Зямля бацькоў, святая…

Зямля бацькоў, святая…Зямля бацькоў, святая…[Тэкст]: зборнік вершаў пра малую Радзіму/уклад.Віктара Шніпа; мастакі Аркадзь Астаповіч[і інш.]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2018. – 143с.:іл.- (100 вершаў).

“100 вершаў” – новая кніжная серыя выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Пачынаючы з 2017 года, выдана сем кніг класікаў беларускай літаратуры.

Калектыўны зборнік паэзіі “Зямля бацькоў, святая…” прымеркаваны да Года малой радзімы. Пра тыя мясціны, дзе кожны з аўтараў пабачыў свет. Тут вы, паважаныя чытачы, знойдзеце шмат адрасоў малой радзімы, багатую літаратурную геаграфію беларускага краю.

Пад адной вокладкай змешчаны вершы творцаў розных пакаленняў: Канстанцыі Буйло, Пятруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Навума Гальпяровіча, Міколы Маляўкі…

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Гэта велічная “Беларуская песня” Уладзіміра Караткевіча. А яшчэ ён запрашае нас у сваю родную Оршу. Максім Танк — на любую Мядзельшчыну, Уладзімір Мазго – у Зэльву. У Пятруся Броўкі і Рыгора Барадуліна – гэта іх маленькая Вушаччына. А Янка Сіпакоў здзяйсняе падарожжа па старажытным Тураве.

Дапаўняюць вершаваныя радкі цудоўныя рэпрадукцыі карцін Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Леаніда Шчамялёва, Аркадзя Астаповіча і іншых мастакоў. Дарэчы, нельга не сказаць аб тым, што гэта сумесны праект выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Сёлета зборнік “Зямля бацькоў, святая…” вызначаны пераможцам у спецыяльнай намінацыі “Сцяжынкамі роднага краю” Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2018”.

Кнігу можна ўзяць пачытаць: 
раённая цэнтральная бібліятэка (тэл.5-42-10).