Маляўка, М. “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам”

Маляўка, М. Спадчына, або Каб не стаць манкуртам Маляўка, М. Спадчына, або Каб не стаць манкуртам [Тэкст] : абразкі з жыцця нашых продкаў: для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту/Мікола Маляўка; мастакі Я.А.Ларчанка[і інш.]; фота А.М.Сталяроў [і інш.]. – Мінск : Народная асвета, 2018. – 159 с. : іл.

“… родная сядзіба – гэта цэлы свет, калі там, у мінулым, усё самае блізкае і дарагое: ад калыскі – да лодкі на рацэ, ад буквара – да Бібліі ў руках, ад рэчаў, патрэбных для жыцця і працы, — да партрэтаў бацькоў на сценах спадчыннай хаты”

М.Маляўка “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам”.

Выйшла ў свет першая кніга, прысвечаная Году малой радзімы, “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам” Міколы Маляўкі, беларускага паэта, перакладчыка, уладальніка медаля Францыска Скарыны за высокае прафесійнае майстэрства і вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры. Па заказу Міністэрства інфармацыі кнігу выпусціла выдавецтва “Народная асвета”.

У кнізе вы, паважаныя чытачы, знойдзеце звесткі аб тым, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі карысталіся ў гаспадарчым і хатнім побыце, якія традыцыі яны аставілі нам, сваім нашчадкам. Аўтар стварыў абразкі з жыцця старой вёскі, якія перамяжоўваюцца паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прымаўкамі і прыказкамі, загадкамі. Падрыхтаваны таксама заданні для чытачоў: патрэбна адказаць на пытанні, якія звязаныя з вясковай сядзібай, лёсам яе гаспадароў, іх буднямі і святамі.

Мікола Маляўка гаворыць, што яго новая кніга – знак прызнання ўсім тым, хто вучыў яго разумнаму, добраму, вечнаму: бацькам, настаўнікам, роднай вёсцы: “Мінулае — тая спадчына, якой патрэбна даражыць, якую неабходна захоўваць і памнажаць. Без яе мы — манкурты, у нас не будзе будучага, парвецца сувязь пакаленняў. Мы памятаем сваіх дзядоў, а вось прадзедаў і далей ведаюць не ўсе. На жаль, быў такі час, калі на гэта не звярталі ўвагі, лічылася, што ўсё пачалося з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мне хацелася працягнуць гэту нітачку сувязі ад аднаго пакалення да другога і далей у будучае. Таму што, як захоўваем памяць аб сваіх продках мы, так будуць захоўваць яе і пра нас нашы нашчадкі”.

Кніга вельмі прыгожа аформлена малюнкамі і фотаздымкамі помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва.

Рэкамендуем яе прачытаць, таму што кніга гэтая карысная, пазнавальная, а галоўнае — твор мастацка-дакументальны, спалучае гістарычную дакладнасць і эмацыянальнасць. Цікава будзе чытаць выданне дзецям і дарослым, якія любяць сваю Радзіму і жадаюць ведаць усё пра яе мінулае.

Кнігу можна ўзяць пачытаць:
раённая цэнтральная бібліятэка (тэл.2-93-51; 6-36-70);
гарадская бібліятэка-філіял №1 (тэл.4-50-71);
гарадская бібліятэка-філіял №2 (тэл.3-23-42);
Вежская сельская бібліятэка-філіял №6 (тэл.77-8-07);
Лучнікоўская сельская бібліятэка-філіял №7 (тэл.96-5-77);
Грэская сельская бібліятэка-філіял №14 (тэл.90-2-64);
Казловіцкая сельская бібліятэка-філіял №19 (тэл.78-2-24);
Бокшыцкая сельская бібліятэка-філіял №42 (тэл.76-1-33).