Мурашка Рыгор Данілавіч
Мурашка Рыгор Данілавіч
16.02.1902 – красавік 1944
Беларускі пісьменнік. Нарадзіўся у в. Бязверхавічы Слуцкага раёна. Асноўныя творы: “Салаўі святога Палікара”, “Сын”, “Таварышы”, “Насуперак лёсу” і інш.
Рыгор Данілавіч Мурашка – беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ён 16 лютага 1902 г. у в. Бязверхавічы Слуцкага раёна. Пасля заканчэння валасной двухкласнай школы ў 1917 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Аднак праз год вучоба перапынілася, бо наш край акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі. У 1919 – 1920 гг. удзельнічаў у барацьбе з польскімі войскамі на Случчыне. Працаваў інструктарам Слуцкага павятовага ваеннага рэвалюцыйнага камітэта. 1920-1930-я гады – перыяд актыўнай службовай, літаратурнай і грамадскай дзейнасці Рыгора Мурашкі. Служыў у Чырвонай Арміі, пасля быў на савецкай і партыйнай рабоце. У 1926-1929 гадах працаваў адказным сакратаром часопіса “Бальшавік Беларусі”, уваходзіў у рэдакцыю часопіса “Маладняк” і кіруючыя органы гэтага аб’яднання. У 1930-1933 гадах загадваў аддзелам мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны – удзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 года – партызан.
У 1924 годзе газета “Савецкая Беларусь” надрукавала першы празаічны твор Рыгора Мурашкі “Папоўскі шлюб”. А потым з’яўляюцца яшчэ шмат апавяданняў. У 1926 годзе пачынаюць выходзіць з друку зборнікі апавяданняў пісьменніка: “Стрэл начны ў лесе”(1926) , “У іхнім доме”(1929), “Прыгранічны манастыр”(1930), “Званкі”(1931), “Рузікі”(1932), “Мюдаўская ноч”(1934). У 1929 годзе выйшаў у свет раман “Сын”, у 1940 годзе ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” друкаваўся раман “Салаўі святога Палікара”. У творчым набытку Рыгора Мурашкі – раманы “Таварышы”(1942), які выйшаў пад псеўданімам Максім Загорскі і “Насуперак лёсу”(1942) – пад псеўданімам Мікалай Дуброўскі. Смерць маткі: навела (1944) надрукавана ў часопісе “За савецкую Беларусь”. Яго творы “Сын”, “Салаўі святога Палікара”, “Насуперак лёсу”, “Таварышы” перажылі сваю эпоху і былі надрукаваны ў нашы дні. Творы пісьменніка ўваходзяць у лік бясспрэчных здабыткаў нацыянальнага прыгожага пісьменства.
У красавіку 1944 года, у час прарыву блакады гітлераўскіх карнікаў на Лагойшчыне, ён загінуў.