Лобан Мікола
Лобан Мікола (Лобан Мікалай Паўлавіч)
27.10.1911 – 28.12.1984
Беларускі пісьменнік і мовазнаўца, заслужаны работнік культуры Беларусі, кандыдат філалагічных навук. Нарадзіўся ў вёсцы Чапліцы Слуцкага раёна. Асноўныя творы: “На парозе будучыні”, “Гарадок Устронь”, “Шэметы”, “Пяць раніц тыдня”. Прымаў удзел у падрыхтоўцы слоўнікаў беларускай мовы і правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.
Мікола Лобан – беларускі пісьменнік і мовазнаўца, заслужаны работнік культуры Беларусі (1974), кандыдат філалагічных навук (1953). Яго жыццёвы шлях пачаўся 27 кастрычніка 1911 года на слуцкай зямлі ў вёсцы Чапліцы ў сялянскай сям’і. У 1926 годзе Мікола скончыў сямігадовую школу ў Слуцку і стаў працаваць у роднай вёсцы паштальёнам і бібліятэкарам. Пасля заканчэння ў 1931 годзе слуцкіх педагагічных курсаў настаўнічаў у Слуцкім, Любанскім і Пухавіцкім раёнах. У 1939 годзе паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У Мінску і застала яго Вялікая Айчынная вайна. У гады вайны Мікола Лобан, хоць па стану здароўя быў непрыгодны да службы, дабраахвотна становіцца салдатам.
Пасля дэмабілізацыі прыкладна год выкладаў рускую мову і літаратуру ў пасёлку Келераўка ў Казахстане. З аднаўленнем БДУ ў 1943 годзе вярнуўся да вучобы. Адначасова працаваў у Слоўнікавай камісіі Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, і ўсё далейшае жыццё звязаў з мовазнаўствам. У 1944 – 1967 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, у 1967 – 1968 узначальваў рэдакцыю мовы і літаратуры выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, а з 1968-га дзесяць гадоў кіраваў сектарам лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства. Абараніў кандыдацкую дысертацыю (1953).
Першае сваё апавяданне Мікола Лобан надрукаваў у 1930 годзе. У пасляваенны час напісаў шмат нарысаў, апавяданняў, аповесць “Іркуцянка” (1953), якая, па сутнасці, з’явілася толькі пробай мастацкага пяра. Потым былі раманы “На парозе будучыні” (1964), “Гарадок Устронь” (1970), “Шэметы” (1981), што склалі трылогію. У 1984 годзе пабачыла свет кніга Міколы Лобана “Пяць раніц тыдня” (эсэ, асацыяцыі, артыкулы) – адно з лепшых выданняў у беларускай эсэістыцы. За гэту кнігу пісьменніку ў 1985 годзе пасмяротна была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа Саюза пісьменнікаў БССР. Разам з Эдзі Агняцвет Мікола Лобан пераклаў на беларускую мову аповесць Максіма Горкага “У людзях”.
Пры яго непасрэдным удзеле падрыхтаваны і выдадзены ў свет такія значныя працы, як “Руска-беларускі слоўнік” (1953), “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), пяцітомны тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977–1984) (М. Лобан – рэдактар першага тома). Ён адзін з аўтараў “Арфаграфічнага слоўніка”(1948, 1961, 1990) і “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959).
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
На Случчыне захоўваецца памяць пра нашага выдатнага земляка, адна з вуліц горада названа ў гонар пісьменніка.