8 лютага 2021 года – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа (1921 — 1976)

                                                  “Ёсць пісьменнікі такога мастацкага дару,

                                                 такога маштабу і значэння, што іх

                                                   імёнамі гісторыкі пазначаюць пазней

                                                эпохі ў развіцці нацыі. Да ліку такіх

                                                   волатаў мастацкага слова належыць

                              пісьменнік Іван Мележ”.

  Васіль Быкаў

 

 Івану Паўлавічу Мележу – народнаму пісьменніку Беларусі, славутаму аўтару трылогіі “Палеская хроніка”, у гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў. Лёсам яму было наканавана пражыць усяго 55. Пасля цяжкага ранення ў 1942 годзе юнаку, якому споўніўся толькі дваццаць адзін год, дактары адводзілі рубеж у сорак гадоў. Таму Іван Мележ спяшаўся жыць, спяшаўся зрабіць як мага больш.

Нарадзіўся Іван Паўлавіч Мележ 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча, недалёка ад Хойнікаў, на Гомельшчыне, у самай глыбіні Беларускага Палесся. Прыкладам жыццёвай мудрасці і справядлівасці найперш была маці. Яна ведала многа песень і любіла спяваць. 2Дарэчы, уся яго сям’я была таленавітая. Сястра Юлія спявала ў хоры опернага тэатра, другая, Люба, закончыла бібліятэчны факультэт, брат Расціслаў вучыўся ва ўніверсітэце, пісаў вершы, добра маляваў. Сам Іван нядрэнна маляваў і хораша спяваў. Усяго ў Мележа было два браты і тры сястры. Ён – старэйшы.

У 1939 годзе юнак з шматдзетнай сялянскай сям’і з адзнакай закончыў школу ў Хойніках, паступіў у Маскоўскі інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі імя М.Г.Чарнышэўскага. Уявіце, 18-гадовы хлопец з глухой палесскай вёсачкі адразу паступіў у Маскву. Аднак вучыцца там яму амаль не давялося: з першага курса прызвалі ў Чырвоную армію. У 1940 годзе ён удзельнічаў у паходах у Бесарабію і Букавіну. У 1941 годзе першы раз быў паранены. Праз год закончыў курсы палітработнікаў, і яго адкамандзіравалі ў 51-ю стралковую дывізію супрацоўнікам газеты.

У франтавых умовах будучы пісьменнік вёў дзённік, які пазней лічыў пачаткам сваёй творчасці. У 1942 годзе ў баю пад Растовам Іван Мележ атрымаў другое  цяжкае раненне і аказаўся ў шпіталі ў Тбілісі. Пасля лячэння яго прызналі “годным да нестраявой” і накіравалі ў тыл. Мележ адправіўся глядзець Расію – радзіму класікаў рускай літаратуры, аб чым ён так марыў у юнацтве. Яго шлях ляжаў праз Баку, Каспійскае мора, Гур’еў, Куйбышаў. З заплечнікам, у якім ляжалі толькі тры тамы “Ціхага Дона”, ён трапіў у невялічкі горад Бугуруслан Арэнбургскай вобласці. У кватэры, у якой яго размясцілі на пастой, Мележ пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай, дачкой гаспадыні. Яны ажаніліся ў 1943 годзе, а праз год нарадзілася дачка Людміла.

 У 1943 годзе Іван Мележ вучыўся завочна на філалагічным факультэце ў БДУ, які спачатку размяшчаўся на станцыі Сходня пад Масквой, а пасля – у Мінску, куды сям’я Мележаў і пераехала. Затым перайшоў вучыцца на стацыянар.

Іван Паўлавіч паступіў у аспірантуру. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя”. Пасля заканчэння аспірантуры працаваў у БДУ старшым выкладчыкам беларускай мовы. З 1966 года сакратар, а ў 1971-1974 гадах намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. У 1939 годзе быў апублікаваны першы верш Івана Мележа “Радзіме”. Перад вайной яго вершы друкаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся”, у 1943 годзе ў “Бугурусланскай праўдзе”. Праўда, захапленне паэзіяй было непрацяглым. У 1938 годзе Мележ прыехаў у Мінск на курсы-канферэнцыю маладых творцаў. І прывёз на абмеркаванне толькі адзін верш “На сенажаці”, які быў бязлітасна раскрытыкаваны. Пасля вайны пісьменнік казаў, што паэзія – эпізод у яго жыцці, які не паўтарыцца.

Першыя апавяданні пісьменнік напісаў у тбіліскім шпіталі. У 1944 годзе ў газеце “Звязда” выйшла апавяданне “Сустрэча ў шпіталі”. У 1946 годзе быў выдадзены першы зборнік апавяданняў “У завіруху”. У 1948 годзе  — другі зборнік прозы “Гарачы жнівень”.

Іван Мележ – аўтар рамана “Мінскі напрамак” аб Вялікай Айчыннай вайне і пасляваенным перыядзе, зборнікаў “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”. Спрабаваў сябе ў драматургіі, часцей за іншыя ставілася п’еса «Пакуль мы маладыя».

Мележ вельмі даўно хацеў напісаць твор пра любыя сэрцу мясціны, пра людзей, сярод якіх прайшло яго дзяцінства і юнацтва. «Гэта сапраўды цудоўны край і яшчэ болей цудоўныя яго людзі – палешукі – увайшлі ў маю свядомасць з таго часу, як я стаў помніць сябе» — напіша ён, згадваючы вытокі свайго шляху ў літаратуру. Ён доўга абдумваў тэматыку, сюжет, планаваў назвы. Паступова выспела задума перанесці дзеянне ў даваенны час і, вяртаючыся да мінулага, глыбей раскрыць жыццё палешукоў. Так з’явіўся ў 1960 годзе першы раман вялікай кнігі «Палеская хроніка» — «Людзі на балоце». У 1965 годзе ўбачыла свет другая кніга – «Подых навальніцы». За гэтыя дзве кнігі ў 1972 годзе Івану Мележу была прысуджана Ленінская прэмія. У 1976 годзе выйшаў трэці раман «Завеі, снежань», і тры яго часткі былі надрукаваны ў часопісе «Полымя». У канцы гэтага рамана ён напісаў: «Працяг будзе». А калі ўжо вычытвалі канчаткова, задумліва заўважыў: «Ці будзе, ці не будзе…». Яго апошні раман «Завеі, снежань» выйшаў асобнай кнігай у 1978 годзе. Іван Мележ стварыў шэдэўр нацыянальнага мастацтва, сапраўдную народную кнігу, якой было аддадзена пятнаццаць гадоў напружанай працы.

Памятаючы вердыкт ваенных урачоў, Мележ вельмі многа працаваў. Нават часта ноччу ў яго пакоі гарэў свет. Як успамінала Лідзія Якаўлеўна, жонка пісьменніка, для Івана Паўлавіча было вялікім шчасцем тое, што ён стаў пісьменнікам, што ён мог на паперы занатаваць свае думкі аб бедах, радасцях, шчасці і горы. Не выпадкова пасля працы за пісьмовым сталом Шамякін выходзіў са свайго кабінета зусім іншым чалавекам: вясёлым, добразычлівым, жартаваў, часам спяваў.

А яшчэ Іван Паўлавіч вельмі любіў падарожнічаць. І заўсёды браў з сабой сям’ю. Шмат хадзілі па музеях, выставачных залах – Мележ добра разбіраўся ў жывапісу, дасканальна ведаў сусветную гісторыю мастацтва. У 1960-е гады ён быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР – Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага савета міру. Падарожнічаў па Еўропе, прывозіў альбомы мастакоў. Разбіраўся ў класічнай музыцы – быў у захапленні ад Моцарта, Баха, Бетховена.

Дзе б Іван Паўлавіч не знаходзіўся, у яго ўсюды былі сябры – пісьменнікі, паэты, перакладчыкі. Але найбольш цесна сябраваў з Іванам Пташнікавым, Нілам Гілевічам, Барысам Сачанкам, Піліпам Пестраком, Янкам Брылём, Алесем Адамовічам, Вячаславам Адамчыкам.

Выпісваў шмат газет, часопісаў. Дома была велізарная бібліятэка, на цэлы пакой.

Іван Паўлавіч Мележ памёр 9 жніўня 1976 года. У бальніцы, спынілася сэрца. «Палеская хроніка» засталася незавершанай: па задуме пісьменніка, у яе павінны былі ўвайсці яшчэ два раманы – «За асакою бераг» і «Праўда вясны». Так што многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца «Палеская хроніка» на самай справе. У адным з чарнавікоў пісьменніка, пасля яго смерці, быў знойдзены фрагмент, дзе апісваецца Вялікая Айчынная вайна і Васіль Дзяцел на ёй, які марыць вярнуцца ў родную вёску. Прыйшоўшы з вайны, Васіль бачыць, што ўсе сядзібы спалены.

Памяць аб Івану Мележу захоўваецца ў Беларусі. У 1980 годзе была заснавана літаратурная прэмія імя Івана Мележа. У Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Гомелі названы вуліцы ў гонар Івана Паўлавіча. У Мінску на доме №7 па вуліцы Янкі Купалы, дзе жыў Мележ, усталявана мемарыяльная дошка.  Імем пісьменніка названы Беларуска-славянская гімназія №36, гарадская бібліятэка №2 у Гомелі, Мазырскі драматычны тэатр. У 1983 годзе на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча адкрыты мемарыяльны музей і ўстаноўлены бюст. У Хойніках у 2010 годзе адкрыта скульптурная экспазіцыя «Па старонках твораў Івана Мележа».

                                          

Цікавыя факты:

— Калі Івану Мележу было 12 гадоў, ён выйграў творчы конкурс часопіса «Іскры Ільіча», цяпер – «Бярозка», на лепшае апавяданне паводле малюнкаў пад назвай «Прыгода на граніцы». Пазней, Іван Паўлавіч назаве ўдзел у тым конкурсе «першым сваім пісьменніцкім поспехам, першай аўтарскай радасцю» і прызнаецца, што яго творчае жыццё «адтуль … і пачалося».

— Мележ быў вельмі сарамлівым. У асяроддзі пісьменнікаў Іван Паўлавіч лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ён умеў слухаць. Пісьменнік ніколі не перапыняў суразмоўцу нават тады, калі быў нязгодны.

— Першы твор Іван Мележ напісаў левай рукой. У гэты час ён знаходзіўся ў шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран.  Апавяданне мае назву “Сустрэча ў шпіталі” і публікавалася з паметкай “Каўказ, шпіталь, 1942 год”.

— Галоўны кансультант Мележа – яго бацька. Іван Паўлавіч хацеў захаваць у “Палескай хроніцы” асаблівасці сялянскага быту пачатку XX стагоддзя. Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі яго лісты да бацькі. У кожным з іх Мележ задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына аб мясцовых назвах, стравах, святах, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае.

— Шыў сабе абутак і змайстраваў веласіпед. У дзяцінстве Іван хадзіў у школу ў абутку, які сам зрабіў з лазы. Тады як астатнім вучням да чацвёртага класа іх плялі бацькі. Але сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага веласіпеда. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.

— Доўгі час Мележ не мог вызначыцца з назвай рамана, які потым стаў называцца “Людзі на балоце”. У пісьменніка было пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Сярод іх – “Людзі на балоце” і “Туманы над багнай”. У рэдакцыі астанавіліся на назве “Туманы над багнай”. Але ў апошні момант адзін з супрацоўнікаў рэдакцыі засумняваўся: “Даволі змрочна ўсё гэта. А назва яшчэ больш прыгнятае. Першыя гады савецкай улады, тут святло павінна быць, а не туманы…”.

— Раман “Людзі на балоце” ледзь не згарэў. У кватэры Мележа адбыўся пажар. Дома тады нікога не было. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя, якія і выклікалі пажарных. Іван Паўлавіч быў вельмі шчаслівы, што скончаны раман “Людзі на балоце” застаўся непашкоджаным. Калі б пажар дайшоў да пакоя, дзе ён ляжаў, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.

— У 1982 годзе вядомы беларускі кінарэжысёр Віктар Тураў зняў фільм “Людзі на балоце”. Яго прэм’ерны паказ адбыўся ў вёсцы Глінішча. Аднак землякі пісьменніка ўспрынялі яго даволі стрымана. Старэйшыя жыхары крытыкавалі стваральнікаў стужкі за тое, што Ганна няправільна трымае серп, а Васіль не так запрагае каня, і г.д. А яшчэ іх пакрыўдзіла, што фільм не здымалі ў Глінішчах.

— Грошы з атрыманай ім Ленінскай прэміі пісьменнік ахвяраваў на будаўніцтва новай школы ў Глінішчах, якая цяпер носіць імя славутага земляка.

Яшчэ пры жыцці яго творы называлі класікай. Напісаныя ім раманы, п’есы, аповесці апавяданні адразу ж пасля выхаду ў свет станавіліся сапраўднай з’явай беларускай нацыянальнай літаратуры. Запрашаем і вас, паважаныя чытачы, бліжэй пазнаёміцца з творамі Івана Мележа. Канешне ж, для перачытвання вяршыня яго творчасці:

 

    1. «Палеская хроніка» (1960-1976 гг.) 

А для знаёмства апавяданні, якія меньш ведаюць чытачы:

     2. «Памылка» (1954 г.) 

     3. «На скрыжаванні» (1954 г.) 

     4. «У гарах дажджы» (1955 г.) 

      5. «Спатканне за горадам» (1955 г.)

 

Іван Мележ паспеў за сваё не доўгае жыццё зрабіць вельмі шмат. Стварыць дружную сям’ю. Выхаваць годных дачок. Аставіць аб сабе добрую памяць. І, вядома, засталіся яго кнігі, якія і сёння дапамагаюць беларусам асэнсаваць саміх сябе, свае карані, свой шлях.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты