12 лістапада 2025 года 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка (1920 – 1982)
«…Любоў. Любоў з вялікай літары.
Любоў да жыцця. Жыццё любяць усе,
аднак любяць па-рознаму.
Андрэй любіў як змагар, даследчык,
пераўтваральнік, нястомны барацьбіт
за яго чысціню і прыгажосць».
Іван Шамякін
Вядомы драматург, народны пісьменнік Беларусі, чалавек гераічнага лёсу, Андрэй Макаёнак, вылучаўся незвычайным жыццясцвярджальным характарам і талентам. Спектаклі па яго п’есах паставілі каля 160 тэатраў Савецкага Саюза. Іх папулярнасць была неверагоднай.
Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.
Бацька яго быў старшынёй калгаса на Рагачоўшчыне, маці працавала там жа. Дзяцей у сям’і было пяцёра, яны, як і ўсе вясковыя дзеці той пары, былі прывучаны да працы. Андрэй, напрыклад, пасвіў свіней і авечак. У вольны час цікавіўся выяўленчым мастацтвам. Шукаў у школьнай бібліятэцы кнігі пра архітэктуру, скульптуру і жывапіс. Спрабаваў і сам штосьці ляпіць з гліны ці выразаць з дрэва. Гэтая цяга да мастацтва засталася ў Макаёнка і ў дарослым жыцці. Ён добра маляваў. Сам рабіў замалёўкі дэкарацый для п’есы «Лявоніха на арбіце». Працягваў выразаць па дрэве. Нават зрабіў свой бюст, дастаткова падобны.
Скончыў сярэднюю школу ў Журавічах у 1938 годзе. Пасля заканчэння школы паступіў у Рагачоўскі педтэхнікум. Але хлопец там правучыўся нядоўга. Аднойчы маці прыехала праведаць сына, і, ўбачыўшы ў пакоі кватэры, які Андрэй здымаў, клапоў, адразу забрала яго дадому. У тым жа годзе юнак паступіў у ваеннае вучылішча. Але і тут вучоба была непрацяглая. Хутка зразумеў, што яго сапраўднае прызванне — мастацтва.
У 1939 годзе Андрэй паехаў паступаць у Маскву ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Не прайшоў па
конкурсе і вярнуўся дадому. Макаёнка прызвалі ў армію і ён паехаў служыць на Каўказ. У час ваеннай службы Андрэй уступіў у партыю, вывучыўся на палітрука і пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў у званні лейтэнанта.
Дывізія, у якой служыў Макаёнак, праводзіла сумесную аперацыю Савецкага Саюза і Велікабрытаніі ў Іране. Затым у 1942 годзе ён прымаў удзел у Керчанска-Феадасійскім дэсанце. За той бой у Крыме, падчас якога Макаёнак атрымаў раненне, ён быў двойчы прадстаўлены да ўзнагароды. Але медаль «За адвагу» так і не быў уручаны. Другі раз камандаванне вырашыла ўзнагародзіць Макаёнка ордэнам Чырвонай зоркі ў сакавіку 1944 года. Вось што было напісана ва ўзнагародным лісце: «9 красавіка 1942 года палітрук Макаёнак атрымаў загад захапіць перакрыжаванне дарог каля Феадосіі. Уначы разам з ротай салдат лейтэнант зрабіў праход у мінным полі і раніцай 10 красавіка выйшаў на рубеж атакі. У ходзе наступлення лейтэнант быў паранены ў нагу ў першы раз. Наступ пачаў захлынацца, і Макаёнак, нягледзячы на раненне, падняўся і павёў байцоў у атаку. Важнае перакрыжаванне было занятае, але Макаёнак быў паранены ў ногі другі раз».
Дактары ў палявым шпіталі адразу хацелі ампутаваць канечнасці, каб не развілася гангрэна. Але Макаёнак, калі пачуў пра ампутацыю, выхапіў трафейны пісталет і стрэліў уверх: «Не дамся!». Ногі ўдалося выратаваць. Параненага Макаёнка вывезлі ў тыл, дзе ў бальнічных умовах правялі складаную аперацыю. Але 13 асколкаў так і засталіся да канца жыцця ў пашкоджаных нагах.
Пасля шпіталя Макаёнка дэмабілізавалі, і ён стаў працаваць школьным ваенруком у адной з вёсак Грузіі. Калі ў 1943 годзе вызвалілі родную Гомельшчыну, ён вярнуўся на радзіму. Спачатку працаваў сакратаром райкама камсамола ў Журавічах, а затым на гэтай жа пасадзе ў Гродна. Там Макаёнак працаваў нядоўга, папрасіўся назад – бліжэй да сям’і. Бацьку, Ягора Сяргеевіча, у час акупацыі нямецкія захопнікі расстралялі за сувязь з партызанамі. А маці адна выхоўвала малога ўнука Толіка, які рана застаўся сіратой.
Макаёнка перавялі спачатку на партыйную работу ў Магілёў, а затым ужо ў родныя Журавічы, у гаркам. Андрэй Ягоравіч адначасова працаваў і вучыўся ў партшколе ў Мінску. Пасля заканчэння партшколы Макаёнак пачаў сур’ёзна займацца пісьменніцкай дзейнасцю.
Калі працаваў у Гродна, у 1946 годзе для аматараў сцэнічнага мастацтва напісаў аднаактавую п’есу «Добра, калі добра канчаецца», якая была надрукавана ў газеце «Чырвоная змена» і адзначана дыпломам і другой прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. «Пішыце яшчэ», — параілі яму. Былі створаныя п’есы «Ворагі» (1947 г.), «Выйгрыш», «Узыходы шчасця» (1948 г.). Але гэтыя творы не былі надрукаваны ці пастаўлены. Падчас вучобы ў партыйнай школе, Макаёнак наведаў шмат сталічных тэатраў, музеяў і бібліятэк – настолькі вялікай была яго прага да культуры. Тады ж перачытаў і ўсіх магчымых драматургаў.
У 1947 годзе Макаёнак знаёміцца з Іванам Шамякіным, які стаў для яго найлепшым сябрам на ўсё жыццё. Таксама блізка сябраваў Андрэй Ягоравіч з пісьменнікам Аляксеем Кулакоўскім і кінарэжысёрам Пятром Васілеўскім, з якім некалі разам вучыліся ў Журавіцкай школе. У 1949 годзе Макаёнка прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Працаваў рэдактарам аддзела прозы ў сатырычным часопісе «Вожык». У 1951 годзе прынёс у Купалаўскі тэатр сваю п’есу «На досвітку», якую ў гэтым жа годзе апублікаваў часопіс «Полымя».
Наступны твор Макаёнка – сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!» (1953 г.) — стала ў творчасці драматурга самай сацыяльна вострай і смелай п’есай. У ёй няшчадна высмейваюцца кар’ерызм, паказуха, прыпіскі. Прэм’ера спектакля адбылася ў лістападзе 1954 года, а ў лютым 1955 года яго ігралі ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам, станоўча яго ацанілі і тэатральныя крытыкі. Сто дваццаць пяць тэатраў ставілі п’есу і за межамі Беларусі.
З гэтага часу Макаёнак поўнасцю заняўся літаратурнай дзейнасцю.
З 1966 па 1978 гады драматург узначальваў часопіс «Нёман».
У 1957 годзе з’явілася п’еса «Каб людзі не журыліся», затым «Лявоніха
на арбіце» (1961 г.), за якую ён атрымаў званне лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы ў 1962 годзе, «Зацюканы апостал» (1969 г.). У канцы 1970 года «Зацюканы апостал» паставіў знакаміты Маскоўскі тэатр сатыры. Спектакль меў сенсацыйны поспех. Вялікія чэргі па білеты, якіх было не купіць. Гледачы марылі паглядзець гэтую пастаноўку. У 1971 годзе адбылася яе прэм’ера ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, затым у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.
У 1970 годзе Макаёнак напісаў яшчэ адну п’есу, якая мела не меншы поспех, трагікамедыю «Трыбунал».
Упершыню ў беларускай драматургіі гераізм быў увасоблены ў камедыйным жанры. Аўтар пісаў: «Мяне доўгі час стрымлівала праблема жанру. Хацелася захаваць у п’есе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны і адначасова застацца верным камедыйнаму жанру. Не здраджваць яму». П’еса была добра прынята і адзначана прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматычны твор, яе адразу ўключыў у рэпертуар Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. «Трыбунал» паставілі ў Літве пад назвай «Высокі суд», у Бабруйску – у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі, у тэатрах былых саюзных рэспублік, краінах замежжа.
Затым з’яўляюцца яго камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973 г.), камедыя «Кашмар» (1976 г.), пастаўлена пад назвай «Святая прастата», Макаёнак вызначыў яе як «небяспечная камедыя ў трох дзеях», камедыя ці «сентыментальны фельетон» «Верачка», і апошняя трагікамедыя ці «п’еса-прытча» «Дыхайце эканомна», якая была апублікавана ў 1983 годзе, ужо пасля смерці Макаёнка.
За п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» драматург у 1974 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа.
Акрамя п’ес, Макаёнак пісаў сцэнарыі для фільмаў, таксама займаўся перакладамі. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», тэлефільма «Пасля кірмашу». Перакладаў творы Леаніда Зорына, Аляксандра Карнейчука, Канстанціна Сіманава, Надара Думбадзэ і іншых.
Пісаць Макаёнак любіў у цішыні. Часта садзіўся за п’есы па начах, бо ў дзень быў заняты. Пасля таго, як у драматурга з’явілася дача, ён працаваў там. На другім паверсе быў кабінет, вокны выходзілі на агарод і сасновы лес. Макаёнак садзіўся за стол толькі тады, калі дыялогі і сцэны былі адточаныя ў яго галаве. Затое пісаў вельмі хутка. У доме было шмат кніг. Шэкспір, Лопэ дэ Вега, Горкі, Чэхаў. Для сына і дачкі выпісваў творы Майн Рыда, Жуля Верна, Джэка Лондана, О.Генры.
Усе, хто блізка ведаў Макаёнка, адзначалі яго дабрыню і справядлівасць. Ён многім дапамагаў. Дзякуючы Андрэю Ягоравічу, узышлі зоркі Віктара Манаева, Галіны Макаравай. Менавіта яна і Генадзь Аўсяннікаў з’яўляліся яго любімымі акцёрамі.
Андрэй Макаёнак памёр у 62 гады: тромб у лёгачнай артэрыі. Адбылося гэта 16 лістапада 1982 года. Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Мінску.
Цікавыя факты:
- Выдатны камедыёграф, Макаёнак і ў жыцці цаніў гумар. Калі драўляная дача пісьменніка згарэла, ён пажартаваў у размове з Шамякіным: паспеў прыехаць рукі пагрэць.
- У 1966 годзе ў складзе дэлегацыі Беларусі Макаёнак прымаў удзел у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, у 1971 – 1982 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.
- Імя Андрэя Макаёнка было прысвоена Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы і сярэдняй школе ў Журавічах, у якой створаны літаратурны музей. У Журавічах пісьменніку ўсталяваны помнік. Яго імем названы вуліцы ў Гомелі і Мінску. У 2000 годзе была прынята пастанова Савета Міністраў Беларусі «Аб прысваенні імя Андрэя Макаёнка Журавіцкай сельскай бібліятэцы Рагачоўскага раёна».
Пры жыцці Макаёнка яго п’есы актыўна ставіліся не толькі ў Беларусі, але і ў тэатрах усяго СССР. Аднак у рэпертуарах сучасных тэатраў іх амаль няма. Кажуць, састарэлі. Але мы, канешне, упэўнены, што п’есы Андрэя Макаёнка яшчэ будуць ставіцца ў тэатрах і застануцца цікавымі для гледачоў.
У сваёй кароткай «Аўтабіяграфіі», апублікаванай пасля смерці, Андрэй Ягоравіч Макаёнак пісаў: «Жыць хочацца. Працаваць хочацца. Буду працаваць. Што ж мне яшчэ застаецца? Вунь колькі гарцуе на сытых конях руццінасці сатырычных персанажаў. Гэта ж кепска – што на конях. Не там іх месца». І, колькі было сіл, драматург змагаўся з сатырычнымі персанажамі, якія яму сустракаліся ў жыцці.
- Предыдущий Диалог с читателями «Курение или здоровье – выбор за вами!»
- Следующий Топ-5 ноября 2025 года
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты
















