МНЕНИЕ ЭКСПЕРТА

Ларыса СалодкінаЛарыса Салодкіна,

мастацтвазнаўца, журналіст, лаурэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро»

У ПОШУКАХ ЗЯМЛІ АБЕТАВАНАЙ

Зямля, што нараджае нас, сустракае, выпраўляе нас – яшчэ адзін маўклівы і добры сябар, прыдуманы намі ж. Чалавек думае, што зямля, дзе ён нарадзіўся, належыць толькі яму, таму што яна – яго малая радзіма. І яшчэ адна памылка, якую заўважаюць нямногія, лічачы, што зямля, дзе ты нарадзіўся, прыцягвае цябе. Не, гэта сам чалавек прыцягвае яе да сэрца”.

Вось такі нечаканы ракурс на суадносіны: “чалавек – зямля”. Дзе цэнтрам прыцяжэння зямлі з’яўляецца сэрца чалавека. Такі пункт гледжання прапаноўвае ў сваёй кнізе “Восень у Вільнюсе” Маргарыта Прохар. Прыведзеная цытата – ключ, які адкрывае сэнс твораў, сабраных пад адной вокладкай. Кожны з іх мае сваю фабулу, развіццё, захапляе чытача нечаканасцю і глыбінёй. Спыняе тонкасцю пачуццяў, шчыльнай увагай да кожнага павароту гісторыі.

Цікавая асаблівасць кнігі: у творах узнікае реальнасць, падобная на віртуальную. Як лёгка сумяшчаюцца ў іх час і прастора, сны і рэчаіснасць. Проза, паэзія і дзённікі. А жывапіс, ці ўспамін пра яго, выказвае містычную сувязь паміж карцінай і жыццём. Кожная аповесць распавядае сваё, але ўсе яны, як пацеркі, нябачна нанізаны на нітку важных і адвечных пытанняў. Аднак, ці можна ўявіць герояў аповесцей і апавяданняў без свайго дзіўнага назіральніка – аўтара кнігі?.. Іх думкі, дзеянні, іх шлях і прыгоды – як патаемны аповед самой Маргарыты… Яе погляд збоку.

Адзін з твораў кнігі так і называецца “Назіральнік”. У гэтай, амаль прыгодніцкай аповесці, напоўненнай рызыкай і авантурай, падзеі развіваюцца дынамічна. Яе галоўны герой – чалавек, якога ніхто так і не назваў па імені. Ён у аповесці – не дзеючая асоба, а сапраўды назіральнік. У першую чаргу – за сабой, сваімі думкамі, учынкамі, падзеямі жыцця. Герой адукаваны, валодае некалькімі прафесіямі, але ён – “чалавек, якога няма… кінакамера… голас”. Ён тайна нават для самога сябе. Ва ўзросце сталасці, гэты чалавек канстатуе, што жыццё “пражыў у свеце сваіх ідэалаў і мараў”. Фактычна, увесь час знаходзіўся па-за жыццём. І вось раптоўна, сярод звычайных падзей і абавязкаў, яму была паслана кароткая, як выбліск магнія, Сустрэча – каханне да жанчыны, жорсткай і няўмольнай, той, якая сама знаходзілася па другі бок жыцця і… закона.

Наогул паўстае пытанне: ці варты нягодны чалавек кахання і спагады?.. А пры ўліку таго, што, наляцеўшы на сустрэчу, жыццё другога чалавека разбілася?.. Разбілася як “карабель, які не здолеў першага плавання”. Пытанне вострае, яно хвалюе і не адпускае. І таму зноў паўстае ў другім творы – аповесці “За аблокамі душы”. У ёй два браты – Марцін і Павел. Марцін, з дзяцінства “няправільны” – шчыры і парывісты ў сваіх учынках, вымушана трапляе ў Прагу. Ён журналіст, але па шэрагу абставін аказваецца на самым нізе жыцця, сярод тых, каго ўціскае закон. Ён праходзіць цяжкія выпрабаванні, і ўрэшце-рэшт, праз бедствы і блуканні, вяртаецца к сабе дамоў, на малую радзіму.

Яго брат Павел, ваенны высшага саставу, жыве інакш: уладкавана, умела будуючы свой побыт па непарушных правілах. Па справядлівасці. Але ў сэрцы Паўла так мала Любві, спагады і міласэрнасці… Спакваля, ён становіцца быццам як гнёт для ўсёй сям’і – тых блізкіх людзей, дзеля якіх і ладзіць жыццё. Хто ж з двух братоў варты сапраўднага суцяшэння?.. кахання?.. Хто з іх правы на сваім жыццёвым шляху?..

Адзначу, што героі ўсіх чатырох аповесцей – людзі, якія “свой шлях прайшлі да паловы”. І далей, – як гэта ў Дантэ?… “апынуліся ў зманлівым лесе”. Гэту пору жыцця Маргарыта Прохар называе “паўночнае лета”. Яно – “сярэдзіна ўсяго, сэрэдзіна жыцця, яго росквіт і адначасова сталасць, паварот да задумлівай восені і самаго сябе… Гэта час спыніцца”.

“Паўночнае лета” – менавіта так называецца наступная аповесць. У творы – загадкавая сугучнасць людзей, якія жывуць у розных кутках свету, але выпадкова сышліся на кароткі час у маленькім літоўскім пасёлку, у старой кавярні. Розныя плыні аповеда: драматычнае каханне француза Андрэ і літоўскай дзяўчыны Інгрыды. Заблуканыя адносіны паміж журналісткай і каханым, якога яна пакінула ў другім горадзе. Сюды, у пасёлак, у гатэль, жанчына прыехала ўпотай ад знаёмых. Яе прыезд сюды хутчэй нагадвае ўцёкі. Але яны неабходны, таму што чалавеку трэба ж калі-небудзь спыніцца і адказаць на многія пытанні:
“што я магу сказаць сабе?
што я мага сказаць пра сябе?”

Адказ, шчыры і бездакорны, знойдзецца ў памяці, у глыбіні душы. Яго падкажа вам мора, дрэвы, горы, і сівыя, старадаўнія паданні.

Маргарыта Прохар адзначае: …”У жыцці, як і ў прыродзе, ёсць свае вясна, лета”…Так, значыць, павінна быць і восень!.. А самая жаданая – “Восень у Вільнюсе”, якая так зручна стала назвай аповесці. У гэтым творы – таямнічая гісторыя пошукаў. Але чаго?… Пошукаў чужой каханай, ці сваіх жаночых, паўзабытых успамінаў?.. Чужога шчасця, ці свайго асабістага шляху?.. Усё пераплялося ў гэтай дзіўнай гісторыі: “…гарады і гісторыі… гісторыі і гарады… гісторыі гарадоў у гісторыі майго жыцця”. Так апавядае пра сябе жанчына, якая працуе у невялічкай канторы, а займаецца тым, “што шукае рэчы, якія губляюць людзі”. Аднойчы ў гэту кантору прыйшоў незнаёмец, і далікатна, але настойліва, прапанаваў ёй знайсці яго згубленае каханне – дзяўчыну, якую некалі сустрэў у маладосці. Ён паклаў на стол маленькі зялёны нататнік, і даўнюю фотакартку дзяўчыны. Незнамец адзначыў, дзяўчына павінна адшукацца ў Вільнюсе, на яго старых вулачках. Нечакана пагадзіўшыся, гераіня аповесці паехала ў гэты горад. Гэта ж горад, дзе яна нарадзілася!.. Дзіўна, але маршрут, які прапанаваў незнаёмец, аказаўся маршрутам яе асабістага жыцця – яе дзяцінства і юнацкасці, старых адрасоў, былой радасці і болю.

Але ці магчыма вярнуцца на кола сваё?.. Ці магчыма цяпер, увосень, ёй і яму, гэтаму дзіўнаму незнаёмцу, які заўсёды аказваўся побач з ёю, знайсці сваё згубленае каханне?.. Знайсці сваю Любоў – апору, каб утрымацца на краю жыцця?.. Сцвердзіць прыгажосць і росквіт?.. Што адказаць на гэта?.. Асабліва ў час, калі на самым пачатку восені ў Вільнюсе пачынае ісці снег.

8.01.2019