Вітка Васіль (Крысько Цімох Васільевіч)

Вітка Васіль (Крысько Цімох Васільевіч)

16.05.1911 – 05.07.1996

Вядомы беларускі паэт, казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, сатырык, гумарыст, рэдактар, педагог. Нарадзіўся ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Асноўныя творы: “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка”, “Прамень будучыні”, “Шчасце паэта”, “Дзеці і мы”, “Азбука душы”, “Урокі”, “Случчына”  і інш.

Вядомы беларускі паэт, казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, сатырык, гумарыст, рэдактар, педагог Васіль Вітка нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Пасля сямігодкі паступіў у Слуцкую прафтэхшколу, якую скончыў у 1928 годзе і атрымаў спецыяльнасць слесара. Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Спачатку  – у заводскай шматтыражцы, затым у Бабруйскай, Жлобінскай газетах, а з 1935 г. – у рэспубліканскім друку.  У 1939 г. Вітка быў сярод тых, хто  ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён з’яўляўся сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.  У гады вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, з 1942 года быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў, супрацоўнічаў у папулярных сатырычных часопісах “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пачынаючы з 1944 года Цімох Васільевіч працаваў у часопісе “Беларусь”. У 1948 годзе стаў намеснікам рэдактара, а потым – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957 годзе яго вылучылі на пасаду галоўнага рэдактара беларускага дзіцячага часопіса для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлка”, які тады ствараўся. На гэтай пасадзе В. Вітка плённа працаваў 17 гадоў.       У 1974–1987 г.г. пісьменнік быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі студыі Беларусфільм.

Першы верш “Пры гасцінцы хіліліся вербы” быў надрукаваны ў літаратурным дадатку “Вясна” у 1928 годзе. У 1944 г. выйшаў яго першы зборнік вершаў “Гартаванне”. У другую кнігу паэта “Поўдзень” (1946) ўвайшлі вершы пра салдацкую мужнасць і невялікая лірычная паэма “Поўдзень”, напісаная ў час вайны. Пасля з’явіліся паэтычныя кніжкі “Вернасць” (1953), “Ружа і штык” (1958), “Паверка” (1961), “Вершы” (1968), “Праводзіны лета” (1972), “Вышыні святла” (1977), “Случчына” (1981), “Мінскія балады” (1981), “Для дома, для альбома і трохі для эпохі” (1983), “Трэція пеўні” (1988). Значнае месца ў творчасці Васіля Віткі займаюць сатырычныя вершы, пародыі, эпіграмы, байкі. Кніга “Для дома, для альбома і трохі для эпохі” – своеасаблівае выбранае смеху.    Ён напісаў дзве п’есы: “Прамень будучыні” (1947) і “Шчасце паэта”.   Публіцыстычныя кнігі  “Дзеці і мы” (1977), “Азбука душы” (1988) “Урокі” (1982), сталі настольнымі ў педагогаў і выхавацеляў.

Першая кніжка для дзяцей – казка “Вавёрчына гора” – убачыла свет у 1948 годзе і адразу паланіла сэрцы дзяцей. З новай казкай “Буслінае лета” (1958) у беларускую літаратуру і ў часопіс “Вясёлка” прыйшоў і застаўся сябрам многіх пакаленняў дзяцей літаратурны герой Вася Вясёлкін.  Васіль Вітка вырашыў даць дзецям своеасаблівы ўрок батанікі і напісаў кнігу “Казкі і краскі”(1983). У кнізе “Госці” (1983) адбываецца знаёмства з птушкамі, што жывуць у Беларусі. Кнігі “Дударык” (1964), “Чытанка-маляванка” (1971), “Хто памагае сонцу” (1975), “Ладачкі-ладкі” (1977), “Госці” (1984), “Загадка пра зярнятка” (1984) нарадзіліся з чыстых крыніц народнай творчасці. Паэт стварыў надзвычай арыгінальны, з метадычнымі парадамі слоўнік народнай мовы для дзяцей “Дом, дзе жывуць словы” (1995). Пераклад – частка творчасці Васіля Віткі.

Шматгранная дзейнасць Васіля Віткі адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – “Знак пашаны”, медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). У 1972 годзе за кнігі “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, у 1978 годзе  атрымаў Міжнародны ганаровы дыплом імя    Х-К. Андэрсэна за кнігу “Казкі”, і яго прозвішча было занесена ў спіс лепшых казачнікаў свету.

Родная зямля памятае свайго славутага земляка. На пачатку стагоддзя калгас, які насіў імя Чкалава, быў пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агра-Вітка”. На штогадовыя майскія Віткаўскія  чытанні ў Слуцкую дзіцячую бібліятэку збіраюцца пісьменнікі і журналісты, настаўнікі і бібліятэкары, вучні – усе тыя, хто лічыць сябе прыхільнікам творчасці земляка. Рашэннем Слуцкага раённага выканаўчага камітэта ўстанова адукацыі “Акцябрская базавая школа” перайменавана ў “Акцябрскую базавую школу імя Васіля Віткі”. 17 мая 2011года з нагоды стагоддзя з дня нараджэння пісьменніка-земляка непадалёку ад базавай школы аграгарадка Акцябр закладзена алея ў гонар Васіля Віткі.