10 мая 2018 года – 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (1883-1971)
Імя «Янка Маўр» гучыць сапраўды незвычайна і прыцягвае ўвагу чытача. Неабходнасць у творчым псеўданіме ўзнікла адразу, калі малады чалавек пачаў пісаць. А справа ў тым, што ён — поўны цёзка рускага першадрукара Івана Фёдарава. Знайсці ж гучнае імя пісьменніку дапамагла знакамітая фраза з Шылера: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці».
Пасля ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе настаўніку і будучаму літаратару было забаронена працаваць у школе, таму некаторы час ён на сваім веласіпедзе вандраваў па беларускіх дарогах. Так завітаў да айца Уладзіміра ў вёску Верхмень, дзе ў той час працаваў Колас. Праўда, тады творцы не сустрэліся. Але айцец Уладзімір парэкамендаваў Івану Фёдараву паехаць у мястэчка Турэц, бо дачцэ айца Фёдара Варвары патрэбен быў хатні настаўнік для дзяцей. Неўзабаве муж Варвары памёр, і яна паставіла Маўру ўмову: або шукаць новую працу, або ажаніцца з ёй, бо маладому мужчыну жыць у адным доме з незамужняй жанчынай, хай сабе і старэйшай за яго ўдавой, лічылася недапушчальным. Ён палюбіў дзяцей, асабліва малодшага — Мішу, таму і прыняў рашэнне ажаніцца з Варварай.
Яны абвянчаліся ў 1909 годзе, а праз два гады ў сям’і нарадзіўся сын Фёдар. Праз пяць гадоў Маўр стаў бацькам яшчэ аднаго сына — Арсеня, а ў 1919 годзе з’явілася на свет яго дачка Аляксандра. На жаль, у гэтым жа годзе Варвара цяжка захварэла і памерла. Праз год пісьменнік ажаніўся са Стэфанідай Шылёнак, жанчына стала добрай маці для дзяцей Маўра, а ў 1924 годзе нарадзіла дачку Наталлю.
Маўр ніколі не ўзвышаў голас, не сварыўся на дзяцей. Старэйшы сын Фёдар, калі быў хлопчыкам, аднойчы стаў ленавацца і замест урокаў усё часцей гуляў з сябрамі. Бацька бачыў, што хлопец здольны, і вырашыў даць яму ўрок. Сабраў усе рэчы хлопца ў торбачку і сказаў: калі не хочаш займацца, ідзі сам сабе здабывай хлеб, але калі адумаешся, вырашыш старанна вучыцца, то ў любы час вяртайся. Той выйшаў з хаты, пахадзіў некалькі гадзін і вярнуўся ў хату. І ўрок пайшоў на карысць. Фёдар стаў вядомым фізікам-тэарэтыкам, абараніў доктарскую дысертацыю. А самай малодшай дачцэ Наталлі бацька заўсёды казаў так: калі бачыш, што рэч ляжыць не на сваім месцы, абавязкова прыбяры, папраў, каб усё было ў парадку.
Дарэчы, вельмі цікавым спосабам Маўр заахвочваў дачку чытаць. За пэўную колькасць прачытаных старонак абяцаў даць грошы на марожанае ці іншыя прысмакі. І гэта спрацавала. Наталля вельмі палюбіла чытаць, сабрала вялікую бібліятэку і сваіх дзяцей навучыла цаніць багацце кнігі.
Пра этапы станаўлення асобы Янкі Маўра можна даведацца з яго аўтабіяграфічнай аповесці «Шлях з цемры. У 1948 годзе выходзіць першая частка аўтабіяграфічнай аповесці Янкі Маўра “Шлях з цемры”. Другая частка датуецца 1956 г., трэцяя –1957 г. “Аповесць “Шлях з цемры”, – адзначала даследчыцца творчасці Янкі Маўра Э.С.Гурэвіч – у пэўным сэнсе выніковая “галоўная” кніга пісьменніка, бо працаваў ён над ёй доўга, пакутліва, амаль усё жыццё і раскрыўся тут як мастак надзвычай поўна і самабытна”.
Кожная з трох частак адпавядае тром важным перыядам жыцця пісьменніка: гады дзяцінства, вучоба ў рамесным вучылішчы, навучанне ў настаўніцкай семінарыі.
Гэты твор можна паправу аднесці да мемуарыстыкі, літаратуры ў жанры non-fiction, якая сёння мае вялікую папулярнасць, бо дазваляе апынуцца разам з аўтарам ў той эпохе, якую ён апісвае, адчуць яе атмасферу, стаць сведкам сацыяльных, эканамічных і палітычных з’яў.
Пачаткам літаратурнай дзейнасці творцы можна лічыць 1923 год, калі з’явіліся яго першыя публікацыі ў газеце «Савецкая Беларусь» і ў петраградскім часопісе сатыры і гумару «Бегемот». Свой першы вялікі і сур’ёзны твор Маўр напісаў 90 гадоў таму. Гэта аповесць «Чалавек ідзе», якая друкавалася ў 1926-1927 гадах у некалькіх нумарах часопіса «Беларускі піянер», а асобным выданнем пабачыла свет у 1927 і 1933 гадах. Твор «Чалавек ідзе» быў прыхільна прыняты чытачамі. І ў хуткім часе Цішка Гартны, які ў той час быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, прапанаваў пісьменніку напісаць новую кнігу. Так з’явілася першая прыгодніцкая аповесць «У краіне райскай птушкі». А потым з-пад пяра Маўра выйшаў твор, які сёння назвалі б бестселерам. Гэта, вядома ж, «Палескія рабінзоны» — адна з самых любімых кніг многіх пакаленняў школьнікаў.
Магчыма, сакрэт поспеху гэтай аповесці ў тым, што яна паказвае: цікавымі могуць быць не толькі замежныя краіны, але і ў Беларусі шмат адметнага. Папулярнасць кнігі была проста неверагодная, яна перавыдавалася некалькі разоў, перакладалася на розныя мовы, нават кітайскую, але, на жаль, па-руску аповесць так і не выйшла.
Янка Маўр таксама лічыцца пачынальнікам беларускай навукова-фантастычнай літаратуры для дзяцей. Да гэтага жанру належаць творы “Вандраванне па зорках” (1927 г.), “Аповесці будучых дзён” (1932г.), “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (1955г.).
Вельмі цікавы артыкул Маўра «Эсперанта». Дарэчы, гэтая міжнародная мова дапамагла пісьменніку стварыць такі вядомы раман, як «Амок». Творца чытаў замежныя эсперанцкія газеты, перапісваўся з сябрамі-эсперантыстамі з розных краін і атрымліваў ад іх рэдкія матэрыялы, лісты, часопісы са здымкамі. Маўр пазнаёміўся з мовай эсперанта ў 1904 годзе, калі яшчэ вучыўся ў Панявежы, потым актыўна развіваў цікавасць да гэтай мовы ў Беларусі, нават выкладаў на радыёкурсах, у 1926 годзе ўдзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі эсперантыстаў, быў ганаровым старшынёй арганізацыі беларускіх эсперантыстаў.
Яго называлі «бацькам беларускай дзіцячай літаратуры» і «капітанам дзіцячых падарожжаў». Яго кнігамі захапляліся Купала з жонкай, іх перакладчыкамі на замежныя мовы часта выступалі самыя простыя чытачы, уражаныя талентам творцы. Ён умеў настолькі пераканаўча напісаць пра вандроўкі і прыгоды, што не ўзнікала сумненняў: аўтар там быў і ўсё бачыў на свае вочы.
Вядомага беларускага пісьменніка Янку Маўра сёння часта ўспрымаюць перш за ўсё як аўтара кніг для дзяцей і падлеткаў, але ж ён пісаў і кнігі для дарослых, быў таленавітым гісторыкам і географам, валодаў міжнароднай мовай эсперанта.
Янка Маўр умеў апісваць падзеі ў далёкіх, экзатычных краінах, ствараў фантастычныя сюжэты, прыдумваў неверагодныя гісторыі. Але ж і сам Янка Маўр, яго творы, кажучы словамі Кузьмы Чорнага, — гэта цэлы свет, які нам, чытачам, патрэбна доўга-доўга даследаваць.
З ліста да Веры Сурскай ад 22.11.51 года: “…А я адчую задавальненне, калі праз х год, без мяне ўжо, хтосьці “адкрые” Маўра….”
“Амок” і “Пекла” выйшлі на Украіне, друкаваліся ў Амерыцы. “Сын вады” друкаваўся ў Чэхаславакіі, а “Слёзы Тубі “ у Англіі. Ёсць пераклады на польскую і літоўскую мовы.
Беларускія чытачы ў розных канцах Саюза слалі Маўру пераклады на рускую мову: “ТВТ” – з Ленінграда, “Амок” – з Вязьмы, “У краіне райскай птушкі” – з Каўказа.
Самым першым чытачом кніг Маўра быў Купала.
У адным партызанскім атрадзе на Палессі адзінай і галоўнай кнігай былі “Палесскія рабінзоны”.
Адзін капітан у Маскве казаў, што ён калісь у Мінску вывучаў беларускую мову толькі для таго, каб мець магчымасць прачытаць кнігі Маўра.
З 1993 года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за лепшыя творы для дзяцей.
У Мінску і Пінску маюцца вуліцы імя Янкі Маўра.
Кнігі Янкі Маўра цікавыя і захапляльныя. І калі вы, паважаныя чытачы, яшчэ не чыталі яго творы, мы рэкамендуем звярнуць увагу на 5 лепшых:
- “У краіне райскай птушкі” (1926г.)
- “Сын вады” (1928г.)
- “Амок” (1929г.)
- “Палескія рабінзоны” (1930г.)
- “ТВТ” (1934г.)
У пісьменніка быў свой сакрэт. На дачы непадалёк ад Мінска Янка Маўр збудаваў шалаш-кабінет з лазы. Імправізаваны пісьмовы стол стаяў на мастках над Свіслаччу, так што можна было складаць кнігі аб далёкіх краінах, звесіўшы ногі ў ваду і ўяўляючы сябе на беразе акіяна
У біяграфіі легендарнага беларускага дзіцячага пісьменніка шмат такіх цікаўных момантаў. Відэасюжэт пазнаёміць вас з Янкам Маўрам –цудоўным чалавекам, вялікім фантазёрам, перакладчыкам, які быў упэўнены, што “усё на свеце можна абярнуць на карысць чалавеку”.
- Предыдущий Презентация книги «Красные маки у черных ворот» Зинаиды Павловны Дубовик
- Следующий Эскизы памяти «Родом не из детства, а с войны»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты