МНЕНИЕ ЭКСПЕРТА
Ларыса Салодкіна,
мастацтвазнаўца, журналіст, лаурэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро»
СЯМЕЙНЫ САД
Час усё непатрэбнае крышыць.
Дарагога — нішто не кране.
Свеціць золата на папялішчах,
Бо яно не згарае ў агне.*
***
У час смс-ак, кароткіх, як тэлеграма, ці яшчэ карацейшых, як успышка бліскавіцы, кніга Зоі Падліпскай “Маналог у паўстагоддзе” – сапраўдная з’ява, нечаканы прарыў у амаль забытыя жанры. Нетаропка, з пачуццём і адказнасцю за кожную думку і словы, вядзе яна сваю нячутную размову з дарагім для яе чалавекам – сваёй Маці. Напісанныя лісты перамежваюцца з запісамі ў дзённіку, вытрымкамі з артыкулаў і справаздач.
Гэта раман-споведзь, якую пісьменніца прысвяціла светлай памяці сваёй Мамы — Ганны Канстанцінаўны Янучок (Пятровіч). У кнізе вядзецца шчырая размова, у гэтай адкрытай спавядальнасці – моц і безабароннасць творчага чалавека.
***
Зоя Іванаўна Падліпская – педагог, паэт, публіцыст. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пэўны час працавала галоўным рэдактарам часопіса “Роднае слова”. Цяпер узначальвае Цэнтр праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры пры Сінадальным аддзеле Беларускай Праваслаўнай Царквы. Словы, напісанныя ёю, умяшчаюць вопыт і непасрэднасць успрымання, дакладнасць фактаў і вобразнасць паэзіі.
Яшчэ ў маленстве Зоі памерла яе маці – “адляцеўшы ў вырай”, “назаўсёды пасяліўшыся ў сэрцы”. У першы клас Зоя пайшла без яе. Было гэта ў вёсцы Сярагі Слуцкага раёна, дзе Зоя нарадзілася і дзе на той час жыла яе сям’я.
“Горкае сірочае ранне і жалобны чорны дзень 24 жніўня 1972 года”… Гэты дзень Зоя Іванаўна запомніла назаўсёды, але запомніла і сваё цвёрдае жаданне: пражыць так, каб Маці магла ганарыцца ёю, сваёй дачушкаю.
“Мама, я цвёрда вырашыла не здавацца”, – напісала яна. Гэта стала высновай жыцця пісьменніцы – апорай у многіх яе выпрабаваннях, узлётах і перамогах.
…Не стала матулі.
Не стала роднай хаты.
Сюды вяртаюся
У снах і ў думках.
***
Урэшце-рэшт, са смерццю маці, на самой справе, не стала для Зоі Іванаўны роднай хаты – у той вёсцы, дзе нарадзілася. Але родным Домам стала для яе сама Случчына, а з працягам часу – уся беларуская зямля. Паняцце “Дом” ўвабрала для пісьменніцы не толькі прыгажосць роднай зямлі, працавітасць і спагадлівасць людзей, але і культуру Беларусі – яе глыбіню, адметнасць, яе ўсяленскасць. Гэтае разуменне ўключыла гісторыю народа, і – цікавасць да лёсу асобных людзей, іх радаводу.
На гэтыя тэмы Зоя Падліпская піша артыкулы, кнігі, вядзе даследаванні. У сваёй працы яна сцвярджае значнасць Беларусі, а Случчыну ўспрымае як спадчыну, якую наказала ёй Маці:
Да болю родная зямля,
Лугі і пералескі.
І шэпт ляснога ручая,
І ўсмешка першае пралескі.
І зорак вечны карагод
У шчодрым небе.
І працавітых душ узлёт
У лусце хлеба.
Сюды вяртаюся з дарог.
І ёсць прычына:
Паходняй свеціць мне здалёк
Мая Айчына.
***
У рамане Зоі Падліпскай здзіўляе шчырасць сэрца, тое, як беражна захоўвае яна традыцыі народа. Яны не ў знешнем падабенстве да старажытных абрадаў і рытуалаў. Яны – у самой прыродзе, у генетычным кодзе чалавека.
Па-першае, у сваёй кнізе пісьменніца ўшаноўвае Сумленне, яго чысціню – як галоўны здабытак чалавека на жыццёвым шляху. А таксама Любоў і Вернасць. Многа прыкладаў прыводзіць яна з ваенных успамінаў сваіх бацькоў, з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Па-другое, у кнізе сцвярджаецца Падзяка – непарушная выснова жыцця. Гэта пачуццё для Зоі Іванаўны не падуладна часу!
Яна памятае кожнага чалавека, які дапамог ёй у жыцці – яго прозвішча, імя, імя па бацьку, пасаду. Шчыльна занатоўвае сустрэчы, кранальныя падзеі – і робіць гэта на працягу ўсіх чатырох дзесяцігоддзяў! Рабочы ці селянін, прафесар ці студэнт, пісьменнік ці педагог – амаль для кожнага з тых, хто пакінуў добры след у душы, знайшлося мясцейка на старонках яе ўспамінаў.
Людзі, якіх у жыцці сустракае Зоя Іванаўна, вучаць яе стойкасці, уменню спачуваць, радавацца. Ушаноўваць асобу чалавека. Яны, на думку пісьменніцы, яе настаўнікі. А “былых настаўнікаў не бывае”.
***
А вось, напрыканцы, яшчэ радкі з ліста да Маці:
“Мамачка, сёння, 3 мая 2014 г., у нашай сям’і незвычайна знакавая падзея. Мы садзім у Татаршчыне сямейны сад.”
“Удзельнічалі ў пасадцы сем’і брата Грышы, сястры Ларысы, Таіса з дачкой Таццянай і я з дзецьмі Ганначкай і Насцечкай. Сёстры Алена з Тамарай таксама бралі ўдзел у «пасадцы саду стагоддзя» — маральна і матэрыяльна. Ніхто не быў раўнадушны да гэтага сакральнага дзейства. Нават наша маленькая Лізавета, унучка Грышы, дачка Дзяніса і Ганны Янучкоў, завіхалася з сапраўднай невялічкай рыдлёўкай. І як толькі заўважала, што дзед ізноў нясе цяжкую каністру з вадой, каб паліць дрэўца, кідалася да яго:
— Дзед, дай дапамагу!”
“Даўно, ой, як даўно не было такога свята на душы ад яднання з роднай прыродай, ад святога адчування: мы — дома.”
Мне б развітацца з ціхаю
журбой
І адпусціць бязладнае «учора».
Няхай грымоты, і сцяною
дождж.
Сугучна думкам водная стыхія.
…Зноў пахне бэз. І ветрык
басанож
Бяжыць у верш, прасветлы
і шчаслівы.
Аўтар артыкула Ларыса Салодкіна
*(Вершы і вытрымкі – з кнігі З.І.Падліпскай)