў шмат зямлі, што ён кулак, негледзячы, што ён камуніст. У сям’і баяцца хуткага арышту і высылкі ў Сібір. Але Карпюкоў усё ж не вывезлі. Аляксей паступае ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча, дзе ў той жа час вучыўся яшчэ адзін будучы пісьменнік і літаратуразнаўца – Уладзімір Калеснік. Там ён і сустрэў чэрвень 1941 года. З цяжкасцямі Аляксею ўдаецца вярнуцца дадому ў Страшава.
На пачатку 1943 года ўсіх мужчын з сям’і – Аляксея, брата Валодзю і бацьку Нічыпара арыштоўваюць. Бацьку праз нейкі час выпускаюць, а братоў адпраўляюць у лагер Штутгаф. Можа таму, што дапамагалі савецкім салдатам-акружэнцам, ці таму, што былі дзецьмі старога камуніста – невядома.
Штутгаф, які знаходзіўся непадалёк ад Гданьска, не быў лагерам смерці, але выжыць у ім было няпроста. Збегчы – нерэальна. Але Аляксею Карпюку – адзінаму за ўсю гісторыю Штутгафа – гэта ўдалося. Брат у апошні момант адмовіўся ўцякаць. Валодзя, якога фашысты ў знак помсты жудасна катавалі, усё ж выжыў.
Нейкім цудам Аляксей Карпюк сустрэў палонных палякаў і англічан, якія працавалі на нямецкіх памешчыкаў, і тыя далі хлопцу форму нямецкага чыгуначніка. Аляксей ведаў нямецкую мову, таму без асаблівых цяжкасцяў дабраўся дадому. У чорнай форме чыгуначніка з арламі на пятліцах Карпюк увайшоў у родны дом, а там немцы. Аказалася, што яны кватаравалі ў хаце, а бацькоў выселілі ў прыбудову. І тады Карпюк прымае рашэнне ісці ў партызаны.
Найбліжэйшая партызанская зона – паміж Івацэвічамі і Пружанамі. Карпюк сустракае партызанаў, расказвае пра свае прыгоды, але яму не вераць. Яго садзяць у спецыяльную арыштанцкую зямлянку. Аляксей разумее, што могуць разабрацца, а могуць і расстраляць. Ён робіць падкоп і ўцякае.
Пасля блуканняў па лясах і хутарах хлопец выходзіць на спецгрупу былога ленінградскага інжынера Мікалая Вайцяхоўскага. Той верыць Карпюку, але загадвае вяртацца ў свае мясціны і стварыць там атрад. Аляксей вяртаецца ў раён мястэчка Крынкі і ў пачатку 1944 года стварае атрад імя Кастуся Каліноўскага. У атрадзе каля 60 чалавек. Таксама Карпюк стварае лагер у лесе для мірнага насельніцтва, якія хаваюцца ад немцаў. Падрабязна пра свае ваенныя прыгоды Аляксей Карпюк раскажа ў аповесці “Пушчанская адысея”.
У 1944 годзе ён атрымлівае бронь. Тады многіх партызанскіх камандзіраў пакідалі працаваць у вызваленых раёнах Заходняй Беларусі. Але Карпюк ужо ў восень 1944 года сам ідзе ў ваенкамат. Калі вайна яшчэ прадаўжаецца, то чаму ён, малады і здаровы, будзе адседжвацца па тылах.
Падчас штурму Берліна, ледзь не за тыдзень да канца вайны, яго моцна параніла. Асколак прабіў шынель і вырваў кавалак лёгкага. Да верасня 1945 года Аляксей вымушаны лячыцца ў шпіталі ў Познані. Стаў інвалідам II групы.
Пасля вайны Карпюк вяртаецца ў Гродна і паступае ў педагагічны інстытут на аддзяленне англійскай мовы. Аляксей старанна вучыўся, быў старшынёй студэнцкага прафкама і нават удзельнічаў у гуртках бокса, валейбола і шахмат. Там ён знаёміцца з будучай жонкай. Маладая сям’я жыве ў інтэрнаце для студэнтаў. У 1954 годзе дэбютуе ў друку з жыццярадаснай аповесцю “У адным інстытуце”, якую прысвяціў сваёй альма-матэр.
Далей будучы пісьменнік выкладаў у Гродзенскім педінстытуце, працаваў у абласной газеце “Гродзенская праўда” разам з Васілём Быкавым, быў уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”.
У 1961 годзе Карпюк узначальвае гродзенскае бюро “Інтурыст”. У гэтым жа годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1965 года – сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
У 1970 годзе Карпюк піша “Вершалінскі рай”. Гэта суровая, недаацэненая крытыкамі кніга – гістарычны раман.
У 1977-1981 гадах Аляксею Нічыпаравічу даюць пасаду дырэктара Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі і атэізму ў Гродна. І цяпер Карпюка ўзгадваюць як найлепшага дырэктара музея. Аляксей Карпюк вельмі любіў сваю родную зямлю. Гэта была свядомая пазіцыя, якая сфарміравалася пад уплывам бацькоў. Яны лічылі, што чалавек павінен жыць і працаваць на сваёй зямлі – на Гродзеншчыне. Таму ў дзяцей ніколі не было нават думкі з’язджаць з яе.
У 1992 годзе выходзіць гістарычная аповесць “Белая дама”. Памёр Аляксей Карпюк у 1992 годзе. У 1993 годзе часопіс “Нёман” пасмяротна апублікаваў успаміны Аляксея Карпюка “Развітанне з ілюзіямі”.
Аляксей Нічыпаравіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, залатым крыжам польскага ордэна “Віртуці Мілітары”, медалямі “Партызан Вялікай Айчыннай вайны I ступені”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна” і іншымі. Заслужаны работнік культуры БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа за кнігу “Сучасны канфлікт”.
У красавіку 2019 года была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар славутага пісьменніка Аляксея Карпюка. Яго імем названа адна з вуліц у Гродна.
- Аляксею Карпюку павінны былі прысвоіць званне Героя Савецкага Саюза, усе неабходныя дакументы адправілі ў Маскву, але там вырашылі інакш, Карпюк быў у нямецкім палоне, і, ўвогуле, ён з Заходняй Беларусі.
- Пісьменнік сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы праваслаўным вернікам Каложскай царквы.
- Пісьменнік перапісваўся з Аляксандрам Салжаніцыным, які перадаў Карпюку для магчымай публікацыі сваю п’есу «Свеча на ветру» і апавяданні «Правая кисть», «Как жаль!».
- Аляксей Карпюк шмат чытаў, прычым на розных мовах: рускай і беларускай, англійскай, нямецкай, польскай. У кожным пакоі кватэры стаялі па 3-4 кніжныя шафы. Штомесяц на хатні адрас прыходзіла прыблізна 30 газет і часопісаў.
- Яго раман “Данута” прызнаны лепшым беларускім раманам аб каханні. Выкладчыкі педінстытуту ўспамінаюць, што аповесць “Данута”, у савецкія часы студэнткі бралі пад падушку.
- Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысвоіў Аляксею Карпюку званне “Лепшы чалавек года” за 1992 год.
Аляксей Карпюк – наш недаацэнены пісьменнік. У тым ліку за мову сваіх твораў, у якой ёсць багата чаго, чым можна ўзбагаціць наш лексікон. Пісьменнік быў сапраўдным працаголікам. Кожны свой твор ён перапрацоўваў неаднойчы. Таму творы Аляксея Карпюка мастацка-дасканалыя, цікавыя, і чытаць іх патрэбна ўдумліва і глыбока.
Пісьменнік Аляксей Карпюк пражыў сваё жыццё мужна і сумленна, сціпла і гераічна, без лішняга пафасу.
Данута Бічэль-Загнетава так сказала аб ім: “Цяпер я ведаю, як важна перажыць свой час з чыстым сэрцам і, адступіўшы ў цень, дазволіць іншым згарэць на тым самым вогнішчы. Сэрца людское яднаецца з сэрцам сусвету…”
- Предыдущий Обзор экспресс-выставки «Книжная радуга или спасительный круг чтения»
- Следующий ЭХО ЧЕРНОБЫЛЯ: 4 КНИГИ О КАТАСТРОФЕ
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты