6 лютага 2019 года – 105 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова (1914-1978)

А. КуляшоўПайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
А. Куляшоў

Хто не ведае гэтай цудоўнай беларускай песні. Колькі бацькоў назвалі сваіх дачок Алесямі пад уплывам яе натхнёных радкоў! А ці ведаеце вы, што аўтар верша “Бывай”, на які напісаў музыку Ігар Лучанок, 14-гадовы хлопчык? Звалі яго Аркадзь Куляшоў.

Імя Аркадзя Куляшова, класіка беларускай літаратуры савецкага часу, прыходзіла ў нашу свядомасць з дзяцінства — праз верш “Камсамольскі білет” і паэму «Сцяг брыгады». А.Твардоўскі назваў паэму “голасам сэрца, напоўненага болем за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы да барацьбы, у яе вызваленне”.

Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Яго бацькі былі сельскімі настаўнікамі, людзьмі інтэлігентнымі. У хаце было шмат добрых кніг, з’явілася магчымасць слухаць грамафон. На той час гэта быў сапраўдны цуд. Як успамінае дачка Аркадзя Куляшова, вядомы літаратуразнаўца Валянціна Куляшова, “у пару Аркадзева дзяцiнства тут яшчэ панавала цёплая атмасфера гнязда, заснаванага на каханнi. Да таго ж гэта было гняздо сельскай iнтэлiгенцыi, якое яшчэ жыло тым, што вось-вось павiнна было адысці ў нябыт, — набыткамi рускай, пераважна дваранскай, культуры ХIХ — пачатку ХХ ст.ст.”.

Паэтычны талент Куляшова абудзіўся рана. Пісаць вершы пачаў з сямі гадоў. У 1926 годзе Клімавіцкая раённая газета “Наш працаўнік” надрукавала яго верш “Ты мой брат”. Аўтару было ў гэты час дванаццаць гадоў. Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі Аркадзь Куляшоў у 1928 годзе паступіў вучыцца ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Тут ён блізка сышоўся з маладымі паэтамі, якія групаваліся вакол студыі тагачаснага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Вялікае пачуццё дружбы моцна з’яднала яго са Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным — таксама таленавітымі паэтамі.

“Росквіт зямлі”У 1930 годзе, калі паэту было 16 гадоў, выйшаў яго зборнік “Росквіт зямлі” з прадмовай самога Міхася Чарота.

З 1931 па 1933 гады Аркадзь Куляшоў вучыцца на літаратурным факультэце ў Мінскім педагагічным інстытуце.

У пачатку 30-х гадоў выйшлі зборнікі яго вершаў і паэм “Па песню, па сонца!…” і “Медзі дождж” (1932).

Этапным творам Аркадзя Куляшова, які сведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма “Хлопцы апошняй вайны” (1940).

Аркадзь Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня 1941 года ён пакінуў разбураны Мінск, пехатой прайшоў “горкі шлях” да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Пасля вучобы ў Ноўгарадскім ваенна-палітычным вучылішчы паэт працаваў у армейскай газеце “Знамя Советов”.

6Ва ўмовах франтавога жыцця Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 года была напісана паэма “Сцяг брыгады” — кніга пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам. У 1946 годзе твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. «Мы зразумелі тады, — скажа балкарскі паэт Кайсын Куліеў, — што беларуская літаратура ўзбагацілася творам высокай паэзіі, а Беларусь набыла сапраўднага, вялікага паэта!». У ваенны час паэт піша такія значныя творы, як “Прыгоды цымбал” і “Дом № 24”.

Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі працуе ў Беларускім штабе партызанскага руху.

У 1945-1946 годзе Аркадзь Куляшоў — галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”, потым начальнік сцэнарнага аддзела.

3 1958 па 1967 гады — галоўны рэдактар на кінастудыі “Беларусьфільм”.

У 1968 годзе паэту прысвоена высокае званне — народны паэт Беларусі.

У 1970 годзе за пераклады вершаў М. Ю. Лермантава, “Энеіды” I. П. Катлярэўскага, “Спеў аб Гайаваце” Г.У.Лангфела быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы.

Пра выдатнага кіраўніка нацыянальна — вызваленчага руху Кастуся Каліноўскага Аркадзь Куляшоў расказаў у драматычнай паэме “Хамуціус” (1975). Паэма лічыцца адным з лепшых твораў на гэту тэму.

У 1976 годзе пабачыла свет апошняя кніга паэта “Хуткасць”.

Ён пакінуў пасля сябе каля 30 кніг паэзіі. Першыя зборнікі, як, напрыклад, «Росквіт зямлі» (1930), «Медзі дождж» (1932), «Па песню, па сонца» (1932), пераклады яго вершаў на ўкраінскую, польскую, рускую, англійскую, літоўскую, армянскую, нават мангольскую мовы. Сам Аркадзь Куляшоў таксама займаўся перакладамі: дзякуючы яму па-беларуску можна прачытаць «Цыганоў» і «Яўгена Анегіна» Пушкіна, лірыку Лермантава, Ясеніна, Маякоўскага і іншых рускіх паэтаў. Куляшоў, між іншым, меў дачыненне да развіцця беларускага кіно ў савецкі час, таму што з’яўляўся галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» і нават меў дачыненне да стварэння сцэнарыяў такіх фільмаў, як «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні», «Запомнім гэты дзень».

Яго імем названы Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, у весцы Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна дзейнічае музей яго імя. У Мінску, Магілёве, Касцюковічах імем паэта названа вуліца. У Мінску на будынку, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

Пра жыццё і творчасць Куляшова зняты дакументальны фільм “Край крынічны” (1972 год). На вершы паэта напісаны вядомыя песні беларускіх музыкантаў.

Дзе ж вы, дзе, майго дзяцінства коні,
Паскакалі без мяне куды вы?
Больш не чутна за спіной пагоні…
Дзе спынілі вы свой бег імклівы?
Коні, коні дыхаюць гарача…
Каруселі кружаць, а дзяцінства
Убаку стаіць маё і плача.

Аркадзь Куляшоў пражыў не надта доўгае жыццё — усяго 64 гады. Пасля заўчаснай смерці паэта, былі знойдзены 4 вершы. Сярод іх “Каруселі”.

Не быў флюгерам і не падлажваўся пад імгненныя сітуацыі мой выдатны сябар Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў”, — пісаў пра яго калмыцкі паэт Давід Кугульцінаў. Гэтыя словы як нельга лепш характарызуюць асобу паэта і яго адносіны да грамадства і дзяржавы як грамадзяніна.

Неабходна памятаць сваіх паэтаў і пісьменнікаў. Неабходна любіць і чытаць іх.

Цікавыя факты:

  • Маці Куляшова была беларускай. А вось бацька меў далёкія італьянскія карані. Яго прадзед – сын арганіста-італьянца.
  • У часы рэпрэсій Аркадзь Аляксандравіч з цяжкасцю пазбегнуў арышту. А пасля вайны благанадзейнасць паэта была сапсаваная тым, што яго бацька ў часы акупацыі супраць волі быў выбраны старастам. Пасля XX з’езда Куляшоў маўчаў восем гадоў, а затым яго паэзія выйшла на новы ўзровень.
  • Куляшоў працаваў па 16 гадзін у суткі і прывык да такога рытму жыцця. Таму, калі адпачываў ад напісання вершаў, перакладаў. Аднойчы рускі паэт Міхаіл Дудзін на поўным сур’ёзе сказаў Куляшову, што яго пераклад “Яўгена Анегіна” лепш за арыгінал.
  • Вершы складаў лежачы. Але запісваў, толькі калі верш прыйшоў цалкам. Тады садзіўся за машынку і друкаваў гатовы тэкст.
  • Лаўрэат 2 Сталінскіх прэмій (1946, 1949). Узнагароджаны 2 ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За баявыя заслугі”.
  • Пасля 50-гадовага перапынку, калі Аркадзю Куляшову і Алесі Карыткінай (прататып Алесі ў вершы “Бывай”), ужо было за шэсцьдзесят, яны дамовіліся сустрэцца. І калі паэт зазірнуў у акно пошты, дзе была прызначана сустрэча, ён спалохаўся. Бо ўбачыў не юнацкае каханне, а жанчыну свайго ўзросту. І кінуўся наўцёкі.

Аркадзь Куляшоў – удумлівы і разважлівы паэт. А тое, што ён яшчэ і цудоўны лірычны паэт, вас пераканаюць яго незвычайна прыгожыя вершы:

  1. «Парушыўшы законы прыцягнення…»
  2. «З далёкага»
  3. «Вяселле»
  4. «Сноп апошні залатога жыта…»
  5. «Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай…»
  6. «Калі каханне абвянчае…»
  7. «Млын»

Дачка Аркадзя Куляшова Валянціна Аркадзеўна Куляшова ў інтэрв’ю скажа: “У школьных падручніках асоба і творчасць Куляшова пададзены вельмі тэндэнцыйна. Пачынаючы са здымкаў: адбіраліся самыя горшыя, недарэчныя. Усё гэта стварае несапраўдны вобраз бацькі, які выклікае адмоўную рэакцыю”. Прапануем вам паглядзець відэафрагмент архіўных матэрыялаў і ўзгадаць паэта, які перакладаў “Ягена Анегіна” на беларускую мову і пісаў свае творы на беларускай мове негледзячы, што па-рускі пісаць ў той час было куды прыбытней.

Вам также может понравиться...

К сожалению - Комментарии закрыты