1 сакавіка 2024 года – 95 гадоў з дня нараджэння Еўдакіі Лось (1929-1977)
«Еўдакія Лось усё жыццё была для мяне каталізатарам, нейкім эталонам,
па якім я правяраў сваю літаратурную работу, паскараў яе, зрушваў з мёртвай кропкі».
Уладзімір Верамейчык
Еўдакія Лось была адной з самых яскравых і значных паэтэс свайго часу. Дзясяткі зборнікаў паэзіі, шэсць зборнікаў вершаў для дзяцей, пераклады, мноства дзяржаўных узнагарод, шырокае прызнанне аматараў паэзіі і павага калег, бясконцыя падарожжы і сустрэчы з чытачамі.
Нарадзілася Еўдакія Лось 1 сакавіка 1929 года ў дзіўна прыгожым азёрным Ушацкім краі, у вёсцы Старына на Віцебшчыне.
Калі балючае кранаю,
Заўжды вяртаюся дамоў…
Мая Ушаччына святая,
Мой кут зацішкаў і грамоў!
Бацькі, Якаў Васільевіч і Наталля Якаўлеўна, працавалі ў калгасе і выхоўвалі чацвёра дзяцей. У 1934 годзе перабраліся ва Ушачы, дзе сталі працаваць рабочымі раённай друкарні. Да Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія скончыла пяць класаў.
Яна была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. У 1942 годзе памёр бацька, а ў 1943 – загінуў брат, які 19-гадовым юнаком пайшоў на фронт. У час акупацыі родную хату спалілі фашысты. Маці засталася з трыма дачкамі. Жылі ў зямлянках, галадалі. Капалі мёрзлую бульбу ў полі і гэтым жылі.
Дзяўчынка вельмі любіла чытаць, чытала многа і ўдумліва. Пасля заканчэння Ушацкай сямігодкі ў 1945 годзе, вучылася ў Лепельскім педвучылішчы, а з 1947 года прадоўжыла вучобу на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча. У 1948 годзе паступіла на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. У 1955 годзе, скончыўшы вучобу, працавала ў рэдакцыі газет «Чырвоная змена», «Зорка», рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. З 1957 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1960 годзе Еўдакія Лось адвучылася на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. У 1961 годзе зноў вярнулася на працу ў Вучэбна-педагагічнае выдавецтва БССР, потым яна — літаратурны супрацоўнік газеты «Звязда». З 1970 па 1972 гады – адказны сакратар часопіса «Работніца і сялянка», з 1975 па 1977 гады – галоўны рэдактар часопіса для дзяцей «Вясёлка».
Першы верш Еўдакіі Лось «Сэрца дзяўчыны» быў надрукаваны ў 1948 годзе ў часопісе «Работніца і сялянка». На творчую дзейнасць яе натхніў Пятрусь Броўка, якому Еўдакія Якаўлеўна была ўсё жыццё удзячна. У 1947 годзе, пачуўшы яе верш, Пётр Усцінавіч адзначыў: «Вы, дзяўчына, хутка будзеце пісаць вершы лепш за мяне…». А першая кніга выйшла ў 1958 годзе і называлася «Сакавік», напэўна таму, што ў месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася.
Праз два гады пабачыў свет зборнік вершаў на рускай мове – «Если помнить о солнце» у выдавецтве «Маладая гвардыя». Затым адзін за другім выходзяць зборнікі «Палачанка» (1962 г.), «Людзі добрыя» (1963 г.), «Хараство» (1965 г.), «Яснавокія мальвы» (1967 г.), «Перавал» (1971 г.), «Галінка з яблыкамі» (1973 г.), «Лірыка ліпеня» (1977 г.), паэмы «Гавораць несмяротныя», «Мой свет», «Мая Хатынь», «Высакосны год», «Матчына трывога».
Напісала кнігі прозы «Пацеркі» (1966 г.) і «Травіца брат-сястрыца» (1970 г.). У 1977 годзе ў часопісе «Полымя» надрукаваны цыкл «Навелы пятага паверха».
Шмат пісала для дзяцей. З’явіліся яе зборнікі «Абутая елачка» (1961 г.), «Казка пра Ласку» (1963 г.), «Вяселікі» (1964 г.), «Зайчык – выхваляйчык» (1970 г.), «Дванаццаць загадак» (1974 г.), «Смачныя літары» (1978 г.). У 1972 годзе выйшла дзіцячая кніга на рускай мове «Обутая ёлочка» у выдавецтве «Малыш» у перакладзе Эльміры Катляр. Праз год пабачыў свет зборнік для дзяцей «Синие дни» таксама ў перакладзе гэтай паэтэсы. Дарэчы, Катляр пераводзіла Івана Муравейку, у 1968 годзе яго зборнік «Бежит дорожка». Менавіта Катляр належыць вядомае нам па фільму «Гараж» двухрадкоўе «У верблюда два горба, /Потому что жизнь – борьба!» — з яе кнігі «Востраў звяроў».
Друкавалася Еўдакія Лось у часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Работніца і сялянка», газеце «Літаратура і мастацтва».
Еўдакія Якаўлеўна шмат падарожнічала. Дзе яна толькі не пабывала – скалясіла ўсю Беларусь, была ў Грузіі, Арменіі, Чэхаславакіі, Францыі, Прыбалтыцы, Манголіі. Пасля кожнай паездкі пісала цыклы вершаў пад уражаннем вандровак, вяла дзённікавыя запісы.
Вершы паэтэсы перакладзены на трыццаць моў, сярод іх – амаль усе славянскія, мовы народаў былога СССР, англійскую, французскую, венгерскую. Дзякуючы Еўдакіі Лось па-беларуску загучалі вершы Байрана, Гамзатава, Смелякова і іншых паэтаў. Пераклала кнігу вершаў Сяргея Баруздзіна «Краіна, дзе мы жывём».
У сваёй кнізе «Людзі і кнігі» Баруздзін так пісаў пра Еўдакію Якаўлеўну: «Евдокия Лось, какой я её знал, поэт мужественный и сильный. Не поэтесса, а именно поэт. Женственность, свойственная ей по первородству, сочетается в лучших её стихах с тем подлинно зрелым отношением к пережитому и настоящему, которое характерно для белорусов – людей партизанского края».
Узнагароджана ордэнам «Знак пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Цяжка захварэўшы, у бальнічнай палаце яна стварае свой шчымлівы «Бараўлянскі сшытак», асноўным творам якога стала паэма «З белых пялёсткаў».
Апошні прыжыццёвы зборнік паэм і вершаў Еўдакіі Лось «Лірыка ліпеня» быў выдадзены ў Мінску ў снежні 1976 года. А праз паўгода, 3 ліпеня 1977 года, Еўдакіі Якаўлеўны не стала. Паэтэсе было толькі 48 гадоў. У яе застаўся 14-гадовы сын Дзмітрый.
У 1979 годзе выйшлі «Выбраныя творы» у 2-х тамах, а ў 1984 годзе – зборнік «Валошка на мяжы», у якім сабрана паэзія апошніх гадоў жыцця таленавітай беларускай паэтэсы.
Яе імем названа вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка. У 1996 годзе ўстаноўлены помнік Еўдакіі Лось у Віцебску ля абласной бібліятэкі.
- Еўдакіі Лось была ўласціва актыўная грамадзянская пазіцыя, яна мела лідарскія якасці. Падчас вучобы ў Глыбоцкім педвучылішчы была камсоргам групы, прафсаюзным кіраўніком, членам камітэта камсамола, рэдактарам газеты.
- Мела добры музычны слых, хораша спявала, цудоўна малявала, паспяхова займалася спортам, пісала вершы, і пры гэтым старанна вучылася.
Паэты і пісьменнікі, прыхільнікі творчасці Еўдакіі Лось адзначалі, што гэтай жанчыне-паэтэсе, упэўненай і ўстойлівай, як само жыццё, наканавана было захаваць і пранесці праз усе выпрабаванні вечныя духоўна-эстэтычныя ідэалы прыгажосці, дабрыні, спагады, а таксама веры, любові і надзеі. І зацвердзіць іх у сваіх вершах.
У свой час Уладзімір Караткевіч назваў Еўдакію Лось «жытніцай» — «істотай з беларускага фальклору, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай. Яна дапамагае ўсім, і дух яе жыве ў тым пучку жыта, які выносяць вясной на Юр’я ў поле». «А за добрае стаўленне да мяне і заступніцтва, — пісаў Уладзімір Караткевіч, — я, калі напішу якую-небудзь паэму, прысвячу яе табе…».
- Предыдущий Диалоговая площадка «Подросток и закон: знаем, соблюдаем»
- Следующий Диалог с читателями «Структура книги. Бережное отношение к книге»
Вам также может понравиться...
К сожалению - Комментарии закрыты