19 чэрвеня 2019 года – 95 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава (1924-2003)

Ён вярнуўся дамоў, каб памерці,
Як спазнаныя словы сказаць,
Што няма і не будзе нам смерці
І нятрэба па ім сумаваць.
Ён вярнуўся дамоў, каб не ўмерці,
Як вяртаюцца ў неба дажджы,
Бо няма нараджэння і смерці,
як Хрыста ўжо няма на крыжы…
11.06.2003
Віктар Шніп

Васіль Уладзіміравіч Быкаў Васіль Уладзіміравіч Быкаў – адзін з самых інтэлігентных, глыбокіх, тонкіх пісьменнікаў 70-х гадоў, які праславіўся яшчэ ў 60-ыя. Менавіта ў гэтыя гады ён стаў не толькі сімвалам Беларусі, але і адным з кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію, не проста галоўным савецкім ваенным пісьменнікам, ён стаў увогуле адным з сімвалаў нашай прозы ў гэты час. Прафесар Томас Бэрд пісаў: “Некалі я звярнуў увагу Іосіфа Бродскага на вашага пісьменніка Васіля Быкава. Я даў яму некалькі быкаўскіх твораў на рускай мове. Бродскі быў вельмі ўражаны Быкавым. Болей таго, ён пачаў рыхтаваць ліст у Нобелеўскі камітэт з рэкамендацыяй узнагародзіць Васіля Быкава Нобелеўскай прэміяй. Той ліст, на жаль, не быў дапісаны і дасланы, бо Бродскі раптоўна памёр”.

вёска Бычкі Нарадзіўся Васіль Быкаў у невялікай вёсцы Бычкі на Ушаччыне ў самай звычайнай сялянскай сям’і і з дзяцінства выяўляў здольнасці ў маляванні. Будучы пісьменнік згадваў: “Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць… Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Майн Рыд, Жуль Верн, Джэк Лондан, а таксама Гайдар, Горкі, Талстой – вось уладары маіх тагачасных дум, тыя, хто запаліў у душы агеньчык надзеі і паклікаў да іншага і светлага”.

Васіль Быкаў Пасля заканчэння восьмага класа паступіў на скульптара ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Але вучыцца давялося яму там усяго год.

У 1940 годзе па ўказу Сталіна была адменена дзяржаўная стыпендыя, а навучанне зрабілі платным. Будучы пісьменнік не мог дазволіць сабе плаціць за навучанне і, у сувязі з цяжкім становішчам у сям’і, быў вымушаны вярнуцца дадому. Васіль моцна перажываў, што яму прыйшлося пакінуць вучобу.

Але звычка маляваць засталася – Быкаў машынальна маляваў у сшытках падчас размоў. А некаторыя замалёўкі, зробленыя ў вайну, паслужылі вокладкай для яго кнігі “Мёртвым не баліць”.

Васіль Быкаў Перад самай вайной Быкаў апынуўся на Украіне. Ён быў мабілізаваны на абарончыя работы ў інжынерны батальён. Потым былі баі на Паўднёва-Заходнім фронце, пяхотнае вучылішча ў Саратаве. З 1943 года ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены. У 1944 годзе бацькі Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з фашыстамі каля Кіраваграда. Але ён выжыў і ваяваў далей.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе жыў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда”. Быў абраны сакратаром Гродзенскага адзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1959 года з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР. У 1978 годзе пераехаў у Мінск, дзе стаў займацца выключна літаратурнай працай.

Сам Быкаў лічыў, што яго творчы літаратурны шлях пачаўся ў 1951 годзе, калі падчас праходжання вайсковай службы на Курылах выйшлі творы “Смерць чалавека” і “Абознік”. Дэбютныя апавяданні былі прызнаны крытыкамі ўдалымі, але сам Васіль Уладзіміравіч сумняваўся ў тым, што павінен прысвяціць сваё жыццё літаратуры.

Васіль Быкаў Канец 50-х – пачатак 60-х – перыяд творчых пошукаў. Быкаў піша сатырычныя мініяцюры, прыгодніцкія апавяданні, навелы маральна-этычнай тэматыкі, цыкл ваенных апавяданняў, рэцэнзіі.

У 1959 годзе пісьменнік звяртаецца да тэмы вайны праз аповесць “Жураўліны крык”, і застаецца з гэтай тэмай назаўжды.

Быкаў быў франтавіком, усе жахі вайны бачыў на ўласныя вочы, менавіта таму яго проза настолькі хвалюючая, а ваенныя падзеі ў ёй вельмі праўдападобныя.

Творчасць пісьменніка даволі выразна дзеліцца на тры этапы. Першы – гэта ранняя ваенная проза: “Круглянскі мост”, “Мёртвым не баліць” , “Абеліск”, “Яго батальён”. Гэта тэксты, у якіх ёсць галоўная нота аўтара, думка аб тым, што на вайне патрэбна заставацца чалавекам. У гэтых творах Быкаў піша, што смерць на вайне справа будзённая; пытанне не ў тым, загінеш ты ці не, пытанне ў тым, як ты загінеш і што пасля гэтага пра цябе скажуць. Вось ён – чалавек, у якім сумленне мацней за любы страх. Страх перад уласным сумленнем для герояў Быкава самае галоўнае. “Яго батальён” Міхаіл Веллер лічыў лепшай ваеннай прозай, наогул калі небудзь напісанай.

В.Быкаў "Мёртвым не баліць" В.Быкаў "Круглянскі мост. Сотнікаў" В.Быков "Повести" В.Быкаў "Пакахай мяне, салдацік"

Другі перыяд яго творчасці – гэта партызанскія аповесці. “Пайсці і не вярнуцца”, “Дажыць да світання” і “Сотнікаў” – гэта галоўныя кнігі аб вайне, якія былі ім напісаныя.

Цікавы ўрывак з інтэрв’ю з акцёрам Юрыем Смірновым, які сыграў Рыбака ў спектаклі “Скрыжаванне” Тэатра на Таганцы: “… Калі ў тэатр прыехаў Васіль Быкаў, я завёў з ім размову, абараняючы Рыбака:- У майго героя нават думкі не было, каб здрадзіць, пакуль ён не трапіў у форс-мажорную сітуацыю!

Быкаў адказаў:

— Такім людзям, як Сотнікаў, ставяць помнікі, а такіх, як Рыбак, — узнагароджваюць ордэнамі. Але ў вашага героя не было адной якасці – годна прыняць смерць”.

І гэта вельмі чалавечна, далёка не кожны на такое здатны! У спектаклі быў надзвычай моцны фінал: павесіўшы таварыша, Рыбак заставаўся моўчкі сядзець на краёчку сцэны, а гледачы ў поўнай цішыні пакідалі залу без звыклых апладысментаў.

В.Быкаў "Знак бяды"Трэці перыяд работы Быкава – калі ён адышоў ад ваеннай тэматыкі і напісаў спачатку “Знак бяды”, якая прынесла яму Ленінскую прэмію, потым адзін з лепшых яго твораў — “Афганец”.

У 1980 годзе Васілю Уладзіміравічу Быкаву было прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

В.БыкаўБыкаў узнагароджаны Ленінскай прэміяй за аповесць “Знак бяды” (1986), Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесці “Дажыць да світання” і “Абеліск” (1974), Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа за аповесці “Воўчая зграя” і “Яго батальён” (1978), Літаратурнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа за аповесць “Трэцяя ракета” (1964). Пісьменнік — Герой Сацыялістычнай Працы (1984), атрымаў ордэн Леніна (1984), ордэн Айчыннай вайны 1 ступені (1985), ордэн Дружбы народаў (1994), ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), ордэн Чырвонай Зоркі (1944).

Узнагароджаны мноствам медалёў, сярод якіх медаль Францыска Скарыны (1994).

Па творах Быкава знята больш за 20 фільмаў. Самыя вядомыя з іх – “Трэцяя ракета” (1963), “Альпійская балада” (1966), “Дажыць да світання” (1975), “Узыходжанне” (1976), “Знак бяды” (1985), “Пайсці і не вярнуцца” (1992), “У тумане” (2012).

Вуліца імя Быкава ёсць у Беластоку (Польшча) і пасёлку Ждановічы пад Мінскам. У Віцебску па вуліцы Суворава на будынку дзіцячай мастацкай школы №1 устаноўлена мемарыяльная шыльда ў гонар пісьменніка.

Цікавыя факты:

  • У 6 класе Быкаў знайшоў дарэвалюцыйнае выданне “З гарматы на Месяц” Жуля Верна і пераклаў яго на беларускую мову. “Спісаў дзясятак вучнёўскіх сшыткаў. А пасля даслаў ліст у “Піянер Беларусі” з пытаннем, куды мне паслаць пераклад. Атрымаў адказ з тлумачэннем, што калі ёсць тэкст рускамоўны, дык навошта беларускі, у нас вывучаюць рускую мову, таму прачытаюць і па-руску”.
  • Хатняя бібліятэка Васіля Быкава складалася з некалькіх тысяч тамоў – беларуская, руская, сусветная класіка, сучасная літаратура, і кожную кнігу ён прачытаў. Гэта – значна больш, чым праграма філалагічнага факультэту ўніверсітэта.
  • На вайне некалькі разоў выпадковасць уратоўвала яго ад смерці. У самым пачатку вайны ён трапіўся каменданцкаму патрулю, яго хацелі расстраляць і нават вывелі ў двор, але чырвонаармеец пашкадаваў юнака, загадаў уцякаць. “І я рвануў праз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават”.
  • Першая кніга Васіля Быкава была зборнікам фельетонаў і выйшла ў бібліятэцы сатырычнага часопіса “Вожык”.
  • Насупраць пісьмовага стала Быкава былі партрэты і фотаздымкі Льва Талстога і Аляксандра Твардоўскага.
  • Васіль Уладзіміравіч быў заўзятым аўтааматарам, меў спачатку “Жыгулі”, потым “Волгу” і любіў рамантаваць аўтамабілі – прычым прапаноўваў гэта і сябрам.
  • На пачатку 90-х гадоў, паводле Бібліятэкі Кангрэсу ЗША, творы Васіля Быкава былі перакладзены на 52 мовы.

Быкаў сцвярджаў сваімі кнігамі, што адзін у полі воін. Яго творы – аб мужнасці як здольнасці здзяйсняць учынкі і несці адказнасць перад сабой і іншымі.

У Васіля Быкава можна чытаць усё – вы не застанецеся расчараванымі. Калі ж гаварыць аб рэкамендацыях, прачытайце, або перачытайце, напрыклад наступныя кнігі:

А калі вы захочаце ведаць, якой бывае сапраўдная паэма ў прозе раім пазнаёміцца з гэтым творам

Увага! Не ў якім разе не прапускайце!

«Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае ? прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, а што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік», — вось аксіёма літаратуры вышэйшай пробы па Быкаву.

Гуманізм Быкава праводзіць адну галоўную ідэю: калі ў імя выратавання другіх патрэбна ахвяраваць сабой – іншага шляху няма. Той, хто захоўвае сваё жыццё за кошт другіх, па Быкаву, асуджаны на вечныя мукі ва ўласнаручна выбудаваным пекле.

У творах пісьменніка скалынаецца свет, і гарыць пад нагамі зямля, і кожны герой робіць свой выбар, прымае сваё “быць ці не быць”, асуджаючы сябе на пакутніцтва ці на горкія плады здрадніцтва. І ў кожнага свой выбар.

Паслухайце Васіля Быкава і зрабіце свой выбар.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты