ЗОЯ ПАДЛІПСКАЯ «МАНАЛОГ У ПАЎСТАГОДДЗЯ»

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі ўпартасці.
Ніл Гілевіч

ЗОЯ ПАДЛІПСКАЯГэтыя словы Ніла Сымонавіча Гілевіча вельмі імпануюць Зоі Падліпскай, беларускай паэтэсе, празаіку, публіцысту, перакладчыку, педагогу, члену Саюза пісьменнікоў Беларусі, выдатніку друку Беларусі. Роднае слова для нашай зямлячкі — добры анёл — ахоўнік, які суправаджае яе па жыцці ад самага нараджэння, які накіроўвае, абараняе, дапамагае цвёрда стаяць на зямлі ў самыя складаныя моманты.

Зоя Падліпская нарадзілася ў вёсцы Сярагі Слуцкага раёна. Працавала медсястрой, выхавальнікам у дзіцячым садзе, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №10 імя С.Ф.Рубанава г.Слуцка, з 2009 па 2019 гады — галоўным рэдактарам часопіса “Роднае слова”. З мая 2019 года — дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры пры Сінадальным аддзеле Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Даследчык сучаснай беларускай паэзіі, аўтар больш як 30 навуковых і навукова-метадычных публікацый. Аўтар зборнікаў паэзіі, кнігі прозы, рамана-споведзі.

У 2019 годзе ў выдавецтве “Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” выйшаў раман-споведзь Зоі Падліпскай “Маналог у паўстагоддзя”. Гэтая кніга своеасаблівы маналог, адрасаваны Маці, якую пісьменніца страціла ў сямігадовым узросте. Зоя Іванаўна праз успаміны гаворыць з самым блізкім для сябе чалавекам – мамай.

Дзякую табе, Божа. Я нарэшце дачакалася таго моманту, калі “пачула” Ваш голас, мама. Голас, які напружана старалася ўспомніць усе гэтыя гады. Пасля таго, як Вы, адляцеўшы ў вырай, нечакана пакінулі мяне. Назаўсёды пасяліўшыся ў маім сэрцы”.

Тое, што перажыла зусім маленькая дзяўчынка, перадаецца настолькі шчыра, кранальна, што калі чытаеш, міжволі падступаюць слёзы. Твор складаецца з абразкоў, нарысаў, артыкулаў, эсэ і вершаў. Акрамя ўспамінаў аб маці, прадстаўлены і этапы станаўлення асобы пісьменніцы, цікавыя факты з жыцця яе блізкіх і родных, таксама расповед пра родныя сэрцу мясціны. Копіі дакументаў і фотаздымкі з’яўляюцца выдатнай ілюстрацыяй да зместу рамана.

І нельга не пагадзіцца са словамі пратаірэя Паўла Сердзюка: “Раман “Маналог у паўстагоддзя” Зоі Іванаўны Падліпскай – літаратурны твор з вялікай літары, вельмі глыбокі, фундаментальны змест якога пранікае да глыбіні душы. Ён працяты правільным хрысціянскім разуменнем жыцця”.

Прасякнуты светлым сумам, шчырай спавядальнасцю, духоўнасцю, цікавасцю да гістарычнага мінулага Радзімы, павагай да родных каранёў, раман будзе цікавы чытачам усіх узростаў. Менавіта на такіх творах патрэбна  выхоўваць будучых патрыётаў краіны.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты