30 студзеня 2021 года – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна

Проза Івана Шамякіна — своеасаблівы літаратурны барометр.

Яна служыць дакладным паказчыкам усіх змен і новых веянняў,

якія адбываюцца вакол нас; па ёй можна меркаваць аб ступені важнасці

ці злабадзённасці пытанняў, якімі ў гэты момант жывуць сучаснікі

пісьменніка і якія ім закранаюцца. Хто яшчэ з нашых празаікаў мог бы

сёння прэтэндаваць у гэтых адносінах на ролю суперніка Шамякіна? Бадай, ніхто.

                                                                                       Аркадзь Куляшоў

Старэйшае пакаленне бібліятэкараў памятае, якім шалёным попытам карысталіся кнігі Івана Шамякіна ў 70-80-е гады1 мінулага стагоддзя. За кожным новым творам пісьменніка выстрайваліся чэргі ў бібліятэках. Займальна дынамічнымі творамі Івана Шамякіна зачытвалася ў свой час не толькі Беларусь. Яго кнігі  выходзілі мільённымі тыражамі, заваёўваючы чытачоў інтрыгуючымі сюжэтамі і вострымі жыццёвымі тэмамі, перакладаліся на многія мовы свету, ператвараліся ў сцэнарыі кінафільмаў і тэатральных пастановак. Да Шамякіна прыязджалі нават кітайскія перакладчыкі. У Кітаі вельмі палюбілі яго творы, пераклалі і выдалі практычна ўсе самыя значныя раманы і аповесці. Іван Шамякін сам стаў не толькі народным пісьменнікам Беларусі, атрымаўшы ганаровае званне ў 1972 годзе, але сапраўдным класікам нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя – яшчэ пры жыцці.

Нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна, што на Гомельскім Палессі, на мяжы Расіі, Беларусі і Украіны. Але сваёй малой радзімай ён называў мястэчка Церуха Гомельскага раёна. Яе апісанне, жыхары-2прататыпы ёсць у многіх яго творах. Прыгажосць ваколіц Церухі на ўсё жыццё ўвайшла ў сэрца Шамякіна. У 1951 годзе, як успамінаў Іван Пятровіч, на грошы Сталінскай прэміі, атрыманыя за раман  “Глыбокая плынь”, пабудаваў у Церусе звычайную вясковую хату, куды пастаянна прыязджаў з сям’ёй на лета прыкладна да сярэдзіны 60-х гадоў. Там ён напісаў раманы “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”. Нягледзячы на адсутнасць звыклага камфорту, любіў яе, як любяць родны кут, малую радзіму, тое месца, што дае магутны стымул для творчасці і ў той жа час дорыць сапраўдны адпачынак. Ужо ў канцы жыцця прызнаваўся, што нідзе яму так добра не працавалася, як у Церусе.

Знаёмства з Церухой адбылося яшчэ ў дзяцінстве. Яго бацьку Пятра Мінавіча, лесніка, нярэдка пераводзілі з месца на месца. Нейкі час у пачатку 30-х гадоў ён працаваў у лесе каля гэтага мястэчка. Тут сям’я пражыла адзін год, калі Іван вучыўся ў пятым класе. Прыгажосць наваколля асабліва кранула сэрца хлопчыка, але галоўнае — тут ён сустрэў сваю будучую жонку — Марыю Філатаўну Кротаву, якая стала прататыпам многіх яго гераінь. Пяцьдзесят восем гадоў пражылі яны разам.

Бацька будучага пісьменніка спадзяваўся, што яго Іван стане ляснічым. Аднак сын паступіў вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Больш за тое, ён захапіўся мастацкай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. У газеце “Гомельская праўда” надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе. Пісаў па-беларуску. Аднойчы набраўся адвагі, рызыкнуў — і адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса “Полымя рэвалюцыі”. І якое ж было вялікае здзіўленне Шамякіна, калі атрымаў вялікае пісьмо ад Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў. Івана вельмі ўразіла, што на яго звярнуў увагу такі славуты пісьменнік, творы якога ён вывучаў у школе. Юнака не засмуціла нават тое, што яго апавяданне было раскрытыкавана і адхілена. І калі Шамякін у 1940 годзе пайшоў служыць у войска, ліст ад Лынькова забраў з сабой і 3беражліва захоўваў усю вайну. І зараз ён захоўваецца ў сямейным архіве Шамякіных.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі паўночнымі гарадамі. Затым вызваляў Польшчу.  Перамогу ён сустрэў на рацэ Одэр. У ваенны час будучы пісьменнік вёў дзённік, пісаў вершы, некаторыя з іх змяшчаў у армейскім друку. У 1944 годзе ён напісаў апавяданне “У снежнай пустыні”, якое ўбачыла свет у 1946 годзе ў часопісе “Полымя”.

Іван Шамякін вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калі яму ішоў дваццаць пяты год. Стаў настаўнікам, пачаў працаваць у школе ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Пачаў займацца літаратурнай творчасцю. У канцы 1945 года часопіс “Полымя” надрукаваў аповесць “Помста”, якую ён напісаў у Германіі пасля заканчэння вайны. Менавіта з гэтай 4аповесці пачынаецца Шамякін як пісьменнік.

У 1948 годзе пераязджае ў Мінск.

У 1951 годзе выходзіць яго “Глыбокая плынь”, раман пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Ва ўзросце трыццаці гадоў да Івана Шамякіна прыходзіць літаратурная слава.

За час творчай дзейнасці з-пад пяра Івана Пятровіча выйшлі: “У добры час”,  “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды”, “Снежныя зімы”, “Вазьму твой боль”, “Петраград-Брэст”, “Зеніт”, “Злая зорка”, “Вялікая княгіня”, “Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт” і іншыя творы.  Менш вядомая драматургічная, публіцыстычная і крытычная спадчына пісьменніка. Хаця і публіцыстычныя і крытычныя артыкулы Шамякін актыўна пісаў, асабліва ў 1950-1960-я гады. Спрабаваў пісьменнік свае сілы і ў напісанні кінааповесцей: “Эшалон прайшоў” і “Не той гонар”,5 прычым паводле першай у 1974 годзе быў зняты фільм “Хлеб пахне порахам”.

Самая значная і любімая кніга для пісьменніка – пенталогія “Трывожнае шчасце”. Гэта адзін з лепшых яго твораў пра вайну і каханне, пра вернасць пачуццяў і сардэчнасць, абавязак, і безумоўна пра патрыятызм, любоў да блізкіх, да малой і вялікай радзімы. Твор і сёння актуальны, хоць напісаны быў у канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, і лічыцца наватарскім у беларускай літаратуры, і, як сведчаць апытанні школьнікаў, студэнтаў, ён у ліку і самых папулярных у ёй.

Іван Пятровіч займаў высокія пасады, меў шэраг значных дзяржаўных узнагарод. Акадэмік Акадэміі Навук БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і 6БССР. Ён дваццаць шэсць гадоў з’яўляўся першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі і дзесяць гадоў узначальваў выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”. І пры ім гэтыя арганізацыі былі паспяховымі. Без уціску, мякка, добразычліва ён умеў пераканаць улады рознага рангу ў патрэбе будаўнічых матэрыялаў, дэфіцытнага абсталявання, мэблі. Дзякуючы яго намаганням быў пабудаваны Дом літаратара, арганізавана паліклініка для пісьменнікаў, будаўніцтва Дома творчасці “Іслач”.

  Дзяцей у Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны было чацвёра: тры дачкі і сын, які памёр у 1991 годзе. Розніца паміж старэйшай і малодшай дачкой складала амаль дваццаць гадоў. У сям’і  Шамякін, па ўспамінах дачок, Таццяны і Алесі, быў зусім не строгі, мяккі, добразычлівы да людзей, умеў па-добраму растлумачыць, даць параду. Быў незласлівы і верны ў сяброўстве і каханні. Але пры гэтым быў асцярожным, закрытым для чужых. Духоўнае сваё жыццё адкрываў толькі жонцы і блізкім сябрам. Самы лепшы сябар 7Шамякіна, вядомы драматург, чалавек гераічнага лёсу, Андрэй Макаёнак, які вылучаўся незвычайным жыццясцвярджальным характарам, быў таксама прататыпам некаторых літаратурных персанажаў, напрыклад архітэктара 8Максіма Карнача ў рамане “Атланты і карыятыды”, доктара Яраша ў “Сэрцы на далоні”. Дарэчы, Макаёнак неаднойчы раіў Івану Пятровічу замяніць назвы некаторых твораў або падпраўляў іх на свой густ, пра што з удзячнасцю згадваў  Шамякін. Назву рамана, вядомую цяпер усім як “Глыбокая плынь”, прыдумаў Андрэй Макаёнак. Раман “Вазьму твой боль” меў каля дваццаці варыянтаў назваў. Але Шамякін спыніўся на тым, які яму параіў Андрэй Ягоравіч.

Моцна сябравалі Іван Шамякін і Іван Навуменка. Добрыя адносіны склаліся ў яго з Максімам Танкам, Анатолем Грачанікавым, Піменам Панчанкам, Пятрусём Броўкам. Адным са сваіх настаўнікаў Шамякін называў Васіля Вітку.  Іван Пятровіч не толькі ўмеў сябраваць, дапамагаў калегам і сваякам, але і пакінуў добрыя ўспаміны пра літаратараў. Калі яны былі сабраныя разам у адным томе нядаўна выдадзенага збору твораў, то аказалася, што ў беларускай літаратуры за паўстагоддзя ніхто больш не напісаў пра сваіх калег, як Шамякін.

Частку свайго архіва Іван Шамякін сам перадаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, але асноўную масу дакументаў, лістоў, дзённікаў, багатую бібліятэку бацькі сёння зберагае дачка Алеся.

У Івана Пятровіча ёсць апавяданне “Выпрабаванне пачуццяў”, яно пры жыцці пісьменніка не публікавалася. Гэтае 9апавяданне Шамякін напісаў у Познані ў кастрычніку 1945 года. Зараз рукапіс знаходзіцца ў сямейным архіве.

Некалькі гадоў таму назад былі знойдзены раннія вершы Шамякіна. Яны ніколі пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Не так даўно гэтыя вершы з’явіліся ў часопісе “Полымя” і літаратуразнаўцы адзначылі, што Шамякін быў нядрэнным паэтам.

У 2014 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет збор твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Тут можна прачытаць творы, якія раней зусім не друкаваліся, ці з’яўляліся толькі ў выглядзе часопісных публікацый. Гэта, напрыклад, апавяданне “Чалавек з Бізоніі”, ці адзін з першых твораў пісьменніка “Снежная пустыня”, яго Іван Пятровіч напісаў у 1944 годзе на руска-фінскім слоўніку.

10Сваёй жонцы прысвяціў ён і адно са сваіх апошніх твораў “Слаўся, Марыя! Гісторыя кахання, любові, жыцця”, якое напісана ўжо пасля яе смерці. Пачынаецца аповесць-споведзь цытатай з твора Івана Буніна пра тое, што ў труне ляжала «безобразное». Шамякін не пагадзіўся: «І ў труне, пасля сямі месяцаў цяжкой невылечнай хваробы – лейкозу – яна была для мяне прыгожай». Пісьменнік цяжка перажываў смерць сваёй жонкі ў 1998 годзе. Ён стаў вельмі мала есці, зусім мала рухаўся. А лекары толькі разводзілі рукамі – не маглі паставіць яму дыягназ, казалі: «Ён проста стаміўся жыць». Памёр пісьменнік праз шэсць гадоў пасля сваёй каханай Марыі Філатаўны, у 2004 годзе.

Імем Івана Шамякіна названы дзяржаўны ўніверсітэт у Мазыры, вуліца ў Мінску, адкрыты помнік-бюст у вёсцы Карма Добрушскага раёна, усталяваны мемарыяльныя дошкі на доме №11 па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску і на будынку сельскай бібліятэкі на радзіме пісьменніка ў вёсцы Карма.

   

Цікавыя факты:

— У канцы 1970-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод пісьменнікаў Шамякін займаў пятае месца. Гэта значыць, ён быў адным з самых чытаемых аўтараў.

— У дзяцінстве любіў насіць кнігі на галаве, чым раздражняў бацьку.

— У канцы вайны выратаваў польку, якая танула.

— Радуючыся перамозе над нямецка-фашысцкімі акупантамі, салютуючы з гармат, выпадкова са сваімі таварышамі-зенітчыкамі спаліў завод па выпуску штучнага шоўку для парахавых мяшкоў.

— Не любіў уступаць у спрэчкі і дыскусіі, каб нікога не пакрыўдзіць. Шамякін вызначаўся выключнай талерантнасцю, цярпімасцю да чужых густаў, поглядаў.

— Вельмі кепска кіраваў машынай. Атрымаў залік «па блату», экзаменатару, старшаму лейтэнанту — жанчыне вельмі спадабалася «Глыбокая плынь».

— Дапамог Васілю Быкаву апублікаваць у «Полымі» «Сотнікава» і пераехаць з Гродна ў Мінск.

— Адзін з першых, хто ў савецкай пасляваеннай прозе, у рамане «Петраград-Брэст» стварыў вобраз Льва Троцкага.

— Дастаткова самакрытычна ставіўся да сябе і сваёй творчасці.

— Лічыў, што на магілах творцаў павінны стаяць не скульптурныя партрэты, а паэтычныя сімвалы, якія выражалі б сутнасць іх творчасці.

У творчай спадчыне Івана Шамякіна – 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 пьес, дзясяткі апавяданняў, вялікая колькасць артыкулаў і нарысаў, дзённікі. Сёння можна пачуць меркаванне, што творы Івана Шамякіна несучасныя, што сам празаік – тыповы прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Мы з гэтым выказваннем ніяк не можам пагадзіцца, бо сапраўднае мастацтва, якім і з’яўляецца творчасць Шамякіна, на самай справе не старэе, а з часам набывае новыя ноты, прачытваецца па-іншаму. Спадзяёмся, што вы, паважаныя чытачы, па-новаму прачытаеце яго раманы і аповесці, многае для сябе адкрыеце, зірнуўшы на тэксты з дыстанцыі часу.

  1. «Трывожнае шчасце» (1957-1965г.)
  2. «Сэрца на далоні» (1964г.)
  3. «Атланты і карыятыды» (1974г.)
  4. «Вазьму твой боль» (1979г.) 

«Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна – гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях». З гэтымі словамі Андрэя Макаёнка нельга не пагадзіцца.

 

 

 

 

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты