МНЕНИЕ ЭКСПЕРТА

Ларыса СалодкінаЛарыса Салодкіна,

мастацтвазнаўца, журналіст, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро»

ВОДГУК СЭРЦА

Краіна, дзе любоў, спакой,
Дзе радасць напаўняе грудзі,
Я бачу Беларусь такой.
Няхай шчаслівым лёс наш будзе.
Алена Стэльмах

***

Цудоўны падарунак да Года малой радзімы зрабіў Саюз пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь. У Выдавецкім Доме “Звязда” ўбачылі свет тры фотаальбомы: “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма”. У кнігах размешчаны фотаздымкі беларускіх краявідаў – вясковых і гарадскіх, партрэты жыхароў Беларусі.

Гэты матэрыял арганічна спалучаецца з літаратурнымі творамі. Тэксты дадзены на трох мовах – беларускай, рускай, англійскай. Прадстаўленыя альбомы аб’яднаны агульнай канцэпцыяй, агульнай тэмай – услаўленне Беларусі.

У мастацкай прасторы кніг сустрэліся тры плыні: фотаздымкі, паэзія і проза. Яны аб’ядноўваюцца, гучаць як песня, шырокая і павольная. Як прызнанне ў любві да Радзімы.

Складальнікам трох выданняў стала пісьменніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Дзякуючы яе вялікай, прафесійнай рабоце, у склад фотаальбомаў увайшлі творы самых знакамітых беларускіх літаратараў. Такі падбор імёнаў сам па сабе – пачатак асобнага навуковага даследавання пра Беларусь.

У праекце прынялі ўдзел 65 беларускіх літаратараў – паэтаў і празаікаў. Яны аздобілі кнігу сваімі вершамі, успамінамі, аповедамі. Гэтыя творы ўспрымаюцца як пераклад – на мову паэзіі, відавочных вобразаў, што занатаваны фотаапаратам. Ва ўсіх трох кнігах паказваецца жыццё Беларусі, яе краявіды – гарадскія і вясковыя, яе святы і будні. Адна з галоўных тэм фотаальбомаў – жыхары краіны, прыгожыя і працавітыя людзі.

Менавіта пра іх у сваім аповедзе “Покліч таонта” піша славуты беларускі пісьменнік, ураджэнец Случчыны, Алесь Марціновіч. З пяшчотай прыгадвае ён вёску Казловічы, дзе нарадзіўся, праследжвае шлях сваіх бацькоў, сваякоў і родных, чый лёс назаўсёды звязаны са слуцкім краем. З гонарам прыгадвае імёны выдатных дзеячаў – гісторыі і культуры, якія таксама нарадзіліся ў Казловічах, добрымі справамі праславілі краіну.

А заканчвае аповед словамі: “Будзь жа і надалей блаславёная самая дарагая на свеце для мяне зямля. Мая зямля”.

Гэты ўзвышаны настрой падхоплівае вядомая пісьменніца і журналіст Зоя Падліпская, родам са слуцкай вёскі Сярагі:

Да болю родная зямля,
Лугі і пералескі.
І шэпт ляснога ручая.
І ўсмешка першая пралескі.
І зорак вечны карагод
У шчодрым небе.
І працавітых душ узлёт,
І лусце хлеба.

Пранікнёныя вершы размяшчае ў зборніку паэтка Ганна Міклашэвіч, якая сваё жыццё звязала з Грэскам – цудоўным і старажытным месцам на Случчыне:

За цябе, мая вёска, малюся,
Бо жыву, нарадзілася тут,
На прасторах святой Беларусі,
Самы родны і велічны кут.

Што і казаць, гонар і замілаванне выклікаюць імёны нашых таленавітых землякоў, калі бачыш іх у сузор’і найлепшых беларускіх паэтаў і празаікаў.

Аўтары фотаздымкаў у альбоме “Мая Радзіма” (2019) – Яўген Пясецкі і Уладзіслаў Цыдзік, вядомыя і славутыя майстры. Яўген Пясецкі – адзін з вядучых фотакарэспандэнтаў рэспублікі, доўгі час працаваў у цэнтральнай рэспубліканскай газеце “Звязда”, узначальваў аддзел фотаінфармацыі.

Яго здымкі, рэпартажы, матэрыялы з рэспубліканскіх і міжнародных падзей заўсёды актуальны. Па-майстэрску выразныя і непаўторныя, яны вядомы далёка за межамі рэспублікі. Творчасць Яўгена Пясецкага, уся яго дзейнасць – неад’емная частка гісторыі беларускага друку. Дарэчы, ён і сам складае вершы:

Вучылі каласы на ніве хлебнай,
Валошкі ў срэбных зорачках расы,
Чаму з вялікай літары патрэбна
Пісаць “Радзіма” нам ва ўсе часы.

Імя фотамастака Уладзіслава Цыдзіка таксама добра вядома ў Беларусі. Ён – член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, яго фотаздымкі не раз дэманстраваліся на рэспубліканскіх і замежных выстаўках. За плячыма Уладзіслава Цыдзіка – насычаны жыццёвы шлях. Пра гэта сведчаць старонкі яго біяграфіі: начальнік упраўлення Міністэрства сельскай гаспадаркі, старшыня Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Фатаграфіяй як рамяством Уладзіслаў Цыдзік займаецца з самага юнацтва, а свой фотаапарат называе “спадарожнікам”. Занатавана яго выказванне:

“Адчуванне вытокаў малой Радзімы, гонар за сваіх продкаў – гэта тое, што жывіць мяне ўсё жыццё, прымушае рухацца наперад з думкай пра тое, …якім будзе мой след на гэтай зямлі”.

Дэбют Уладзіслава Цыдзіка, як фатографа-прафесіянала, адбыўся ў 2016 годзе, калі з яго здымкамі быў выдадзены фотаальбом “Зачараваны Беларуссю”. А праз два гады, таксама з яго творамі, выйшаў новы зборнік “Бачу Беларусь такой”, які атрымаў першую прэмію Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі”.

Прадстаўленыя фотаальбомы “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма” – адзіны праект, зроблены на высокім прафесійным узроўні. Прываблівае іх адзіная высакародная тэма, адзіная ідэя ў афармленні, добрая якасць друку і паперы. Не выпадкова, што гэтыя выданні адразу сталі сапраўднай падзеяй у грамадскім жыцці краіны.

Выдатны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі быў ажыццёўлены пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Ларыса САЛОДКІНА